— Будзь і ты, Пісар! — адказаў ён тым жа.
Я паклаў трубку, але падымацца з крэсла не спяшаўся. Сядзеў у паўзмроку прыхожай, курыў і думаў пра Калюню, пра сябе, пра нашу Альхоўку, пра даўні і такі, здаецца, блізкі час, калі мы былі такімі, як цяпер мой меншы — Сяргейка, дзесяцігадовымі...
Разблыталі сваю справу Знатакі, нешта і яшчэ паглядзела, пэўна, жонка, урэшце паднялася з тахты, выйшла ў прыхожую. Угледзеўшы мяне, здзіўлена спытала:
— Чаго ты тут сядзіш? Хто гэта званіў? Я чула краем вуха — у госці некага запрашаў?
— Званіў сябра дзяцінства. Дваццаць гадоў не бачыліся, і вось — пазваніў,— адказаў я.
— І ты яго ў госці паклікаў?
— А як жа! Калюня гэта! — сказаў я.
— Што яшчэ за Калюня такі? — перапытала Люба.
— Хлопец з нашай Альхоўкі. Разам у вайну гулялі, на санках разам коўзаліся, разам зацірку елі...
— А-а-а, дык таму і заціркі табе сёння захацелася... Тэлепатыя,— засмяялася жонка.
— А што ты думаеш! — падтрымаў я.— Усё можа быць. Якраз тады, калі я тоўпся на кухні, ён, напэўна, і думаў пра тое, каб пазваніць мне.
— Дык заўтра ўжо і прыпрэцца?
Жонка, ведаў, назалялася знарок, але я ўсё ж зморшчыўся:
— Ну навошта ж так! Не прыпрэцца, а — зайсці абяцаў!
— Во, ужо і надзьмуўся! Добра, добра, хай прыходзіць твой Калюня... Гэта што — Мікола, Коля, так?.. Хай прыходзіць. Прыму па першаму разраду. Ствару ўмовы, каб вы пасядзелі, пагаварылі, дзяцінства ўспомнілі... Як чуні насілі, як шайморы збіралі, як адзін аднаму насы расквашвалі...
— Усё — было! І першае, і другое, і трэцяе! Усё было, Любачка! — паківаў я галавою.
— Не называй мяне Любачкай! Прыводзь свайго Калюню, а Любачкай не называй! — жонка дала мне ў спіну грымяка.
У іхняй вёсцы была калісь прыдуркаватая жанчына, і звалі яе Любачкай, і вось да гэтай пары мая Люба не можа забыцца на тую Любачку і злуецца, калі яе хто-небудзь так называе.
— Не буду, не буду, не буду,— узмаліўся я,— А пра Калюню я табе раскажу. Каб ведала, што гэта за хлопец, што ён не проста мой зямляк, аднавясковец, аднагодак, а і... брат. Ды бадай што брат...
— Пятнаццаць гадоў з табой пражыла, а не ведала, што ў цябе брат быў,— гарэзавала жонка.
— Што ж дзіўнага? — памяркоўна пагаджаўся я.— Ты шмат чаго яшчэ не ведаеш!
— Затое ты — усё!
— Гм, гм... Так і пасварыцца можна.
— Ну, пачынай!
Не, сварыцца мне якраз і не хацелася. Зусім іншы настрой пасяліўся ў маёй душы. Ва мне, саракатрохгадовым выкладчыку роднай літаратуры Івану Сцяпанавічу і бацьку двух вялікіх ужо сыноў, раптам агукнуўся колішні альхоўскі Яська Кузьміцкі, ці проста Паўлінін Яська, ці Пісар, як, сам таго не хочучы, на здзек хлапчукоў ахрысціў мяне бацька, і той Яська ўпарта клікаў мяне туды, у Альхоўку больш чым трыццацігадовай даўнасці, і найперш — у верасень, у кастрычнік, у лістапад і снежань памятнага сорак пятага...
2...
Вечар. Ходзікі на сцяне — у іх да гіркі для раўнавагі, як маці кажа, нейкім рыжым матузком прывязаны вялізныя, «авечыя» нажніцы — настукалі, пэўна, ужо дзевяць гадзін. Адсюль, ад стала, на якім стаіць газоўка, стрэлак і лічбаў не відаць — сцяна з ходзікамі патанае ў густым змроку. Бацька ці маці, калі вечарам хочуць паглядзець, каторая гадзіна, бяруць са стала газоўку і ў выцягнутай руцэ падносяць яе да ходзікаў. Тады ў жаўтлявай плямцы святла відаць не толькі пабітыя ржой стрэлкі і сям-там аблупленыя лічбы, але і малюнак уверсе — на каньку сіняга даху махае крыллем чырвоны певень.
Ходзікі гэтыя перажылі вайну, дзве зімы і адно лета праляжалі ў скрыні, схаванай на гародзе ў яму. У яму падышла вада, таму яны маюць такі несамавіты выгляд. Бацька па вайне сам разабраў іх, старанна працёр часткі анучкай, змочанай у бензіне, і ходзікі зноў ажылі, весела застукалі на сцяне, на сваім ранейшым даваенным месцы, побач з вялікім, у шырокай драўлянай раме люстэркам, якое таксама ляжала ў той жа яме на гародзе і якому таксама дасталося, і, мусіць, не меней — рама скарэжылася, фарба з яе абсыпалася, шкло ў трох месцах трэснула і памутнела. Бацька і ходзікі і люстэрка заве «інвалідамі вайны», часта пасміхваецца з іх, асабліва калі ў хату хто-небудзь заходзіць, аднак не выкідвае і кожнае раніцы старанна заводзіць ходзікі, падымаючы рыпучы ланцужок з гіркай і нажніцамі ў самы верх, пад цыферблат.
Яська часцей падыходзіў да ходзікаў зусім не для таго, каб паглядзець, да якіх там лічбаў дайшлі вялікая і малая стрэлкі. Ходзікі цікавілі яго найперш самі па сабе. Хацелася яму разгадаць дзівосную тайну хітраспляцення іх шматлікіх зубчастых колцаў: як гэта яны, чапляючыся адно за адно, пакрысе круцяцца там і чаму стрэлкі, быццам разумныя, ведаюць, калі, у які час ім належыць быць каля той ці іншай лічбы, намаляванай сіняй фарбай на белым выпуклым кружку. Калі маці і бацькі не было дома, Яська падстаўляў табурэтку, узлазіў на яе і, прыклаўшыся правым ці левым вухам да сцяны, зазіраў збоку ў іх нутро. Праз шкельца было відаць, як пасля кожнага маху маятніка з зубчастага колца зрывалася ледзь прыкметная воку маленечкая скобачка і колца паварочвалася — ледзь-ледзь, так, што не заўсёды можна было і заўважыць той паварот, але, тым не менш, з яго паспявала саскочыць і кудысьці знікнуць — няйначай, у загадкавую вечнасць — секунда. Цік — секунда, так — секунда. Яську нават здавалася, што гэта яны, секунды, зрываючыся, і голас падаюць: цік-так. І хацелася спыніць гэтыя бясконцыя ўцёкі секунд, і паглядзець, што здарыцца, што будзе з ім самім і з усім, што ёсць у хаце, калі раптам колца тое замрэ і скобачка не будзе адпускаць яго доўга-доўга. Яська асцярожна падымаў угору гірку з нажніцамі. Напяты дагэтуль ланцужок правісаў, маятнік, паківаўшыся крыху сюды-туды, заміраў. Яська, падтрымліваючы гірку ў руках, азіраўся на хату. Не, нічога незвычайнага не рабілася. Гэтак жа гуляла на грубцы з лялькай, скручанай з анучак, Зойка, гэтак жа мурлыкала побач з ёй кошка Рыска, гэтак жа, як і раней, стаялі на сваіх месцах тая ж грубка, шафа, стол, ложкі: бацькаў, жалезны,— за шафай, мацерын і Зойчын, драўляны,— ля грубкі, яго, Яськаў,— ля дзвярэй, узгалоўем у кут, нікеляваны, з рыпучымі і мулкімі рабрынамі-спружынамі. Яська, аднак, не хацеў з гэтым пагаджацца — як жа так, час жа спыніўся! — і трымаў тую гірку з нажніцамі доўга, усё спадзеючыся на нейкі цуд, аж пакуль не млела рука ці не бразгала клямкай, заходзячы ў хату, маці. Тады ён хуценька адпускаў груз, ланцужок імгненна напінаўся, але маятнік сам па сабе ажываць чамусьці не хацеў — яго трэба было, ведаў Яська, злёгку падштурхнуць. Спяшаючыся, каб яго на табурэтцы не заспела маці, Яська пальцам штурхаў маятнік, кумільгам злятаў з табурэткі і ставіў яе на месца — між сваім ложкам і акном. І, ужо не гледзячы ў той бок, каб і выгляду не падаць, дзе ён толькі што быў і што рабіў, слухаў, як ходзікі на сцяне зноў цікаюць, па-ранейшаму адсылаючы невядома куды секунду за секундай.
Цяпер, увечары, Яська наогул нічога не меў да ходзікаў, як і да таго, колькі яны націкалі. Раз маці не клікала вячэраць, значыць, яшчэ не позна. Праўда, маці ўжо гатавала вячэру: ён бачыў, як яна стаўляла ў грубку саганок з вадой. Потым, як вада закіпіць, маці возьме адстаўніцай той саганок, выме яго з грубкі, паставіць яго пры грубцы па зэдлічак, павылоўлівае з кіпню лыжкай трапіўшыя ў яго вугольчыкі — паранілася паставіць саганок да агню, трэба было счакаць, пакуль дровы добра прагараць і перастануць страляць,— і ўсыпле ў ваду перацёртае, пахапанае-пашчыпленае пальцамі на малыя шматкі-друзалачкі цеста, зноў паставіць саганок у грубку. І неўзабаве, праз колькі мінут, будзе гатова зацірка. Забеленая малаком, яна дужа смачна будзе сёрбацца Яськам — гарачая, духмяна салодкая, крыху ажыністая, з ледзь улоўным пахам жорнаў і іхняй белагаловай Аўтарэні. Зацірка варылася і падавалася ў Яськавай сям'і амаль штодня — звычайна забеленая, зрэдзь часу, па заказу бацькі, засквараная, аднак жа яна не надакучала, не прыядалася, і Яську прыемна было класціся ў пасцель з туга налітым жыватом і, лежачы, слухаць, як яна, тая зацірка, боўтаецца там, пераліваецца, булькоча.