Яна здрыганулася, бо ён сказаў тое ці то з крыўдаю, ці то з папрокам, і яшчэ болей панікла, ніжэй апусціла галаву. Сцяўшыся, прамовіла як мага спакайней:
— Я, сынок, нічога не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?
Ён як спахапіўся:
— А што, яна не сказала?
— Хто — яна?
Ён сплюнуў:
— Ну, чаго ты прыкідваешся?
І зразумела яна, канчаткова паверыла, што Рыта сказала праўду: скруціўся яе Алёшка. Да гэтай хвіліны верыла і не верыла, усё яшчэ на нешта спадзявалася. Думала: мо пасварыліся, пагыркаліся па-пустому, ці мала што бывае, жывучы разам, а Рыта па-бабску ўзяла тое да галавы і тую пярэстарку прыдумала і машыну. Ажно ж — праўда! Як цяпер і пра што гаварыць з ім? Ушчуваць, сварыцца? Хіба паможаш?
Млелі, дзеравянелі ногі. Адчувала, што калі яшчэ пасядзіць так нерухома, дык не падымецца, пройме ногі курч. Яна паправіла між каленяў даёнку і хуценька, быццам шукаючы паратунку, затузала за цыцкі. Асабліва чыста не выдойвала, паднялася. Курч усё-такі пайшоў па нагах — ад костачак да каленяў па лытках, і яна, як п'яная, ледзь пераступіла цераз парожак і ў нясцерпе апусцілася на яго, выцягнуўшы перад сабой ногі.
— Што, ногі самлелі? — спытаў Алёшка.— Зэдлічак брала б ці калодачку якую.
Яна прамаўчала. Нейкая абыякавасць раптам завалодала ёю.
— Ты, мама, пасядзі, не спяшайся...— пачаў Алёшка.
Але яна перапыніла яго:
— Рыта здагадаецца.
— Хай здагадаецца! Падумаеш, прынцэса!.. Не атрымалася ў нас з ёй. Памыліўся я. Дурань быў, паспяшаўся,— ён закурыў.
Сонца села ўжо. Над могілкамі, дзе яно закацілася, асталася толькі жоўтая палоска, на дварэ ўжо добра-такі пашарэла, і вочы Алёшкавы губляліся пад насупленымі бровамі. Яна спрабавала ўгледзець іх, але марна: ён быццам хаваў іх ад яе. І тады яна перастала глядзець на яго, пазірала прама перад сабой, на агрэставы куст за парканам, угадваючы ў густым, амаль чорным лісці светлаватыя, ужо буйныя ягады.
Голас Алёшкаў быў глухі, яго словы даплывалі да яе як здалёк, яны зрываліся з вуснаў неяк сутаргава, бы чапляліся за язык.
— І не кажы мне, мама, пра любоў. Не маленькі. Усе яны любяць гуляць у любоў, пакуль дзяцей няма... Ты век тут свой зжываеш, нічога іншага не бачыла. Усё жыццё рабіла, адно каб галоднай не быць. Дык што, і мне вахлаком быць? Не, мама, хопіць! Сёе-тое зразумеў... Ды што я табе буду расказваць? Яна ж во паспела расказаць. Яна ж табе і пра машыну паспела наплявузгаць, і пра ўсё іншае... Тады дурнем быў, цябе не паслухаў, у дзевяты не пайшоў. Дык яна ні разу і не напомніла. А Нэлка, мама, адразу сказала, каб восенню ў школу ішоў. Яна інжынерам робіць, завочна інстытут канчае. Праз яе толькі і пабачыў, як людзі жывуць. Нэлка, яна... І не слухай, што старэйшая там, ці што. Цесць правільна сказаў: старэйшая, дык разумнейшая, мужыка пільнавацца будзе... Я, мама, не так сабе. Зразумеў, што жыцця не будзе. Я ж табе не казаў раней. Яна ж мне, ведаеш, што сказала, Рыта твая? «Да трыццаці будзе ў мяне чацвёра дзетак...» Харошая перспектыва! Інкубатара!.. Прыперлася во, а чаго, каб хто спытаў? Людзям на пасмешышча... Я ад яе нічога не патрабую. Чарга падыдзе, атрымае кватэру і хай жыве.
Яна не перабівала. Сядзела здранцвелая і слухала. А калі ён змоўк, спытала:
— А Алачка?
Ён павярнуўся да яе, перапытаў:
— Што — Алачка?
— Як жа яна будзе... без бацькі?
Ён сказаў спакойна, нават абыякава:
— Цяпер шмат такіх, што без бацькі. Падумаеш!
І гэта быццам апякло яе. Горла сцялася, і яна сказала як не сваім голасам:
— Апомніся, сынок! Ты ж бацька!
Ён зноўку паглядзеў на яе і, шпурнуўшы за паркан пагаслую цыгарэту, выцяў яе яшчэ больш балюча:
— Кінь! А ты? Дзе мой бацька?!
Яна паднялася і паплялася ў хату. Ішла, а ногі не трымалі яе. Хацелася пакаціцца вось тут, на падворку, у гэты шэры, ахаладзелы ўжо пясок і загаласіць.