Я паціснуў плячамі:
— Як усе — пакрысе.
Калюня хмыкнуў, ажно трэснула нешта ў трубцы, закрычаў:
— Знаю, знаю, не прыбядняйся! Універсітэт скончыў, чуў... Дзірэктарам даўно?
Я ўсміхнуўся:
— Скуль ты ўзяў? Проста настаўнічаю.— І спытаў: — А сам як? Дзе зараз?
— А ў Мінску, друг! Трэці год ужо. Даўно хацеў цябе знайсці, ды ўсё, як той казаў... А заўчора мне тэлефончык паставілі, дык вот і званю. Табе першаму, можна сказаць...
— Назусім у Мінск перабраўся?
— Ну дык няўжо ж! Гавару ж — тэлефончык паставілі! Толькі заўчора...
— А дзе што робіш? — пацікавіўся я.
Калюня зноў хмыкнуў у трубку:
— Куды пашлюць, друг! — Пасля дадаў: — У сістэме эсбэ!
— Дзе, дзе? — не зразумеў я.
— У бытоўцы, як у нас кажуць,— Калюня рагатнуў.— У службе быту, Ваня. Заўскладам у атэлье індпашыву...
Дай тут веры, як мая маці калісьці казала,— пазваніў Калюня! Ад каго-каго, а ад яго я званка не чакаў. Якога званка, калі нават пісьма ці паштоўкі ад яго ніколі не атрымліваў!
Даўно разышліся нашы з Калюнем дарогі — яшчэ пасля сёмага класа. Я пайшоў вучыцца ў тэхнікум, а Калюня застаўся ў вёсцы. Гады са два ён аціраўся дома, троху робячы ў калгасе, падмяняючы бацьку ці маці, а пасля завербаваўся і з'ехаў ці то ў Караганду, ці то на Алтай. Недзе адтуль пайшоў Калюня ў армію і недзе там застаўся пасля арміі.
Пакуль жыла маці, я досыць часта наведваўся ў родную Альхоўку, але былых сябрукоў сустракаў там рэдка — калі хто і з іх завітваў да бацькоў ці да сваякоў, ведаў пра іх збольшага адно з вуснаў маці. Калюні ж, здаецца, ні разу не сустракаў у Альхоўцы і ведаў пра яго ці не найменш. Чуў, што быццам ён пасля арміі быў недзе на Поўначы ці ў Сібіры, а потым нібыта махнуў на другі канец краіны — на Поўдзень, да Чорнага мора, нібыта дом там паставіў... Нечага больш пэўнага пра яго ніхто не мог сказаць — бацька яго, дзядзька Паўлюк, памёр ад сэрца яшчэ гадоў дзесяць па вайне, а гадоў пяць-шэсць назад памерла і маці, цётка Марыля...
І вось нечакана ён пазваніў сам. Малайчына! Як-ніяк, разам пасвіліся-гадаваліся, нават — было! — елі з адной міскі і спалі пад адной коўдрай. Колькі гадоў мінулася, а — не забыўся, пазваніў!
— Дык як жывеш, братка? Сям'я ёсць? — спытаў я.
— Мінімальная,— весела адгукнуўся Калюня.— Нас двое і дачка. Бракадзел, друг! Сына не сумеў...
— А ў мяне — два сыны! — пахваліўся я.
— Знаю! Зойку вашу ўчора бачыў, гаварыла пра тваіх малайцоў... Нада бы сустрэцца, Ваня, пасядзець, пагаварыць. Як на гэта глядзіш?
— Абавязкова, браце! — адказаў я.— Заходзь у любы час. Вечарам я заўсёды дома. Вечарам мы ўсе дома — і жонка і хлопцы. Заходзь, буду рады!
— Дык я, Ваня, заўтра, можа? У гадзінак сем? Га? Дамовіліся? Пабалакаем, успомнім Альхоўку... Даўно там быў? — спытаў ён.
— Ды даўнавата ўжо,— прызнаўся.— А сам?
— Мне ж, друг, няма чаго ездзіць туды,— адказаў Калюня.— Бацька твой, ведаю, даўно памёр. А як маці, цётка Паўліна? Ой, даруй, Ваня, зусім забыўся! Зойка ж казала... Так, друг, асірацелі мы з табой... Ну, ладна, будзь здароў! Заўтра ўбачымся!
— Чакай, брат! Адрас жа запішы,— заспяшаўся я.
Калюня ціхенька засмяяўся:
— Не хвалюйся. Ведаю я твой адрас. Зойка сказала.
— Ну, тады — будзь! Будзь здароў, Калюня! — сказаў я.