Але яна стрывала. Зайшла ў хату, машынальна працадзіла малако. Паткнулася была на другую палавіну, нават адчыніла дзверы, ды ўбачыла — Рыта, спінаю да яе, сядзела з Алачкай на каленях на крэсле, плечы яе ўздрыгвалі. Тацяна ціхенька зачыніла дзверы, вярнулася да стала, апусцілася на ўслон і зноў, як там, на парозе, здранцвела.
Ён зайшоў у хату не скора. А мо ёй падалося, што яго доўга не было? Зайшоў, пастаяў ля дзвярэй, потым пайшоў за перагародку, спаласнуў рукі — яна чула, як зацурчэла ў бляшанку вада. Калі ён выйшаў на хату, выціраючы насоўкай рукі, яна падняла галаву, зірнула на яго. Ён усміхнуўся неяк крыва і прамовіў:
— Дык што, вячэраць будзем?
Яна сказала ціха:
— Едзь, сынок... Туды, адкуль прыехаў...
Было, пэўна, у яе голасе нешта такое, што змусіла яго здрыгануцца. Яна ўжо не глядзела на яго і не бачыла, але ведала: ён таропка ўскінуў на яе вочы і, мусіць, доўга і няўцямна глядзеў на яе. Але яна не падняла вачэй.
І тады ён, як падкінуты спружынай, сарваўся з месца, кінуўся быў да дзвярэй, ужо і клямкай бразнуў, але спыніўся, матлянуўся да сцяны, дзе віселі яго куртачка і шапка-гаршчок. Ухапіў іх і зноўку кінуўся да парога, штурхануў дзверы. Яны расчыніліся шырока, на ўвесь праём, ён выпусціў клямку з рук, кульнуўшыся без аглядкі з ганка ў прыцемак двара. Дзверы так і асталіся расчыненыя.
Яна не паварухнулася, каб зачыніць іх. Сядзела і слухала, як шаргануў ён рулём па сенечных дошках, як штурхаў нагою варотцы, выцягваючы матацыкл на вуліцу, як пасля некалькі разоў ірваў-тузаў педаль, заводзячы матацыкл, і як, урэшце, матор завёўся, заверашчаў прарэзліва і злосна.
Яна не паварухнулася, хоць тое тарахценне азвалася ў грудзях пякучым болем. Але, дзіўна, той заўсёдны страх чамусьці прапаў. Недзе падсвядома раптоўна асела ў галаве думка: быць таго не можа, каб не вярнуўся Алёшка, каб не апомніўся рана ці позна...
Сядзела датуль, пакуль трэск матацыкла, глухнучы з кожнай хвілінай, зусім не прапаў у цішы начы.
Тады яна паднялася, выйшла на вуліцу, зашчапіла варотцы, якія ён таксама забыўся ці не схацеў узяць на кручок, зачыніла дзверы ў сенцы і ў хату. Патупаўшы троху ля стала, спакваля, быццам зусім спакойна, разгарнула абрус, дастала відэльцы, сподкі, кубкі, нарэзала хлеба, прынесла з кладоўкі міску, прыкрытую талеркай,— у місцы былі масла і сыр.
Потым, счакаўшы хвіліну, адчыніла дзверы на чыстую палавіну і, усунуўшы туды галаву, паклікала:
— Ідзіце, дзеткі, вячэраць!
ПУД ЖЫТА
1...
Неяк няёмка і прызнавацца, аднак жа вось...
Нечакана надта ж моцна захацелася мне з'есці міску — не талерку, а менавіта міску — гарачай, з полымя заціркі.
Сядзеў, правяраў вучнёўскія сачыненні, ні аб чым такім, здаецца, не думаў, і знячэўку, зусім неспадзявана, без дай, як кажуць, прычыны заплыло ў душу штосьці адтуль, з далёкага ўжо, прыхаванага смугою гадоў маленства — нешта няпэўнае, неасязальнае, што не згледзець і не ўлавіць, не то неўсвядомленая згадка аб чымсьці, не то слова, што не паспела сказацца,— ды толькі ўсё адно варухнулася і затрымцела ва мне ўнутры нейкая патаемная жылка, і раптоўна абрынулася на мяне цёплая хваля салодкай і лёгкай млявасці.
І тады нечакана захацелася тае самае заціркі.
Захацелася так, як захочацца, бывае, дзіцяці цацкі, якой няма — дай, і ўсё тут, вось цяпер, неадкладна, у гэтую ж хвіліну, бо іначай — зойдзецца плачам, кінецца вобзем, заб'ецца ў несуцешным горы.
Так і я — не стрываў. Падняўся, пайшоў да жонкі ў другі пакой, у прыцемку якога трапяталіся-мільгацелі па сцяне, па шкле серванта блакітныя водбліскі тэлеэкрана, ціха папрасіў:
— Не палянуйся, звары мне зацірку.
Але і жонкі, на жаль, не заўсёды разумеюць нас.
— Не дзяцінься! Не выдумляй абы-чаго, Ваня! — пачуў я ад сваёй Любы Андрэеўны.
Вось так. Ласкава, з любоўю, нават пяшчотна сказала, але — адчапіся, не дзяцінься! Хіба ж не крыўдна?
На экране разблытвалі чарговую, ці не дванаццатую ўжо, крымінальную справу абаяльныя і надта ж удачлівы Знатакі, і, мусіць, мне сапраўды ніяк нельга было патыкацца сюды з заціркай. Я моўчкі пастаяў і гэтак жа моўчкі пайшоў на кухню і заняўся заціркай сам. І зварыў, і забяліў малаком, і наліў не ў талеркі, а ў паліваныя гліняныя місачкі, і гукнуў за стол сыноў, і мы ўтрох, заўзята шкрабаючы па дне лыжкамі, цягаючы адтуль гушчу, з апетытам сёрбалі маё немудрагелістае варыва.
Не вытрывала, прыйшла ў кухню жонка, пастаяла над намі хвіліну, пасміхнулася з мяне і сыноў:
— Ото ўжо смакату бацька зварыў!.. А яшчэ кажуць — не па бацьку пайшлі! Кропелькі пабралі! Нават зацірку, аказваецца, любяць...
Мы ганарліва (а я — найбольш!) прамаўчалі, і яна, ужо ледзьве не пакрыўджаная, вярнулася да Знатакоў.
А я ўжо не крыўдаваў. Я ўжо разумеў яе. З другога краю жонка, не так балюча кранула іхні куток вайна. Ды і маладзейшая яна, мая Люба. І ўжо зусім не тая ў яе эмацыянальная памяць. На нейкіх пяць-шэсць гадоў пазней прыпала яе дзяцінства, а розніца — уга якая!