У маёй памяці жыве зацірка. Жыве не толькі ўсёмагутнай карміцелькай, а і ласункам — бо не заўсёды была на стале і яна. А жонка памятае ўжо зусім нешта іншае: зярністае і хрумсткае ад крышталікаў лёду, крыху жаўтлявае марожанае ў вялізнай драўлянай бочцы.
Вёсачка, дзе нарадзілася і гадавалася жонка, была за нейкае паўвярсты ад гарадка. І для маёй — не, яшчэ не для маёй, а для малой Любы найбольшай радасцю было выпрасіць у маці колькі капеек і атрымаць з рук сухарлявай і зласнаватай цёткі ў брудна-белым халаце лыжку-другую халоднай — ажно зводзіла зубы! — і салодкай кашкі. Яна, мая Люба, і цяпер любіць марожанае. Як дзіця. Сыны гэта ведаюць і знарок падбіваюць яе пры выпадку купіць вафельны брыкецік, а пасля дружна адмовяцца і будуць хітравата назіраць за тым, як маці іхняя з асалодаю з'есць той брыкецік сама.
Зацірка ў параўнанні з марожаным, можа, і глупства, ды толькі я ў тым не перакананы. У мяне была — зацірка! І гэтым усё сказана. Яна — безадмоўная і жаданая ратавальніца. І хай сабе жонка іранізуе, хай кпінкуе, хай гаворыць што хоча, а я вось і зараз ем зацірку, і ядуць яе мае сыны, і нам смачна, i нам хораша...
Пасля вячэры вярнуўся я да стала, зноў унурыўся ў сшыткі, але засяродзіцца ўжо не мог. Нешта як замінала мне, неадступна лезла ў голаў, і я з прыкрасцю пачаў заўважаць, што прапускаю памылкі.
А тут яшчэ заверашчаў тэлефон. Я званка не чакаў. Гэта, няйначай, некаму з сябрукоў спатрэбіўся мой старэйшы — Аляксей, яму з некаторага часу звоняць куды часцей, чым мне ці жонцы. Званок празвінеў раз, другі. Чаму ж Аляксей не ідзе? Чаму і Люба як не чуе — даўся ёй у знакі гэты тэлевізар?! Я ж не хацеў падымацца з-за стала — пасля зноў шукай вачамі недачытаны абзац ці радок — і пачынаў злавацца.
— Ваня, вазьмі трубку, гэта табе! — урэшце гукнула, так і не адарваўшыся ад тэлевізара, жонка.
Ну што ты на гэта скажаш!
Я таропка выйшаў у прыходную, схапіў трубку.
— Слухаю вас!
— Гэта кварціра Кузьміцкіх?
— Але.
— Дык, можа, гэта Ваня? — Голас у трубцы надрываўся і выдаваў чалавека, які не дужа часта карыстаецца тэлефонам.
Ваня? Чаму — Ваня? Ужо даўно мяне ніхто, акрамя жонкі і сястры, так не заве. Ды, бадай, адна толькі жонка, бо Зоя, сястра, часцей кажа да мяне, як і даўней, Яська. Як усё адно збянтэжыўшыся, я няпэўна мармытнуў:
— Можа, і Ваня. Хто гэта пытае?
— Прывет, Ваня! — гукнула трубка.
— Добры вечар,— адказаў я.
— Прывет, друг, прывет! Нарэшце я знайшоў цябе... А то...
Я перапыніў крыху раздражнёна:
— Даруйце, хто гэта гаворыць? Вы не памыліліся нумарам? Які Ваня вам патрэбен?
Чалавек на другім канцы дроту зарагатаў:
— Не, не абмыліўся, друг! Я цябе адразу пазнаў! А ты не пазнаеш?
— Выбачайце, не пазнаю,— адказаў я. І дадаў: — Мо вы ўсё ж...
— Эх ты, Пісар!
Пачуўшы сваю даўнюю, ужо начыста забытую хлапечую мянушку, я ўжо, мусіць, не толькі збянтэжыўся, але і разгубіўся. Вольнай рукой пацягнуўся да крэсла, падсунуў яго бліжэй і сеў. Што гэта азначае? Хто звоніць? Няўжо... Калюня?
— Гэта... Мікола? — няўпэўнена спытаў я. І не стрымаўся, паўтарыў уголас: — Калюня?
Паўтарыў і ледзь не аблаяў сябе за тое, што і ў мяне сарвалася з языка гэтае колішняе імя былога сябрука, таварыша дзяцінства, і ліхаманкава прыкідваў, як яго называць цяпер — ці проста Міколам, як азваўся ўжо, ці Мікалаем Паўлавічам. Апошняе не надта прасілася на язык, бо за многія гады работы ў школе гэтае імя — Мікалай Паўлавіч — надзейна замацавалася ў маёй свядомасці за іншым чалавекам, за нашым старэнькім, лагодным завучам, і перайначыцца вось так нечакана, раптам я, адчуваў, не змагу.
Але Калюня — гэта быў сапраўды ён — не пакрыўдзіўся, зноў голасна зарагатаў:
— Апазнаў-такі! Ай, Пісар! Ай, брат-манах! Гэта ж колькі гадоў мы не бачыліся?
— Ды гадоў дваццаць, пэўна,— адказаў я ўжо без ранейшае скаванасці.— А я слухаю і думаю: мо хто пад мухай нейкага свайго Ваню шукае...
— Не, друг, я адразу на цябе выйшаў,— смяяўся Калюня.— Ну, як жывеш? Га?