Багуслава, не ў змозе справіцца з трывогай і жалем, абняла Шымона, прыціснулася да яго, як да апошняга паратунку, прапусціла праз пальцы пасмы русявых валасоў, як скнара - залаты пясок:
- Я не хачу жыць, калі з табой што здарыцца. Давай так... Ты будзеш чакаць мяне на вакзале ў Вільні...
Падняла вочы... І пабачыла з-за пляча Каганецкага акуратнага ветлівага Ніхеля, які праз прачыненыя дзверы скіроўваў пісталет у спіну графа.
Пан Варакса ўсміхнуўся, і Багуслава цвёрда прагаварыла, каб чуў нязваны сведка:
- Едзем у горад Б*. Там царква, дзе нас павянчаюць. Ад лёсу не схаваешся.
Дажджу не было, затое ўсчаўся вецер. Ён выў, нібыта празрысты злы воўк, страсаў халодныя кроплі з ігліцы, кідаўся на мінакоў, быццам юрад, выпрошваючы капейчыну або спрабуючы паведаміць страшнае прымроенае прароцтва. Шлях размок, як хлеб у місе з квасам. Там, дзе па абодва бакі дарогі была дрыгва, глеба стала пругкай, адчувалася, што пад коламі - грэбля, насцеленая над безданню і прысыпаная пяском, і вось-вось бездань паглыне гэтыя жаласныя спробы абмежаваць яе прагу ахвяраў і волі.
Вецер біўся ў шчыльную тканіну навеса над брычкай, як у ветразь, так, што здавалася, быццам экіпаж вось-вось ператворыцца ў віціну і паплыве наўзбоч дарогі. Багуслава завязала шаль паўзверх капелюша, канцы адчайна трапяталіся ў паветры. Дарогай амаль не размаўлялі. Багута баялася, што Ніхель адчуе яе расчараванне і агіду, і здагадаецца, што яна больш не хоча ягонай улады над сабой. Не хацелася, і каб слухаў іх з Шымонам размовы. Урэшце, вочы таксама могуць шмат сказаць. Багуслава проста прыхінулася да краю брычкі і глядзела на вершніка, які ехаў то побач, то трохі апярэджваючы экіпаж, у залежнасці ад дарогі. Вецер матляў ягоныя русявыя валасы, змушаў час ад часу прыгінаць галаву, калі сцябаў проста па вачах... І больш за ўсё хацелася, каб зноў пад’ехаў блізка, і працягнуць насустрач руку, каб на імгненне адчуць дотык ягонай...
Усяго толькі дотык - а быццам электрычнасцю працінае ўсё цела, і быццам у гэтай адной кропцы цялеснага кантакту на імгненне засяродзіўся вялікі сэнс вялікага сусвету.
У такія моманты Ніхель упарта насвістваў арыю Папагена з оперы Моцарта.
“Я ўсім вядомы птушкалоў...”
Але Багуслава больш не баялася быць злоўленай птушкай.
Яны абодва вырваліся са сваіх клетак - кульгавы нашчадак здраднікаў, якому з дзяцінства даводзілі, што ён звер, і дачка пакаранага інсургента, звыклая да думкі, што яна - забойца.
А яны абое проста з тых заблукалых дзяцей гэтай зямлі, якія не ведаюць, хто яны, і вераць тым, каму не варта.
Бо так спаконвеку тут рабілася гісторыя.
Раздзел дзявяты. Палац вужынага караля
Мястэчка сустрэла цішынёй. Толькі вецер ганяў па апусцелых вуліцах рудое лісце ды ашмёткі садраных афішак пра візіты ў горад Б* заезджых магнетызёраў, спевакоў і дрэсіроўшчыкаў, вядома, праездам у Парыж альбо ў Вену.
Вена з універсітэтам і вальсам далёка, а тут было павятовае мястэчка, якое прыціхла ў трывозе. Багуслава ўспомніла верш без подпісу з адной левай газеткі:
Багуслава, хоць усялякага набачылася за не вельмі доўгае жыццё, не магла ўявіць: няўжо знаёмыя ёй местачкоўцы будуць біць вокны сваім не багацейшым ад іх суседзям, з якімі сустракаліся кожны дзень на вуліцах і кірмашах, у якіх замаўлялі боты, сукенкі і тарты з крэмам безэ, толькі за тое, што тыя не так думаюць альбо ходзяць у іншы храм? Не, гэта ўявіць было немагчыма. Калі яны апынуліся на Беларусі, Багуславу вельмі дзівіла тое, пра што гаварылі Масевіч і Каганецкі, дзіўнае спалучэнне культур, якога не мелася ў глыбінцы Расіі. Каталікі, праваслаўныя, габрэі, мусульмане, лютэране... У мястэчку Б* усе па святах выходзілі на адзін пляц, каб паглядзець батлейку ці выбраць лепшы кавун. Усе віншавалі маладых, калі ішло вяселле, і спачувалі жалобнай працэсіі, незалежна ад таго, на якія могілкі нясуць нябожчыка.
Багуслава ведала, што рэвалюцыя непазбежная, і падчас яе будуць вялікія ахвяры. Але справакаваныя агентамі сутычкі - гэта было брыдка. Гадзюка раз на год са скуры лезе, а здраднік - кожны дзень.
У фотаатэлье Ніхель найперш кінуўся ў лабараторыю, дзверы грукнулі ўнізе, быццам вечка скляпення.
Каганецкі стаяў са змрочным выглядам пасярод пакоя, дзе столькі месцічаў увекавечыла сваё аблічча на фоне намаляваных мармуровых калонаў, кошыка штучных кветак на каванай падстаўцы і ўласнай значнасці для сусвету. Кацяняты на фотаздымках лупілі наіўныя вочы на вучонага госця, нібыта баяліся, што ён іх зараз класіфікуе. У куце красаваўся стандартны партрэт імператара, наклеены на кардонку.
- Ніхель хоча, каб мы пакуль лічыліся добранадзейнымі грамадзянамі, - з няёмкасцю прамовіла Багуслава, перахапіўшы скептычны позірк графа на царскі партрэт. - Нам цяпер гэта неабходна. Мы ні ў якім разе не мусім выклікаць падазрэнняў.
Каганецкі абняў яе і змусіў сустрэцца позіркам з ягонымі шэрымі вачыма.
- Я ж разумею, што ты ўблыталася ў нейкую небяспечную справу. Скажы, што вы рыхтуеце? Якім чынам цябе з гэтай авантуры выцягнуць?
Багуслава адчайна пакруціла галавой.
- Не магу сказаць...
Шымон расчаравана адпусціў яе, прайшоўся, пакульгваючы, па пакоі.
- Што ж, я ўсё роўна звязу цябе за мяжу адразу пасля вянчання, і хай твой настаўнік хоць...
Багута падскочыла да Шымона і ў спалоху закрыла яму рот даланёй.
- Ні слова... Ніхель не павінен ведаць, што я збіраюся з’ехаць з табой. І пра тое, што я пабачыла ў тваім фотаальбоме. Мы можам паспрабаваць толькі патаемна ўцячы. Іначай... Павер, табе лепей было б са мной не звязвацца.