Мужчына, рэзаць хлеб! — з робленай весялосцю загадала Дануся. Яна была паміж двух агнёў, але і ў яе пачаў прабівацца на сяброўку гнеў.
Я ўзяўся за нож. У мяне атрымаліся тоўстыя лусты. Убачыўшы іх, Яніна, вядома, не стрымалася, зноў пырснула смехам. Наогул яна тут прысутнічала нібы для таго толькі, каб заўважаць мае памылкі. Ад яе вачэй я не ведаў, куды падзець рукі, як паставіць нагу. З-за яе і маўчаў, бо баяўся нарабіць памылак у польскай мове і паказацца смешным.
Абрэзаў бы я паненку даўно, ды яна не прапускала моманту ўсміхацца да мяне, бліскаць зубкамі. А найлепш было б наогул не звяртаць на яе ўвагі: сапраўды, хацеў я таго ці не, але я так сябе па-водзіў, што было з-за чаго смяяцца. Аднак тады я сам шукаў зачэпкі.
Селі мы за стол.
У нас дома ежу клалі ў місы як папала. Паненкі ж расклалі на талеркі сыр, каўбасу, селядзец мудрагелістымі ўзорамі, ды такімі прыгожымі, нібы іх мералі цыркулем і лінейкай. Шкада было нават разбураць гэтую прыгажосць.
На гэта толькі трэба глядзець, а не есці! — дзівіўся я.
Яніна пырснула.
Усё тут для цябе, не сумнявайся! — Дануся першы раз сказала мне перад Янінай «ты».
Адкрывай! — падала яна штопар і бутэльку віна.
Я нязграбна дастаў корак, разліў ружовую вадкасць.
Ну, на здароўе... За цябе! — узняла яна чарку.
Яе вочы засвяціліся ласкай і адданасцю. Каб не паказаць Яніне, як мяне гэта кранула, я свае вочы апусціў.
Янэк, ты першы!
Я не п'ю.
Не п'е-еш?
Не!
Зусім?
Ні кроплі.
Яніна пырснула.
У той час падпольшчыкі давалі сабе клятву ні ў якім выпадку не піць гарэлкі і не курыць. Клятву ўзялі і з мяне.
Хоць крыху! — не адставала Дануся.
Па яе інтанацыі я адчуў, што такая якасць яшчэ больш узняла мяне ў вачах паненкі.
Віно, кажуць, мазгі выбівае!.. Нават кроплі ў рот не вазьму гэтай атруты, не прасі!
Дануся не ведала, што рабіць.
Не звяртайце на мяне ўвагі, піце самі. Няхай вам будзе на здароўе!
Яніна паднесла чарку да вуснаў, але на яе строга глянула Дануся, і паненка папярхнулася. Паставілі чаркі.
То еш!
О, гэту работу люблю, і жывот у мяне ўмяшчальны, будзь спакойная! — пачаў я выграбаць з талерак.
Яніна зноў пырснула.
З кніжак я ведаў, што багачы ў абед карыстаюцца сурвэткамі. Калі ж над руку трапіла накрухмаленая палатніна, я яе паклаў на буфет.