Ы-ы-ых!— са здзіўленнем уцягнуў у сябе паветра малы, робячы для сябе адкрыццё.— Тады хлеб людзі будуць есці калісь без скарынкі, так?!.
Не выдумвай, дурань!..
Малы з захапленнем ужо казаў:
А малако хало-однае, хало-однае, ну, проста нібы з-пад каровы! На, ты адно паспрабуй, Валя!
Ну і няхай, а ты еш!
Тут нешта стукнула, палілося, і дзяўчынка закрычала зноў:
О, разліў ужо! Выліжы, а то маме скажу!
Выліжу, Валечка! — вінавата і пакорна паабяцаў хлопчык.
Пачулася сапенне, потым стараннае сёрбанне. Праз хвіліну сястра накінулася на брата зноў:
Ты што бульбу раскідаеш?
Яна не ўпала, Валечка. Я затрымаў яе нагамі. Во, глядзі, калі не верыш...
Бедныя, нават не ведаюць, што малако з-пад каровы якраз цёплае, а старую жанчыну прызвычаіліся называць мамай!..
Калі, бывала, яны садзіліся сям'ёй абедаць, прачка ніколі не бра-ла ў рот цэлага кавалка хлеба. Ела толькі недаедкі. Распускала тлушч на страву, вылівала яго да кроплі дзецям у талеркі, а сабе налівала супу ў пустую патэльню — ёй даставаўся толькі пах ад тлушчу!..
Я ўстаў, пайшоў на кухню і аддаў дзецям каробку з шакаладам.
Назаўтра цётка Антося прынесла мне пісьмо.
Бярыце...
Не вазьму!
А то чаму? — спалохалася жанчына.— Вы ж не можаце жыць адно без аднаго!
Хто гэта вы?
Антося глядзела на мяне з жахам.
Яначка, чаго ж ты так?
Было, ды сплыло!
Чаму?
Індык свінні не таварыш!.. Адным словам, нясеце, цётко, назад!
Праз хвіліну я ўжо адумаўся: Дануся ні ў чым не вінавата. Гэта я ў апонші час стаў нястрыманым эгаістам. Але самалюбства не дазволіла паклікаць цётку назад.
Ролю абражанага цяпер трэба было іграць да канца.
Заставаўся яшчэ генеральскі кольт. Чамусьці да яго я не мог прызвычаіцца, як да падзёўбанага ржой Сцяпанавага нагана. Я за-гарнуў яго ў паперу і выйшаў на двор. Дзесьці ў душы таілася надзея, што рэвальвер — апошняя магчымасць пагаварыць і памірыцца з Данусяй. Але генералаў панадворак быў пусты.
Ля Залкіндавага дома старая ганялася за дзяўчынкай і прыму-шала ўнучку скінуць школьную форму. Калі Бэта засталася адна, я паклікаў яе да сеткі.
Аднясі Янкоўскай Дануце! Зараз жа!
А што тут?