Я адно ведаю, што ў яўрэяў пакойніка кладуць у саван. Найлепш з суровага палатна...
Ат, яму ўсё роўна!
А наро-оду сабралася!
То дзіва! Як багаты памрэ, то і апошні з хаты прэ, а як бедны-худачок — толькі попік і дзячок!
Калі ж цяпер будуць плаціць удаве?
Эт, бяда не вялікая!
Чорт яе не возьме, не бойся, заплацяць больш, чым нам з табой...
Данусі гутарка здалася дзікай, і яна пацягнула мяне за рукаў:
О-ей, які цынізм!
Прывалокся той самы п'яны дзядзька і пачаў дапытваць:
Чаму граюць, га? Чаму граюць, а не танцуюць?
— Пане, цішэй, тут чалавек памёр! — узмалілася Дануся.
Хто памёр!
Пан палкоўнік!
Будзе другі, падумаеш!
Людзі зарагаталі.
Вы п'яны! — Дануся прамовіла гэта так, бытта ад яе слоў чалавек меўся зараз жа згарэць ад сораму.
Хто п'яны? Я-а?.. Та-ак... Я, канечне, п'яны. Ну і няхай сабе!
Пане пастарунковы, тут хуліган!— паклікаў нехта паліцыян-та.
Тым часам дзядзька, дастаючы з-за пазухі бутэльку самагонкі і тыцкаючы папяровым коркам Данусі ў нос, урачыста прадэкламаваў:
Я п-п'ю не панскія ш-шанпаны —
Зямелькі роднай горкі сок,
От!
З'явіўся нарэшце паліцыянт і пад дружны рогат натоўпу дзядзьку павалок.
— Хадзем адсюль, не магу я тут больш! — расплакалася Дануся.
Я суцяшаў, а яна цвярдзіла сваё:
Я яго ведаю. Яго ўвесь горад ведае! Пан Мечыслаў Станкевіч. Адзінокі стары. Яго дзеда Мураўёў павесіў за паўстанне. Бацька за Польшчу памёр у царскай турме. Жонка памерла ў вайну ад тыфусу. Сам ён — апошні з роду Станкевічаў, у нас бываў не раз, мне гісторыі даваенныя расказваў... Увесь яго род загінуў за Польшчу, за іх, а яны такія няўдзячныя, подлыя, чаму, чаму?.. Ён ляжыць мёртвы, а яны...
Супакойся!..— Але я адчуваў, што яна па-свойму мае рацыю.— Перастань!.. Выходзіць, і ім трэба класціся ды паміраць?
Не люблю цябе, і ты такі самы цынік!
Называй мяне цынік, бляшанік — як хочаш, але ж супакойся, вазьмі сябе ў рукі!..