У першы дзень работы даручылі разносіць па Вільні пісьмы.
Выканаўшы заданне, я вярнуўся ў ліцэй. У зале ішоў канцэрт. Я наблізіўся да зашклёных дзвярэй і крадком паглядзеў. Такога бачыць яшчэ не даводзілася. Як зачарананы, я доўга ўзіраўся.
У зале выступаў хор. На сцэне выстраіліся, адна ў адну, прыгожыя паненкі ў новенькіх уніформах. Дастаткова было зірнуць, каб пераканацца, што жыццё гэтых паненак праходзіла ў такім дастатку і радасці, пра якія мне і не снілася.
Скончыўшы песню, пяюхі сціскалі вусны, крывілі іх, усё перажывалі: будуць ім апладзіраваць ці не; у вачах былі такі спалох і чаканне, што стала нават шкада харыстак.
Але я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць. Вось такім мая маці заносіла ў горад усё да каплі малако. Такія абыходзілі мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай, бытта я заразны! У маёй вёсцы ад цяжкай работы дваццацігадовая дзяўчына — старая дзеўка, у трыццаць пяць бабуля, аў горадзе ўсё - паненкі, каб вы паздыхалі!
Адну харыстку я пазнаў.
Гэта была мая суседка – дачка генерела. Паненка бянтэжылася больш за ўсіх. Яе разгубленасць была нявіннай і мілай. Калі паненка заспявала, вочы яе зрабіліся натхнёныя, яна пасмялела, поўны пачуцця голас, паліўся роўна і так кранаў за душу, нібы ішоў не з яе, а з маіх грудзей.
Яшчэ дзяўчына мела зграбную постаць. Каб не прадузятасць, я мог бы адразу сказаць, што яна — рэдкая прыгажуня. Але я пачаў выдумляць на суседку тое, чаго не было.
Мы, курсанты, адчувалі сябе пакрыўджанымі лесам і зай-здросцілі дзённай змене — недасяжнай мары. Наглядзеўшыся на выпеставаных, гадаваных на масле і смятане паненак, я толькі ўздыхнуў, паціху вылаяўся — халера! — ды адправіўся ў канцылярыю рабіць справаздачу.
Сёння насіў я пісьмы ў мужчынскую гімназію і праз адчыненыя вокны бачыў гімназістаў. Гэта былі не нашыя курсанты — нжмелыя, стомленыя ад працы, апранутыя хто ў што.
Асабліва запомніліся іх разбэшчаныя твары, бессаромныя вочы. Гімназісцікі ў новенькіх мундзірчыках не маглі спакойна ўседзець і некалькі хвілін за партай. Хіхікалі, крывілі морды, перакідваліся паперкамі...
Ідучы з ліцэя, я ніяк не мог забыцца на харыстак. Тады паста-раўся ўспомніць нахабныя вочы гімназістаў і, нібы перада мною стаяла дачка генерала, упікнуў яе:
— Спявай з імі, яны табе падпяюць!..
Толькі так падумаў і надышоў на саміх харыстак. Мая суседка была ў цэнтры ўвагі. Яна з натхненнем апавядала:
— О-ей, калежанкі! Вы сабе не ўяўляеце, як цяжка выйсці перад хорам і запяваць! Як падумала, што на мяне будуць глядзець, ногі так і прыраслі да падлогі! Глянула прафесару[1] ў вочы, а ён прыязна ўсміхаецца, і я адразу пасмялела. Потым ужо нічога не бачыла, толькі яго вочы!
Ад захаплення сваім апавяданнем яна аж свяцілася шчырасцю і даверам, і хоць вочы яе былі пакіраваныя ў мой бок, мяне яна, вядома, не бачыла. Паненкі глядзелі на яе аддана, з абажаннем і скрытай зайздрасцю.
Агорнутая новай хваляй успамінаў, суседка загаварыла яшчэ больш жыва:
— А вы не заўважылі, як я забылася на словы песні? Не?!. Шапчу вам: «Скажыце, як пачынаецца «Гураль»[2]. Вы думалі, я жартую, і маўчыце. Піяніст іграе апошні такт уступлення, а ў маёй галаве — пуста! I толькі ў апошнюю секунду аднекуль узяліся словы! Можа, ніколі ў жыцці яшчэ так не стамлялася!
Гімназісткі свабодна, на ўсю вуліцу засмяяліся.
Тое, пра што яны гаварылі, было даволі цікавым, але і такім недасяжным, што мне аж стала крыўдна.
Фу ты! Выразам свайго твару я падсвядома паўтараў выраз твару паненкі і толькі цяпер спахапіўся. Імгненна згасіў усмешку замілавання і азірнуўся.
Не, здаецца, ніхто не бачыў.
2
Вярнуўся я тады з ліцэя і, як ніколі, зноў адчуў несправядлівасць на гэтым свеце.
У Вільні мяне праследавалі адны няўдачы.
Ад нас тут вучыўся і Генрых Станеўскі. Маці мне наказвала, калі будзе пільная патрэба, звяртацца да яго за дапамогай. Генрых быў не з нашай, а з суседняй вёскі. Прадзед яго перабраўся ў наш край з Памераніі і прыстаў да мжцовай дзеўкі. Бацька Генрыха вёў гаспадарку па-навуковаму, і іхняя сям'я жьша лепш за другіх, хоць зямлі мела зусім мала. На адным лузе з Генрыхам пасвіў я каровы, а потым маці пасылала мяне кожнае лета купляць у яго падручнікі: Генрых ішоў на клас вышэй, быў выдатнікам, а падручнікі ў яго былі без ніводнай плямкі.
I вось у Вільні мы сустрэліся. У першы дзень. Я з клункам валокся з вакзала па адным баку вузенькай вулачкі, а ён насустрач — па другім. Станеўскі вёў паненку.
— Гэнек! — закрычаў надта ўзрадаваны я.
Зямляк адвярнуў галаву — бытта не чуў. Спачатку я нічога не зразумеў, пабег за ім. Цяпер ужо не крычаў, а — кашляў. Тады абагнаў і яшчэ раз пайшоў насустрач.
Дарма!
[1] У Польшчы ўсіх настаўнікаў ліцэя называюць «прафесар»
[2] «Гураль» — польская народная песня.