Праўда, няма чаго прыбядняцца. На працягу тыдня здарыліся ўжо два выпадкі, калі і я адчуў сваю сілу.
Аднойчы на першы ўрок не з'явіўся выкладчык, і курсанты высыпалі на двор. Ля валейбольнай сеткі якраз трэніравалася група гімназістаў з суседняй гімназіі.
Валейбалісты ўсе былі рослыя і стройныя юнакі ў цёмна-фіялетавых спартыўных касцюмах. Яны лёгка і прыгожа перакідвалі адзін другому мяч, а сваім выглядам нібыта крычалі: вось якія мы хваты, зірніце на нас! Але перажывалі, што іх адно шэсць чалавек і няма з кім гульнуць па-сапраўднаму. Мы іх абступілі цесным колам.
- Хоць бы яшчэ хто надышоў! — з сумам азваўся самы зграбны, нават не пазіраючы ў наш бок. Вядома, гаварыў гэта, бадзяга, знарок, каб мы чулі.
Як намі ні валодала гордасць, аднак мы не перамаглі спакусы. Пяць курсантаў, не згаворваючыся, апынуліся ўраз па супрацьлеглым баку сеткі. Мой зямляк, Генрых Станеўскі, загадаў мне:
Ставай яшчэ і ты, доўгі, аднаго не хапае!
Я стаў, адчуваючы ўдзячнасць да сябра.
Відаць, рэдка на той пляцоўцы бывалі такія няроўныя партыі. З аднаго боку — натрэніраваныя і спрытныя валейбалісты, партрэты якіх памяшчаліся нават у віленскіх газетах, а з другога — сапраўдны «збор багародзіцы» — нжкладныя, апранутыя хто ў што. У аднаго шыя перавязана брудным бінтам, у другога тырчалі худыя плечы. Адзін маленькі, другі вялізны — усё ў нас было бытта навыварат! Толькі Станеўскі не ўступаў гімназістам сваёй упэўненасцю і паставай.
Пачалася ігра.
Нашыя праціўнікі не гулялі, а пісалі мячом у паветры.
— Чок-чок-чок! — Ён толькі звінеў і пасля трэцяга ўдару ляцеў на нас і спакойна сабе падаў на зямлю.
Ну, што вы! — шыпеў Станеўскі.
Дарма! Мы не маглі ўзяць нават простай падачы.
З нашай каманды я быў найгоршы ігрок. Праходзіла мінута за мінутай, а мне не ўдавалася забіць ніводнага мяча. Ён, пракляты, лётаў, як прывід, у мяне перад носам, а я бездапаможна махаў рукамі. Што ж, іграў я ў валейбол першы раз у жыцці.
Тым часам пачалі збягацца гімназісты-балельшчыкі. Праз хвіліну іх стала больш за курсантаў.
Глядзіце, як доўгі мух ганяе!
Яго толькі замест пудзіла ў агарод ставіць!
Фі-іў!..
Я гэта чуў і сваё няўмельства пастараўся замаскіраваць. Прыкінуўся, што фокуснічаю.
З'явіліся суддзі. Падача ўжо ішла па свістку. Кожны раз, калі мы не маглі ўзяць простай падачы, гімназісты-балельшчыкі ўзнімалі віск. Толькі не радаваліся нашыя праціўнікі. З высакароднай ганарлівасцю яны ігралі сабе далей, упэўненыя, што так і павінна быць.
Але тут здарылася нечаканае.
Бог мяне не пакрыўдзіў ростам і сілай. Памяняліся мы месцамі, і я апынуўся ля сеткі. Раптам гляджу — проста на мяне апускаецца мяч. Я спачатку аж не паверыў сваім вачам, а за гэты міг мяч знізіўся ўжо на ўзровень выцягнутай рукі і мяне надта ж раззлаваў. З разгуб-ленай паспешнасцю я рэзнуў па ім так, што кулак мой аж улез у яго.
Рэзнуў я мяч і здзівіўся: у чым справа? Мяча нідзе няма, а гімназіст супроць мяне ўстае з зямлі і трымаецца за шчаку.
Го-о! — пераможна загулі нашыя курсанты.
Грубіянства! — завішчалі гімназісты.
Гэта — не лічыцца!
Трымаючыся за шчаку, гімназіст пайшоў з пляцоўкі, на яго месца далі замену.
Дасталі з кустоў мяч, і суддзі загадалі перайграць падачу.
Толькі ўзляцеў мяч угару,— бах! — з сілай зрэзаў яго ўжо Станеўскі. Падалі мяч яму другі раз, ён рэзнуў зноў — малайчына ўсё ж такі зямляк, спрыту ў ім хапала!
Наступіў раптоўны пералом. Праціўнікі разгубіліся.