Свежае паветра было жаданае, як заўсёды.
Прызнаюся шчыра: было сумна развiтвацца з амстэрдамскiм паветрам.
Седзячы на пластыкавым крэсле ў аэрапорце, я нудзiўся i пазiраў на акуратны зялёны пакунак, што стаяў пад суседнiм крэслам. Пакунак быў невялiкi, але i немалы — дзве пляшкi вiскi грамаў па семсот маглi змясцiцца ў гэткiм аб’ёме, а магла быць... Але ж я не ў Маскве, я ў Нiдэрландах. Сяджу, сумую i паглядаю на чортаў пакет. Нуджуся i нiкога не чапаю, а мог бы чапаць, дарэчы. Вядома, мог бы, каб не палiцыя. Да мяне падышоў палiцыянт у блакiтнай кашулi з чорнымi пагонамi. Ён задаў пытанне на чыстай нiдэрландскай мове. Ён спытаўся i пальцам паказаў на пакет. А я паказаў на пакунак i заматляў галавою — не разумею. Дзiўна — палiцыянт зусiм не пакрыўдзiўся. Ён толькi цiхенька нагаварыў нешта ў рацыю на сваёй роднай, палiцыянцкай мове. Вакол мяне вырасла яшчэ двое служыцеляў парадку. Яны пачалi хадзiць i поўзаць вакол пакунка, быццам бы ў iм бомба, а не алкаголь, як я маракаваў. Вось табе, Адам Глобус, i Амстэрдам, зараз раздзярэ цябе выбухам на шматкi, i, акрамя выразнага радка ў некралогу «Загiнуў у Амстэрдаме», нiчога добрага не будзе. Вось яна, звярыная пыса тэрору. Адна справа змагацца за незалежнасць уласнай Радзiмы i зусiм iншая — загiнуць ад бомбы ў якасцi ахвяры дзеля статыстыкi. Ну чаму я мушу гiнуць? Чаму мяне павiнна раскiдаць у розныя бакi, i не ў выглядзе лiтаратурных твораў, а ў форме костак, мяса i храсткоў? Няўжо нельга было падсунуць бомбу пад iншае крэсла i знiшчыць не славянскага пiсьменнiка з касмапалiтычным псеўданiмам, а якога габрэя з славянскiм прозвiшчам, цi якога кiтайца, цi мурына. Адным словам, усё роўна каго, абы толькi не мяне. Бамбiзм — выдатны занятак, калi асабiста цябе не датычыцца. А то раз, i цябе няма. Раз, i ўспышка на тэлеэкране, паведамленне па радыё i расплыванне ў вечнасцi. А яна такая халодная, такая бясконцая. А я маю форму i хачу пакуль што яе захаваць. «Бог мой, пачуй атэiста! Пачуй, даруй i ператвары бомбу ў кнiгу». Такая магла б скласцiся малiтва. Толькi я не стаў турбаваць Бога з-за нейкай там асабiстай драбязы. Я мужна думаў пра вечнасць i бясконцасць. Моўчкi я сачыў, як палiцыянт акуратна падымае пакунак i зносiць з маiх вачэй. Паведамленне ў газеце пра бомбу калi i выйдзе, дык без майго прозвiшча. Я не сумую i не шкадую, што не застаўся назаўсёды ў Амстэрдаме, горадзе найсвятлейшых дыяментаў i найчысцейшых вокнаў.
За некаторымi з амстэрдамскiх вокнаў ты мог бы пабачыць у свой час i мяне, апранутага ва ўсё чорнае. Верыш, залаты гузiк маёй шаўковай кашулi зiхцеў дыяментам. І гэта не жарт. Вер мне, як маленькi хлопчык у аэрапорце паверыў у Дзеда Мароза. Хлопчык паказаў пальцам на пераапранутага артыста i сур’ёзна сказаў: «Мама, паглядзi на жывога Дзеда Мароза!»
Амстэрдам — Мiнск. 17.II.994 — 9.III.995
«Дарагі мой сябра Адам...»
(раман пра лёгкае расчараванне)
Здараецца, жыццё падасца марным заняткам i захочацца кiнуць усё чыста i з’ехаць на край свету. А краем цывiлiзацыi ўяўляецца Санкт-Пецярбург — бедныя людзi, белыя ночы, бясконцыя карпусы заводаў, брудная рака Нява, стракаты Неўскi праспект, турма, пераўвасобленая ў музей, чучала тоўстага жандара-наглядчыка, Кунсткамера, двухгаловы чалавечы зародак у слоiку з фармалiнам, прынiжаныя ды пакрыўджаныя... Вядома, не пакiнеш анi дому, анi справы, а толькi ўяўляцьмеш, як набраўся мужнасцi, кiнуў усё ўсякае i паехаў.
Тады згадаецца, як сеў у цягнiк Львоў — Ленiнград разам з сябрам Валодзем Бортнiкам i ягонай тагачаснай каханкай Яняй Бялькевiч. Цягнiк вызначаўся дэмакратычнасцю пасажырскiх нораваў i бруднаватай вiльготнай бялiзнаю шарага адцення. У суседнiм купэ ехалi арабы з маленечкiм, але галасiстым магнiтафонам, з якога лiлася лiпучая, нудная i бясконцая, нiбыта гiсторыя Усходу, мелодыя. Бялькевiч пачала капрызiцца, яе раздражняла арабская музыка. Бортнiк пайшоў сварыцца; а дзе сварка, там i знаёмства, там i вiно. Пiлi сухое, кiслае, як першы яблык, чырвонае вiно «Мэрло».
У мяне ўсчалася пякотка, якая нiяк не затушвалася цеплаватай вадою з жоўтага вагоннага бачка. А ў студэнтаў арабскага паходжання пачалiся прыпадкi патрыятызму: на каструбаватай расейскай мове яны спрабавалi растлумачыць, што не пашкадуюць жывата свайго за зялёны штандар iсламу, за Палесцiну i Галанскiя вышынi. Каб давесцi сур’ёзнасць сваiх намераў, арабы прапанавалi дужацца на рукi. Валодзя Бортнiк перамог усiх чатырох мусульман i на правую i на левую. Я пакутаваў ад пякоткi, але дужацца давялося. Правая рука ў мяне слабейшая за левую, i вось левай я паклаў тры арабскiя рукi на залiты вiном столiк i пайшоў спаць. Але не заснуў, бо думаў: чаму ў чалавека левая рука дужэйшая за правую?
У такiх пытанняў няма адказу. Можна, вядома, запытацца ў яе вялiкасцi Прыроды. Яна ўсё ведае, толькi нiкому нiчога не дагаворвае да канца, яна бясконцая i бесканцовая ў сваёй сутнасцi, як космас, як Бог, як жыццё, як i ўсё астатняе, што паўсюль i наскрозь. А што паўсюль i наскрозь, таго i няма. Рыторыка, пустата, нiшто. Лепш рыторыка, чым пералiк ад бяссоння сланоў: адзiн слон, другi слон, трэцi слон... І так да бясконцасцi, да Прыроды, якая бязмежная ў сутнасцi, а таму не зможа, каб i хацела, выказацца да канца, да дна. «Дно» — станцыя на паўдарозе з Мiнска ў Санкт-Пецярбург. Дзябёлая, шырокая i пустая, як усё расейскае, станцыя. Я пагуляў па пероне i паслухаў капрызлiвую Яню Бялькевiч...
Як мне абрыдзеў задушлiвы i брудны цягнiк! Як мне надакучылi потныя арабы! Ад iх тхне жывёльным духам. У арабаў у чатыры разы больш потавых залозаў, чым у белых людзей!
Я не спрачаўся, бо бессэнсоўна. Я толькi цiхенька пачынаў ненавiдзець жаночы род. У тамбур я заскочыў самы апошнi. Жанчыны могуць выклiкаць пачуццё гiдлiвасцi, як i расцiснутыя на дрогкай тамбурнай падлозе недакураныя цыгарэты. Вось такая доўгая думка наведала розум, калi павольна адплыў удалячынь аднапавярховы будынак станцыi Дно. А ў сумным, змэнчаным, стомленым, спатнелым — Яня мела рацыю — цягнiку ўсталявалася чаканне. Арабы млява спрабавалi парушыць паўночную шэрасць: «Якая ў вас прыгожая прырода!». Я не разумеў. Чэзлыя, нiбы прысыпаныя пылам, ляскi на балотах. Рэдкае, белаватае, безасабовае, бяскроўнае неба. Ад аднаго погляду на такое неба згадвалася скура дзяцей, хворых на лейкемiю. Цьфу-цьфу-цьфу! Згiнь, прападзi, усё на лiха спрадзi! Мая баба Ядзя хварэла на рак. Я палохаўся нават слова «лейкемiя». Я недалюблiваў шмат якiх слоў, да прыкладу «Ленiнград», падобнае да «лейкемii». У такiм мiнорным настроi я выйшаў на перон з валiзкай у руцэ. І было прыемна пацiснуць прыгожую, з доўгiмi пазногцямi руку Валодзi Бортнiка, бо што можа быць больш радаснае за развiтанне з капрызлiвай дзявуляй i яе прыгаломшаным палюбоўнiкам? Хiба што каханне з першага погляду. І адразу скажу, яно — каханне — чакала, падпiльноўвала мяне ў бяскроўнай пецярбургскай ночы.
* * *
Дарагi мой сябра Адам!
Вельмi ўзрадавалася твайму, такому неспадзеўнаму лiсту!
Сёння ў Сегедзе сумнае надвор’е: сыплецца iмжа, i на вулiцы страшэнная халадэча. Вядома, холад толькi здаецца жахлiвым, бо мiнулы тыдзень быў цёплы, амаль летнi, i я дазваляла сабе прагульвацца па вулiцах у адной майцы. Напэўна, i ў Мiнску стаяла летняе сонца, калi ты сабраўся напiсаць сваёй Агi.
Шкада, што не змагу даслаць табе джынсы. Яны страшэнна дарагiя, i ў мяне цяпер няма такой сумы. І яшчэ, не веру, што атрымаеш пасылку, ты i сам ведаеш, якая пошта ў СССР. Сапраўды, мне вельмi i вельмi сумна, бо не магу прыслаць табе нейкiя там нагавiцы.
Ты, можа, здзiвiшся, а мне хочацца цябе бачыць, гаварыць з табою, хочацца паглядзець на твае новыя карцiны, а потым iсцi на шпацыр у сквер... Мне хочацца цябе!
За час, пакуль ты не пiсаў, адбылося шмат цiкавага.
У мяне была магчымасць зрабiцца перакладчыцаю. Толькi змарнавала шанец, не змагла выканаць маленькае пажаданне рэктара. Я адмовiлася стаць ягонай каханкай нават на адзiн раз. А ўсё з-за непрыемнага паху. Рэктар у свае шэсцьдзесят даволi прыгожы мужчына — стрункi, без жывата i без лысiны. Апранаецца ва ўсё выключна аўстрыйскае — данiна таму, што ён нарадзiўся ў апошнi год iснавання Аўстра-Венгерскай iмперыi. Але вось кiслы смурод, што вылятае з яго дыханнем, я не магу вытрымлiваць нават на адлегласцi. Так, мусiць, дыхалi цмокi-людарэзы на казачных асiлкаў. Карацей, рэктар не падпiсаў дазвол на мой пераход з Сегедскага ў Будапешцкi унiверсiтэт. Што зробiш?
Затое, я амаль упэўнена, што ўлетку змагу паехаць у Англiю. У мяне цэлы план на лета: спачатку паеду праз Польшчу ва Усходнюю Нямеччыну, дзе i ўладкуюся на працу. Немцы плацяць больш за венграў. А з Нямеччыны праз Францыю дабяруся ў Лондан. Уяўляеш: Англiя! Я столькi марыла пра падарожжа, чытаючы i асаблiва перачытваючы ўлюбёнага майго Аскара Уайльда.
Хутка пачнуцца вясновыя вакацыi i я паеду ў Будапешт. Сорамна, але Будапешт я ведаю горш за Ленiнград, прынамсi, я не была нi ў адным музеi. Калi атрымаецца, дык змагу пражыць у сталiцы цэлыя тры днi.
І яшчэ, мы рыхтуемся да свята — Вялiкадня. Усе венгерскiя сем’i збяруцца амаль як на Каляды. Гаспадынi варыцьмуць кумпякi i яйкi. Дарэчы, яйкi цяпер ужо каштуюць удвая танней! Ты, напэўна, ведаеш, можа чытаў: на свята Вялiкдзень хлопчыкi, юнакi i дарослыя мужчыны ходзяць да знаёмых жанчын i сябровак i пырскаюць на iх адэкалонам цi духамi, хто багацейшы цi закаханы. А ў адказ мужчыны атрымлiваюць кветкi, вiно цi палiнку — венгерскую гарэлку. А зусiм маленькiм хлопчыкам даюць грошы, яны спаборнiчаюць, хто болей назбiрае за Вялiкдзень.
Цiкава, а беларусы святкуюць Вялiкдзень?
Уявi, сябры i знаёмыя ў адзiн голас гавораць, што я зрабiлася значна спакайнейшая i ўраўнаважаная. Якое дзiва! Зразумела, усё не зусiм так, але стараюся не перажываць з-за рознай драбязы i нiкому не паказваю нават ценю сваiх пачуццяў.
Калi не атрымалася з мяне распуснай перакладчыцы, дык, спадзяюся, педагог выйдзе прыстойны. Не такi благi лёс — весцi замежную лiтаратуру ў лiцэi цi гiмназii. Праўда?
Выкладчыкi зацвердзiлi тэму маёй дыпломнай работы — народныя казкi ў пачатковых класах. Я выпiсала патрэбныя кнiгi, сярод iх ёсць i беларускiя. І прачытала адну вашу казачку «Пакацiгарошак». Сама здзiвiлася, бо зразумела амаль усе словы. Мне падалося — беларускiя казкi такiя ж доўгiя, як i венгерскiя, а вось украiнскiя варыянты значна карацейшыя, не такiя падрабязныя.
Ну вось, застаюся ў Сегедзе чакаць добрага надвор’я.
Цалую цябе i жадаю ўсяго вясёлага.
Агi.