Напэўна, ты i не здагадваешся, чаму пiшу. Ды як жа ты здагадаешся пра мае далёкiя венгерскiя жаданнi? Страшэнна хочацца ўбачыць цябе — майго добрага сябра i... прыхiльнiка. Мне страшна. Я страцiла ўсялякi спакой. Увесь час мрояцца пачварныя здарэннi, быццам трапляю ў недароблены i недааформлены свет, дзе ёсць iстоты, i яны робяць спробы гаварыць, нешта мне даводзiць. Я чую гучныя галасы, гэта ўжо не крык жывёлы, але яшчэ не словы разумнай iстоты. Даводзiцца страшэнна высiльвацца, напружвацца, каб зразумець iх. Толькi паразумення не адбываецца. І застаюся адна пасярод аглушальнай какафонii i формаў, недаробленых Богам. І пераконваюся: нiкому я не патрэбна. Прабач.
Я вельмi старанна, па-нямецку, займаюся i працую, я болей i болей даведваюся пра свет, а сяброў i знаёмых у мяне ўсё меней i меней. Ты не ўяўляеш, Адам, як цяжка такое ўсведамляць, седзячы ў iнтэрнацкiм пакойчыку. Складаецца зачараванае кола: ад самоты ратуе праца, але, чым болей я працую, тым больш раблюся адзiнокай.
Вельмi хацелася стаць перакладчыцай, але iмпульсiўнасць i неўраўнаважанасць робяць з мяне iстэрычную асобу, якой лепей не працаваць з людзьмi.
Адам, вельмi не хацелася цябе пакрыўдзiць, але мушу сказаць... Я пазнаёмiлася з хлопцам, якi па-сапраўднаму спадабаўся мне. Я не кахаю i не люблю яго. Наогул, знаходжуся ў такiм стане, што не здатная закахацца. І не буду называць ягонае iмя, бо не хачу, каб венгерскае iмя выклiкала цень рэўнасцi. Мой новы знаёмы жыве на самай поўначы, а я на поўднi, таму сустрэчы будуць нячастыя. Не ведаю, цi атрымаецца што вартае з нашых пачуццяў. Мусiць, не.
Як было б добра, каб мы зноў сустрэлiся ў Рускiм музеi, зноў пайшлi ў бар, зноў пiлi вiно...
Хопiць, выкiдаю сум на сметнiк; а то, крый Бог, ты падумаеш, што я цэлымi днямi хаджу па вулiцах Сегеда сумная i злосная, як вакзальная прасталытка.
Цяпер я чытаю Леанiда Андрэева, i ўявi сабе, па-расейску! У мяне вялiкая да цябе просьба: калi ты зможаш набыць зборнiк апавяданняў Андрэева, дык, калi ласка, дашлi ў Сегед, бо ў нас зусiм няма ягоных кнiжак; на ўвесь унiверсiтэт толькi дзве: адна ў бiблiятэцы, а другая ў выкладчыка, сквапнага i нахабнага чалавечка.
Каб ты пераканаўся, што мой настрой крышачку палепшыўся, укладаю ў канверт маленькую хустачку з вясёлай вышыўкаю. Вышывала я сама. Як яна табе? Зразумела, тыповы венгерскi народны матыў. А што магла вышыць дзяўчына з вёскi Татахоза? Калi хоць крышачку спадабалася вышыўка, дык пакладзi яе ў сваю нагрудную кiшэню.
Бывай.
Сегед. 1976. Кастрычнiк. 4.
Р. S. А гэта, Адам, — наш венгерскi чорт! Мы заўсёды так яго малюем: доўгi, як у цябе, твар; лупатыя вочы; густыя, як у цябе, бровы; высалаплены язык; вострыя вушы; бычыны хвост; капыты; вiлы ў руках — ЪrdЪg Чорт! Можаш сказаць яму што заўгодна, толькi не кажы: «Чорт, забяры маю душу!». Бо прыйдзе, раздзярэ вiламi грудзi i забярэ бессмяротную душу. Я крышачку навучыла яго беларускай i расейскай мовам, але кепска, ён, мусiць, дэбiльнаваты. Але прызнайся, Адаме, ты ж спалохаўся чорта, калi адкрыў канверт?
Р. Р. S. Прабач, што не прыйшла ў Ленiнградзе на вакзал.
Агi.
* * *
Прыемна пасля няпэўнай палубы ступiць на трывалую i ўпэўненую зямлю. Што-што, а разнастайныя фантаны Пецяргофа мяне зусiм не цiкавiлi, бо магнiтам цягнула да Агi, да ёмiстых грудзей, схаваных пад белую баваўняную майку. А вось Агату Ляхоцкi вабiлi фантаны. Можа, ёй бачыўся ў водапусканнi iншы, больш складаны працэс. Колькi ж розных вадаспадаў, струменяў, плыняў, ручаiн, стаўкоў, кропель i пырскаў ляжала, цякло, бiла, стаяла, цурчэла, плёхала, зiхцела, свяцiлася, пералiвалася на пакручастым шляху да жаданых, пажадных, нахабных (хай!), распусных (i што?) абдымкаў. Вада ляцела з разадранае пашчы залатога льва, узлятала з доўгiх лебядзiных дзюбаў, пырскала з прыхаваных у каменi трубаў, выплёсквалася з разяўленых да самых сцёгнаў жабак, высiквалася з дробненькiх анёльскiх стручкоў. І гэтае водапусканне нагадвала мне толькi сiкунапусканне, а не акт пладатварэння. Я сумаваў, а вось Агi паводзiла сябе як сапраўдная экскурсантка: адной рукой абдымала маю талiю ў той час, як наманiкюраныя, але не пакрытыя лакам пальцы другой рукi пырхалi ў паветры, паказваючы чарговы, адноўлены дасцiпнымi рэстаўратарамi, найзiхцейшы цуд садова-паркавага штукарства.
Больш за гадзiну мы прабадзялiся сярод мармуру, золата i зелянiны. Я мог яшчэ столькi ж прашвэндацца, бо ведаў, адчуваў усiмi рэбрамi i хрыбетнiкам, што з Агi я даведаюся, як любяцца венгры, i хай сабе не ўсе мадзьяры, а толькi адна спадарыня Ляхоцкi, я не Геракл, якi мог задаволiць трыццаць цнатлiвых дзяўчат. Зрэшты, каб задаволiць цнатлiвых, ёсць толькi адзiн шлях — пакiнуць iх у цноце.
Пятляючы, спыняючыся, кружляючы, затрымлiваючыся, мы нарэшце вярнулiся на прычал. А куды цяпер? Нiколi такое просценькае пытанне не бянтэжыла мяне, а тут раптам проста прыбiла. І сапраўды... Куды? Як той «Бурыданаў мул»... Не асёл, а мул.... Каб у Бурыдана быў асёл, ён пайшоў бы да блiжэйшай аслiцы, а не стаў бы памiж стагамi сена, не ведаючы, якi з’есцi.
Як i мул, я не ведаў, цi ўправа, цi ўлева весцi сваю Ляхоцкi. Пайшоў управа толькi таму, што левай трымаў мадзьярку. Мы iшлi ўздоўж залiва i маўчалi, баялiся словамi спудзiць нявымаўленую згоду. Мора адышло, адлiў пакiнуў вялiкiя круглыя плыткiя лужыны; на залатым пяску яны выглядалi, як адпалiраваныя сталёвыя дыскi. На пляжы бадзялiся не задзейнiчаныя ў экскурсiйным працэсе, а таму злыя, адпачыннiкi. Як я на той момант ненавiдзеў гэтых самотных жывёлiн, што цiкаўна i лiслiва, i неяк слiнява зiркалi ў наш бок! Не ведаю, бо не мог жа я бачыць, што было намалявана на маiм iлбе, але на твары Агi яскрава праступалi словы — зараз буду кахацца. Не стану спрачацца, што менавiта такiмi словамi выказвалася жаданне, але сэнс не сказiў нi на кроплю, нi на пырск, нi на грам. І тут Агi спынiлася. Як? Не разумею! Што, што здарылася? Яе зусiм нармальнае i цывiлiзаванае спыненне шпурнула мяне ў панiку.
— Мне трэба ў прыбiральню, тэрмiнова!
Тлумачэнне супакоiла мяне. Аказваецца, вельмi лёгка вывесцi з раўнавагi закаханага чалавека. Часам дастаткова спынiцца на пустым пляжы.
А пляж быў пусты роўна настолькi, каб мець права называцца пустым i трымаць на сваiм пляскатым целе столькi чалавекаабрысных iстот, каб нiхто не мог займацца iнтымнасцямi. А прыбiральнi не было. Яна стаяла недзе там — за хмызамi, за соснамi, за елкамi, але мы яе не бачылi. Агi задаволiў карункавы чэзлы алешнiк. Праз галiнныя перапляценнi я падгледзеў, як мадзьярка, падабраўшы джутавую спаднiцу, апусцiлася на кукiшкi. Ад напругi, з якой я дамыслiваў бачанае, у мяне ўвушшу зашархацеў уяўны струмень. Заўсёды дзiвiўся: жанчыны ўдвая даўжэй абыходзяцца без прыбiральнi i ўтрая хутчэй спраўляюцца з патрэбамi. Агi ўжо прагульвалася басанож па пляжным пяску, а я ўсё яшчэ вытрасаў бурштынавыя кроплi. Агульны паход па неадкладных патрэбах зусiм натуральна адсунуў юрлiвыя памкненнi. I сапраўды, займацца сексам з перапоўненымi пухiрамi i ныркамi, а пра кiшэчнiк i казаць няма чаго, — справа нецывiлiзаваная. Такая выснова наведала мяне ў той момант, калi я зашпiляў прарэху ў клятчастых нагавiцах.
* * *
Дарагi Адам!
Вельмi ўзрадавалася твайму лiсту. Думала, ты ўжо болей не будзеш пiсаць мне. Можна сказаць, я крышачку спалохалася, але цяпер пярэпалах цалкам прайшоў. Я вярнулася ў нармальны i крышку мiнорны стан.
Твой маленькi фотапартрэт мяне зачараваў, ён па-сапраўднаму прыгожы i чымсьцi пераўзыходзiць арыгiнал. Я прыкнопiла фота да шпалераў у сваiм iнтэрнацкiм пакоi, каб усе пыталiся... А хто гэты прыгожы малады чалавек? Шкада, што яшчэ нiхто не паспеў задаць гэтае пытанне, таму i не ведаю адказу.
Заняткi пачалiся 14 верасня, i за першы тыдзень я шмат зрабiла: аднавiла забытае i паўзабытае за вакацыi. Асаблiва лёгка, як ты разумееш, аднаўлялася расейская мова.
На самым пачатку верасня я з’ездзiла ў Польшчу. З Варшавы дасылала табе паштоўку. Напiшы, цi прыйшла? Я хацела выслаць кружэлку, але забаялася, бо яна можа згубiцца. І я падумала, што лепей сама перадам яе праз паўтара года ў Маскве. Мы ж сустрэнемся. І я падару табе «Венгерскую народную музыку ў выкананнi маладых музыкантаў».
Летась, у красавiку, са мной здарылася вельмi прыкрая дэпрэсiя. Раней я думаць не думала, што меланхалiчны стан вельмi заразны. Вось аднаму чалавеку нiчога не трэба, а праз якi дзень i другому свет здаецца нiкчэмны i не варты нават кволых рэагаванняў i пачуццяў. Вiрус санлiвасцi i безвыходнасцi распаўсюджваецца з хуткасцю проймы. Самыя вясёлыя i жыццяздольныя марнеюць i вянуць проста на вачах. А мая пасiўнасць пачалася з нязначнага выпадку. У суседнiм пакоi жыла аднакурснiца, якой зрабiлася кепска — усё навокал пачало раздражняць яе, злаваць. Яе ўганяла ў вар’яцтва нават патрэскванне бульбы на панiве. Яна звярнулася да лекара i распавяла пра хваравiты стан, пра нястрыманасць i раздражнёнасць. Уяўляеш, свайму каханку абварыла кiпенем спiну. Ён сказаў ёй, што трэба абмяжоўваць сябе ў курэннi, а яна зазлавала i вылiла палову iмбрыка яму на плечы. Добра, што на iм была куртка i цёплая кашуля, i ўсё абышлося.
А вось яе доктар накiраваў у спецыяльную клiнiку, каб там уважлiва паглядзелi. Я пачала хвалявацца спачатку за яе, а потым за сябе. У нашым унiверсiтэце быў выпадак, калi дактары забаранiлi студэнту наведваць лекцыi, а потым зусiм прымусiлi пакiнуць факультэт. Жах! Лепш не гаварыць пра такiя рэчы.
Буду вельмi радая, калi атрымаю ад цябе кнiгi. Калi надарыцца магчымасць, абавязкова дашлi мне невялiчкi беларуска-расейскi цi беларуска-ангельскi слоўнiк.