Замест просценькiх слоў пра знаёмства, мой розум поўнiўся нейкiмi абракадабрамi... Кароль — гэта карлiк сярод багоў. Побач з карлiцаю я цудоўна выглядаў бы ў вясельным строi. І яна, карлiца, выдатна глядзелася б у белым вэлюме. На якое iмгненне я ўявiў сябе i гарбаценькую наглядальнiцу на месцы жанiха i нявесты, што выходзiлi з вiленскага баракальнага сабора Пятра i Паўла. Нешта гнюснае, кiношнае, фелiнеўскае было ў выхадзе маладых на цвiнтар, запоўнены мужчынамi ў цылiндрах i жанчынамi ў ядвабных сукенках. Маё ж сапраўднае джутавае ўбранне нiяк не стасавалася анi з вяселлем, анi з каралямi i карлiкамi. У дадатак на мне не было нi плавак, нi майткаў: хiповая мода 70-х. Я яшчэ пашкадую, што не апрануў плаўкi, але пазней.
У музеi я здолеў выцiснуць са скутага горла куртатае i заiкастае запрашэнне ў кавярню. Пашанцавала — Агi прыняла прапанову. Мы выйшлi на палацавы ганак Рускага музея i папалi ў залеву. Я не настолькi добра ведаў Ленiнград, каб адразу ж знайсцi кавярню. Мокрыя ўшчэнт, мы нарэшце апынулiся ў задушным, бiтма напакаваным бары.
Я ўжо ведаў: спадарожнiцу можна называць менавiта Агi, яна з Венгрыi, вывучае расейскую i ангельскую мовы ва унiверсiтэце, больш як месяц яна пражыла ў Ленiнградзе i праз тыдзень збiраецца вярнуцца дамоў.
Не так i мала за паўгадзiны размовы на каструбаватай расейскай мове, якую добра-такi прыпраўлялi беларускi i венгерскi акцэнты. Пра сябе я таксама тое-сёе выклаў. Толькi адразу скажу: я не з тых, хто любiць падмазваць аўтапартрэт ярчэйшымi фарбамi, мяне цалкам задавальняе сапраўднае аблiчча. Да прыкладу, я маладзейшы на два гады за Агi, ёй — 21, а мне — 19.
І што? Гэта ж не перашкодзiла ў бары замовiць пляшку сухога вiна i салату «Алiўе». Праўда, сiвая афiцыянтка насварылася на нас, але не з-за рознiцы ва ўзросце. Агi дастала грабеньчык i, паправiўшы сваю фрызуру, пачала расчэсваць мае доўгiя, па плечы, непаслухмяныя лахманы. За першым iнтымным заняткам i заспела нас сiвая Баба-Яга:
— Што вы мне тут свае вошы на стол вычэсваеце?!
Я злавiў Агiну руку з грабеньчыкам i моцна сцiснуў тонкае запясце. Не ведаю, што падумала венгерка, але нi яна, нi я Бабе-Язе не адказалi.
Агi дастала з валiзкi вялiкi пачак папяровых насовак, выцерла твар i адну насоўку прапанавала мне. Я таксама прамакнуў лоб i, склаўшы, схаваў паперчыну ў кiшэню. Агi здзiвiлася... Нашто хаваць у кiшэню выкарыстаную, мокрую i брудную насоўку? Негiгiенiчна! Я паклаў скамечаную папяровую хустачку ў попелку i не стаў удакладняць, цi трапляюцца на свеце такiя венгры, што носяць у кiшэнях свае соплi i пот. Ад задухi, ад вiна, ад блiзкай прысутнасцi вельмi жаданай дзяўчыны мяне забраў хмель, i замест весялосцi ды бадзёрасцi агарнула млявасць. Я ленаваўся нават варочаць языком. Мы выйшлi з бара ў чорны i люстранiсты пасля залевы горад. Агi спынiла таксоўку i пакiнула мяне, паабяцаўшы заўтра абавязкова прыйсцi а 12-й да Эрмiтажа i чакаць каля мармуровых атлантаў. А я павалокся на тралейбус, каб даехаць да кiнатэатра «Масква» i сказаць мапасанаўскай Пампушцы, што закахаўся з першага погляду ў венгерскую дзяўчыну Агi Ляхоцкi.
* * *
Дарагi таварыш Адам! Чаму Вы так доўга не паведамлялi пра сябе?
Добры дзень.
Гэта зноў я, венгерская дзяўчына, ты яшчэ павiнен мяне памятаць. Так? Ну, добра...
Маё жыццё робiцца з кожным днём усё больш складанае, як ты ведаеш, наблiжаецца сесiя з яе залiкамi ды iспытамi. Але шмат працы не толькi ў мяне, а i ў Дзеда Мароза. У Венгрыi яго называюць Мiкулаш. І прыходзiць ён 6 снежня з неверагоднай колькасцю падарункаў.
Праз дзве гадзiны я еду дадому, у Татахозу, каб даведацца, што Мiкулаш прынясе мне. Спадзяюся, ён будзе вельмi багаты i вельмi шчодры.
Сёння я атрымала твой лiст i парадавалася — ён прыйшоў не ў змрочны, а ў сонечны яркi дзень.
13 снежня ў мяне будзе першы iспыт, здавацьму гiсторыю фiласофii, дзякуй Богу, да Карла Маркса. Як табе падабаецца маё парадаксальнае спалучэнне?
У гэтай сесii толькi тры iспыты. Другi будзе па граматыцы расейскай мовы. Нарэшце разбяруся i выберуся з нетраў бясконцых правiлаў i выключэнняў. Трэцi — ангельская лiтаратура стагоддзя. Думаю, ты не пакрыўдзiшся, калi пачуеш, што расейская, як i ўся савецкая белетрыстыка, значна прайграе ангельскай i амерыканскай лiтаратуры. На iспытах, вядома, я пра такое адкрыццё забудуся сказаць. Венгерская дзяўчына мае права нешта не сказаць? Праўда, таварыш Адам?
Калi пашанцуе i не скажу тое, што думаю, дык 5 студзеня буду вольным чалавекам.
І яшчэ, зусiм забыла табе сказаць, што ў нас будзе вялiкае свята — Каляды, 24–25 снежня. У нас Каляды лiчацца большым святам за Новы год. На Каляды, як i на Вялiкдзень, збiраецца ўся сям’я, i кожны дорыць падарункi ўсiм астатнiм. Уявi сабе, колькi з’яўляецца розных падарункаў на святочным стале.
Мне хочацца напiсаць табе шмат усяго рознага, толькi няма часу. Я i рэчы не спакавала, i трэба збегаць у душ. Як толькi збiраюся некуды ехаць, дык у мяне пачынаюцца клопаты. Так што ў душ я павiнна патрапiць абавязкова.
Прабач, мой мiлы таварыш, я болей не пiшу. Жадаю табе весялосцi!
Да пабачэння!
Р. S. Засталося меней за дзевяць месяцаў да нашай сустрэчы! Дачакаемся?
Сегед. 1976. Снежань. 4.
Агi.
* * *
Уночы я амаль не спаў, ляжаў на рыпучым фатэлi i думаў пра Агi. Успароўся недзе а 6-й i пешкi прыйшоў да чорных атлантаў. Цяжка ўспамiнаць пра тыя чатыры гадзiны, што давялося перачакаць каля блiскучых, як бiтумная смала, асiлкаў. Я ж нават гаварыў з iмi, казаў, што гэта глупства — каханне з першага погляду, я ў любы момант магу ўзяць i сысцi. Адыходзiўся на сто крокаў i вяртаўся. Выслухоўваў кпiны чарнатварых, як шахцёры, атлантаў i зноўку адыходзiў на сто крокаў. Я быў упэўнены на сто працэнтаў, што Агi прыйдзе, што яна не забылася i не пераблытае месца i час, што Агi абавязана прыйсцi. А ў галаве тоўпiлiся дурныя пытаннi... А хто яна такая? I чаму яна павiнна прыходзiць на сустрэчу са мной? Цi мала хто каму што абацяе? Вось i я абяцаў Валодзю Бортнiку, што разам пойдзем у Эрмiтаж. І не пайшоў. Дарэчы, можна пайсцi ў Эрмiтаж, падняцца на трэцi паверх i паглядзець на «Трох жанчын» Пабла Пiкасо, на iхнiя драўляныя афрыканскiя цыцкi i похвы, на загарэлыя рукi i вострыя локцi. Можна ўважлiва паразглядаць ружованосых прасталытак, намаляваных жалезнай рукою Жоржа Руо. А можна апусцiцца на другi паверх у залу Рэмбранта ван Рэйна i пастаяць каля цялеснага цеста, з якога вялiкi галандзец вылепiў Данаю.
Можна... А мусiць, нельга было. Я нiкуды не iшоў. Чакаў! Я быў навязаны ланцугом кахання з першага погляду. Дачакаўся! І... Мiгдаловы горкi пах... Праўда, крышачку пазней я пачуў водар духоў, бо заўважыў — пад майкаю няма станiка. Вострыя грудзi ўздрыгвалi, клiкалi, вабiлi. Эрэкцыя не заўсёды дарэчы. Давялося прыкрывацца тэчкаю з аркушамi для накiдаў. Хоць у чымсьцi мастакоўскiя прылады ў той дзень па-сапраўднаму прыдалiся. Распусная гiпотэза яшчэ болей напоўнiла плоццю мае клятчастыя, гарчычнага колеру нагавiцы...
А што ў яе там, пад джутавай спаднiцаю? Калi няма станiка, дык i майткаў можа не быць... Майткi былi чырвоныя, карункавыя, паўпразрыстыя. Але пра iх я даведаўся не каля Эрмiтажа, а ў Пецяргофе. На ленiнградскiх вулiцах са сваёй, хай i прыхаванай эрэкцыяй я пачуваўся няўтульна, таму даводзiлася зварочваць у скверыкi i бязлюдныя завулкi. Самi таго не плануючы, мы апынулiся на ўзбярэжжы Нявы каля белага катэра, якi запрашальна пагойдваўся на брудных зеленкаватых хвалях. «Хто жадае здзейснiць падарожжа ў казачны горад Пецяргоф, ласкава запрашаем на наш катэр на падводных крылах!..» Нешта падобнае выкрыкваў праз серабрысты мегафон даўгалыгi хлапчына ў белай апагоненай кашулi i чорнай абкукарджанай фуражцы. Я хацеў, жадаў i прагнуў, але не ў горад-казку, не да палацаў i фантанаў; я думаў, як знайсцi зусiм цiхае i бязлюднае месца, дзе не будзе гнюсных, цiкаўных i прагных вачэй. Я быў упэўнены, што ў Пецяргофе болей дрэваў i кустоў, чым у Ленiнградзе. І мяне паклiкалi шаты, хмызы i кусты, да якiх нас павёз вуркатлiвы катэр на падводных крылах.
Я сцiскаў вузенькую прахалодную далонь Агi ў сваёй гарачай ад жадання руцэ. І раптам яе далонь вырвалася, так вырываецца з кацiных кiпцяў птушка — рэзка i ўгору. Агiна рука ўзляцела i затрапяталася ў пругкiм i сiнiм паветры. Як усё ж такi добра, калi жанчына даглядае сябе i пад мышкаю няма потнай барады. Агi вiтала сустрэчны катэр. Яе шчырасць i непасрэднасць змусiлi мяне засаромецца. З сустрэчнага катэра адказалi ўзмахам загарэлых рук два мужчыны ў чорных акулярах. Ёсць нешта садысцкае, калi мужчына чапляе на нос чорныя акуляры. Мне зрабiлася непрыемна ад рамантычных парываў, бо нiколi не разумеў i не прымаў шчырасць у такiх спантанных прывiтаннях. Зрабiлася прыкра.