Няма дрэва, каб пастукаць i не сурочыць. Смак сапраўды дзiўнаваты, салодкi... Шпурляю сурвэтку на зямлю, а мог i ў сметнiцу. Маленькае паскудства. А вось i вялiкае: жабрак сядзiць на прыступках падземнага перахода, грэецца на сонцы, падкасаў нагавiцы i нiбыта крычыць... «Глядзiце ўсе на мае распухлыя ногi ў гнiлых струпах! Я не магу хадзiць! Я — iнвалiд! Гной цячэ ў мае чаравiкi! Грошы давай, беларускiя, расейскiя, амерыканскiя — усе давай!»
А я наеўся чалавечыны! Блiскавiца працяла патылiцу. Дакладна. Паскудзiна з бруднымi лыткамi накармiла мяне вялым чалавечым кумпяком. У яе такiя востранькiя iклы i шырачэзны рот. Такая ўсё зможа. Разбярэ мужчыну, як кабана, i не скрывiцца. Трэба дэзiнфекцыю правесцi. Спiрт толькi лiтрамi, таму гарэлка, сто грамаў, больш чым дастаткова.
Вось i «Шынок у Лявона», тук-тук-тук... Квiток за сорак рублёў, i я ў прахалодных сутарэннях. Гарэлкi няма, ёсць каньяк. Даплачваю i праводжу санiтарную апрацоўку вантробаў. Хух, можна супакоiцца, пасядзець на лаўцы за аблiтым пiвам сталом i згадаць Галiну Гласаву. У апрацаванай спiрытусам свядомасцi ўзнiклi белыя i краплачныя нацюрморты нябожчыцы Гласавай. Як хутка мае настаўнiкi адышлi за чорную мяжу! Але п’янаму лягчэй i нават прыемна згадваць нябожчыкаў. Вось i Гласава з яе нацюрмортамi, якiя некалi даўно вiселi на сценах «Шынка ў Лявона» i радавалi нецвярозых мiнчукоў i гасцей сталiцы. Гладышы. Кветкi. Гронкi арабiны. Ручнiкi з узорамi, крыжамi i пеўнямi. Дзе яны? У цвiлых складах, за слiзкiмi скрынямi з-пад гнiлых памiдораў? Гэта ў горшым выпадку. А можа, нацюрморты Гласавай пасля спiсання ўпрыгожваюць сцiплы дамок на лецiшчы дырэктара «Шынка ў Лявона», якога, даю гарантыю, не завуць Лявонам, бо ў набрынялым расейшчынай Мiнску ён можа быць толькi Леанiдам. А хутчэй за ўсё, нацюрмортаў няма, яны аблушчылiся i абляцелi, як букеты ў цёплым пакоi. Яны толькi ў маёй маладосцi засталiся яркiя i лакiраваныя, свежыя i жывыя. У тых гадах, якiя вызначылiся словам «гiдлiвасць».
Ты сама прасiла расказаць, i споведзь будзе няпоўнай, калi не згадаць яшчэ два выпадкi, якiя я стамiўся насiць у сабе.
Мяне калоцiць, калi ўспомнiцца даглядчыца з дзiцячага садка. Як я ненавiдзеў яе! Даглядчыца цягала за сабою цэлыя аблокi смуроду: вострае тхненне хлоркi, лiпучы дух закарэлага посуду, саладжавая пякучасць распушчанай у вадзе гарчыцы... Пакамечаны халат, упрыгожаны бурачковымi плямiнамi ад вiнегрэту, сядзеў на ёй коса. Мусiць, гузiкi прышывалiся не на тое месца. А здаралася, што даглядчыца наогул не зашпiляла халат. Тады памiж заплямленых маннай кашаю фалдаў ружавела бруднаватая сарочка, пад якою цямнела ў мiжножжы валасяное пакрыццё. Каламутныя, зусiм без зрэнак, вочкi ўвесь час за кiмсьцi сачылi, некага падпiльноўвалi, яны ўвесь час круцiлiся, як маленькiя глобусы мёртвых планет, на шырокiм фактурным тварку, пабiтым струпкамi. Але самае агiднае было бачыць не зеленкаватыя галоўкi воспiнак, а вялiзны апёк на караткапальцай руцэ. Ад самай далонi i па локаць рука даглядчыцы нагадвала самаробную сялянскую каўбасу, нiбыта нехта сквапны напхаў у танюткую плеўку кiшкi аднаго сала.
— Хто не спiць? Павярнуцца ўсiм на правы бок! Адам Глобус i Васiль Шыш-Дударга зараз пойдуць стаяць у прыбiральнi!
I мы стаялi на скразняку ў дашчанай прыбiральнi, каля аднапавярховай раўбiцкай сярэдняй школкi. О, гэта ж тыя самыя Раўбiчы! Так, тыя самыя, куды наш садок вывозiлi на лета. І дзе за тое, што не спiш, мусiў стаяць басанож у прыбiральнi. Васiлю Шыш-Дударгу пашанцавала — ён падхапiў запаленне лёгкiх, i яго забралi бацькi. А я застаўся давiцца маннай кашай у Раўбiчах, застаўся, каб прачынацца ад слоў даглядчыцы.
— Хто не спiць?
Застаўся, каб хаваць за шчакою варанае сала, бо даглядчыца правярала талеркi.
— Хто не з’есць, не ўстане з-за стала!
I як жа карцела, хай толькi выйдзе ў другi пакой, ускочыць на стол з нагамi, i як потым не хацелася тлумачыць мацi, чаму ад мяне патыхае хлоркай i прыбiральняй.
— Хто не спiць?
Я не сплю. Я позна кладуся, я позна ўстаю, бо люблю начны Мiнск, пусты i чысты, вымыты i падмецены. Самае вялiкае смецце ў горадзе нясе з сабою пасажыраплынь у час пiк. А ўночы яны спяць, яны паслухмяныя, iх навучылi з’ядаць варанае сала, спаць на правым баку, паважаць выхавацеля, старшыну, старшыню, загадчыка, начальнiка i камандзiра. А мяне навучылi стаяць у прыбiральнi i не гiдзiцца, калi астатнiх ванiтуе. Мяне навучылi любiць ноч. А гаварыць тое, што думаю, я навучыўся сам, бо заўважыў — можна апавядаць пра самыя вясёлыя рэчы i выклiкаць сум, а можна гаварыць пра непатрэбшчыну i будзе цiкава слухаць.
Толькi цяпер гаворка пра iншае пачуццё.
Згадалася пра гiдкасць востра i нечакана, калi ўночы праходзiў паўз кафедральны касцёл, упрыгожаны бел-чырвона-белымi сцягамi ды харугвамi з Iсусам ды Божай Мацi. У гэтым будынку яшчэ школьнiкам я займаўся вольнай барацьбою. Заняткi праходзiлi на самым верхнiм, дабудаваным паверсе. У майго аднакласнiка, Барыса, падчас трэнiроўкi ад вялiкай напругi пачаў вылазiць з рота даўжэзны глiст. Спачатку паказаўся самы кончык. Мы абступiлi Барыса, бо не ўцямiлi, што з iм робiцца. Чаму гэта ён на карачках папоўз з барцоўскага кiлiма? Барыс рукамi выцягнуў белаватага чарвяка i шпурнуў на дашчаную падлогу, побач з сiнiм кiлiмам. Пасля з’яўлення глiста народу Барыс саромеўся хадзiць на вольную барацьбу i запiсаўся ў секцыю бокса. Баксёры трэнiравалiся ў тым жа будынку, толькi на першым паверсе.
Можа, таму з усiх чатырох мiнскiх касцёлаў ты незалюбiла менавiта кафедральны. У iм яшчэ доўга будзе смярдзець спартсменавым потам...
Ракаў. 7.VII.1992
Толькі не гавары маёй маме...
(раман пра здзiўленне)
А-а-а... Ну вядома, пра здзiўленне, пра сустрэчу з дзiвам, пра шырока разяўлены рот. Слухай.
Ну, што можа здзiвiць больш за супадзенне? Паводле розных тэорыяў верагоднасцi, такога быць не можа, таму што не можа быць. А яно ёсць! Яно, дзiва, iснуе.
Вось у самалёце Мiнск — Варшава нахiляюся да сцюардэсы — стрункай, насаценькай паветранай праваднiцы. Я гарнуся, каб прачытаць яе прозвiшча на цэтлiку, што целяпаецца, прышпiленым да форменнага штрыфля. А яна адхiляецца, сцюардэса не ведае пра мой кепскi зрок. У яе ўзнiклi iншыя думкi пра мой нахiл, але чужыя думкi я не збiраюся рассакрэчваць. Кожнаму сваё. А тутака раз, i дзiва сапраўднае: не кожнаму сваё прозвiшча, а адно на дваiх чужых людзей. Не верыш? Можаш у майго брата перапытаць, ён таксама бачыў на сцюардэсавай картцы роднае прозвiшча. Брат нават ёй сказаў, пра агульнае прозвiшча. Дзяўчына заружавела. Люблю, калi дзяўчаты чырванеюць. Ружовасць на шчоках вельмi эратычная праява, пячатка сексу i сораму, знак узбуджанасцi. Як i драпiны, пакiнутыя на дзявочых руках кацiнымi кiпцямi, я таксама залiчваю да любоўных адзнак. У сцюардэсы былi падрапаныя рукi, i мне зрабiлася сумна ад выгляду лiловых пiсягоў i ад успамiнаў.
Я згадаў сваю котку, тоўстую кацяру па мянушцы Плюс. Проста, калi яна куплялася за тры рублi на кiрмашы, дык была маленечкiм чорным кацянём з слаба вызначанымi палавымi прыкметамi. А калi кацянё падрасло, дык аформiлася коткаю, а вось мужчынская мянушка засталася. Якая ў рэшце рэшт рознiца? Для мяне як гаспадара анiякай прынцыповасцi няма, цi котка па кiлiмах ходзiць, цi кот. Гэта для жывёлы была прадвызначаная рознiца, i Плюс скокнула з гаўбца на сакавiцкi снег, яна паляцела з пятага паверха ў начную цямрэчу на поклiч ката-спакушальнiка. Плюс няўдала прызямлiлася i зламала заднюю лапу. Дзесяць дзён праляжала мая любая, злосная котачка на кiлiме ў перадпакоi i адышла. Толькi гладзiць сябе больш нiкому нiколi не дазваляла. Плюс зрабiлася аскеткаю, i ў значна большай ступенi, чым можна падумаць. Бо нашую Плюс мая цешча па жончыным даручэннi знасiла пад пахаю ў ветэрынарную лякарню. Там котка пакiнула свой нараджальны орган. Ветэрынар як бы ўзаконiў бясполавасць жывёлы. Плюс зрабiлася нiякага роду, i вясновае скавытанне спакушальнiкаў болей не кранала яе маленькую драпежную душу.
А вось паводзiны суседскай кудлатай коткi страшэнна раздражнялi Плюс. І бясполая iстота нападала на гаўбцы на чужынку, у неба ляцела поўсць. Чужынка ўцякала на свой гаўбец, дзерлася па сцяне i залягала на дзвюх вяровачках для сушкi бялiзны. Котка вiсела на вяровачках, пакуль на гаўбец не выходзiў гаспадар i не праганяў Плюс, якая сычэла на вуграватага хлопца, як атрутная змяя. Толькi вуграваты сусед не баяўся нi сычэння, нi ўзнятай дыбарам поўсцi. Ён спакойненька браў сваю котку на рукi i сыходзiў. Са мною сусед нiколi не вiтаўся. Чаму? Не ведаю. Праўда, i я з iм не вiтаўся, больш за тое, я рабiў выгляд, што нi яго, нi ягонае кудлатае коткi наогул не iснуе ў прыродзе, а таму i праблемаў нуль. Пра чортаў нуль я прыдумаў пазней, калi Плюс прапала. Я шукаў, шукаў, шукаў. Пад канапамi, за плiтою, за ваннаю, на шафах, на буфеце, на калiдоры, пад гаўбцом, у сутарэннях, у суседнiх дварах. Клiкаў: «Плюс, Плюс, Плюс... Котачка мая... Плюс, Плюс, Плюс...» Нуль. Усе мае, жончыны i даччыны пошукi, сплюсаваныя разам, далi нуль, пусты, як вечнасць. Плюс прапала назаўсёды. Я не буду нагаворваць на суседа i ягоную котку, што спакойненька гуляе па маiм гаўбцы. Я скажу толькi iншае: амаль паўгода на маiх руках няма лiловых пiсягоў ад кацiных кiпцяў, такiх жудасна жывапiсных драпiнак, якiя былi ў сцюардэсы з маiм родным прозвiшчам, што паслужлiва ўсмiхалася на борце самалёта Мiнск — Варшава.
У польскай сталiцы я заўсёды транзiтнiк, як на станцыях Баранавiчы, Орша i Дно. Таму нiчога дзiўнага ў Варшаве не бачыў, толькi чуў — прыемны жаночы голас у мужчынскай прыбiральнi. Я цiхенька выцiраў вымытыя рукi папяровым ручнiком, калi з-пад столi на маё прычасанае цемя палiўся лагодны галасочак з паведамленнямi, што трэба выбiрацца з прыбiральнi хутчэй, калi ёсць жаданне вылецець у Амстэрдам. Мiльганула думка: прапанаваць вакзальным i паветраным службам рабiць абвесткi мужчынскiм голасам, але я адкiнуў прапанову разам з пакамечаным папяровым ручнiком, бо мужчынскi голас у жаночым ватэрклазеце яшчэ большая недарэчнасць.
О, гэтая прырода, з яе падзелам полаў! О, гэтае паўсюднае штоiмгненнае раздзяленне на чорнае i белае, на «iнь» ды «ян». О, гэты фундаментальны выраз: «Пол — гэта лёс!» А я прыхiльнiк шарага колеру, i мой час памiж папярэднiм i наступным, памiж днём i ноччу — час шарай гадзiны, час спакою i цiшынi, час сталёвых штандараў i цiхiх размоў. Але жыццё не складзеш з ланцуга сутонлiвых нiрванных iмгненняў. На жаль.
Намеры паспаць у самалёце Варшава — Амстэрдам скончылiся знаёмствам з суседам, якi таксама спрабаваў заснуць i не мог. Гэта быў ветлiвы амстэрдамец польскага паходжання з беларускiм прозвiшчам Сакалоўскi. Ён служыў кансультантам пры мiнiстры ўнутраных спраў Польшчы i дапамагаў у стварэннi на берагах Вiслы паўнавартаснай, узброенай кампутарамi i пiсталетамi сацыяльнай палiцыi. Ва ўнутраных дзяржаўных справах я зусiм недасведчаны прафан. Таму гутарка перавялася на пабытовы ўзровень. Што колькi каштуе ў слынным Амстэрдаме. Кошты вялiкiя. Нiдэрландскi гульдэн роўны з нямецкаю маркаю. Знаёмствы з кансультантамi бясспрэчна каштоўныя. Развiталiся мы цёпла, сардэчна, iнтэлiгентна. Але памылка была зробленая: я не спытаў пра выхад з аэрапорта.
Амстэрдамскi аэравакзал досыць вялiкi, ну i кра мы прывабныя, люстраныя, танныя. Каб выйсцi з аэрапорта, давялося спусцiцца на эскалатары ў пусты, цалкам бязлюдны хол. Нi душы. Нi чэргаў, нi мытнiкаў, нi тых, хто чакае, нi тых, хто сустракае. Нiкога. Пустэльна. Сцюдзёны бляск турнiкетаў. Гэта насцярожыла i збiла з тропу. Я з братам зрабiў яшчэ адно кола гонару па аэравакзале, каб потым вярнуцца ў той самы бязлюдны хол i падысцi да турнiкетаў. Умомант з бакавых дзвярэй выскачыў гнуткi шакаладны мурын, каб ружовымi падушачкамi доўгiх пальцаў выхапiць мой пашпарт i, зiрнуўшы ў вочы фотакарткi, праштэмпеляваць вiзу краiн БеНiЛюкс. Тое самае адбылося з братавым дакументам, i праз iмгненне мае лёгкiя прагна ўцягвалi начное вiльготнае паветра Нiдэрландаў.
У гатэль мяне везла, канешне, таксоўка. Можна было на аўтобусе цi электрычцы, што танней. Але калi ты ў Амстэрдаме i для цябе замоўлены нумар у пяцiзоркавым гатэлi «Краснапольскi», дык мусiш ехаць на таксi, бо швейцар цябе не зразумее, хоць i ўмее вiтацца на ўсiх больш-менш вядомых у свеце мовах. Дарэчы, калi хочаш ведаць, таксоўкi лётаюць у Амстэрдаме з хуткасцю сто дваццаць кiламетраў у гадзiну. Так што начным незнаёмым горадам я любаваўся праз таксовачнае шкло зусiм нядоўга.
Мне больш спадабалася любавацца пляцам Дам праз акно гатэльнага нумара тры тысячы трыццаць тры. Акно выходзiла на каралеўскi палац, той самы велiчны палац, у якiм павiнна жыць каралева Нiдэрландаў. Толькi Яе Вялiкасцi там не было. І нiводнага разу мне не давялося пабачыць, каб туды заходзiла каранаваная асоба. Зрэшты, на маiх вачах у шыкоўны, з рабрыстым купалам i стрункiмi пiлястрамi, еўрапейскi палац нiхто не заходзiў. А з надыходам паўночнай золкай цемры на ўсiм шматаконным фасадзе загаралася толькi адно акенца, нехта, пэўна тоўсты ахоўнiк, глядзеў тэлевiзар.
Мне ж глядзець, хай сабе i трыццаць тэлепраграм, зусiм не захацелася. Якi, ё-маё, тэлевiзар, калi ты самым натуральным чынам у Амстэрдаме? I можна спакойненька выйсцi на пляц Дам, што азначае не асоб жаночага лёсу, а дамбы, канструкцыi для затрымкi вады, дзеля засцярогi мясцовасцi ад затаплення. А выйшаўшы, можна тут жа пачуць: «Кока, кока, гашыш?!» Амстэрдам — горад вольных, свабодных i не славянскiх нораваў. Хочаш какаiн? Купляй, нюхай, кайфуй... Не жадаеш какаiну? Набывай гашыш, купляй анашу, ужывай алкаголь... Можаш з рук у мурына, на пляцы Дам, не адыходзячы ад гатэля «Краснапольскi», прыдбаць любы (без нацiску) кайф. А калi ты, як я, гiдзiшся вулiчных гандляроў наркотыкамi, дык можаш з пляца Дам павярнуць на вулiцу Дамрак i рушыць у бок чыгуначнага вакзала. Дамрак будзе зiхцець i пералiваць вiтрынны бляск, а ты будзеш спакойна i самаўпэўнена iсцi i думаць: вось iду па Амстэрдаме, проста, бязмэтна. Дзеля ўласнага лёгкага задавальнення шпацырую сабе па вулiцы Дамрак. І ўсiм прадаўцам кайфу зноў i зноў кажу: «Ноў i ноў». Мне i так выдатна.