— У Мiнску.
Бойкi не адбылося, бiць аднаго вясковыя бэйбусы не захацелi. Яны запрасiлi мяне выпiць. І я ўлiў, увагнаў у сябе тры стограмовiкi сiвой самагонкi. Закусвалi салам, шырокiм, на чатыры пальцы, i цыбуляю, якую тыцкалi ў насыпаную на газецiне соль.
Як мне ранiцай было кепска! Жах! I яшчэ сонца. Бязлiтасная гарачыня. І конь, якi не iшоў, а валокся. Мёртвы ад п’янства Кiм Тодаравiч ляжаў у саломе на возе. А мы з фурманом iшлi побач. Я малiў Бога, каб фурман перастаў гаварыць, i без ягонай балбатнi галава пухла. На станцыi я збегаў па квiткi, i мы разам з фурманом завалаклi раскiслае цела выкладчыка ў вагон.
— Да Маладзечна працверазее! — абнадзеiў мяне фурман на развiтанне, i дарма.
Не ачомаўся камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi да Маладзечна, дзе давялося ляснуць яго па шчацэ, каб хоць з вагона выпаўз. Дзе там! Вывалак я яго на перон i паставiў каля плота. А сам пабег па квiткi. Прыбягаю назад, а ён ляжыць на зямлi, скруцiўся, як кот, у клубок, спiць, а над iм два мiлiцыянты спрачаюцца, каму з iх весцi п’янага ў выцвярэзнiк. Яны, мусiць, крышачку ўзрадавалiся, калi я падышоў i пачаў прасiць не чапаць майго выкладчыка. Каму ахвота з п’яным валэндацца.
— Каб праз хвiлiну вас тут не было!
Мiлiцыянты сышлi, а я пад пiльнымi позiркамi пасажыраў павалок утрупянелага настаўнiка ў электрычку. На дашчанай лаўцы я ўздыхнуў з палёгкаю. Людзей было мала, i Кiм Тодаравiч мог цiхамiрна храпцi, адзiн на цэлыя тры месцы. Толькi чым блiжэй да Мiнска, тым пасажыраў больш, ты ж ведаеш. І вось у Заслаўi Кiм Жэрдка ўжо спаў седзячы, прыцiснуты маiм плечуком да сцяны, каб не павалiўся на кабет, што злосна касавурылiся на нас. А ў Зялёным адбылося «ўваскрашэнне з мёртвых». Імгненнае цудадзейства. Кiм лыпнуў вачыма, здрыгануўся i ажыў. Лепш бы ён спаў, лепш бы ён нарабiў сабе ў порткi, чым пачаў заляцацца да румяных таўстух, што кпiлi з яго i мяне.
— А праўда, вы мастак? Гы-гы!
Жывёлiны. Раскормленыя, непадмытыя скацiны. Я не буду казаць, чым патыхала ад Кiма Тодаравiча, але ад iстотаў у спаднiцах цягнула ржавым селядцом. Калi б Кiм Жэрдка курыў, я б выйшаў з iм у тамбур. Але ён не курыў. «Лепш выпiць сто грамаў, чым каўтаць дым». Сентэнцыя, пастулат, якога, дарэчы, прытрымлiваўся яшчэ адзiн выкладчык з нашай мастацкай вучэльнi, Уладзiмiр Бароўка.
І што? Згарэў! Самым натуральным чынам згарэў у майстэрнi. Адчышчаў ацэтонам уфэнданую ў алейную фарбу калашыну. А быў ужо вечар, i прапала электрычнасць, i Бароўка пасвяцiў сабе запалкаю. Цi адчысцiлася калашына? Паходня! Крык! Не паспелi ўратаваць. Судмедэкспертыза пацвердзiла развагi плеткароў. Бароўка быў нецвярозы. Вось табе i лепей сто грамаў.
Лепш бы яны курылi, тады б я прапанаваў Кiму Тодаравiчу цыгарэту. Натуральна выглядала б. Толькi i я тады не курыў, я чырванеў ад брыдкасцi гэтых бесперспектыўных заляцанняў аж да Мiнск-Пасажырскага. З вакзала мы пайшлi ў гастраном i набылi дзве пляшкi «Вермуту». Не змог я нiчога зрабiць. Калi такiм вермутам аблiць нагавiцы, дык нiякi ацэтон не возьме. З чаго яго рабiлi? З нафты? А чаму не. Штучную чорную iкру рабiлi з нафты. І елi людзi, i я еў... Пластмасай крыху аддае, але, калi пасыпаць буйной соллю, можна i заглынуць, як той вермут. Заплюшчваеш вочы i, не адрываючыся, улiваеш у сябе бутэльку цалкам. Не дай Бог спынiшся, другi раз не зможаш да рота данесцi — фантан пусцiш, выверне. Так i вывернула Кiма Тодаравiча Жэрдку. Ну i бываюць жа прозвiшчы! Жэрдка! Ну, якое ён мае дачыненне да жэрдкi? У iм жа росту ўсяго якiх паўтара метра з хвосцiкам.
Не пайшло! Кiм выцер насоўкай рот i з сумам паглядзеў на цёмную лужыну, якую ўсмоктваў пясок прывакзальнага двара. А ў мяне зайшло. І толькi час ад часу спрабавала выйсцi, пакуль, спатыкаючыся, мы брылi да дома Кiма Тодаравiча.
— Якая ў мяне жонка? Камень, не чалавек. Мы аднойчы кiламетраў трыццаць прайшлi. Яна калi разулася, дык у чаравiках поўна крывi было, i не паскардзiлася нават.
Жонка Кiма Жэрдкi — шэрая сухая жанчына з пляскатым выцвiлым тварыкам адчынiла кватэру.
— Ізноў!
На яе канстатацыю факта я замест прывiтальных сказануў развiтальныя словы.
А вось дамоў я пайсцi не змог. Куды ў такiм выглядзе пойдзеш? Мацi шкада! Месяц дома не быў, а тут з’явiўся i ледзь стаiш. І смурод з рота верне.
— Якi ты зялёны! — у iнтэрнацкiм пакоi мяне сустрэў Паненка.
— Я тут пасплю.
— Спi, вунь ложак Карповiча вольны.
А пасярод ночы я прахапiўся. Са сцяны на мяне сыпалася шкло ад пабiтых шклянак i пляшак. Ігар Дручко гуляў. Ён вучыўся на афармiцельскiм аддзяленнi, iм ужо выставiлi адзнакi за практыку, таму Дручко з чыстым сумленнем мог пусцiцца ў загул. Ён i пусцiўся: набраў пiва, гарэлкi i шампанскага, напаiў Генадзя Чэха, Валодзю Паненку i напiўся сам. Мяне не дабудзiлiся. Як пiць-гуляць, дык не змаглi раскатурхаць, а як бутэлькi аб сцяну лупiць — Адам, уставай. Дручко — барадаты дзяцюк, быў старэйшы за мяне гадоў на дзесяць, i ягоная творчая бiяграфiя складалася не толькi з чаканак i малюнкаў. У школе гэты бык займаўся боксам i нават заняў другое месца ў Гомельскай вобласцi. Колькi ж трэба натаўчы ў чалавечы нос?! А пасля кiнуў бокс, пачаў чаканкi дзяўбцi, паступiў у маскоўскую мастацкую вучэльню, але там чамусьцi ўспомнiў папярэдняе захапленне i раскрышыў выкладчыцкую пашчэнку. Пасля турмы Дручко не змог аднавiцца ў Маскве, а ў Мiнску яго пашкадавалi. Калi папраўдзе, чалавек ён добры, але як залье за каўнер — магiла, чорныя вочы. Дручко станавiўся на галаву, каб злосцi набрацца, а потым крышыў усё, да чаго дацягвалiся яго кулакi.
З засыпанага шклом ложка я ўскочыў, але сварыцца не стаў. Хай лепш бутэлькi разбiваюцца аб сцены, чым аб маю хворую галаву. Паненка неяк угаварыў Дручко легчы спаць, у яго быў талент угаворваць, асаблiва дзяўчат. А мне з Чэхам давялося прыбiраць пакой. Чэх не захацеў класцiся, i мы па пустым праспекце пашыбавалi ў мастацкую вучэльню.
Вахцёрка ўставiла пратэз верхнiх зубоў i, не адчыняючы дзвярэй, прашамкала нам нецэнзурнасцi ў зашклёныя твары. На праспекце запрашальна разявiлiся дзверы цырульнi. Чэх прапанаваў, а я хiтнуў нячэсанай тры днi галавою.
— Маладыя людзi, i цi можна так не глядзець на сваю галаву.
Чэх не расчэсваў i не мыў доўгiя, у сасулькi, валасы, мусiць, месяц. З iм такое здаралася. Бзiк? А можа, сiлу волi i моц духу выпрабоўваў? Ён быў чалавек замкнёны ў сабе. Яго справа. А вось гiпсавая пасмяротная маска Пушкiна i гiпсавая прыжыццёвая маска Генадзя Чэха, што вiселi каля ягонага ложка, мяне раздражнялi, бо на абодвух тварах чырвонай фарбаю былi намаляваныя прышчы. Брыдота несусветная, асаблiва гiдка было глядзець на прышчаватага Пушкiна.
Псаваць гiпсы ў мастацкай вучэльнi было справай гонару. Колькi iх, мёртвых галоў, стаяла на палiцах у кладоўцы, якую ахоўваў адстаўны вайсковец у мышыным халаце — Тырдан. Прозвiшча такое. Ён выдаваў iх пад роспiс старасты групы. І бедныя старасты расплачвалiся з Тырданам за адбiтыя насы i вушы, за размаляваныя вочы i вусны. Венеры, Сакраты, Давiды, Вальтэры, Гатамелаты, гудонаўскiя торсы без скуры, галовы лупавокiх коней... Гiпс — сiмвал мастацкай вучэльнi. Мёртвы акадэмiчны матэрыял! Ад яго зыходзiць эфiрны халадок смерцi. Што можа быць больш антыэстэтычнае за гiпсавую галоўку Неферцiцi? Хiба што толькi маска Апалона.
А былi ж, былi аматары маляваць гiпс. Не, не шары i пiрамiды з торамi, а менавiта галовы i торсы. Іх натхняў мастак-спартсмен Луцэўскi, загарэлы, караткастрыжаны, жорсткi. Ён патрабаваў на праглядзе ставiць двойкi ўсiм, хто не любiў маляваць гiпсы, а потым ехаў на ровары займацца каратэ, прынцыповы чалавек. Толькi ў нашай групе ён не выкладаў, i мы не любiлi гiпсавага раба Мiкеланджэла. У знак пратэсту я чырвонай фарбаю пакрыў рабскi чэлес i машонку. Луцэўскi вiшчаў.
— Знайсцi i выгнаць, выключыць без права аднаўлення!
Як жа, знойдзеш... А каб хацелi, маглi б i знайсцi. Малюю блакiтныя вочы гiпсавым галовам, i гiпс — жывы. Быў жа такi вершык, змешчаны на старонках «Маладосцi» пад маiм набычаным фотаздымкам. У маладосцi я чамусьцi, калi хацеў зрабiць сур’ёзны выгляд, набычваўся, як набычваўся i ў цырульнях.
З-пад iлба я глядзеў, як абстрыглi маю i Чэхаву галовы «пад нуль». Пагладжваючы i пачэсваючы нязвыкла круглыя галовы, мы вярнулiся ў вучэльню.