«Хто забiў майго хлопчыка?» I нiхто не адказваў. Маўчалi. Спачувалi. Страшна. А ён усё хадзiў i хадзiў каля веснiчак.
Тых веснiчак, якiя я не любiў, бо праз iх iшоў у садок, а з садка выходзiў праз iншыя. Бег да мацi ў бiблiятэку, што мясцiлася ў чатырохпавярховым шарым iнтэрнаце, якi належаў будаўнiчаму трэсту. У бiблiятэцы цiшыня, пыл, кветкi на шырокiх падваконнях. Прасiў маму не выкiдаць чырвоныя пялёсткi амарылiсу, збiраў, засушваў, любаваўся. Каля гаршчочкаў з кветкамi лепш за ўсё вучыцца любiць кнiгi. Але жыў у пустой бiблiятэцы i свой страх. Незлiчоная колькасць стэлажоў. Шчылiны мiж палiцамi, за якiмi зноў стэлажы i шчылiны, шчылiны i стэлажы.
Мацi часам сыходзiла i зачыняла цябе аднаго. Даводзiлася стойвацца ў кутку i пазiраць на варожыя ў сваiм сухiм, шорсткiм, прапыленым пакоi палiцы i шафы. Углядацца ў цёмныя прагалы над кнiжнымi карэньчыкамi, з якiх вось-вось павiнна было нешта з’явiцца, вырасцi, запоўнiць прастору, абгарнуць, задушыць... І як рэзка, варожа, жорстка гучаў стукат у дзверы. Нецярплiвы чытач тузаў дзвярную ручку i барабанiў косткамi сагнутых пальцаў у фарбаванае дрэва. Ён нахабна зазiраў у шчылiну, праз якую паштарка штодня закiдала ў бiблiятэку часопiсы i газеты. Вочы знаходзiлi цябе, а ты сцiскаўся, змяншаўся, залазiў пад стол, намагаўся не варушыцца i не дыхаць. Сачыў з-пад стала за паштовай, абабiтай блiскучым металам, шчылiнаю, у якую засоўваўся вялiкi глянцавiты чорна-зялёны лiст калiдорнага фiкуса. Лiст варушыўся, тузаўся, лапатаў, нiбыта язык у роце нямога. А настойлiвы чытач нешта неразборлiвае гаварыў, мармытаў, насвiстваў там — за дзвярыма. А тут важкi лiст ляцеў на пурпуровы ходнiк, што рассякаў чытальную залю напалам. Вечка паштовае шчылiны зачынялася. Чытач прападаў. І калi страх пацiху пачынаў адпускаць, ты вылазiў з-за стала, застаўленага скрынкамi з фармулярамi, i бачыў у акне галаву з расплясканым аб шкло белым мясiстым носам, бачыў руку, што пачынала дзынкаць у шыбу. Ты стойваўся пад сталом i ўжо не вылазiў адтуль да прыходу мацi.
Яна распакоўвала сумку, прынесеную з прадуктовае крамы, i мiж iншым пыталася: «Як ты тут адзiн?» А ты не згадваў пра чытача, якi так упарта шчамiўся, лез, iмкнуўся ў бiблiятэку. Ты пазнаў яго ў акне, але тады было ўжо сорамна за свае хованкi. Ты ж нават ведаў, дзе жыве гэты тоўсты, нязграбны ў сваёй паўнаце, бяскрыўдны дзяцюк, якi глытаў адзiн за адным французскiя класiчныя раманы. Ён любiў зборы твораў... Бальзак, Заля, Мапасан, Флабэр, Гюго... Якiх ты так i не палюбiш. Спешка. Мiтусня. Твае жанры — навела, апавяданне, мiнiяцюра... А ў яго — раман. Ён сапраўдны стопрацэнтовы бiблiятэчны чытач. А прозвiшча ён насiў — Сiмаковiч. Яму дазвалялася браць па пяць-шэсць тамоў, а iншыя выносiлi з бiблiятэкi не больш як тры кнiжкi. А ты быў неабмежаваны, ведаў самыя патаемныя мясцiны, самыя запаветныя стэлажы i шафы, мог даставаць i гартаць найкаштоўнейшыя выданнi мiнулых стагоддзяў, якiя ахвяравалi расейскiя бiблiятэкi будаўнiкам разбуранага сусветнаю вайною Мiнска. Ты мог перабiраць кнiжкi, якiя чытачы прынеслi на змену згубленых. Нават тумбачка з забароненай уладамi лiтаратураю адчынялася для цябе. Што казаць пра розныя там белетрыстычныя i модныя аповесцi. Бiблiятэка цалкам належала толькi табе. Усе астатнiя — супрацоўнiкi i наведнiкi, вартаўнiкi i госцi, а гаспадаром быў ты. І меў магчымасць, уладу, права не адчыняць нават бяскрыўднаму аматару класiчных раманаў, якi насiў такое папярова-шапаткое прозвiшча — Сiмаковiч.
У бiблiятэцы нiколi не адчуваеш сябе самотным. Там перажываннi iншага кшталту. Жаданне навучыцца чытаць дзве кнiжкi адначасова. І колькi гадзiн марнавалася на гэтую навуку! Але якое потым салодкае паветра, калi выйдзеш з бiблiятэкi на вулiцу! I нават дзiцячы садок, i нават будынак школы не выклiкаюць адразу непрыемных успамiнаў, не абуджаюць страху... Але ты спяшаешся, ледзь не бяжыш уздоўж цэментавага паркана, за якiм чарнее апусцелы зiмовы сад. Школьныя яблынi, якiя палiваў i ты, i твой малодшы брат. Ён не любiў школу. У яго былi вечныя канфлiкты з настаўнiкамi i вучнямi. Аднаго разу яго пабiў старшакласнiк. І брат, седзячы на кухнi, сказаў, што ў школу больш не пойдзе. І ты можа з гадзiну выпытваў у яго прычыну. А потым прапанаваў паслугi сваiх кулакоў. Брат дакляраваў, што ведае дом, дзе жыве крыўдзiцель.
Назаўтра ранiцай вы ўсталi яшчэ зацемна i прыйшлi да таго панельнага пяцiпавярховiка, дзе жыў старшакласнiк, якi разбiў i скрывiў нос твайму роднаму брату.
На вулiцы — мароз, снег, люты, вы чакалi ў пад’ездзе, каля гарачай батарэi. Ты сказаў брату, што, як толькi з’явiцца вораг, абавязкова трэба крыкнуць, той або не той. Паўз вас выходзiлi на мароз нявыспаныя i таму злыя людзi. А вы кожны раз, як толькi ляпалi дзверы, напружвалiся, збiралiся, спынялi дыханне. Нарэшце на сходах з’явiўся школьнiк з партфелем пад пахаю. Брат выкрыкнуў чамусьцi тваё iмя. Пераскокваючы праз дзве прыступкi, ты кiнуўся на хлопца з партфелем. Ударыў у нос. А калi ён пачаў падаць, схапiў за куртку i прыцiснуў да паштовых скрынак. Бiў трапна, моцна, жорстка. Пакуль не ўчуў братаў крык, з якога праступiла — не той. Тады выцягнуў хлопца на двор, на мароз, на снег...
Кроў падала з носа на сумёт, а ты хапаў чырвоны снег i прыкладаў да разбiтага твару — хацеў зрабiць, як было, сабраць, зляпiць, аднавiць... Цябе апанаваў страх. Школьнiк паслухмяна стаяў, схiлiўшыся над акрываўленым сумётам. Ты павярнуў ягоны твар да сябе i сказаў, гледзячы ў спужаныя шырокiя вочы: «Прабач, паблыталi».
Ты з братам пайшоў, а хлопец застаўся. У настаўнiкаў ты дазнаўся, у якiм кабiнеце знаходзiцца клас, дзе вучыцца сапраўдны крыўдзiцель. Настаўнiк фiзкультуры з непрытоенай садысцкай радасцю дазволiў табе вывесцi з залi дзябёлага хлопца, якi насiў траскучае, як пусты арэх, прозвiшча Шкробат. «Будзеце бiць?» — спытаў ён у школьным аснежаным садзе. А ты сказаў, што першы раз абыдзецца без бiцця. Цябе ўсё яшчэ калацiла ад выгляду акрываўленага сумёту. Шкробат паабяцаў, што больш не чэпiць брата i больш за тое — будзе яго баранiць. Ты прайшоў тады пад яблынямi, такiмi ж крохкiмi, голымi, чорнымi, як i цяпер, калi спяшаешся на работу. Ты бяжыш праз дзiцячыя i юнацкiя страхi, яны падпiльноўваюць за кожным рогам, на кожным скрыжаваннi... Ты так хацеў бы збавiцца ад iх, уцячы, забыцца... Але цi магчыма ўцячы? Навокал бясконцыя люстраныя лабiрынты дзiцячых страхаў, у якiх губляецца нават уласнае «я».
Мiнск. 19.II.992
Млосці
(аповесць пра гiдкасцi)
Гiдка. Ну, калi хочаш, тады раскажу, як пачуццё гiдлiвасцi перапаўняла мяне...
На летняй практыцы пасля другога курса. Мы жылi ў вёсцы Латыголь. Елi ў школьнай сталоўцы, а ўвечары куплялi малако. Выдатная вячэра — малако з лустаю хлеба. Дзяўчаты з нашае групы таксама прыносiлi сабе слоiкi з малаком. Выйшаўшы на ганак, я ўбачыў, як з прыступак у траву скокнула жабка. І з’явiлася думка: укiнуць жабку ў слоiк з малаком. Так i зрабiў, укiнуў жабку ў поўны трохлiтровы слоiк i ўжо закрываў яго капронавай накрыўкай, як убачыў на паверхнi лупавокi тварык. Я вылавiў жабку, прывязаў ёй нiткай да нагi каменьчык, каб гадаўка не ўсплывала, i апусцiў у малако. І ў думках не было, што яна захлынецца, выпрастае свае тонкiя лапкi. Заставалася чакаць. Першай вярнулася з вулiцы Галя. Налiла малака поўную шклянку i спакойна выпiла. Другая — Жанна — паспела выпiць толькi паўшклянкi, бо, калi Галя налiвала сабе чарговую порцыю, у малацэ паказалася здохлая жабка. Жанна папярхнулася, малако палiлося праз нос. Асабiста ў мяне жабка ў малацэ, нават нежывая, не выклiкае агiды. Мусiць, таму я адзiн мог пiць з таго слоiка.
На той самай практыцы было яшчэ адно здарэнне, якое выклiкала амаль ва ўсiх пачуццё гiдкасцi. А галоўным персанажам выступiў маленькi кудлаценькi сабака. Я так i не ведаю, цi меў ён якога гаспадара. Мусiць, меў, бо ў вёсках меней валачашчых сабак, чым у мястэчках i гарадах. Гэта на гарадскiх i местачковых сметнiках сабачая гайня — зусiм не дзiва.
Але што я ўсё пра сабачае, калi паабяцаў пра млосцi...
Сабака колеру вiльготнага пяску пачаў штовечар прыходзiць пад школьны ганак i выпрошваць чаго паесцi. Дзяўчаты кiдалi яму скарынкi. Ён чвякаў, ускiдваў галаву, каўтаў хлеб, а потым пачынаў зноў вiляць закручаным у абаранак хвастом. Вострая лiсiная пыска зiркала чорна-фiялетавымi вочкамi лiслiва i хiтра. Сабачка меў i сапраўды нейкую кемлiвасць, бо праз колькi дзён ён ужо сам ведаў расклад нашага практыканцкага жыцця i як з-пад зямлi вырастаў перад намi, калi мы выходзiлi са сталоўкi. Хутка прайшла першая радасць, як i цiкаўнасць да закiдання ў ружовую iкластую пашчу кавалкаў хлеба. Кармiць сабаку зрабiлася абавязкам. Кiнулi каля ганка што-небудзь i пайшлi. Спраў хапала. Усiм трэба было тэрмiнова скончыць партрэт цёмнай, як зямля, бабулi. Партрэты малявалiся ў старой на панадворку, метраў трыста ад школы. Мы цiхамiрна пэцкалi палотны, калi пачулi голас Алеся Агафончыка. Ён бег ад школы i нешта крычаў, слоў не разабраць, але па ўзмахах рук мы зразумелi, што трэба дапамагаць. Хто кiнуў пэндзаль на палiтру, а хто i з пэндзлем у руцэ, пабеглi насустрач. Задыханы Алесь пачаў, збiваючыся, тлумачыць: нейкi гад укiнуў сабачку ў прыбiральню, сабака яшчэ плавае, але вось-вось захлынецца i загiне. Дзяўчаты адмовiлiся ратаваць улюбёнца, хлопцы таксама не выказалi вялiкага жадання дапамагаць Алесю.
У бок школы пайшлi мы ўтрох: Алесь Агафончык, Алесь Ласевiч i я.
— Я б яго выцягнуў, але ён баiцца — уцякае. Я руку ў дзiрку апушчу, а ён у другi канец ямы плыве, — расказваў па дарозе Агафончык, i ягоныя вочы плавалi за тоўстымi павелiчальнымi шкельцамi акуляраў.
У Агафончыка была пiянерская звычка глядзець субяседнiку ў вочы, таму ён iшоў на паўкроку паперадзе, не раўнуючы, як той сабака...
— Ну i смурод! — Алесь Ласевiч спынiўся метраў за дваццаць ад пабеленага будана прыбiральнi. І сапраўды, цяжкi дух хвалямi разыходзiўся ад доўгай шара-срабрыстай прыбiральнi, на сцяне якой чарнелi два вялiзныя павукi лiтараў «М» ды «Ж».
— Ён там яшчэ плавае... — Агафончык першы зайшоў у смуродлiвую хвалю. Па звычцы мы памкнулiся ў мужчынскае аддзяленне. Чатыры цёмныя адтулiны заваражылi мяне. Агафончык апусцiўся над адной i прыняў такую позу, нiбыта ў спартыўнай зале збiраўся адцiскацца ад падлогi. Агафончык — чалавек спартыўны, i ўсе практыкаваннi рабiў нiбыта дзеля ўзору, дзеля прыкладу — рабi, як я. Пераадольваючы млосць, я зазiрнуў у адтулiну. Па-над алейнымi пералiвамi густой жыжкi ўзвышалася адно сабачая галава.
— Не дастанем адсюль, трэба ў жаночае аддзяленне iсцi.
На слушную прапанову Ласевiча заструменiўся гук падзення сiкуноў.
— Хто гэта там? — Агафончык ускочыў i ўтаропiўся на дашчаную перагародку, што сiмвалiзавала наяўнасць процiлеглых полаў.
— Я!
Мы ўтрох паглядзелi на дошкi, з-за якiх прыляцела такое самаўпэўненае, ну проста экзiстэнцыяльнае «я».
— Што за я? Хто там?
Вялiкiя вочы Алеся Ласевiча выказвалi непаразуменне.
— Я — Ларыса Данiлькевiч! А ты, Лось, калi прыйшоў у прыбiральню, дык рабi сваю справу цiха i не перашкаджай iншым. — Тыраду суправаджаў шорах апранахаў. — Дурань!
Агафончык, Ласевiч i я выскачылi на двор. З жаночага аддзялення выплыла чырвоная Ларыса, дзябёлая дзявуля.