Я авалодваю доляй, доўжуся ў заваёвах, аднак мае новыя дні як найвялікшую мэту мне адкрываюць, што ўжо мінула, i як найвялікшую ўзнагароду мне абяцаюць тое, што я ўжо меў.
Згусціліся прыцемкі — i ў паветры замільгацела істота, якая не ўмее лётаць,— кажан.
Здаецца, ён заблудзіўся i выпаў сюды з прадаўняй, ужо не існай, прасторы i зараз зачэпіцца за правады, нацягнутыя на слупах, наштурхнецца на шчыт будынка альбо, не ўтрымаўшыся на вышьш, упадзе...
Аднак жа так не здараецца: быццам зводдаль намацваючы прадметы, упісаныя ў наваколле, ён своечасова ўхіляецца ад перашкод.
Ён рухаецца штуршкамі, i скураныя крылы — пругкія плоскасці, на якія абапіраецца рух.
Як драпае цвік па шкліне, ён выпраменьвае востры пранозлівы гук, і людзі, каб гэтага гуку не чуць, зачыняюць вокны i дзверы, а той-сёй, дасціпнейшы, на падворку разгортвае белую латку тканіны, каб кажана злавіць.
Нічога не скажаш: няўклюдны, няроўны, прышыты да спратаўзямлі, недалёк! палёт кажановы валодае нейкай сваёй адвагай, нейкім сваім натхненнем,
але натхненнем гэтым кіруе змрок.
Крыжы мураванай, завешанай цяжкім замком, бажніцы, хаціны, утуленыя ў даўніну, пагорак, дзе нешта раней было, а цяпер зарасло дзірваном i рассыпалася на каменне:
дзень на радзіме ў сябра, які не вярнуўся аднойчы н i к у д ы, але які перад гэтым мяне сюды запрасіў.
Усё на радзіме ў сябра без сябра страта, i калі на схіле пахмурага дня я збяруся адтуль пайсці, у бязлюдным прагале завулка прыкмечу тое, што, нібы злом прасторы, спыніць увагу маю i здасца надзіва знаёмым,— старыя вялікія дрэвы,
i я, у прадчуванні сустрэчы, памкнуся насустрач ім.
Жывы — не жывы, мёртвы — не мёртвы, вярнуўся з чачэнскай вайны Чапялевіч Міхась дадому з ранай крываваю ў грудзях.
Яго лячылі ва ўсіх шпіталях, яго глядзелі ўсе дактары, але ўсё адно не змаглі загаіць яго лютай раны.
Канчае i зноў пачынае расказваць ён пра сваю вайну i сваю пакуту.
— Мяне параніў мёртвы чачэнец,— кажа Міхась Чапялевіч.— Раздушаны тракамі танка, ён быў ужо нежывы, але перад тым як навекі супасці з зямлёй, са слатой, з нябытам, павару-шыўся, стрэліў, i куля пасланая ім, напаткала мяне...
Мы слухаем споведзь свайго земляка, свайго радака i роднімся ранаю незагойнай з бязмежна адважным, бязмежна адданым жыццю народам, з якім на вайне, што нібыта была i нібыта не, Чапялевіч Міхась ваяваў.
Яшчэ над зямлёю па-летняму ззяла сонца, цягнуліся ў вабныя далячыні барозны палёў i кветкі дарылі паветру свой шчодры водар, ды ўжо, быццам зрок пачынаў недакладна бачыць, прастора нацягвалася смугою i ў крыку імклівых ластавак чуўся спалох.
Нешта ў прыродзе было не так, i, каб даўмецца, дзе яно, тое не так, я спыніўся i азірнуўся, i вось — нібы тыя малюнкі, што малявала лета, былі адно толькі маімі ўяўленнямі, а цяпер наставала сама сапраўднасць — знямелы, убачыў: паветра трымціць i віруе, i змрок перамешваецца з бліскатнай светлынёю, i вогненныя пісьмёны крэсляцца ўсцяж...
Блізка страшэнная навальніца, i сховаў, каб ад яе ўхіліцца, няма.
Адно беззаконие народзіць другое — яшчэ бессаромнейшае — беззаконне.
I новы парадак, што меўся, калі наставаў, быць праўдай, раздвоіцца сам у сабе і, калі настане, акажацца ашуканствам:
а той, каму дасца ўлада, каб ён быў для ўсіх сваім i ўсе для яго сваімі, акружыць сябе ланцугамі ахоўнікаў i дарадцаў i ўзненавідзіць сваё.
Крывое не зробіцца простым, а скрывіцца яшчэ раз.
Не краявід гэта быў i не новы горад...
Але калі я, паддаўшыся зману, перахіліўся праз край тратуара, напружанага, нібы струна, i ўгледзеў, што тоіцца там, унізе, усё стала позна ўраз.
Не краявід гэта быў i не новы горад, а — страшная чорная бездань: яна займала сабою да самага небакраю ўсе падасновы, усе абсягі i, падымаючыся да паверхні, мяне забірала ў горада i ў краявіду i невідушча глядзела мне ў твар.
Нібыта пры замыканні, бліснула бліскавіца i гром прагрымеў, i проста перад сабою, на ўзроўні вачэй, я ўбачыў абсмалены сколаты камень i свае рукі, якія ўчаперваліся ў гэты камень, а ён паволі i неахвотна ix адпускаў...
I ўсё, што цяпер я бачыў i што разумеў, здалося мне раптам надзвычай знаёмым, нібы рассвятлялася мая памяць i штосьці спяшалася мне паказаць, а сэрца пярэчыла гэтаму i не хацела, каб аб'явілася тое, апошняе, ш т о.
...Сілай апоры пераадолеўшы сілу цяжару, выкінуся на тратуар.