Рупіліся на спелых палетках мірна гожыя дужыя людзі, а на зялёных лугах, у гаях гуляла i жвавілася няпужаная зверына.
Мы доўга моўчкі стаялі, удыхаючы водар шчасця, што напаўняў даліну, ды потым, урэшце, нібы намагаючыся, згадалі, што мы не адгэтуль, што мы не такія, што нам ужо трэба вяртацца, i тады грымнуў стрэл...
Усяго адзін стрэл, але ўся даліна павярнулася тварам, уражаная, да нас.
I вось ля самага небаспаду ўзнікла чырвоная хмарка i шпарка пасунуласяпаплыла сюды, за ёю другая i трэцяя, цэлая чарада, i з кожнай гэтай чырвонай хмаркі на спелы ўраджай палеткаў, да ног нашых, сталі падаць i нагрувашчвацца ў кучы целы забітых казуляў, вавёрак, зайцоў...
Не з ношкай здабычы, а з ношкаю цяжкай гнятлівай віны мы адступалі — i ўсё адступаем яшчэ — з той дзівоснай, з той райскай, загубленай намі, даліны, куды нас завёў аднойчы наш паляўнічы лёс.
Апусцілася над зямлёй i віруе рудая хмара.
Дзе ў хмары сэрца, дзе розум, дзе вочы?
Пужаючыся яе, бегае па прадмесці запрэжаны ў воз гняды конь, i невядома, дзе фурман.
Выюць сабакі, i зашываюцца куры якая куды.
Нібы яго падымае i ўтрымлівае паветра, кружляе па-над мястэчкам з грабеньчатай галавою вуж.
Я кладуся на дол: мне заўсёды хацелася быць бліжэй да нябёсаў, цяпер — бліжэй да зямлі.
Разважаючы між сабой, каму я належу, да мяне падыходзяць дзве не знаёмыя мне жанчыны i становяцца ў галавах.
Няма ў хмары сэрца, няма вачэй, але якаясьці сіла змушае яе віраваць, i вісець над зямлёю, i бачыць, што творыцца з маім сэрцам, i перайначваць звычны час.
Бы дрэва, што мае адно карэнне, а дзве паставы, я — спарышы.
Той свет i гэты з'ядноўваюцца ўва мне, знаходзяць смерць i жыццё ўва мне ўвасабленне.
З дня ў дзень, з году ў год, з веку ў век збіраюся з тайнаю моцай, каб калінебудзь абвергнуць сваё існаванне, адолець дваістасць i стаць насампраўдзе сабой.
На запытанні «Чаму?» i «Навошта?», з якімі скіроўваюся ўвышыню, вяртаецца мой адгалосак — рэха і, доўга вандруючы ў пространі між спарышоў, знікае.
Я ведаю: гэтак, як ёсць, не павінна быць.
Але гэтак ёсць.
Ідзе па пляцы сваім i нясе вязанку жоўтай ільсністай саломы сусед i мой школьны таварыш Багданчык Саша.
— Дзе ўзяў ты гэтай саломы? — пытаюся я ў яго.
— Ты сам усё роўна не знойдзеш. Хочаш — сястра пакажа,— адказвае ён.
З юнай яго сястрою разам ідзём па разоры, разам выходзім за плот.
Ды там, дзе нібыта павінна ляжаць салома, красуе ад краю да краю поля зялёным-зялёная рунь.
Згодна гаворацца нашы словы, тахкаюць згодна сэрцы, дыхае радасцю невыказнаю рунь,
а Саша Багданчык, чамусьці спыніўшыся на дарозе з вязанкай саломы сваей, пазірае, усё пазірае ў здзіўленні, пакуль яго бачым, на нас.
За даляглядам грымоты.
Дрэвы ўслухоўваюцца ў трывогу.
Неба вялікае i нямое.
Пахне зямлёй.