але каля самае ратушы раптам, з палёту, упала мёртвая птушка,
але загарчэла вада ў студнях,
але старыя людзі спыняюцца на дарозе i кажуць: «Мы чуем, як плачуць нашы бацькі...»
Запальваецца ў небе другое сонца.
Я хаваюся ад яго за старую кашлатую дзічку, але сонца прасвечвае яе наскрозь;
хаваюся за сцяну хлява, але цень ад яе празрысты, як дзень;
хаваюся за валун, што ляжыць каля студні, але ён як сіта;
хаваюся ў хату, a ў хаце звыклы спакой, a ў хаце ні цёмна, ні светла...
У хаце сядзяць, бы на свяце нейкім, бацькі,
у хаце сядзяць сваякі,
i так мне шкада, што я ўжо не з імі...
A маці — наўздзіў маладая — гладзіць мяне рукою па галаве, дзьмухае мне на твар...
— Вось i ўсё добра,— кажа яна.— Я пагасіла другое сонца.
Бацька разворвае поле.
Па баразне, ўслед за плугам, пхнуцца гурмою куры i дзяўбуць дажджавых чарвякоў.
Іx шмат у раллі. Але сярод ix вылучаюцца два велізарныя чарвякі, ад якіх у спалоху куры ўцякаюць.
Ды гэта не чарвякі, а бялёсыя слізкія змеі. Яны сыкаюць — джалы выстромліваюцца з іхніх пашчаў.
З копашкаю ў руках да ix бяжыць Тэкля. Шпаркімі ўзмахамі яна сячэзабівае адну змяю, але другая тым часам кудысьці знікае...
— Там, пад зямлёю, у іх гняздо,— паказвае копашкай Тэкля.
А бацька варочае ўжо каня з таго канца поля ў гэты канец
i новаю баразною заворвае, што ўзараў перад гэтым —
i дажджавых чарвякоў, i тую змяю, якую Тэкля пасекла, i тую, якая схавалася пад зямлю.
Колішні брыгадзір паляводчай брыгады Іван Шаўкаловіч, па-вулічнаму Гуговіч, казаў, што ён пражыве семдзесят два гады.
Столькі разоў адстукаў яму ў часы яго маладосці, яшчэ пры Польшчы, на адным спірытычным сеансе драўляны столік.
I з ім, i вакол яго ўсё мянялася неаднара-зова, i ў чужых землях, i ў сваёй зямлі гінулі ад-навяскоўцы, a Іван Гуговіч, нібы зарок, насіў у са-бе тую звестку, якая прыйшла да яго з яго кан-ца...
І калі па вёсцы блукалі ўпартыя чуткі: будзе вайна, i ў ёй аніхто не ўцалее, а ў краме бралі мяшкамі запалкі, мыла i соль, я не згаджаўся: не будзе — Івану Гуговічу яшчэ далека да сямідзе-сяці двух гадоў.
Загінуў ён неяк дзіўна. Паехаў на возе ў лес, а перад мостам чамусьці збочыў, паехаў па-плы-ткаму — уброд, праз раку...
Там i знайшлі яго: на беразе ходзіць конь, воз у вадзе, а пад возам Іван Гуговіч, адно вытыркаецца, у кола ўчаперыўшыся, рука...
Рознае меркавалі пра выпадак гэты. А я прыгадаў ягоны расказ, якому i сам ён здзіўляўся, нібы не верачы, як гэта можа быць...
Ён не дажыў паўгода да тэрміну, што яму тады налічыўся,— мабыць, апошні раз столік стукнуў цішэй.