Старэнькі бензавоз натужваўся, трапятаў усім сваім целам, але, як ні стараўся, поўз па дарозе павольна. Стрэлка спідометра дрыжэла недзе каля 40. А пад гару, як ні ціснуў шафёр на газ, апускалася ледзь не да нуля. Калі пад'язджалі да вузкакалейкі, што якраз на палове шляху, шафёр зірнуў у люстэрка — і твар ягоны застыў у здзіўленні:
— Глянь ты, бля, даганяюць! — вымавіў ён. Пятрусь высунуўся з кабіны. За імі на вялікай хуткасці імчаў матацыкл. У люльцы сядзеў Сашок, а з-за матацыкліста выблісквала галава Сэма. Матацыкл нагнаў бензавоз, параўняўся з ім і пачаў выціскаць з дарогі да абочыны. Сэм махаў шафёру рукою, крычаў: «Стой! Стой!..» — і сыпаў матамі.
- Што робяць, што робяць, гады...— шаптаў шафёр, сціскаючы руль, ажно пальцы пабялелі.— Не, ні храна ў вас не выйдзе...
Бензавоз ехаў роўна, ніколькі не зварочваючы і ледзь не падразаючы матацыкл. Дарога пайшла ўніз, машына стала набіраць хуткасць. I тады матацыкл ірвануўся наперарэз і сцішыў ход перад бензавозам.
Шафёр бухнуў па тармазах, аднак было позна: машына неслася на матацыкл. Матацыкліст у жаху вылупіў вочы і нічога не рабіў... Яшчэ імгненне... I тут бензавоз рэзка вільнуў і нырнуў у кювет, лёг на бок і пасунуўся, заскрыпеў аб пясок металам: у самы апошні момант шафёр паспеў ірвануць руль управа...
Пятрусь апрытомнеў першы. Нешта цяжкое ляжала на ім, душыла і не давала варухнуцца. Пятрусь павярнуў трохі галаву і ўбачыў, што на ім ляжыць шафёр. Твар ягоны ўвесь у крыві, з носа кропля за кропляй падае яна Петрусю на руку. «Мо забіўся?..» — з жахам падумаў Пятрусь і прашаптаў перасохлымі вуснамі:
— Эй... эй...
Цішыня. Толькі цяпер адчуў яе Пятрусь: матор маўчаў. I ў вушах ад гэтае цііныні стаяў нейкі звон. Тонкі, нібы камарыны, піск. Густа пахла саляркан, бензінам, металам — як на калгасным машынным двары. Пятрусь паспрабаваў паварушыцца. I азваўся болем увесь правы бок, на якім ён ляжаў.
— Эй... эй...— як мог гучна сказаў ён. I шафёр, можа, ад гэтых словаў, а можа, і сам па сабе, ачуўся, прыпадняўся, абапёрся рукамі на раскрышанае на дробныя каменьчыкі шкло і выпаўз праз разбітае акно з машыны. Прысеў ля кабіны, убачыў Петруся, кінуўся да яго. З ягонай дапамогай Пятрусь вылез.
Ні матацыкла, ні Сэма з сябрамі на дарозе ўжо не было. Уцяклі. Пятрусь устаў і, хістаючыся, пайшоў ад бензавоза пад блізкія дрэвы. Праваю рукою паварушыць ён не мог: цяжкая і мяккая, вісела яна, як набіты мокраю ватаю рукаў. I дыхаць было балюча: у правым баку адразу ж упіваліся ў цела тысячы вострых іголачак. Шафёр абмацаў сябе: здаецца, цэлы. Толькі твар падрапаны да крыві.
Бензавоз ляжаў на баку ў кювеце, прапароў-шы колькі метраў жоўтага пяску. Люк на ягонай спіне адкрыўся, з бочкі вылівалася тлустая салярка і цякла па канаве
ўздоўж дарогі ўніз, насычаючы сабою зямлю, поячы траву. Шафёр стаяў і бяздумна пазіраў на гэта і не спяшаў да люка, каб спыніць салярку. А потым сказаў: — Добра, ніто не рванула... А то б — кранты нам...
* * *
Заўтра суд... Над шафёрам.
I Петрусю быць на ім сведкам. Адзіным. Колькі ні расказваў ён следчаму, як усё было, той не даваў веры і ў апошні раз нават прыстра-шыў: «Будзеш выгароджваць вадзіцеля — і цябе накажам...» У Сэма было, як ён казаў, алібі: ён той дзень ад ранку гуляў і піў з сябрамі. Пацвердзіць было каму: пастараўся. А міліцыя і не хацела чапаць яго з-за нейкае драбязы, якую трэба было яшчэ доўга даказваць.
...Заўтра суд. За разбітую машыну, за разлітую салярку, за калецтва пасажыра — шафёру, кажуць, менш за два гады не будзе. Гэта ў лепшым выпадку. I таму ўвесь час не пакідала Петруся пачуццё віны перад ім. Яно мучыла днямі, не давала спаць начамі. Зноў і зноў набягалі «калі б...»: «калі б не пайшоў ён на рог...», «калі б не спыніў машыну...», «калі б выйшаў на паўдарозе...» — усё было б інакш. I не супакойвалася душа ад несправядлівасці: як жа так, судзіць шафёра будуць за тое, што выратаваў чалавека. Ягоныя дабрыня і спагада будуць каштаваць яму двух гадоў жыцця, а мажліва, і самога жыцця... Якім і калі ён цяперака вернецца?..
I не хапала ў Петруся галавы, каб разабрацца ва ўсім, і не знаходзіў ён выйсця... Апошнім часам пачынаў ён ужо думаць: «Вось зрастуцца рука і рабрына, выйду з бальніцы, знайду Сэма — і заб'ю...» I столькі рашучасці было ў гэтых ягоных думках, што да дзеяння, здавалася, заставаўся адзін крок... Але калі гэтаксама пачынаў думаць ён пра следчага, то разумеў раптам: глупства ўсё гэта, нічога ён не зробіць.
У такія вось хвіліны прасвятлення, якія час ад часу бывалі ў Петруся, ён выхрдзіў з-за куста, кіраваў да палаты і, згледзеўшы ў люстэрку ля паста сваю згорбленую постаць, змучаны, белы твар з глыбока запалымі вачыма, думаў: «Што гэта я? Так і шызануцца можна...» — і супакойваў сябе: «Вазьміся за розум, дэбіл, ні ў чым ты не вінаваты, што ты выдумляеш...» Але ў палаце доўга не вытрымліваў: яму здавалася, што хворыя ўсё ведаюць, і таму гэтак спагадліва і спачувальна пазіраюць на яго і больш не жартуюць з ім. I ён зноў шыбаваў да падваконня. А пасля таго як адведаў яго шафёр — са свае сховы амаль не вылазіў. Шафёр (Пятрусь так і не спытаў, як яго завуць: усё «ты» ды «ты») прыйшоў пад вечар. Спусціліся разам у бальнічны двор, селі на лаўцы ля шумлівага фантана. Пакурылі. Памаўчалі. Гаварыць не было пра што. На развітанне шафёр сказаў:
— Эх, хлопец-хлопец, а ў мяне ж дзве дачкі... Тры гадкі і паўгода...
1988
Добры настрой і адведзенае Рыгору на дзень здароўе з'ела работа. Сытая і задаволеная сабой, яна засталася ў ягоным кабінеце, зачыненая на выхадныя дні. Пазбаўлены яе ланцугоў, Рыгор шчасліва плёўся дахаты. Нішто не перашкаджа-ла яму думаць сваё: ні шум машын, ні шоргат ног сустрэчных, ні нават назойлівы пух таполяў, якім, бы снегам, было пакрыта ўсё навокал. Разнаформнымі камякамі пух перакочваўся па тратуары, і міжволі Рыгор пачаў сачыць за імі. Камякі нараджаліся ветрам, гналіся некалькі метраў і распадаліся, каб зноў нарадзіцца. «Вось так і мы...» — падумаў было Рыгор, і думка ягоная абарвалася на паўдарозе: на белай поўсці асфальту, ён раптам убачыў кашалёк. Тоўсты, з распёртымі, як у сытай жывёліны, бакамі, ён нерухома ляжаў у дрогкім, жывым пуху. Рыгор агледзеўся: ці няма тут якога падману, ці не цягнецца куды-небудзь за дом шнурок. Прыпавольваючы крокі, ён падышоў да кашалька, нехаця нагнуўся над ім і падняў. Яшчэ раз агледзеўся і здзівіўся — вуліца далёка наперад і назад была вымерлая: ні душы.
Рыгор разгублена глянуў на кашалёк, хацеў быў пакласці яго на ранейшае месца, а потым перадумаў і сунуў у кішэню.
Крокаў праз дзесяць з-за дома борздка выскачыў чалавек і рашуча спыніў Рыгора:
— Таварыш, пачакайце, пару слоў для прэсы...— і ткнуў пад самы нос мікрафон.— Скажыце, калі ласка,— зычліва прамовіў ён,— а чаму вы кашалёк у сваю кішэню паклалі?
- Прабачце, але вашай побач не было,— знайшоўся што адказаць Рыгор.
- Мы з тэлебачання, з маладзёжнай праграмы, здымаем сюжэт пра чалавечую сумленнасць, а вы паступілі несумленна.
- А што я павінен быў зрабіць як сумленны чалавек?
- А на гэта няхай адкажуць нашы тэлегледачы. Да пабачэння, таварышы!
У Рыгора ад гэтых слоў пахаладзела на сэрцы. «Зняславілі, на ўвесь горад зняславілі!..»—ірвалася ў крык думка.
А з-за дома тэлевізійшчыкі ўжо выкочвалі схаваныя там камеры. Рабілі сваю звычайную справу і не звярталі ўвагі на разгубленага, размяклага Рыгора.