На парозе, у паўзмроку стаяла жанчына ў начной сарочцы, з распушчанымі валасамі... Было ў яе постаці нешта да болю знаёмае. Аленка?.. Аленка!..— застыў на губах крык. Антось заплюшчыў вочы, трасянуў галавой, каб прагнаць мроіва.
- Праходзь, Антон,— сказала Алена сваім мяккім, запомненым на ўсё жыццё, голасам.— Праходзь, не стой на парозе, я цябе шчэ ў першы раз, пачуўшы, пазнала.
- Я, ведаеш, да сястры прыехаў,— пачаў тлумачыць Антось, крыху апамятаўшыся.— Ды вось дом яе аніяк не знайду. Напісана дваццаць першы, а тут такога няма...— Антось таптаўся ў парозе, лазіў па кішэнях, шукаў, лавіў паштоўку, а ў кватэру зайсці не адважваўся.— Прабач, што пабудзіў... А ты тут жывеш?..
- Жыву, як бачыш... Праходзь...
У цёплым пакоі Антось зусім размяк, зніякавеў і захмялеў. Пачаў быў нешта пытаць, блытаючыся і збіваючыся. Пра былых аднакурснікаў, пра змены, пра жыццё... Аднак Алена перапыніла яго:
- Кладзіся покуль спаць, а заўтра раніцой пра ўсё пагаворым. Будзе час.
* * *
— Дык, кажаш, на вакзале праседзеў... Я й бачу, што вочы стомленыя, чырвоныя. Ведама, які там сон. Хоць і ноч — цягнікі адзін за адным шнуруюць. Паўднёвы напрамак... Аб'явы раз-пораз гундосяцца. Я там і гадзіны не выседзела б... Мо падрамаў бы троху з дарогі, а то я за стол адразу...
* * *
I сапраўды, які там сон...
Хіба ж заснеш, калі ведаеш, што за сцяною, у суседнім пакоі, ляжыць і, мажліва, таксама не спіць, тая, пра каго марыў усё жыццё. Ляжыць побач з чужым, так, з чужым мужчынам, хай сабе і мужам.
Зноў згадваючы яе твар — цяперашні, у паўзмроку, які заўсёды скрадвае гады, Антось дзівіўся: як змянілася яна... Як змянілася... Стала падобнай да звычайнай жанчыны, якіх на вуліцы сустрэнеш на кожным кроку. Сустрэнеш і пройдзеш міма... На іхнім курсе яна лічылаея самай-самай... Усе прарочылі ёй шчаслівае, бестурботнае жыццё, шматлікіх каханкаў, прыгожыя апраткі... Дзе яно ўсё гэта? Змаршчынены твар... Замучаная клопатамі, затлумленая праблемамі, загнаная жыццём, шэрая, непрыкметная жанчына...
Антось кахаў яе ўсе пяць гадоў вучобы. Безнадзейна. Ад пачатку ведаючы, што ў гэтую латарэю яму не выйграць. Ен не спадзяваўся, ды і не думаў нават, узяць гэтую непрыступную вежу доўгай аблогай, цярпеннем. Хоць збоку магло менавіта гэтак падацца. Бо ён ніколі не ўтойваў сваё каханне да яе. I як ні балюча яму было бачыць яе з іншымі хлопцамі, ён усё ж пакідаў ёй заўсёдную надзею, што ў любы момант яна можа прыйсці да яго і ён будзе рады ёй, прыме яе... Яна не прыйшла. Пасля вучобы яны раз'ехаліся. Проста раз'ехаліся як чужыя. Адзіны плён гэтых пяці гадоў — верш, які напісаў Антось на пятым курсе ў прадчуванні блізкага расстання. Напісаў па-руску: «Свет сошелся клином... Все надежды тают, В небе журавлином, Вороны летают. Закрываю веки, И тебя я вижу, Открываю веки, Милую навеки, Лишь тебя я вижу, Вижу — ненавижу...» Гэта быў апошні ягоны верш.
I вось сустрэча. Ен ведаў, што па размеркаванні яна паехала ў гэты горад. I яшчэ ў цягніку мроілася яму сустрэча з ёю. Выпадковая, у старым гарадскім парку.
Менавіта ў парку — адзінай вядомай яму славутасці гэтага горада. Але... Жыццё часам апярэджвае мары...
Як усё ж змянілася яна. Сем гадоў прайшло. Толькі сем. А што засталося, акрамя хіба голасу, ад той, запомненай, мілай дзяўчынкі, лёгкай, як матылёк, смяшлівай і бесклапотнай...
Анічога... Анічога... Анічога...
Дзверы павольна расчыніліся. Бязгучнымі крокамі ў пакой не ўвайшла, а ўплыла Алена. Прысела на канапу.
- Не спіш? — ціхенька спытала.— I мне не спіцца. Раскажы, як жывеш. Дзе зараз? Ажаніўся?
Пра сябе заўсёды цяжка расказваць. Асабліва калі не хваліцца. Антось узгадаў канец аўтабіяграфіі, што пісаў нядаўна, уступаючы ў партыю. I гэтаксама сціснуў у некалькі сказаў сваё жыццё пасля вучобы.
- У нас таксама двое дзетак. Муж на заводзе працуе. Я ў дэкрэтным цяпер. Перабіваемся...
- Гэтак і мы,— сумна сказаў Антось,— які ў нас заробак. Слёзы, не грошы... Сорамна сказаць каму, а пяць жа гадкоў адтарабанілі. Як лёду. Імя гордае — інжынер! — прадэкламаваў ён і не стрымаўся: — Цьфу!
Алена, уражаная ягонай непадробнай шчырасцю, засмяялася, затуліўшыся ў далоні, а потым нейк лёгка і гулліва, на той жа ноце, прамовіла, як секанула:
- А я цябе ніколі не кахала...
Антось, які пачаў быў смяяцца разам, змоўк, нібы падавіўшыся, асунуўся і непрыстойна заікаў.
- Так, ніколі,— спакойна дадала Алена,— смешна было паглядаць, як сохнеш ты. I толькі. Ды і сяброўкі пад'юджвалі, маўляў, ты таакая, а ён табе не раўня... Даруй, не думала я тады ні пра што, пасмейвалася над тваім болем... Пасля часта цябе ўзгадвала. Пытала ў знаёмых. I думала нават: якая ж дурненькая я была.
Як памылілася. На ўсё жыццё. Зараз здаецца мне, што не было б у свеце шчаслівейіных за нас. Бо як не кахаць таго, хто кахае цябе...
«Дык вось чаму ты прыйшла...— ускіпелі думкі ў Антося.— Ты, пэўна, хацела, каб я зноў табе ў каханні прызнавацца пачаў, расплыўся ў пяшчотах, маўляў, не забыў, кожны дзень пачынаў з успаміну пра цябе... «Не было б шчаслівейшых...» Не, даражэнькая, ніколі не жылі б мы шчасліва, бо ніколі ты не была б задаволена сваім выбарам, бо ўбілі табе ў галаву, што дастойная ты лепшага, чымсьці я. I ныла б, і грызла б душу. Як, мабыць, грызеш мужа... Гэта зараз, здалёку, многае па-іншаму бачыцца».
Антось стрымаў у сабе гэты наплыў думак, ляжаў моўчкі, моцна заплюшчыўшы вочы. А Алена, нічога больш не сказаўшы, узялася за край коўдры, адхінула яе і — лягла побач з Антосем. Халодная голая нага яе слізганула па ягонай. Антось страпянуўся. Не толькі ад нечаканасці і здзіўлення. Яму стала няёмка — адначасна брыдка і агідна... Ен адштурхнуў Алену, падхапіўся на калені і — прыйшоў у сябе, ачуўся.
— Фу-у... I трэба ж сасніць такое,— прашаптаў ён і агледзеўся. Світала. Недзе восьмая гадзіна раніцы пайшла. Пакой быў насычаны перадранішняй шэранню. Антосю падалося, што дзверы лёгенька пагойдваюцца. Ці толькі падалося... Ен не памятаў, ці былі яны зачыненыя. Нейк не прыдаў тады ўвагі. А што да сну? Дык колькі разоў яму раней снілася гэткая блізкасць, як хацелася яму быць з ёю... А зараз?.. Хіба ж мог ён спаць з жанчынай, што стрэла яго на парозе? Гэта ж здрада той Алене, здрада сабе... Толькі не трэба высокіх слоў: здрада... Якая да д'ябла здрада. Даўно мы адно адному здрадзілі. I не варта кагосьці ў гэтым вінаваціць. Нават лёс... Зрэшты, і сам ты ўжо далёка не той, што быў. Штораніцы бачыш сябе ў люстэрку. Мо таму і не здзіўляешся. А тут адразу такое адкрыццё. За хуткаплынным жыццём і задумацца не было калі, што яна цяперака не такая, якой сніў... I вось сустрэча, як удар па нагах ззаду. I разуменне, прасвятленне: назад дарогі няма... Та-ак... Калі і бывае ў чалавека момант развітання з маладосцю, дык у мяне ён сёння... Што будзе далей? Анічога. Дні пабягуць хутчэй, і толькі. I будзеш узгадваць ты, Антось, сябе таго, учарашняга, нібы кагосьці іншага, чужога. Успамінаць, быццам кіно глядзець, ведаючы, ды не верачы, што галоўным героем быў ты... У чалавека, відаць, такія хвіліны бываюць у жыцці яшчэ адзін раз: калі ідзе ён на пенсію. Тады развітваецца ён з жыццём...