Дамоў, на канікулы, з Мінска да райцэнтра Пятрусь дабіраўся як звычайна: у агульным вагоне перапоўне-нага паўднёвага цягніка. Ледзь знайшоў дзе прыткнуцца і амаль сем начных і ранішніх гадзінаў — праседзеў, ні на хвілю не сашчапіўшы павекі. Спачатку па-спрабаваў чытаць — ды забалелі ад бруднага карычневага святла вочы. I ён пачаў назіраць, як гуляюць у суседнім купэ ў «дурня» шасцёра хлопцаў. Гульня, шчодра перасыпаная каментарыямі, показкамі і матамі, не спынялася да самае Петрусёвае станцыі. Ен збіўся з ліку і не ведаў ужо, хто выйграе, «свае» ці «чужыя», і пашкадаваў нават, што трэба выходзіць, бо «яго» каманда якраз збіралася чапляць «валеты» на пагоны.
На пероне Петрусю гэтак захацелася дамоў, што ён адразу ж рушыў на ўскраіну гарадка з надзеяй злавіць спадарожную да вёскі. Хоць і ведаў, што шанцаў на гэта нядзельным днём у яго амаль не было.
Гадзіны дзве, ці болын, адседзеў ён на Маркавіцкім рагу — так называўся паварот да ягонае вёскі. Рэдкія машыны з'яўляліся ў глыбіні вуліцы, набліжаліся, клепалі паваротамі і ехалі ў горад. I ні адна, нават на смех, не звярнула ў бок Маркавічаў. Сонца дабралася да зеніту і паліла нясцерпна. Да здзіўлення: як такая дробная плямінка ў небе можа даваць гэтулькі пякельнага, балючага цяпла. Пот збіраўся на твары ў кроплі і сцякаў уніз, па спіне і грудзях збягалі тонкія ручаіны, а ногі, здавалася, былі не ў красоўках, а ў цёплым і глёўкім балоце. Сэрца пульсавала, жыло ў галаве, губы мучыла смага, вочы зліпаліся ад слабасці і затлумленасці. Уда-леч, туды, адкуль з'яўляліся машыны, глядзець ужо было немагчыма: ад зямлі, ад асфальту падымалася нагрэтае павётра, і дамы, дрэвы расплываліся, калыхаліся, і гэтае мроіва перадавалася галаве і яшчэ болын тлуміла розум. I не было куды схавацца ад спякоты: не стаяла блізка ні хатаў, ні дрэў, а рэдкія штакеціны невысокага плота не ратавалі ад пустэльнага сонца.
Пятрусь пашкадаваў ужо, што прыпёрся на гэты рог. Мог бы паблукаць па горадзе, пасядзець у цяньку ў парку ля аўтавакзала ці схадзіць у кіно — цывілізавана перачакаць гэтыя тры гадзіны да дзённага аўтобуса, спакойна сесці ў яго і без турбот даехаць да вёскі. Дык не — прыпёрся... I цяпер ужо адчуваў, што аніякая сіла не падыме яго з лаўкі. Сонца забіла ў ім усе жаданні, засталося адно: чакаць. Калі не спадарожнай, дык аўтобуса — ён міма не пройдзе, спыніцца тут. «Лепей бы спадарожная,— з апошніх сіл думаў Пятрусь,— абы хутчэй. Хоць бы да паўдарогі даехаць. А там — прайшоўся б. Летнім лесам, халадком, ісці адна асалода, адна радасць. Грыбоў па сваіх мясцінках пашукаць можна...» I паплыло перад ягонымі вачыма мроіва: дрэвы, дрэвы і пад кожным — два-тры прыгожыя, бы з дзіцячае кніжкі, баравікі... Шапкі роўненькія, чорненькія, толькі зразай...
Пятрусь прытуліўся да плота, вочы заплюшчыў, збіраючы грыбы, і не пачуў нават, як падышлі да яго два хлопцы. Заўважыў іх толькі, калі прыпыніліся ля самых ягоных ног. Самлела, але ўсё больш і больш прыходзячы ў сябе, зірнуў на іх. Па ўсім — мясцовыя. Адзін высокі, накачаны, пастрыжаны «пад нуль», і таму адразу кінулася ў вочы правае вуха з адсечанаю зверху ракавінаю і тонкі, светлы, незагарэлы шрам на шчацэ. «Гэта, пэўна, і ёсць Сэм»,— вырашыў Пятрусь, узгадаўшы нататку ў раёнцы пад назваю «Інфармуе 02» пра бойку на мясцовай танцпляцоўцы, сарганізаваную нейкім Сэмам. Другі быў каратканогі, даўгатвары і патлаты. Даўно нямытыя валасы былі сабраны ззаду ў модную коску, але не ўсе, і ўздоўж твару віселі зліплыя пэйсы. Твар быў знявечаны прышчамі-«хацімчыкамі», як іх называлі, і за-сеяны плямкамі гною. I хоць Пятрусь быў не з баязлівых і не сказаць каб слабаком, а тут сціснулася нешта ў ягоным нутры і шчэ больш паскудна зрабілася на душы. Да спадарожных хлопцы не былі падобныя. «Трусіць будуць...» — зразумеў Пятрусь. I напружыўся ў чаканні. Мясцовыя часта «палявалі» тут, на Маркавіцкім рагу, на вясковых, адбіралі апошнія капейкі, гэта называлася — «трусілі», а бывала, і добра наміналі бакі. Перавага заўсёды была іхняю, і Пятрусь ведаў: лепш напачатку скарыцца.
- Куда пуц дзэржыш, шэф? — развязна спытаў Сэм, і гучала ў яго «пуц» і «дзэржыш» — цвёрда, як лічылася тут модным: па-руску, па-гарадскому.
- У Маркавічы.
— Дык нам па пуцы... А чэй ты там будзэш? Пытанне было вясковае. I калі б спытаў гэтак у
Петруся дзядок нейкі ці бабулька сівенькая — адказаў бы не задумваючыся. А тут напачатку было ясна, што гульня гэтая «ў знаёмых» распачатая, каб пасмяяцца над «калхознікам»... Але — трэба было гуляць, і Пятрусь спытаў:
- А вы што, усіх там ведаеце?
- Да бывалі...
- Не бывалі, а бівалі...— паправіў Хацімчык і зарагатаў: — Ха-ха-ха-ха! — так спадабаўся яму жарт.
- Ну зачэм ты так зразу,— паблажліва-сурова паўшчуваў сябра Сэм,— можат, мне пагаварыц з маладым чэлавекам хоцца. Удавольсцвіе, так сказац, расьцянуц...
Пятрусь тым часам абвёў вачыма наваколле. Паратунку не было відаць. На рагу былі толькі яны. Людзі, замураваныя ў машыны, праязджалі міма, і не да хлопцаў на павароце ім было. Толькі далёка, недзе на пачатку вуліцы, маячыла адна жывая душа: дзяўчынка ў чырвонай сукенцы гуляла з сабакам. Кідала мячык, а ён прыносіў яго ёй. «Біць будуць...» — агледзеўшы яшчэ раз хлопцаў, падумаў Пятрусь. I гэтак абыякава падумаў — быццам пра кагосьці іншага — што ажно страшна стала. Не ад таго, што біць будуць, а ад таго, што не хвалявала гэта яго. Абараняцца — сіл не было. I жадання таксама. Усё выпаліла, вынішчыла сонца за дзве гадзіны. Напечаная галава трашчала ад болю, па целе разлівалася млосць і слабасць. Хацелася зараз паляжаць дзе-небудзь у цяньку, кваску халоднага, бярозавага папіць. «А можа — міне, можа, й праўда па дарозе нам»,— схапіўся Пятрусь за выратавальны круг думкі і прапанаваў:
- Сядайце,— і замоўк. А потым адсунуўся да краю лаўкі і шчэ раз запрасіў:— Сядайце...
- Спасыба, сядзэлі ўжэ... адсідзэлі сваё,— Сэм правёў рукою па «вожыку» на галаве і пільна паглядзеў на Петруся: ці зразумеў. Затым, не адводзячы глыбокіх, цёмна-карычневых вачэй, сказаў:
- У нас к цыбе прозба есц: можат дзэнгі есц, то адалжы да заўтра. Заўтра, на этым месцэ, у этат час, аддадзым, відзыт бог, аддадзым. Перабралі ўчэра — увайдзы ў палажэнье...
«Ну вось і пачалося,— канстатаваў Пятрусь,— і «культурна» гэтак: просяць...» Калі б меў ён грошы — аддаў бы іх, і, можа, пранесла б... Аднак не было ў яго грошай. Не было. У кішэні брынчэла хіба мо капеек шэсцьдзесят — на аўтобусны білет. Хацімчык тым часам падышоў да плота, дастаў з кішэні нож, націснуў на кнопку, і — шчоўк — выскачыла з яго лязо, бліснула на сонцы, пусціла ў неба «зайчыка». Хацімчык выбраў штыкеціну і пачаў стругаць яе. Акуратна, не спяшаючыся, любоўна аглядаючы, быццам скульптар. Пятрусь прыліп да лаўкі. Сілы пакідалі яго. У апраўданне прыгадалася бяссонная ноч у цягніку...
- Чьто задумался, служівы? — у голасе Сэма пачуўся ўжо метал.— Парадзэц жалеешь? На лякарства просым, панімац нада,— націснуў ён на слова «просым», а потым дадаў:— А нет — так самі вазмём, а Сашёк?..
Сашок-Хацімчык хмыкнуў у адказ, пастукаў лязом па далоні і скіраваўся да Петруся.
Пятрусь ведаў, што страшны і балючы толькі першы ўдар. А далей — пайшло-паехала... I вось застыў ён у чаканні такога ўдару, падняў вочы на хлопцаў і раптам — убачыў за іхнімі спінамі машыну, у якой ужо мільгаў у патрэбны яму бок паварот. Да машыны было метраў сто. «Спыню, куды б ні йшла, спыню...» — вырашыў Пятрусь і сказаў, падладжваючыся пад «гарадскога »:
- Да что вы, рыбята, как не паняц... Я січас...— і палез у кішэню. А потым нагнуўся да кайстры, што стаяла між ног, схапіў яе і кінуўся наперарэз машыне з адчайна ўзнятаю рукою. I каб не спрактыкаванасць шафёра — быць бы яму пад коламі. Завішчэлі тармазы, і бензавоз прыціснуўся да абочыны.
- Табе што — жыць надаела! — з крыкам высунуўся з кабіны шафёр, а Пятрусь стаяў ужо з другога боку і торгаў уверх-уніз ручку непаслухмяных дзвярэй. Шафёр паўпрылёг, працягнуў руку і адчыніў іх. Пятрусь ускочыў у кабіну. I толькі калі бензавоз крануўся, і засталіся стаяць ля плота здзіўленыя жывасцю і спрытам сваёй ахвяры Сэм з Сашком, прамовіў дрогкімі яшчэ губамі:
- Прабач... Сам бачыш, у які пераплёт трапіў... Шчэ трохі — і паранулі б...— Пятрусь матлянуў галавою назад, туды, дзе засталіся хлопцы, і дадаў: — Дзякуй, выручыў...
- Чаго там,— кіўнуў шафёр.— Я здалёк Сэма запрыкмеціў. Яго ўчастак.
З кіламетр праехалі моўчкі. У кабіне гуляў лёгкі асвяжальны ветрык, і Пятрусь патроху ачомкаўся. Свежасць абмыла галаву. Радавала і дзіўнае збаўленне. Выратавальнік ягоны быў малады — мо на колькі гадоў старэйшы, нядаўна, відаць, з войска прыйшоў: шчэ й штаны армейскія не знасіў. Плямістыя. З Афгана, пэўна.
- Куды ж табе ехаць? — спытаў шафёр.— Мо высадзіць?
- У Маркавічы.
- Хо, шанцуе табе, хлопец — і я туды еду. Салярку вязу. Стаяць трактары ў калгасе вашым. А пара — самая сенакосная. Знайшлі вось на дзень-другі паліва, а што далей будзе — аднаму богу вядома... Эх, планаў нашых грамадзьё! Цьфу!..— і вылаяўся.
Але Пятрусь не падтрымаў гаворкі. «Бацька таксама зараз недзе на сенакосе ўкалвае,— падумаў ён,— вазьму заўтра браднічок, пад'еду з ім на луг. У абед у рэчцы палазім, рыбкі паловім...»