— Пасядзець, паслухаць, а то i сказаць сваё слова...
— А якое можа быць наша слова?
— Пытанне разумнае,—усміхнуўся Дзядзя i нечакана здзівіў:— Вам, мясцовым, можа, прыйдзецца i вылучыць тэзіс пэўнага самавызначэння Беларусі...
Муха тут жа зірнуў яму ў вочы: жартуе? Кпіць?
— Я сур'ёзна,— адказаў той.
— Але ж гэта зусім марная справа...
— Я рады, Георгі, што вы адмовіліся ад так званага патрыятызму. Але... Карацей, цяпер могуць быць i нейкія змены ў нашай тактыцы... Ясна?
— Ясна,— адказаў Муха, адчуваючы, што дапытвацца пра ўсе нюансы не варта.
— Дарэчы, на нарадзе вы ўбачыце нямала нашых,— пра іншае ўжо загаварыў Дзядзя.— Да слова, Пятлюра будзе ад украінцаў, Бжазіньскі — ад палякаў, Якабсон — ад латышоў, Сядых — ад рускіх... Каб прафаны не ўбачылі вашу еднасць, вы можаце дзеля прыліку i пасіпець адзін на аднаго, але ў рэшце рэшт павінны дружна ўхваліць Часовы ўрад... Ясна?
— Ясна,— адказаў Муха.
Калі Дзядзя адышоўся, Муха i сёння доўга пазіраў яму ўслед: о божа, колькі таго чалавечка, а колькі ў яго сілы i ўлады!
4.
Увечар, у вызначаны час, Муха падышоў да гасцініцы «Еўропа». Хоць ужо ўстоялася перадвясновая, зусім бяззорная ноч, Муха адразу заўважыў пенадалёку ганка постаць — адпаведна апранутую, здаецца, пажылую. Праўда, твару ў цемені не мог разгледзець.
Пачціва назваў пароль; госць крыху прастуджана адказаў i спакойна, але ўладна, як падначаленаму, кінуў:
— Вядзіце.
Рушылі. Моўчкі. Мусіць, i ў госця быў кепскі настрой найперш з-за непагадзі: пад вечар сонца прапала, неба замурзалася, паветра павільгатнела i неспадзявана закрапаў дождж. Вось цяпер, як мінулі Саборную плошчу, ён пагусцеў, нават — зашчадрыў па-вясноваму. Муха разгарнуў парасон i зноў пачціва сказаў:
— Вазьміце, калі ласка.
— Дзякую,— буркнуў той, узяў парасон i накрыў ім толькі сябе аднаго.
«Хто ён? — які ўжо раз думаў-гадаў Муха.— Гучкоў? Шчэпкін? Нехта з іхняй світы?»
На Нова-Маскоўскай, каля аднапавярховай цаглянай будыніны, ix чакаў знаёмы сувязны. Ён, пазнаўшы Муху па постаці i па хадзе, таксама пачціва павітаўся з госцем, сказаў Муху застацца на варце, а сам павёў таго ў цёмны дом.
Муха з паўгадзіны таптаўся на нешырокім, тут драўляным i ўжо хлюпкім тратуары, мок, як цюцька пад гаспадаровымі дзвярыма. Сёння ўжо тое, што яго яшчэ адлучаюць ад вышэйшых іхніх сакрэтаў, не засмуціла. Што ж, так трэба.
Калі госця зноў даручылі яму, яны падаліся побач. Петраградзец — пад парасонам, а ён — па-ранейшаму пад дажджом, мокнучы да ніткі. Услед за госцем, як заўважыў, вымкнуліся i, разыходзячыся, ішлі іншыя людзі, але ён не пазнаў, хто гэта. Ды, можа, некаторых засакрэчаных ён i не ведаў.
— Мне сказалі, што вы неўзабаве ідзяце на вельмі важную нараду i будзеце прадстаўляць сваіх землякоў...— нечакана загаварыў госць. I ўжо не басавіта ды прастуджана, a мяккім, нават прыемным грудным голасам. Праўда, вельмі ўпэўненым, уладным тонам.
«Вялікі птах!» — падумаў Муха, a ўголас адказаў:
— Іду.
— Мы задаволены тым, як пакуль што паводзіцца ваш Мінск, што робіце тут вы...— прамовіў той, хлюпаючы па лужынах. Відаць, прывык у вялікай сталіцы да светлых i ўночы вуліц, дык тут, у зацемненым прыфрантавым горадзе, добра не бачыў у цемры.
Муха пачціва прамаўчаў. Не варта ні хваліцца, ні пра штосьці неабдуманае пытаць. Усё ці толькі тое-сёе, што трэба ведаць яму, іншым яго ступені пасвячэння, скажуць самі.
— Мне трэба з вамі пагаварыць вось пра што,— зноў загаварыў таямнічы незнаёмец.— Скажыце: вы шчыра i глыбока верыце, што вашы землякі вымерлыя як народ, як нацыя?
— Я шчыра i глыбока веру, што нават i цяпер, пры такім пераломе, яны не прачнуцца...— пранікнёна прамовіў Муха.— Беларусы — сапраўды не народ, не нацыя. Яны — статак цярплівых, паслухмяных, баязлівых авечак. Нават больш — яны абыякавыя да свайго болю, ненавідзяць, а то i самі топяць тых, хто абудзіўся, хоча назваць ix народам, нацыяй... А па-другое, яны зусім цяпер абяссіленыя, ледзь трываюць...
— Мне падабаецца тое, што i як вы гаворыце,— лагодна сказаў госць.— Але... Што — сапраўды ў ix ні кроплі не захавалася духу птушкі Фенікс?