Калі Муха падышоў да Захараўскай, дык убачыў: абапал яе тоўпіцца процьма люду, i яго ўсё большае ды большае. Калі наблізіўся, дык аж здзівіўся: люд абляпіў усю Захараўскую вуліцу — ад блізкай Нова-Маскоўскай i аж туды, куды бачыла вока,— да гасцініц «Гарні», «Вікторыя» i «Лібава», што былі паміж вуліцамі Багадзельнай i Серпухаўскай. Праўда, справа, насупраць кінатэатра «Эдэн», Захараўскую перагарадзілі драўляным плотам, утварыўшы паўкруг.
Муха запыніўся ззаду інтэлігентнай публікі — афіцэраў, чыноўнікаў, важных паноў — i пазнаў сярод яе знаёмага служачага з паштова-тэлеграфнай канторы, што была непадалёку яго цяперашняй кватэры на гэтай жа, Губернатарскай, вуліцы.
Крануў за локаць таго, у службовым шынялі i фуражцы, павітаўся. I хоць ведаў, што значыць гэты натоўп, запытаў:
— Што тут такое, Міхаіл Раманавіч?
— Ды чакаем во высокіх петраградскіх гасцей.
— Каго?
— Пасланцоў Часовага ўрада. Ваеннага i марскога міністра Гучкова i члена Дзяржаўнай думы Шчэпкіна...
Люд заварушыўся, загуў, пачаў падымацца на дыбачкі i намагацца зазірнуць туды, на вуліцу. На ёй паказаўся атрад конных афіцэраў у параднай форме, а за імі ціха каціліся два аўтамабілі. Абапал ix i ззаду таксама была вялікая ахова — конныя афіцэры.
— Дзе Гучкоў? — загудзелі ў натоўпе.— А дзе Шчэпкін?
— У першай машыне. З Эвертам i з Друцка-Сакалінскім.
— У другой — Самойленка i Хржанстоўскі...
Дзе хто сядзіць з высокіх гасцей i тутэйшага ваеннага ды цывільнага начальства, Муха не ўбачыў. З-за людскіх галоў. Публіка ж гула, ляскала ў ладкі, кідала папяровыя кветкі цераз натоўп на вуліцу, пад конскія ногі i аўтамабільныя колы.
Пазней, калі высокія госці з'ехалі i вайскоўцы знялі ачапленне, людзі пачалі разыходзіцца. Муха закрочыў далей па Губернатарскай—да невялікага, светлага, з цемнаватымі дрэвамі скверыка паблізу Саборнай плошчы.
Там, у ачышчаным ужо ад снегу i люду скверы, каля кветніка з горкаю чорнай зямлі (для кветак), чакаў Дзядзя. I сёння ў зношаным паліто i капелюшы. Кіўком галавы адказаў на яго прывітанне.
— Брат Георгі,— адразу ж загаварыў той, назваўшы яго тайнай клічкай.— Трэба пагаварыць.
Павёў па пустой алеі.
— У дзевяць гадзін вечара вы падыдзеце да «Еўропы»,— без ніякіх уступаў пачаў Дзядзя, кіўнуў направа, на гасцініцу,— i ўбачыце каля парадных дзвярэй пана ў паліто, белым шаліку i ў капелюшы. Гэты пан — наш госць, горада не ведае. Хто ён, вам ведаць не мусова. Вы запытаеце: «Цудоўны вечар, ці не праўда?» Калі вам адкажуць: «Бясспрэчна!» i пакажуць вось такі знак (паказаў — які), вы правядзіце гэтага пана на нашу кватэру на Нова-Маскоўскай. Пасля, калі мы пагаворым з паўгадзіны, вы адведзіце госця зноў да гасцініцы. Ясна?
— Ясна,— адказаў Муха.
— Далей. Пра наша, мінскае,— сказаў Дзядзя.— Хоць сёння на дварэ халодная імжа, але сёння ў палітычным асяроддзі будзе горача...
Муха маўчаў, пакорліва слухаў.
— Хто што будзе рабіць альбо што з гэтага выйдзе, я не магу вам сказаць,— прамовіў Дзядзя.— Па-першае, як разумееце, не маю права ўсяго гаварыць, а па-другое, не здолею прадбачыць, што i як атрымаецца...
— Ясна,— адказаў Муха.
— Што ўжо адбылося, вы ведаеце...— прадоўжыў Дзядзя.— Пра тое, што будзе ўвечар, скажу пару слоў. Увечар разгоняць паліцыю, жандармерыю, ахранку, а таксама збярэцца сход «бацькоў горада» i «прагрэсіўнай інтэлігенцыі», на якім паспрабуюць мірным шляхам утварыць тут новую ўладу... Ясна?
— Ясна.
— Пра разгон старога ахоўнага апарату я нічога больш не скажу. Пра ўсе дэталі таго вам ведаць няма ніякай патрэбы. А вось пра сход, што склікаецца, пагаворым...
Муха навастрыўся, напружыўся ў чаканні.
— Сёння ўжо засядала Мінская дума,— сказаў Дзядзя.— Сам Хржанстоўскі выступіў з дакладам. I ён, i прамоўцы шкадавалі, што пала манархія, спачувалі цару... Такое цяпер, канечне, анахранізм. Думаю, увечар на сходзе будзе іншы клімат. Там, канечне, такой дурноты, як у думе, не будзе. Там больш рэальна ацэняць сітуацыю i пастараюцца абачліва, спакойна ўтварыць прававы кіраўнічы орган, верны Часоваму ўраду...
Дзядзя прыпыніўся, пранізліва зірнуў яму ў вочы i пачаў круціць блеклымі пальцамі гузік на яго новым паліто. Муха пазіраў яму ў вочы i які ўжо раз здзіўляўся, што гэты позірк яшчэ страшнейшы за позірк Сінілава з ахранкі — больш глыбінны, цямнейшы i няўлоўны, нібы з апраметнай. Няўжо ад таго, што чалавек мала каму гаворыць, што ведае i думае?
— На гэтым сходзе будуць «прадстаўнікі ад нацыяльных груп»...— ухмыльнуўся Дзядзя, i позірк яго змяніўся, запраменіў нейкай д'ябальскай калючасцю.— Часовы ўрад задумлівае такі-сякі павароцік у нацыянальнай палітыцы. Я пакуль што не ведаю, якая гэта будзе гульня i на колькі. Многае, канечне, будзе значыць i ад таго, што будзе дазваляць новы ўрад, i ад таго, як будуць паводзіцца самі нацыянальныя меншасці... Карацей, сёння на вышэйназванай нарадзе будзеце i вы, «шчырыя беларусы» — Скураны, Шуляк, ваш сябра Васілевіч. Я дабіўся, каб ад імя сваіх землякоў трапілі на нараду i вы, Георгі...
— I што мы павінны там рабіць? — запытаў ён.