— ...Яшчэ многае будзе значыць i ад раптоўнай змены настрою ў Мінску,— дадаў Фрунзе.— Сёння тут было даволі спакойна, a заўтра... I хто ведае, што мы можам пачуць сёння-заўтра з Петраграда...
— Карацей, дружыны трэба прывесці ў гатоўнасць нумар адзін,— сказаў Мяснікоў.— Каб усімі дзесяткамі былі ў зборы, маглі ў любую хвіліну па першаму ж сігналу ўступіць у бой...
— Іншыя думкі ёсць? — зірнуў на ўсіх Фрунзе.
— Не,— сказаў Крывашэін.
За ім паднялі рукі i іншыя.
— Ну, тады ўсё,— прамовіў Фрунзе.— Цяпер давайце пакумекаем, што i як будзем рабіць заўтра, прыкінем, хто што возьме на свае плечы... Толькі давайце гаварыць коратка i ясна. Іначай мая Соня замерзне на дзяжурстве...— I пажартаваў: — Сход сходам, а жонка таксама ж дарагая...
Частка другая
ЗВАНАРЫ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1.
Раніцай другога сакавіка ў Мінску хтосьці пусціў чутку: у сталіцы — пераварот!
Гэтая незвычайная вестка мігам абляцела горад, узбудзіла люд: што іменна i як адбылося ў Петраградзе? Ды ніхто пра тое нічога не ведаў; петраградскія газеты зноў не прыйшлі; мінскія, прыдушаныя ваеннаю цэнзураю, які ўжо дзень замоўчвалі сапраўдныя сталічныя падзеі альбо тлумачылі ix па-свойму, з вернападданніцкім духам. Таму шмат хто ў Мінску палічыў: ат, яшчэ адна людская пагалоска-выдумка! Праўда, ужо ў гэты дзень той-сёй з уласнікаў пачаў абачліва зачыняць крамы i рэстараны.
Апоўдні генералу Эверту пазваніў начальнік Стаўкі генерал Аляксееў i запытаў, ці «гарантуе ён, што Заходні фронт і Мінск будуць супраць бунтаўшчыкоў, падтрымаюць цара i яго ўрад». Пажылы, шасцідзесяцігадовы, няўдачлівы Эверт (ён не набыў вялікай славы ў руска-японскую вайну на пасадзе начальніка штаба дзеючай арміі i няўдала кіраваў наступленнем Заходняга фронту летась (разгубіўся, задумаўся, пацёр пачырванелы i раптоўна павільгатнелы лоб i, як казалі, нават заплюшчыў ад хвалявання вочы. Пасля (як i ўсе галоўнакамандуючыя іншых франтоў) мусіў прызнацца генералу Аляксееву, што цяпер, у такую незразумелую часіну, не можа цалкам ручацца за неспакойны, нават выбуховы фронт i ахвочы да бунту Мінск. Калі ж ён сам запытаў, што значыць гэты дзіўны званок, генерал Аляксееў не то рэзка, не то разгублена адказаў, што i ад яго адказу ўжо сёння, праз гадзіну-другую, «будзе вырашацца лёс самадзержца Мікалая Другога». Калі неўзабаве Эверту зноў пазванілі (але ўжо не генерал Аляксееў, а яго ад'ютант) i сказалі, што цар, уведаўшы думкі камандуючых франтоў, адмовіўся ад трона, генерал доўга не мог апамятацца, да вечара седзьма сядзеў у сваім кабінеце як прывязаны да крэсла. Адно, што ён буркнуў свайму ад'ютанту, гэта было тое, каб ніхто, найперш тэлефанісцкі гурт, не плявузгаў пра пачутае.
Але ўтаіць гэты сакрэт не ўдалося. Тэлефаністкі i штабнікі расказалі пра яго сваім знаёмым, тыя — сваім, i пад вечар увесь штаб фронту, губернатар, земцы, мінская цывільная ўлада, той-сёй з інтэлігенцыі ўжо добра ведалі: сапраўды, у Петраградзе выбухнула рэвалюцыя, цар i манархія палі.
Каб не дапусціць у горадзе бязладдзя, гвалту i рабункаў, Эверт увечар адправіў на мінскія вуліцы кавалерыйскія раз'езды. У асветленым i пад добрым назіркам гарадскім цэнтры ўночы было спакойна, а вось на цёмных ускраінах (зусім не ад рэвалюцыйнай весткі) мінскія грабежнікі абрабавалі некалькі лавак, пры гэтым пакалечыўшы гаспадара i двух вартаўнікоў...
2.
Трэцяга сакавіка лаўкі, крамы, рэстараны, кінатэатры ў Мінску не адчыніліся. Але горад ажыў. У цэнтры — каля Аляксандраўскага сквера, на Саборнай плошчы, каля Петрапаўлаўскай царквы i ў іншых мясцінах — пачалі збірацца людскія натоўпы.
Да ix падыходзілі выпадковыя прахожыя, салдаты. У кожным гурце знаходзіўся незнаемы ўсім чалавек, які ўсё ведаў i расказваў пра апошнія петраградскія падзеі смела, натхняючы слухачоў на бунтоўны настрой; сям-там расказ, рэплікі перарасталі ў большае —у мітынгі. Праўда, мітынгоўцаў слухалі па-рознаму: у адным месцы тых, хто вітаў царскае падзенне, хвалілі, a ў іншым — выслухоўвалі моўчкі, а то нават i асуджалі. Адпаведна, i тых, хто вырываўся бараніць цара i яго ўрад, сустракалі неаднолькава: дзе спачувалі, падтрымлівалі, а дзе з абурэннем перапынялі.
Калі ішоў на працу, Васілевіч прымкнуў да натоўпу каля прыгожага касцёла Сымона i Алены.
Тут, на камені, узвышаўся i гаварыў невядомы яму малады чорнавалосы юнак у студэнцкай куртцы.
— Грамадзяне! — яшчэ не зусім па-мужчынску амацнелым голасам пафасна ўсклікаў ён.— Самадзяржаўе прагніло, цар i яго сям'я выраджаюцца, Расія знемагла ад багацця, распусты жменькі дармаедаў i ад галечы, пакут усяго расійскага народа...
Запыніўшыся ззаду пажылога мужчыны ў паношаным паліто i капелюшы i сама прыслухаўшыся, Васілевіч міжволі азірнуўся: па Захараўскай вуліцы з цэнтра каціўся аўтамабіль.
Засігналіўшы, машына запынілася амаль каля самага Васілевіча. З яе шпарка выскачыў малады шафёр i з гэтага боку адчыніў дзверцы. З машыны даволі марудна вылез, як здалося Васілевічу, пажылаваты, сярэдняга росту мужчына ў чорным паліто з каракулевым каўняром i ў каракулевай папасе. Вочы яго былі стомленыя, а над імі глыбеліся цёмныя, сям-там навіслыя пляміны. Ці п'е, ці не спаў усю ноч, падумалася Васілевічу.
Пачуўшы сігнал, натоўп перастаў слухаць прамоўцу i павярнуўся — да прыезджага, відаць, высокапастаўленага чыноўніка.
— Добры дзень, шаноўная публіка! — той падняў правую руку, дзе былі згорнутыя чорныя пальчаткі.
I калі сёй-той адказаў i даволі задзірліва («Здарова!», «Здароў быў!»), прыезджы з асцярогай акінуў ix усіх позіркам, чамусьці найболей упіваючыся ў найбліжэйшага Васілевіча.
— Панове! Грамадзяне! — сказаў досыць тучна.— Я — старшыня Мінскай губеранскай земскай управы i Ваенна-прамысловага камітэта Самойленка. Я пацвярджаю чутку, што ўжо ўчора, а сёння з раніцы яшчэ больш узбудзіла горад: так, Мікалай Другі адмовіўся ад трона. Гэта — вялікая гістарычная падзея! Але вялікія падзеі ўскладаюць на нас усіх i вялікія абавязкі. У краіне, a ў нас найперш, павінен захоўвацца лад, рэвалюцыя павінна развівацца мірна...
— Але пад вашу дудку, пан кадэт! — перапыніў юнак-прамоўца. Зноў палова гурту азірнулася на яго.
— Мы робім i будзем рабіць усё, каб было як мага найлепей Айчыне, народу,— прамовіў Самойленка.
Ясна, з-за чаго ў яго стомленасць, а заадно i дакор у вачах, падумаў Васілевіч. Канечне ж, перажывае за крах таго, каму служыў верна. Ды i баіцца, каб Мінск не ўспыхнуў, як порах.
— Словаблуддзе! — выкрыкнуў юнак,— Народу патрэбны справы, а не словы! Народ павінен сам рашадь свой лёс.