Замаўчаў. Прыкусіў ніжнюю губу. Нават ведаючы больш за астатніх, нялёгка было ўсё як след ацаніць, тым больш што ў цяперашняй сітуацыі ўзніклі i досыць своеасаблівыя моманты.
— Што такое кампраміс Саветаў, Міхаіл Аляксандравіч? — запытаў Крывашэін.
— Па-першае, Савет згаджаецца ўтварыць Часовы ўрад (а ў яго, канечне, увойдзе буйная буржуазія), па-другое, яны разам рыхтуюць сумесную дэкларацыю, якую павінны аб'явіць сёння-заўтра...
— А чаму Савет сам не фармуе рэвалюцыйна-дэмакратычны ўрад? — падаў голас звычайна стрыманы Фамін.
— «Вышэйшая палітыка!» — развёў рукі Фрунзе.— Старшыня Савета Чхеідзе i яго калегі лічаць: яны не ўтрымаюцца, не навядуць ладу. Справяцца якраз моцныя свету гэтага. Савет бярэ на сябе функ-цыю кантролю за новым урадам...
— Гэты кантроль будзе толькі да таго часу, пакуль салдат не загоняць у казармы i адбяруць зброю...— прамовіў Фамін.
— Я хоць i больш за вас сёння ведаю, але не менш многага не разумею...— прызнаўся Фрунзе, хітаючы галавою.— Зусім не такога чакаў ад Савета...
— Ну, а што нам раіць сувязная? — запытаў Кнорын.
— Сабраць нашы сілы, расказаць ім пра ўсё, падтрымаць Петраградскі Савет i пачаць тут утвараць кааліцыйны Савет...
— Значыць, мы павінны пасаюзіцца з меншавікамі i эсэрамі?
— I з бундаўцамі...— дадаў Мяснікоў.
— А як гэта мы будзем усім тлумачыць?
— Паўтараю, выйшла так, што ў цяперашняй, не зусім спрыяльнай для нас, сітуацыі руль захапілі меншавікі i эсэры. Якраз яны сталі лідэрамі Петраградскага Савета,— Фрунзе пачаў не толькі пераказваць тое, што сёння сказалі яму, але i разважаць уголас, хоць, прызнацца, не ўсё разумеў, як таго хацела петраградская сувязная.— Дык што нам рабіць? Адысці ўбок? Выступіць супраць усіх? Відаць, усё ж будзе разумней шукаць — асабліва з нашымі меншавікамі i з бундаўцамі — калі не згоды, дык хоць кампрамісу. Нам раяць аб'яднацца...
— Я, скажу шчыра, не зусім уяўляю наш саюз...— паціснуў плячыма Мяснікоў.— Усё ж мы, меншавікі ды бундаўцы — розны люд... А па-другое, нам было б нашмат лягчэй без саюзнікаў...
— Давайце тут, вось цяпер дамаўляцца,— сказаў Фрунзе.— Цяпер мы можам разважаць, нават спрачацца да ахрыпласці, але заўтра на наш пашыраны сход, дзе будуць i маладасведчаныя, i не такія інтэлектуальныя таварышы, мы павінны вынесці не наша недаўменне альбо палеміку, а ясную пазіцыю. Тым больш што ў Мінску мы мацнейшыя па інтэлекце за меншавікоў i эсэраў, дык павінны i абагнаць ix ва ўсім, ісці якраз пад нашым сцягам...
— Лагічна рабіць тое, што раяць нам са сталіцы,— урэшце падаў свой голас Магілеўскі. Праўда, цяпер без жарту, хоць звычайна ён перасмешнік адмысловы.
— А заадно трэба некаму з нас з'ездзіць у Петраград i выясніць усё добра ў ЦК,— урэшце азваўся i Ландар.— Я раю паслаць Магілеўскага альбо непрысутнага тут Дзмітрыева. Яны добра ведаюць там усе хады.
— Як, таварышы? — акінуў усіх позіркам Фрунзе.— Збіраем заўтра пашыраны сход бальшавікоў? Заяўляем ім пра падтрымку Петраградскага Савета? Заклікаем да аб'яднання з меншавікамі i бундаўцамі? Заўтра ж пачнём рыхтаваць глебу, каб утварыць Савет земскіх устаноў i прадпрыемстваў на Заходнім фронце i Савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў у Мінску?
Усе замоўклі. Няпроста ўсё было. Але сёння Фрунзе не настойваў на жалезнай дысцыпліне, аднагалоссі, нават хацеў, каб было болей палемікі. Трэба было ж не толькі ведаць сапраўдныя думкі блізкіх людзей, але i з розных сцяжын да мэты выбраць найбольш патрэбныя.
— Думаю, поўнага «сожительства» з меншавікамі i бундаўцамі ў нас не выйдзе,— сказаў ён яшчэ пра тое, што найбольш усіх турбавала.— Кажу ж, будзем «саюзіцца», але заадно i гнуць сваё... Дык я за гэтыя пункты...— i падняў руку.
Услед за ім паднялі рукі i астатнія.
— I яшчэ адна закавыка, сябры, пра якую мы павінны мець ясны погляд сёння i далажыць заўтра,— Фрунзе адкінуўся i абвёў усіх учэпістым позіркам.— У Петраградзе паўстанцы раззброілі паліцыю, разагналі жандармерыю, спалілі ахоўнае аддзяленне, дзе былі палітычныя справы i нашых таварышаў, утварылі атрады народнай міліцыі... Што нам рабіць на гэты конт тут?
Зноў усе замаўчалі. Цяжкае было гэтае яго запытанне.
— Неразумна марудзіць альбо сядзець як мыш пад венікам, але небяспечна i паспяшаць, наляцець вераб'ём на каршуна...— прамовіў Ландар.
Усе адначасна ўсміхнуліся. З такой вось мудрагелістай парады.
— Ты не Карл, а мой цёзка, Саламон! — хітнуў галавою Магілеўскі.
— А ты што параіш? — пачырванеў Ландар.— Альбо якую мудрую думку свайго цёзкі можаш успомніць?
— Мой цёзка Саламон...
— Хлопцы,— перапыніў Мяснікоў, зірнуў на гадзіннік,— ужо трэцяя гадзіна...
— Не забывайма,— Ландар пачаў загінаць пальцы.— Тут паблізу фронт, амаль два мільёны штыкоў, дык Эверт «лішняга» не дазволіць; мінскі люд i мінскі гарнізон не такія актыўныя i рэвалюцыйныя, як у Петраградзе; сілы нашых баявых дружын невялікія; многае будзе значыць ад таго, што будзе сказана пра паліцыю ў сумеснай дэкларацыі Часовага ўрада i Савета...— таксама, як i Кнорын, крышку з прыбалтыйскім акцэнтам пачаў тлумачыць сваю нядаўнюю перасцярогу Ландар.