Першая ўладкавалася нанач Соня. Калі неўзабаве зайшоў у спальню i Міхайлаў, яна ляжала ўжо ў цемені на белай падушцы i пад пухавіком.
— Як усё дзіўна i неверагодна, Міша! — прамовіла яго госця, калі нырнуў пад коўдру, пачаў саграваць пасцель i ён.
— Што, Соня?
— Мая паездка, лічы, праз усю Расію, Масква, гэты далёкі, прыфрантавы, а цяпер такі блізкі Мінск, гаспадары... Як дзіўна, да слова, яны гавораць! Я то штосьці разумела, то амаль нічога...
— Яны размаўляюць па-мясцоваму, па-беларуску.
— Ты, бачу, добра ix разумееш.
— Прывык ужо. I ты прывыкнеш хутка, бо тут чыноўнікі размаўляюць па-руску, інтэлігенцыя — яшчэ i па-польску альбо па-беларуску, а просты люд — лічы, толькі па-свойму. A вёскі, апроч жменькі верхняга слою, суцэльна беларускія... Некалі гэтыя беларусы былі адукаваны i культурны народ, займалі пачэснае месца ў супольнай з літоўцамі дзяржаве, але пазней польскія каралі ды нашы цары адзічылі ix... Але i цяпер гэта не суцэльна цёмны, дзікі натоўп, як пра ix часта пішуць. Яны — адмысловыя гаспадары, ад прыроды спакойныя, паважныя i гасцінныя людзі. Цяпер трымаюць на сваіх плячах цэлы фронт...
— Ты i на фронце бываеш? — запытала Соня. Высунула з-пад коўдры галаву i пазірала на яго.
— Па абавязках земскага службоўца...
— Ясна...— усміхнулася. А пасля, пасунуўшыся на край ложка i падклаўшы пад шчаку далонь, папрасіла: — Раскажы, Міша, як ты тут жывеш. Ты так мала пра сябе мне раней расказваў. А тое, што расказваў, відаць, найбольш легенда, усё для канспірацыі.
— Дык з чаго пачаць? Са сваёй калыскі?
— Давай са сваёй калыскі.
— Я, Соня, з Пішпека, з далёкага Туркестана. Маці мая — руская сялянка, а бацька — малдаванін, «яўрэй», як многія лічылі ў Пішпеку, Фрунзэ, альбо Фрунзе...
— Пачакай! — яна ўсхапілася, села, бялеючыся ў цемені белай кашуляй,— Дык ты, можа, той Фрунзе, якога ў свой час прыгаворвалі да пакарання смерцю i якога ратавалі вядомыя людзі?
— Можа, i той...
— Дык колькі ж табе было тады гадоў?! — здзівілася.
— Яшчэ не шмат, Соня. Быў тады зусім малады, прыгожы, дзёрзкі — не тое што цяпер...— пажартаваў.
— Вунь яно што! Дык ты — Фрунзе! Пакутнік-герой, пра якога так з павагай гаварылі ссыльныя i ў нашай далёкай Чыце!
— Які я герой?! Я — летуценнік, які ў юнацтве марыў стаць генералам, ды яшчэ свавольнік. Хоць, як гаварыў адзін мой знаёмы, лепш свавольнік, чым дурань альбо прыстасаванец... Там, у Туркестане, я скончыў гімназію, «обжег» розум марксізмам, адчуў «неосознанное буйство молодой крови», там, як i кожнае новае пакаленне, рана задумауся: як жыць? Што рабіць? Якія мае ідэалы, мэты? Але ясны адказ на гэта знайшоў у 1904-м у Пецярбургу, у політэхнічным інстытуце...
— Сустрэўся, пагаварыў з прафесійнымі рэвалюцыянерамі i пайшоў з імі...— здагадалася, падказала Соня. Легла, паклала шчаку на складзеныя рукі.— Так?
— Ты нібы чытаеш мае думкі...
— Ды па бацьку сваім ведаю, як i дзеля чаго становяцца прафесійнымі рэвалюцыянерамі...
— Вучоба давалася легка, i я мог бы стаць, як кажуць, чалавекам — мець прафесію, месца пад сонцам, добрую лусту з тоўстым слоем масла i з кілбасою. Змоладу тлусцеў бы, часамі крыху i ліберальнічаючы. Адным словам, быць «як i ўсе...».
— Не ўяўляю цябе такім хамячком!
— Я i сам не мог уявіць сябе гэткім Іонычам. A калі пазнаёміўся з таварышамі з РСДРП (б), паслухаў ix — дык, як ты кажаш, рашыў адразу ж: пайду толькі з імі. Уступіў у тайны студэнцкі i рабочы гурток, пачаў, як умеў, агітаваць... 9 студзеня 1905-га, у сумна вядомую Крывавую нядзелю, разам з пецярбургскім рабочым людам меў першае баявое хрышчэнне...
На міг ён задумаўся: казаць ці не казаць, што быў тады, пры спробе стрымаць звярэлую салдатню i паліцыю, паранены?
«Мусіць, не варта гаварыць ёй такое,— рашыў.— Усё ж яна жанчына. Не трэба яе пужаць».
— З інстытута, само па сабе зразумела, мне прыйшлося пайсці. І я падаўся агітаваць па краіне. Спачатку быў у Маскве, рабіў усё, што давяралі, а потым пад клічкай Трыфанавіч мяне паслалі ў Іванава-Вазнясенск. Даручылі ўтварыць там тайны гурток, глыбей асвоіць самому i вучыць рабочых марксізму, а таксама папрактыкаваць для партыі некаторыя формы барацьбы — праз Савет рабочых дэпутатаў i рабочыя баявыя дружыны... Калі села на хвост ахранка, дык пад клічкай Арсень перабраўся ў Шую, дзе мы ўтварылі, як з гонарам называлі, універсітэт альбо акадэмію. Вывучалі марксізм, прыдбалі друкарню, згуртавалі рабочыя баявыя «дзесяткі», сваю міліцыю — карацей, баявое ядро паўстанцаў. Мітынгавалі, дабіваліся для рабочых большых праў i лепшага жыцця. Як i трэба было чакаць, хутка трапіў у турму...
Замаўчаў.
«Не варта расказваць i пра тое, што казакі цягнулі мяне на аркане, як дзікага каня. Я не паспяваў бегчы, зачапіўся — дык саскочыла рэпка... Там, у Чыце, калі аднойчы папытала, чаму падкульгваю, сказаў: маю выпадковы вывіх...»