— Усё? — ухмыльнуўся Лідскі, i ў вачах яго бліснулі нядобрыя агеньчыкі. Можа, i ад усіх гэтых яго пытанняў.
— A хіба гэтага мала?
— Не, не мала,— згадзіўся Лідскі. А пасля ўздыхнуў.— Аднак i смецце ж яшчэ ў тваіх мазгах! Заўсёды былі, ёсць такія, хто альбо не разумее нас, альбо спрабуе ашальмаваць нашу ідэю... Успомні i яшчэ адзін літаратурны твор, «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага. Там вуснамі Вялікага інквізітара добра расказана, які гэта велізарны цяжар — ведаць, захоўваць тайну светастварэння i будучага яго ўладкавання, тайну пазнання чалавечай душы, абчалавечваць натоўп, часамі i манячы яму... Дзеля яго ж!
Муха змаўчаў— рашыў паслухаць, што i як яму адкажа Лідскі.
— Канечне, вельмі цяжка ўдасканальвацца...— аднак той перавёў гамонку на іншае.— Нялёгка адмаўляцца ад усякіх спакус i страсцей — ад грошай, гарэлкі, пралюбадзейства, зайздрасці, кар'ерызму, пагоні за славаю... Аднак калі ты шчыра хочаш, каб усё чалавецтва змянілася, удасканалілася, дык пачні гэтае перавыхаванне з сябе!
«Спрытны! — усміхнуўся сам сабе Муха,— Хіцер Зміцер, але i Саўка не дурны!»
— А якое жыццё без спакус i страсцей? — на іншае перавёў гамонку i Муха. Каб перакінуць кладку праз прорву, што ўзнікала між імі.— Без чаркі, без жанчын, без уцех i эмоцый? Гэта шчасце ці бяда некаторых рэвалюцыянераў, якія, як пісаў Герцэн, жывуць аскетамі i намагаюцца ўсім з а г а д а ц ь свае погляды?!
— Не блюзнернічай, Васіль,— адчуўшы яго хітры ход, паружовеў Лідскі i пачаў ужо наступаць: — Адказвай: асмельваешся адмовіцца ад свайго ранейшага грэшнага жыцця i ўступіць у новае, высакароднае? Хочаш не толькі трапіць у выбраныя, але i ведаць, што i для чаго робіцца ў Расіі, у свеце? Жадаеш памагаць будаваць дабрачынны храм? Калі баішся ці не зможаш змяніцца, дык лічы: мы з табой сёння не гаварылі. Калі верыш у свае сілы, здолееш пераўвасобіцца, дык магу быць тваім паручальным...
...Праз дзень Лідскі прывіёў Муху ў адзін з пецярбургскіх прыстойных дамоў.
З хваляваннем ён зайшоў у першы, цемнаваты, пакой, дзе яны павесілі свае плашчы i капелюшы, пераходзіў у другі, таксама ca скупым святлом, дзе ix сустрэў чалавек у своеасаблівым уборы («Нібы арганісты»,— падумалася Муху) i дзе яму завязалі вочы мяккім мужчынскім кашнэ. Калі завузлівалі канцы на патыліцы, дык i яму, як некалі ў такой жа сітуацыі П'еру Бязухаву, ублыталі ў вузел i балюча нацягнулі валасы.
Пасля яго завялі за руку ў другі пакой. Там ён адзін пастаяў у апраметнай цемры, як i перасцерагаў Лідскі. Трэба было «падумаць пра сэнс свайго жыцця i пра патрэбу перамены яго ладу». Затым па ўмоўным стуку вызваліў вочы ад цёмнай павязкі i пры маленечкім агеньчыку свечачкі пабыў ля стала з чэрапам i Бібліяй, ля труны з чалавечымі касцямі, «ачысціўся», нават «памёр». Пазней адказаў на пытанні незнаёмцу, згадзіўся ўступіць у т а й н ы д а б р а ч ы н н ы с а ю з, адбыў асобныя, першыя, пасвячэнні i зноў з завязанымі вачыма трапіў яшчэ ў адзін пакой, дзе нібы сонны, нібы наяву («Што я раблю? — думаў.— Гуляю, забаўляюся дзіцячымі гульнямі ці здаю сур'ёзны экзамен?») расказаў нябачным людзям пра сябе, даў клятву на вернасць, прайшоў новыя абрады, пасля ўбачыў «малое» i «вялікае» святло — яму адзін i другі раз адвязвалі, накідалі, зноў прыбіралі кашнэ i спачатку пры цьмяным, а пасля i пры ясным святле паказалі, хто i што тут, у гэтым пакоі.
Ён убачыў перад сабой доўгі, накрыты зялёным сукном стол, а за ім — гурт звычайных пажылых i маладых, лысых i кучаравых мужчын у белых, здаецца, скураных фартухах, a ўперадзе стала, на старшынёўскім месцы, важна сядзеў пажылы сівы прыгажун у іншым, чым астатнія, уборы i з малатком у руцэ.
«Вось яны — выбраныя! — падумаў са здзіўленнем.— I вось што значыць паэтычны заклік «да волі», «да святла!».
Стаяў уражаны, ніякаваты i пазіраў на эліту, да якой трапіў так нечакана. Мужчыны ж азіралі яго насуплена, нават строга.
Убачыў: на адным баку стала ляжыць дыванок з незвычайнымі, найбольш з будаўнічага ўжытку, узорамі, на другім — белы чэрап i кніга. Насупраць, у сцяне, зіхацела электрычная, здаецца, шасціканцовая зорка.
Калі ён асвойтаўся сярод незнаемых людзей i новага для сябе асяроддзя (усё гэта было нібы не на зямлі, а на казачным Алімпе), прайшоў астатнія рытуалы. Пасля на яго начапілі белы фартух, пазнаёмілі, што значаць знакі на дыване — сонца, месяц, малаток, цыркуль, адвес, рыдлёўка, дзікі i кубічны камень, калоны,— пасадзілі, i яго праэкзаменаваў старшыня.
Старшыня, здаецца, быў задаволены, што ён адказваў стройна, як i вучыў Лідскі. I ўсе астатнія памякчэлі.
— Мушу дадаць, што наша работа цягнецца ад нараджэння (з часу ўступлення ў наш саюз) i да смерці,— сказаў пасля старшыня. Ад гэтай яго перасцярогі аж прабеглі мурашкі па спіне.— Калі захочаце па нейкіх прычынах пакінуць нас, дык гэта можна. Але i тады вы ўсё роўна павінны захоўваць нашу тайну. Раней, у сярэдневякоўе, кандыдату пагражалі забойствам, калі ён парушыць клятву. Вам як чалавеку гонару няма патрэбы пагражаць, аднак, помніце заўсёды, традыцый нашых мы не парушаем...
Пасля той прачытаў яму статус саюза, з якога ён тады найбольш запомніў тое, што кожнаму трэба быць у пакорлівым паслушэнстве, рабіць усё, што даручаць старшыя.
Затым Муха даў апошнюю клятву.
«...Я даклярую, што не буду запісваць, ні слова не апублікую пра нашыя сакрэты i не дазволю, каб гэта рабілі іншыя пры мне, каб па маёй віне не стала вядома наша тайнае мастацтва i тайныя містэрыі. Даклярую любіць братоў, найперш ix падтрымліваць рублём i словам, памагаць ім ва ўсім i на карысць ордэну аддаць апошнюю кроплю крыві...»
Урэшце яго пазнаёмілі з тайнымі знакамі, жэстамі i паролямі яго ступені (каб мог у Пецярбурзе, у Вільні, нават i за мяжой пазнаць сваіх), далі яму новае імя i прозвішча, а таксама паказалі тайны шыфр для перапіскі.
Калі вярнуўся ў Вільню, яго самі знайшлі віленскія браты. Спачатку ён быў радавы ў адной з іхніх ячэек, мала што значыў, слухаў ды назіраў, пра што гаворыць віленская інтэлігенцыя, дакладаў пра гэта на сваіх зборнях, а пазней, ужо ў Мінску, пачаў расці, дайшоў да Дзядзі. У апошні час Муха «апекаваў» тутэйшую творчую інтэлігенцыю.
Гэта — яшчэ не ўс'ё з тых вялікіх тайн, што Муха насіў глыбока ў душы. Яшчэ з Вільні цягнулася яго повязь з ахранкаю — ён, як жартуюць, «працаваў аж на тры разведкі».
...Цяпер, позняй ужо ноччу, чамусьці збаяўшыся ўсяго свету, свайго жыцця, смерці, Муха цяжка ўздыхнуў i перавярнуўся на другі бок. Ды сон усё роўна не ішоў.
«Даб'юцца чаго нашы ў Петраградзе альбо не? — падумаў,— Што чакае ix, нас тут — перамога альбо Сібір?»
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1.
Васілевіч i сёння прачнуўся на досвітку.
Крыху пачакаў, калі само па сабе пасвятлее ў невялікім, з адным акном пакоі (каб не запальваць лямпы i не траціць апошняй газы), а пасля ціхенька падняўся са свайго даўно ўжо неадлучнага матраца, які i тут, у Мінску, рассцілаў нанач на падлозе, i неўзабаве сеў за стол. За сённяшнюю раніцу хацеў закончыць новае апавяданне i, можа, нават накідаць план новага гісторыка-этнаграфічнага нарыса па культуры Беларусі дванаццатага стагоддзя. Пра ранейшыя, дзевятае — адзінаццатае, стагоддзі напісаў ужо тое-сёе.