Цяпер, пішучы, адчуў: прачнулася i Таня, але ляжыць ціха. Каб не заміпаць яму i не пабудзіць дзяцей (старэйшы сын i большая дачка спалі на змайстраваным ім палочку, серадольшая дачка — з Таняю, а малодшы сын — у калысцы-люляйцы, падвешанай да столі, над яго штоночным лежбішчам). Л заадно, канечне, Таня разважала-гадала, што даць сёння на сняданак. Выйшлі грошы (нават тыя, што Сямён пазычыў у Мухі), скончыліся харчы. Засталося толькі па жменьцы круп i макаронаў ды пару сухароў. Што мелі вартага з адзення альбо пасуды, усё ўжо выменялі на рынку на яду за гэтую халодную зіму (a ў вайну, як ужо ўпэўніўся i сам, зімы не толькі халодныя, але i галодныя, ярыя на хваробы).
Неўзабаве Таня не выцерпела ляжаць i, як пачуў, а заадно i ўбачыў краем вока, узяла з біла i накінула на худыя плечы паношаны, выцвілы халат, апусціла долу тонкія погі i пачала расчэсваць доўгія, некалі чарнявыя, а цяпер пасівелыя валасы. Па тым, што раз-пораз цяжка ўздыхала i тут жа ўтаймоўвала дыханне, а пасля моўчкі, не павітаўшыся, выйшла з пакоя, зразумеў: i сёння не задаволеная, што ён піша («слепіць вочы ды марнуе паперу», як лічыла), а не гаспадарыць, як умее, да слова, глядзець сям'ю гаспадар Сапукевіч — рабочы мінскай ваеннай майстэрні. Яму ж i цяпер жончынае незадавальненне паддавала абурэння, злосці — i ў такія хвіліны ўзбуджэння пісаў надзіва лёгка i, здаецца, складна.
Пазней, калі дробненькім i крываватым почыркам спісаў не адну старонку, душой адчуў: прайшло ўжо гадзіны са тры, дык час ісці на працу. Пра гэта напомніў i голад — так захацелася есці, аж забалеў жывот.
«Паснедаю, а заадно i паабедаю ў вайскоўцаў»,— падумаў, пакідаючы пісьмовы стол: сёння павінен быў з раніцы ехаць па клопатах статыстычнага камітэта ў Грэнадзёрскі корпус Другой арміі Заходняга фронту.
— Садзіся, перакусі,— ужо спачувальна сказала яму Таня на цеснай (адной на дзве сям'і) кухні, калі забег туды, каб хоць шклянкай вады абхітрыць жывот i перабіць голад.
Як падняў вочы на жонку — кволую, з вытырклымі, вострымі лапаткамі на спіне, сагнутую, зморшчаную, заўсёды сумную,— дык адразу адпалі крыўда i злосць, а нагарнулася спагада i нават шкадоба: некалі выратаваў яе ад смерці, узяў з дзіцем, але ні ёй, ні сабе шчасця не здабыў. Як была галетніца, такой i засталася. I яшчэ горай— адно аднаго не пакахалі, толькі прыцерліся душа да душы i жывуць разам дзеля дзяцей — калі мусіў уцякаць у свой час з Вільні ў Мінск, думаў заадно i абарваць усе свае пакуты, пакінуць яе. Але не змог. Пашкадаваў. Яна ж, як i кожная кабета з такім лёсам, здалася, нават скарылася сваёй долі, але насіла ў душы ўспыхі гневу, папрокі, жаночую помслівасць. Каб не баялася, што пакіне яе з дзецьмі, то была б болей агрэсіўная.
Ён моўчкі сеў за гаспадароў, накрыты белым, у шэрыя клетачкі, настольнікам стол, а Таня падала яму кубак гарбаты (без цукру) i два скрылікі нацёртага часнаком i высушанага чорнага хлеба.
— Дзякую,— прамовіў, стараючыся не пазіраць на яе тонкія, з выпуклымі сінімі жыламі рукі.— Затрымалі ў гэтым месяцы паёк, дык вось i цяжка... Пазычу сёння яшчэ ў Мухі, дык заўтра купім бульбы, селядцоў.
Яна не абзыўнулася, толькі, нібы не верачы, жаласна перасмыкнула бяскроўнымі вуснамі i перабівіста ўздыхнула. Гэтак жа, не пазіраючы адно на аднаго ды не прытуліўшыся, i разышліся. Цалаваліся яны рэдка, як кажуць, рады ў гады.
— Ну, я пайшоў. Вярнуся позна,— буркнуў на адыход.
На дварэ пачуў палёгку. Можа, i ад светлай, марознай, з маладым чырвоным сонцам раніцы, можа, i ад таго, што вырваўся нібы з цёмнай i ўдушлівай нары, апынуўся сам-насам i ў хуткім руху. У сумныя альбо пакутлівыя хвіліны любіў быць адзін i ехаць, ісці-брысці хоць на край свету. Цяпер нават не падакараў сябе, што не сказаў цёплага слова Тані, не суцешыў i не прылашчыў, хоць ёй, можа, не стала б лягчэй. Шпарка крочыў, прагнуў усяго новага.
«Не, Сямён. Ты не муж, не бацька...— гаварыла яму не раз Таня.— Табе не трэба было шкадаваць мяне, жаніцца. Ты не ўмееш жыць для сям'і. Ты жывеш для нечага іншага. Ты мучышся сам i мучыш усіх, хто ля цябе. Ты ніколі не будзеш шчаслівы сам i нікому шчасця не прынясеш. Такая ўжо твая няшчасная планіда...»
«Планіда-планіда! — аж зазлаваў прыспешваючы крок.— А як жыць іначай?»
Блізкая Курасоўшчына, мінскія ўскраіны былі ўжо ажылыя: з комінаў цесна прылепленых адна да адной драўляных хат ляніва падымаліся ўгору дымы, вакол чуліся людскі тупат i гоман, рыпы калодзежных жураўлёў, віск галодных свіней —усе тыя явы i гукі, што неад'емныя ад гэтай, вясковай, часткі горада. Злева, воддаль, узбуджаўся i цагляны горад — дымеў, гуў, піпікаў, падаваў заводскія гудкі.
Калі па сваім завулку прышыбаваў на Малагеоргіеўскую вуліцу i ў глыбіні панадворка ўбачыў знаёмы невысокі, накрыты чарапіцай, з парасхілянымі аканіцамі драўляны дом, а за ім — садок, студню, дык міжволі запыніў крок i ўталопіўся позіркам на крайняе акно. У гэтым доме жыве Змітрок Бядуля з сёстрамі, a ў пакоі, на акно якога ён пазіраў, кватаруе Максім Багдановіч. Васілевіч часта, асабліва па нядзелях, сюды заходзіць, каб пагаманіць з творцамі.
Цяпер Васілевіч пазіраў на невялікае акно, на шыльдачку з нумарам 12 з асаблівым пачуццём: сёння тут яшчэ ёсць Максім Багдановіч, але ўвечар яго тут ужо не ўбачыш. Хворы паэт мусіць ехаць на поўдзень.
Багдановіч сядзеў каля акна — былі відаць яго схіленая галава з капой адгэтуль, воддаль, цёмных валасоў, а таксама плечукі з накінутай на ix студэнцкай цёмнай (а на самай справе зялёнай) курткай. Ці пачуў яго рыпучыя на марозе крокі, ці адчуў учэпісты позірк, дык падняў галаву i зірнуў сюды, на вуліцу. Усміхнуўся, махнуў рукой. Сямён памахаў у адказ, але не запыніўся, не звярнуў, каб зайсці ў кватэру. Не варта замінаць, няхай пабудзе адзін, хоць крыху яшчэ папіша ў дзень развітання з роднаю зямлёй. Убачацца пад вечар. У «Беларускай хатцы».
Васілевіч адыходзіў ад знаёмай гасціннай хаты, a ў душы рос, мацнеў ужо іншы боль — па Багдановічу. Той вельмі хворы, яму мусова трэба ехаць да цяпла i лячыцца, але гэты ад'езд тужлівы. Цяпер усе з тутэйшай інтэлігенцыі хінуцца, горнуцца да Максіма i яго паэзіі, як імкнецца ўночы да агеньчыка змардаваны падарожны, а вось хутка, ужо заўтра, гэтага ваблівага цяпельца тут не будзе.
Васілевіч, лічы, бег — у парыве невясёлага настрою. Сёння яго ўвагу не закрануў знаёмы назойлівы, стракатлівы гул. Той гучнеў i набліжаўся з баранавіцкага боку. Праўда, неўзабаве Васілевіч не вытрываў i зірнуў угору ca злосцю: у блеклаблакітнаватым, з рэдкімі вадзяніста-белымі, падружоўленымі воблачкамі небе ляцеў цёмны жалезны каршун — аэраплан.
Нямецкія аэрапланы заяўляліся над прыфрантавым Мінскам кожны дзень, найчасцей раніцай, i да гэтага ўсе ўжо прывыклі. Аэрапланы прыляталі ў разведку альбо часамі нават i бамбілі — імкнуліся пашкодзіць ваенныя заводы, майстэрні, склады, вакзалы ці электрастанцыю.
Сёння пагрозная жалезная птушка-госця не даляцела нават да Малагеоргіеўскай вуліцы: з засцянковых садоў затахталі схаваныя i дагэтуль прытоеныя зеніткі. У небе пачалі ўспыхваць агеньчыкі i заяўляцца клубы сіняга, з ружовым подсветам ад сонца дыму. Л'ётчык, убачыўшы разрывы снарадаў, павярнуў аэраплан, скінуў на самым канцы горада — можа, i на поплаве — бомбы і, ратуючыся, паспешна ўцёк.
«Цяцеры! Не збілі!» — загневаўся Васілевіч на зенітчыкаў. Нібы якраз гэты аэраплан быў вінаваты ва ўсіх бедах i няшчасцях. У яго i знаёмых яму людзей.
«Праклятая вайна! — ішоў i гарэў ад гневу, болю.— Хутка ўжо тысячу дзён мучыш, губіш свет...»
2.
Пад абед Васілевіч выйшаў з цягніка на невялікай станцыі Пагарэльцы Аляксандраўскай чыгункі, непадалёку фронту, пад Баранавічамі.
На расчышчаным ад снегу, шчодра аблашчаным сонцам, цёплым тупкім пероне яго, як i іншых пасажыраў, сустрэў вайсковы патруль, праверыў дакументы, а на станцыі ваенная камендатура дала яму часовы пропуск, каб яго пусцілі туды, дзе стаялі першая i другая дывізіі патрэбнага Грэнадзёрскага корпуса. Праўда, сёння i тут адчуліся петраградскія «чрезвычайные обстоятельства»: яго старанна абмацалі з ног да галавы, шукаючы крамольных папер. Капітан, які аддаваў загад фельдфебелю абшукаць, так i запытаў: «Подстрекательских бумаг, листовок, воззваний не везете?» Праўда, знаёмы пісар, выпісваючы пропуск, зычліва падказаў, што можна пад'ехаць — на аўтамабілі палкоўніка ca штаба корпуса.
Гэты аўтамабіль стаяў за старой i пахіленай драўлянай агароджай станцыі, паблізу ўзброенага вартавога. За рулём ваеннага легкавіка сядзеў малады, з заліхвацкімі вусікамі прапаршчык i чытаў тоўстую, абгорнутую газетай кнігу. На Васілевіча зірнуў пагардліва, буркнуў, што ўзяць пасажырам без дазволу не можа. Яго ж начальнік, пажылы, арыстакратычнага выгляду палкоўнік, заявіўся тут не хутка, калі Васілевіч ужо i патаптаўся, i абгледзеў да драбніц некалі далёкую i невядомую, а цяпер слынную для ўсёй Расійскай імперыі станцыйку — вузкія, доўгія мурзатыя склады, штабелі шпал i рэек, блізкі бярозавы гаёк i сасновы лес за ім, дзе, як ведаў, стаяць зеніткі,— нагледзеўся, як з радасцю смакуюць галубы талую ваду ў невялічкай лужыцы пры шпалах.
Палкоўнік паблажліва i зверху зірнуў на яго, невысокага, ды на ягоны злямчаны капялюшык i старое паліто, як можа пазіраць напоўнены армейскай уладай i самалюбствам вайсковец высокага чыну на розных «лайдакоў» — цывільных, якія «мала сочаць за сабой, разбэшчаныя i сапсаваныя людзі». Махнуў рукой на задняе сядзенне («Садзіся!») i пасля, калі паехалі, маўчаў. Васілевіч толькі пазіраў на яго падпацелую спадыспаду фуражку i шынель, на бялюткі каўнерык i маршчыністую, але гладкую, файна выгаленую шыю.
Па сваёй службе Васілевіч не быў у Трэцяй (штаб у Полацку) i Дзесятай (штаб у Маладзечна) арміях, але вось сюды, за Стоўбцы i пад Баранавічы, у Другую армію (штаб у Слуцку), прыязджаў досыць часта, дык ужо ведаў, якія стаяць тут часці i як яны ваююць, якое ў ix побытавае жыццё-быццё. Ён ужо не здзіўляўся, што грэнадзёры, надта афіцэры, да якіх ён ехаў, фанабэрыстыя. Амаль усе грэнадзёры — са старадаўняга прывілеяванага корпуса, падабраныя з Маскоўскага гарнізона, «Масквічы», як на ix казалі. Афіцэрамі былі дваране i кадравікі. Корпус сярод часцей Другой арміі, хоць таксама знаходзіўся недалёка ад ворага, займаў выгадныя мясціны: па-першае, трымаўся паблізу важнай чыгункі, па якой яму прысылалі свежую пошту, пасылкі з Масквы i Петраграда, а высокае начальства магло i пад'ехаць у абодва цэнтральныя ў Расіі гарады альбо тут сустрэць родзічаў, гасцей (у тым ліку i замежных), а па-другое, прыкрываючы пазіцыі па Слонімскім тракце, корпус стаяў на вузкай умацаванай артылерыяй, i галоўнае, сухой плошчы. Калі i іхнія блізкія суседзі, казакі ля Нясвіжа i Туркестанскія часці на стаўбцоўскай i налібацкай землях, таксама не маглі вельмі наракаць на кепскі побыт, дык іншыя суседзі гаравалі па-сапраўднаму. Нават больш — апынуліся ў пекле. Да слова, 3-ці Сібірскі корпус сядзеў паўночней, у лесе i каля Нёманскай нізіны альбо па ёй, a некалькі іншых карпусоў, у тым ліку дзевяты i пяцідзесяты, макрэлі, гнілі ў палескіх балотах. Дык вось, можа, i ад гэтай шчаслівейшай, долі, як гаварылі, «у грэнадзёраў моцны дух», яны тут — «апора рускай арміі».
Мінаючы фальваркі, вёсачкі, Васілевіч бачыў знаёмы панылы краявід, ужо які час неад'емны ад гэтай зямлі: пазіцыі ў лесе, на ўскрайку альбо на полі — укапаная артылерыя, бліндажы, акопы, пакручастыя хады-норы паміж лініямі абароны, дамы-штабы ca сцягамі часцей, даўжэзныя акопы-казармы, выкладзеныя з тутэйшага страявога лесу альбо гаспадарскіх гумнаў, кухні, салдаты i салдаты ў шэрых шынялях...