Ноччу, адкаціўшыся да сцяны, Антаніна соладка спала, а ён, як i часта здаралася, доўга не мог заснуць. Думаў-разважаў пра сённяшнія асцярожныя гамонкі ў гімназіі, даволі смелыя — з Васілевічам, зусім адкрытыя — з Дзядзем. А пасля міжволі ўспомніў сваю першую, але незабыўную паездку ў Пецярбург.
Гэта было перад самай вайною, у чэрвені чатырнаццатага, калі ў сталіцу пераехаў жыць i працаваць Лідскі. Той i паклікаў яго. Сустрэў на вакзале, уладкаваў у гасцініцу і, адыходзячы дадому, на стале «забыў», гэта значыць — пакінуў прынесеныя з сабою кнігі — «Сочинения С. В. Ешевского, М., 1870, ч. 3-я», «Отечественная война и русское общество», М., 1912, а таксама i рукапісы.
Такія кнігі не былі для Мухі вялікай навіною, ён ужо чытаў крыху пра т о е, пра ш т о хацеў намякнуць яму Лідскі (да слова, у двухтомніку Фіндзеля, у рамане «Вайна i мір» Талстога), але вось цяпер, за суткі, праведзеныя ў пецярбургскай гасцініцы, уведаў больш i душою адчуў: г э т а е — не жарты, не выдумкі альбо розыгрышы, a існасць. Хоць г э т а ў Расіі амаль сто гадоў назад забараніў Аляксандр Першы, але я н о, як выходзіць, не знікла, а наадварот, уцалела, загартавалася i набрала сілы ў падполлі. Надта — на пачатку гэтага стагоддзя. Зрэшты, можа, ён i перабольшваў, можа, у кнігах было адно, a ў жыцці ўсё іначай, можа, зусім таго не было, але хацеў ці не хацеў верыць, бачыць — яно, няхай сабе i містыка, пачало жыць у яго ўяўленні, палохала, спакушала i вабіла, як палохае, вабіць кожная тайна.
Прыйшоўшы паслязаўтра ў гасцініцу, Лідскі не спахапіўся, што «забыў» тут свае адмысловыя кнігі. Пасля невялікай гаманы пра зменлівае пецярбургскае надвор'е, пра здароўе ён, пільна вывучаючы яго позіркам, нечакана змусіў захвалявацца:
— Ну што, Васіль, пагаворым сур'ёзна?
Ён чакаў гэтага пытання, але не ведаў i цяпер, што рабіць — адразу адмаўляцца, нават ад размовы, альбо прыкінуцца зацікаўленым, ці здацца, ступіць на зусім новую для сябе сцяжыну. Урэшце, мусіць, ніякавата залыпаў, разгублена пазіраючы на зусім спакойнага, нават непарушнага, з лёгкай усмешкай сябрука.
— Буду гаварыць не толькі ад сябе, але i ад імя тых, хто ведае нашага Купалу, хто мае ў полі зроку i цябе...— зноў загаварыў Лідскі.— Адкуль знаюць цябе? Ды я расказаў... Я ў Вільні пільна прыглядаўся да вас усіх, як вы сябе называеце, сялянскіх сыноў. Нават больш — спакушаў вас самымі нечаканымі, дзёрзкімі гамонкамі, выяўляючы, хто што ведае, думае, робіць альбо будзе рабіць... Карацей, Васілевіч, Нямкевіч, Лашковіч — пена, а то нават i смецце, а вось ты саспеў ужо да важнай справы...
Цяпер Муха слухаў даволі паныла, апусціўшы галаву i адрачона пазіраючы на стол, дзе адна на адной ляжалі прачытаныя ім па-свойму цікавыя, але цяпер пагрозныя кнігі, рукапісы. Тут жа, побач, ляжала i невялікая, лёгкая рука Лідскага — на адным з яго тонкіх пальцаў быў пярсцёнак з вочкам, a ў вочку адлюстроўвалася Адамава галава. Цяпер Муха ўжо ведаў, што гэта за знак, a Лідскі не таіўся перад ім.
— Ну, дык што адкажаш? — запытаў Лідскі, варухнуўшы, а затым i паляпаўшы пальцам з пярсцёнкам на стале.
— Давай пагаворым.— Муха падняў галаву, але не зусім упэўнена зірнуў таму ў вочы.
— Добра,— усцешана прамовіў Лідскі.— Думаю, для цябе, адукаванага, кемлівага, ужо не сакрэт: здаўна былі, ёсць i будуць два вучэнні. Адно — няпоўнае, адмыслова пададзенае — для цёмнага натоўпу, а другое — сапраўднае, глыбокае, але схаванае — для выбраных... Так?
— Бадай, так.
— Не бадай, а якраз так,— ухмыльнуўся Лідскі, i нават праз акуляры было відаць, як у яго выпуклых чорных вачах заскакалі чорцікі.— Пра выбраных, пра эліту, пакуль што памаўчым. Пагамонім пра натоўп. У ім, у натоўпе, амаль увесь людскі род...
Лідскі прыбраў руку ca стала, пакруціў на пальцы свой важны пярсцёнак, а пасля звычайна, па-чалавечаму, скрыжаваў рукі на грудзіне i вольна адкінуўся на спінку канапы.
— Дык які людскі род? — нібы сам у сябе запытаў Лідскі.— Стракаты, канечне, але ў цэлым цёмны, жыве па жывёльных інстынктах: пралупіў вочы, напхнуў жывот, парабіў на кавалак хлеба, зноў за лыжку, дарваўся да чаркі, задаволіў сверб да кабеты, заваліўся ў пасцель... I так, лічы, усё жыццё... Праўда, некаторыя хочуць жыць іначай, задумваюцца i тое-сёе пачынаюць разумець... Адны з ix, шчырыя, з добрым сэрцам, але з невялікім розумам, спрабуюць «сказаць ісціну», «клікаць цёмны народ да лепшай долі», а то нават i «ўзбудзіць гнеў на узурпатараў i прыгнятальнікаў». Але што ў ix выходзіць? Не маючы падпоры, яны мітусяцца, гараць самі i нервуюць іншых, у тым ліку свой люд, уладу, за што ўрэшце трапляюць за краты, пакутуюць альбо нават i гінуць. Натоўп ix не разумее, спакойна аддае па згубу, хоць можа некалі i заплакаць па ix... Улада легка ломіць ix па аднаму... Ці не так, Васіль?
— Бадай, так,— адказаў ён. Ён мог бы паспрачацца, сказаць сваё, але не захацеў. Слухаў.
— Якраз такі лёс Васілевіча, Нямкевіча, Лашковіча,— з ноткамі непачцівасці пра былых сяброў сказаў Лідскі.— Разумнейшым трэба рабіць іначай. Не лямантаваць пра сваю відушчасць альбо пра больку, не лезці на ражон, a выбівацца з патоўпу i імкнуцца да тых, хто ведае ісціну i служыць ёй... Бывае, i яны, разумныя людзі з натоўпу, кладуць даволі важкі камень у сцяну таго велізарнага храма мудрасці i дабрачыннасці, што, кажу, будуецца са старажытнага часу... Дык вось, Васіль, ці хочаш ты ўкусіць кавалачак з яблыка пазнання, уве-даць шлях да сапраўднай ісціны, а то i паслужыць ёй?
У Мухі ўстрапянулася сэрца. Напраўду, на яго яны паклалі вока! Але што рабіць? Згадзіся — штосьці патайное ўведаеш, шмат у чым памяняеш думкі пра светастварэнне i пра назначэнне свайго «я», адным словам, пачнеш жыць зусім іначай, скажы «не» — можа, тады не толькі не дойдзеш ніколі да яблыні пазнання, але i назаўсёды будзеш адрынуты. Будзеш просты смяротны з цёмнага натоўпу. За кім пайсці? За Васілевічам альбо за Лідскім?
Той не зводзіў з яго ўчэпістага позірку, пасміхаўся. Можа, i цешыўся яго душэўнымі пакутамі.
— Хачу...— адказаў Муха, адчуваючы, што на пераноссі выступаюць кропелькі поту, а сам ён, бадай, упершыню за апошнія гады траціць волю, самавалоданне i аддаецца чужой сіле.
— Тады мусім пагаварыць шчыра i даверліва,— прамовіў Лідскі. I, здаецца, вельмі задаволена. Як пераможца.— Па сабе ведаю: пры такой размове хочацца пра тое-сёе запытаць. A іменна: чаму ўсё ж ёсць іншае, больш глыбокае, вучэнне? Чаму яно тайнае?
Муха квола ўсміхнуўся ў знак згоды. Кожны, мусіць, на яго месцы ў гэтую хвіліну паводзіўся б гэтак жа.
— Так,— пацвердзіў Лідскі,—Давай пагамонім. Цвяроза, без эмоцый. Скажам, давай глыбей паразважаем пра натоўп — гэта значыць чалавечы статак. Ён — вялікі, працаздольны, але з кепскімі норавамі ды са згубнымі страсцямі, супярэчлівы i неўладкаваны асілак, той жа Удовін-сын, як кажуць Нямкевіч i Васілевіч. Асілкаў i звычайных двухногіх жа трэба ўтаймаваць, акультурыць: навучыць кожнага не толькі працаваць, есці, спаць, наталяць пажаднасць, але i шукаць, прышчапляць высакароднасць, роўнасць, братэрства, гуманізм, асвету, любоў, бескарыслівасць, мудрасць, урэшце... Адным словам, трэба дабіцца гармоніі ды шчасця ўсяму чалавечаму роду. Але як гэта зрабіць? Мячом? Бізуном? Па-першае, лупіць між вушэй нібы не зусім прыстойна, па-другое, могуць вырваць з рук бізун, а па-трэцяе, сілаю зломіш, стопчаш, але не пераможаш. Значыць, найперш трэба добра ведаць чалавека, натоўп, яго душу i розум, спакусы, мары. Ведаючы, трэба змагчы кіраваць гэтым, знішчаць Зло i спраўджваць Дабро... Але ці разумна кожнаму хваліцца: я цябе, дурань, не толькі разумею, але i знаю, як цябе ўтаймаваць?! Ты — будаўнічы камень у нашых руках, мы будуем храм чалавечай любові, а растворам з'яўляюцца твае ж лепшыя пачуцці! Ці кожны ўсё гэта зразумее, захоча ачышчэння i ўдасканалення? Ці не дасць яшчэ табе па карку за тваю ж дабрачыннасць?
— Але ж...
— Гавары-гавары, калі ласка,— падбадзёрыў Лідскі.— Мы ж дамовіліся: пагамонім шчыра i даверліва.
— Сапраўды, давай, як ты кажаш, паразважаем шчыра i без эмоцый,— прамовіў Муха.— Усё, што ты прамаўляеш, гучыць прыгожа, дабрачынна. Але калі ўдумацца, дык ва ўсім гэтым ёсць i лабуда... I нашы дары найперш вяшчаюць пра Дабро, але правяць насіллем, з пагардаю да «сваіх сыноў i дачок», «рабоў божых». Т ы я, х т о х а в а е т а й н у , як ты кажаш, таксама за Дабро, але ж i ў ix ёсць пагарда да простага люду: яны ўсяго не кажуць яму, не любяць яго... I яшчэ. Хто i калі выбраў гэтую эліту? Чаму ў ёй толькі жменька шчасліўцаў? Чаму амаль увесь чалавечы род асуджаны на дзікасць, на парабкоўства? Гэта ж несправядліва! У аснове!
— Усё? — усміхнуўся Лідскі, выпрастаў рукі i пацёр ix.
— He,— прамовіў Муха.— Давай зазірнём, як кажуць, у корань. Вы даўно ўжо існуеце, нібы акультурваеце натоўп. Але ці акультураны ён? А па-другое, ці хочаце вы акультурыць яго? Ці параўняеце яго калі-небудзь з сабою? Няўжо леў прызнае сваім братам зайца? Адмовіцца ад сваёй крывапіўнасці, пачне есці траўку? Не. Леў заўсёды будзе львом, якія б прыгожыя прамовы ні гаварыў слабейшым... Дык ці не вашы словы пра дабрачыннасць — толькі легенда, казка? Ці не ўсыпляе імі эліта натоўпы, ці не сее яшчэ кепскія норавы, згубныя страсці, каб кожны чалавек разбэсціўся, апусцеў душой, пайшоў па руках i стаў разгубленай i паслухмянай авечкай у статку пастуха-ўладара? Канечне, чалавечыя пастухі смяротныя, паміраюць, дык трэба папаўняць, амалоджваць клан лепшымі з натоўпу, каб была жывучая сама ідэя...
Лідскі слухаў i хітаў галавой. З увагай, але з ухмылкаю.
— Хіба не такі (на словах гуманны, а на справе жорсткі, эгаістычны) сакрэтны саюз егіпецкіх жрацоў, паказаны, скажам, у рамане Пруса «Фараон»? Ці, шукаючы сэнс жыцця i ісціну, хіба не расчараваўся ў эгаізме i марнасці т ы х, х т о х а в а е т а й н у, П'ер Бязухаў з рамана Талстога «Вайна i мір»?