Жывыя яе вочы зніякавелі:
— Я не была тады тут.
— Была, Таня. Бачыў, як ты з ім выходзіла адгэтуль...
Яна залыпала вейкамі, закусала вусны, успыхваючы чырванню:
— Лёшка, я патлумачу...
— Не трэба,— зусім без хвалявання, спакойна i холадна сказаў ён.— Я ніколі не чакаў такога ад цябе. Каб ты шчыра сказала, што не хочаш ці не можаш больш са мной сустракацца, дык мне было б лягчэй. Але ты абманваеш мяне.
— Даруй,— яна ступіла, прытуліла галаву да яго грудзіны. Але ён не падняў рук, каб прыгарнуць яе.— Выйшла так. Нават сама не ведаю, як i чаму... Ён выпіўкай, а потым сілай разгарачыў i ўзяў мяне... А табе я казала ж, каб ты не зусім ужо сур'ёзна адносіўся да нашай блізкасці, каб болей меў яе за раман з замужняй жанчынаю, якая нічога ад цябе не патрабуе...
— I яму ты лісток з лічбамі дала?
Таня ажно сцепанулася ад удару, што ён, мусіць, неміласэрна нанёс ёй.
— Кажы толькі праўду!
— А што мне застаецца рабіць?
— Сволач! — ён з усяе сілы штурхнуў яе ад сябе, што яна кулем паляцела на канапку, упала на яе, але не падхапілася, тыцнулася тварам у падушачку.
Бачачы, як уздрыгваюць яе плечыкі, у якой яна роспачы, ён адчуў, што гнеў, крыўда адыходзяць, а замест ix паволі наплывае спачуванне. Яшчэ хвіліна-другая — i ён кінецца, стане перад ёй, графіняй ці каралевай, на калені, а яна зможа не толькі апраўдацца, але павярнуць усё на сваё, напасці i зрабіць ва ўсім вінаватым яго. Ён упершыню адчуў, што гэта за сіла, калі жанчына каецца i плача.
— Лёша, я... Ненавіджу сябе... Каб ты быў не хлапчук ці нікуды не ад'язджаў...
Пераломваючы сябе, Аляксей борздка падаўся з амбулаторыі i ў той жа вечар паехаў з вёскі, каб з'явіцца дома толькі ўвосень, пасля таго, калі вернецца са студэнцкай паездкі на цаліну.
Як уведаў, Таня не перастала гуляць са старшынёй калгаса, у яе сям'і — кожны дзень сварка ці бойка. Самалюбны, Аляксей ужо нават не набліжаўся да амбулаторыі; сустрэўся з Таняй міжволі, калі сама яна — у беленькай блузцы з заліхвацкім сінім банцікам на грудзіне, у белым прыталеным касцюмчыку, што хораша паўніў яе, з жвавым, крышку сарамлівым, ад таго i прываблівым позіркам у вачах, спакусна кволая i ў той жа час моцная — падышла да яго на аўтобусным прыпынку і, дыхнуўшы пахам добрага віна, шапнула яму на вуха: «Ляля аддае сваё цела іншым, але душа яе з табою! Ды страчанага не вернеш i не паўторыш!..»
Toe ж мог сказаць ёй i ён, але не прамовіў.
1995
МАЕ «ЎЦЁКІ» АД ЛЕАНІЛЫ
Леанілу ў нашу вёску прывёз Уладзя Емельяновіч.
З усіх сяброў i знаёмых, калі быў я падлеткам, мне найбольш падабаўся якраз ён, Уладзік,— на некалькі гадоў старэйшы, гонкі, увішны i дужы, вабны хлапечай ці, лепш сказаць дзявочай, прыгажосцю, дзёрзкі i зухаваты. Мы жылі па суседстве, добра ладзілі сем'ямі, а я з Уладзікам, хоць былі не аднаго ўзросту, разам гулялі, пасвілі каровы, лавілі рыбу, хадзілі ў грыбы: як пазней зразумеў, ён, маючы верхаводскі характар, любіў камандаваць i апекаваць мяне, а я цягнуўся да яго як да старэйшага i прызнанага вадзілы ўсіх вясковых падшыванцаў. Калі трэба было, Уладзік мог пусціць у ход кулакі i надаваць нават старэйшым. I яшчэ тое-сёе ўмеў ён, што нікому з нас гэтак добра не ўдавалася: смела размаўляць са сталымі, на жарты i кепікі адказваць амаль кпінамі, дзёрзка i зухавата паводзіцца з дзяўчатамі, хораша спяваць, танцаваць i свістаць. Свістам ён мог перадаць любую, толькі адзін раз пачутую, мелодыю. Усім гэтым, як казаў яго бацька, ён удаўся ў дзядзьку-шалапута па матчынай лініі (той пасля вайны з Нямеччыны падаўся ў Аўстралію, з яе перабраўся ў ЗША, з ix — у Аргенціну, а пасля, не ўладкаваўшыся ці прагнучы новых прыгод, ягоныя шляхі-дарогі павялі ў Афрыку, дзе ён згубіўся, дзе, як плакал i яго маці i сестры, «яго з'елі львы альбо чорныя людзі-людаеды»). Уладзікавы сестры былі зусім іншыя па характары, спакойныя, нават маўклівыя i дбайна працавітыя, як i бацька. Пасля, калі выйшлі замуж, усе яны сталі добрымі жонкамі i гаспадынямі.
Пасля васьмігодкі Уладзік пакінуў вёску, паехаў вучыцца ў Барысаў на трактарыста. Спачатку ён часта пісаў мне, але потым пачаў дасылаць лісты ўсё радзей, а на канвертах былі ўсё новыя адрасы: ён пакінуў барысаўскае вучылішча (казалі, яго выгналі адтуль за бойку з гарадскімі, што хацелі верхаводзіць у сваім квартале i найперш на танцах), затым ён падахвоціўся налаўчыцца на электрыка, а пазней штосьці пацягнула яго ў Эстонію, адтуль — у Карэлію, з яе — у Цюмень, a неўзабаве ён апынуўся ўжо на Далёкім Усход'зе сярод рыбаловаў. Дамоў заявіўся толькі праз некалькі гадоў, калі я ўжо заканчваў дзесяцігодку, быў, як жартуюць, ледзь «не первым парнем на деревне».
He толькі я адзін, але, бадай, усе з нашай вёскі, хто ў той час тупаў ужо сваімі нагамі, помняць тое незвычайнае для ціхага, сціплага, усё яшчэ набожнага налібацкага кутка імгненне, калі Уладзік прыехаў у нашы Янкавіны. Вялікая навіна была для ўсіх ix, калі хто вяртаўся з бежанцаў ці з Нямеччыны, з высылкі альбо з новага савецкага войска, з заробкаў або з горада, куды нямала каго падалося пасля вайны будаваць новыя заводы i там яны пачалі сямеіцца з праваслаўнымі, а то нават i з людзьмі іншай веры, але Уладзік здзівіў i ашаламіў вёску больш за ўсіх: хоць ужо хадзіў са Стоўбцаў аўтобус, ды мой сусед прыкаціў з раёна на таксі. Праўда, перад першай вясковай хатаю выйшаў з «Волгі», нібы падаючы свой знак, засвістаўзаліўся салаўём, дык, канечне ж, не мог застацца незаўважаным — цяпер, зімою, у нябачаных дагэтуль у вёсцы бела-шэрых мехавых, з аленевай скуры ботах, у расшпіленым светла-шэрым сабаліным футры i агромністай чорнай валасістай шапцы,— крочыў як багаты сібірскі купец. Побач з ім клыпаў ніжэйшы i зусім сціпла апрануты чарнамазы дзяцюк, які ўслед за салаўіным свістам забрынькаў на гітары.
Уладзік нёс вялікі белы пакет з чырвонай паўаголенай жанчынаю, даставаў з яго адкаркаваную пляшку i кожнаму першаму-сустрэчнаму мужчыну наліваў у белую шклянкупакецік пітва, жанчынам i дзецям насыпаў у прыгаршчы цукерак. Калі пітво заканчвалася, бутэльку шпурляў пад плот i з пакета браў іншую, поўную: «Угощаю, пей!»
Я згледзеў гэтую абкружаную нашымі вяскоўцамі працэсію, калі яна запынілася каля Емельяновічавых варот i кал i Уладзікаў прыяцель асабліва гучна загітарыў. Убачыўшы мяне, Уладзік махнуў мне рукой i гукнуў ужо не панашаму, па-вясковаму, а па-гарадскому:
— Ванюша, ходь сюда!
Калі я падышоў, ён — амаль ранейшага сярэдняга росту, толькі паплячэлы, яшчэ болей прыгожы i з дзёрзкасцю ды зухаватасцю ў карых вачах — нязвычна для вясковых мужчын абняў i пацалаваў мяне, абдаўшы i пераброджаным пахам выпіўкі, i водарам дарагога адэкалону.
Сына выбегла сустракаць толькі Емельяновічыха. Яе муж, як я потым уведаў, убачыў, якім чынам заявіўся дома сын, але з хаты насустрач не выбег, стаяў узбоч каля завешанага фіранкай акна i за ўсім назіраў.
— Здравствуй, маманя!— аблапіў i маці Уладзік.— Кто сказал, что земля имеет форму чемодана?! Прикотил вот к вам собственной персоной! Это мой друг — Рафиль, а там,— паказаў на доўгую белую машыну,— моя юная жена! Леонила!
Емельяновічыха — у абсыпаных мякінаю валенках i ў паношаных паўсачку, у хусце-канаплянцы, буйнарысая на загарэлым i цяпер, зімою, твары — ажно вырачыла вочы ад столькіх навін, што адразу абваліліся на яе. Яна i я павярнулі галовы на легкавік: сапраўды, там, на пярэднім сядзенні, побач з шаферам, сарамліва i вінавата прымасцілася дзяўчо. Калі Уладзік выцягнуў яе з таксі — высакаватую, у кароценькіх, з апушанымі мехам чорных боціках, стройную, у блакітнай куртачцы i чорнай кепачцы, зусім яшчэ маладзенькую. Емельяновічыха не паверыла: