— Мае імя зноў будзе чуваць толькі пры табе i пры тваіх дружынах, Усяслаў,— Міндоўг зноў выпіў, але ва ўзбуджэнні, здаецца, зусім не хмялеў. Праўда, цяпер адламаў з лусты хлеба невялікі кавалачак, адшчыкнуў ад стушанай, цяпер халоднай гускі крыху мяса ca сцягна i без вялікага смаку ўзяў у рот, паціху зажаваў, невідушча пазіраў долу ў кут, пакрыху напаўняючыся хмельнасцю i нібы ўвесь асядаючы. Значыць, усё ж моцная настойка брала сваё, мяняла кроў, затуманьвала свядомасць.
A паколькі Міндоўг пачаў спакваля п'янець, дык у яго не магло не выбухнуць з душы звычайнае чалавечае i адменнае княскае, добрае i непрыязнае, смелае, свавольнае i адчайнае ды тым больш, што ён ведаў: Усяслаў, магутны яго заступца, цярплівы i разважлівы, дык усё выслухае i шмат даруе.
— Праўду, зусім справядлівую праўду, Усяслаў, кажуць мае свае, літоўскія, i чужаземныя непрыяцелі: я — Воўк! Жыву далека ад гарадоў вялікіх i людскіх скопішчаў, у пушчы, трымаюся воўчых панадкаў! Воўк — невялікі, але разумны, хітры i люты звер! Ён не чапае зубра, мядзеведзя, але i ix змушае лічыцца з ім. Абкладае з іншымі Ваўкамі i збівае з ног лася, каня i дзіка, адзін бярэ бабра, цяля, казулю, зайца. Не каля свайго логава — воддаль. А каб жыць так, набегамі, трэба не толькі мудрасць i моцныя ногі, але мусова быць пярэваратнем, ваўкалакам. Якраз такімі былі нашы далёкія продкі — неўры, велеты-волаты, якія пакланяліся найперш ваўку, насілі воўчыя скуры, a ў баях начэплівалі на твар воўчыя зяпы, Вялікімі Ваўкамі былі мае родзічы — няшчасны Рагвалод, грозны i славуты Усяслаў Чарадзей. Таму я, Усяслаў, ніколі не скарджуся, нават ганаруся, калі мяне называюць ваўком ці ваўкалакам: я пакланюся гэтаму зверу, бо мушу жыць так, як жыў, жыве i будзе жыць тут ён — гаспадар гэтага краю. І вы, навагародцы, Ваўкі, ваўкалакі, а ты, Усяслаў,— самы хітрун, спрытнюга i ўдалец, а цяпер i самы ўладны тут Воўк i ваўкалак! Скажы, хіба не так? Не па такіх панадках вы разважліва i спакойна выйшлі з-пад волі князя Данілы?
— Яшчэ не выйшлі,— адказаў ён.
— Выйдзеце. I якраз, кажу, такім манерам... «Ваўкі — лютыя звяры...» Вось i пайшло ўжо даўно: велеты-волаты — ваўкі — люцічы — Лютва — Лотва — Літва... Выць — вой-воін... Яшчэ i цяпер на землях Конрада Мазавецкага i асабліва ў вотчынах Данілы Галіцкага, Яраслава Уладзімірскага нас, Літву, лічаць чарадзеямі-лютадзеямі, Літвой палохаюць дзяцей. Для ix Літва — гэта набег грознай баявой дружыны, небяспека, гэта бітва не на жыццё, а на смерць:
Міндоўг выгаварыўся, а пасля падскочыў i, хістаючыся, схапіў яго за рукі:
— Усяслаў, мы — адно! Нікому не прадавайся, захавай нашу даўніну i сённясць, умацуй нашу будучыню! Выручы мяне, зацкаванага Ваўка! — пацягнуўся, абняў, заплакаў: — Усяслаў, каб ты толькі ведаў добра, што цяпер ад цябе значыць! Ты — не проста чалавек, ваявода, дзяржаўны муж. Ты можаш павярнуць тут па-свойму саму матухну-гісторыю! Тваёй перамогай i славай будуць ганарыцца нашы нашчадкі!
— Ці могуць праклінаць, скакаць на магіле, а потым забыць...
— Ганьба такому дурному нашчадку, дзеля якога мы цяпер так пакутуем! — праслязіўся Міндоўг.— Але мы павінны дбаць пра іншых нашчадкаў — памятлівых, разумных, добрых, працавітых i зборных, якія нашу любоў да ўсяго роднага панясуць далей... Вырадкі ці прыстасаванцы будуць, але яны, апаганеныя, загадзя ўжо асуджаныя i самі свой род, свае паводзіны зганьбяць...
— Простыя, але залатыя словы, князь,— сказаў Усяслаў, спрабуючы пакласці на пасцель ап'янелага госцябежанца.
2
Усяславаў ганец вярнуўся з Руты ні з чым: Міндоўгавы сынаўцы не толькі не адпусцілі ягоную сям'ю, але i не дазволілі ганцу ўбачыцца з ёю — маўляў, тая хоча застацца дома, a Міндоўг можа сюды не вяртацца, a перабірацца да каханкі. Як ганец зразумеў, захопнікі Міндоўгавай сталіцы не толькі павяліся дзёрзка, але i намерыліся i расквітацца ca сваім вярхоўным князем.
Канечне, такая парыўчасць маладых князёў не толькі раздражніла, але i абурыла Усяслава: ён добра адчуў за ёю чужы нашэпт. Ды ён, выслухаўшы ганца, нават брывом не павёў — наадварот, яшчэ ўхмыльнуўся: «Дзецюкі захацелі пагуляць ва ўладароў Літвы!» Параіўся з князем, а пасля затрубіў збор i загадаў Бяляну збіраць дружыну ў паход, а то i рыхтавацца да зімняй аблогі. Паехаў з імі i Міндоўг, бо без яго паход выглядаў бы ўварваннем у суседнія землі.
Падаліся перад сакавіцкім дасвеццем — яшчэ цёмным, з лёгкай вясновай маразянкай, што сцягнула за ноч ваду, пакрыла яе лёдзікам, а снег — цвёрдай скарынкай, дык снежна-лёдны дол пад конскімі нагамі храбусцеў, гулка парушаў перадсвітальную навакольную цішыню. Каб лепш бачыць дарогу i не расцягвацца ў цугу залішне, запалілі светачы — некалькі ix з бяросты, з прасмаленага пакулля было наперадзе i столькі ж ззаду калоны. Калі дагаралі адны светачы, ад ix прыпальвалі новыя, дык увесь цёмны час ехалі ў чырванавата-жоўтым мігценні святла, кідаючы ад сябе i коней цені ўбок, дзе згушчалася цемрадзь, i абдаючыся гаркаватым дымком. Калі цемната на небе i ў наваколлі пачала паволі траціць чарнату i цадзіць шэрань, каб неўзабаве скупа заяснецца, факелы патушылі. Калі пасля таго, як заднела i наліўся спачатку светла-шэрым, а потым жоўта-чырванаватым колерам усходні край неба, коні, прадчуваючы сонца i дзень, узбуджана зафыркалі. Усё болей сям-там у паселішчах, у багацейшых хатах, пачалі блішчэць акенцы-дыхнікі, a ў нос даваць дым з сасновых i бярозавых дроў, што сачыўся праз стрэхі. Паказваліся i людзі, што тапталіся пры дварах, насілі ваду, запрагалі коней у сані, а да ўсяго ix, коннікаў, ярасна аббрэхвалі ахаладнелыя i засумаваныя за ноч сабакі. Пазней ехалі пад сонцам, што падымалася ўсё вышэй i свяціла, грэла мацней, a ўдзень нават пачало прыпякаць, ад чаго i ад трушковага бегу павільгатнелі спіны i бакі ў коней.
Калі перайшлі яшчэ накрыты тоўстым лёдам Нёман, дык у пушчы з высокай елкі ўгору нечакана струменьчыкам павіўся рэдзенькі, а потым клубам паваліў густы дым — значыць, літоўскі дазорца, што сядзеў на дрэве, згледзеў ix i даў знак сваім. Неўзабаве на іхняй дарозе паўстала ўжо конная літоўская старожа. Убачыўшы Міндоўга, які знарок выехаў наперад i грозна насупіўся, некаторыя воі з яе сумеліся.
— Ну што? — сярдзіта запытаў ix Міндоўг.— Здрадзілі, гатовы падняць на свайго вярхоўнага князя лукі, коп'і альбо мячы? За якую ж плату прадаліся?
— Князь, мне загадалі... — прамовіў дзесяцкі, пажылы вой у скураных даспехах i з мячом, але сказаў не зусім цвёрдым голасам.
— Што табе загадалі? — пыхнуў гневам Міндоўг.
— Захапіць цябе, звязаць i прывезці ў Руту.
— Хто табе такое загадаў?
— Князь Таўцівіл.
— Дык кідайся, хапай! — пакпіў Міндоўг.— Чаго стаіш? Чаму не спаўняеш загад «законнага вярхоўнага князя?» — I не чакаючы адказу: — На калені, здраднік! Ну!
Пажылы вой, бачачы перад сабой лес вострых бліскучых навагародскіх пікаў, мігам спешыўся, бухнуў вобзем. За ім упалі на калені i астатнія са старожы.
— Варта было б за здраду выпусціць вам кішкі, абматаць ix вакол дрэва i пакінуць вас на пакутлівую смерць,— раз'юрана працадзіў скрозь зубы Міндоўг,— але... Каецеся?
— Каемся, князь,— загаманілі ўкленчаныя ў нізкім паклоне.— Нас змусілі сілай падпарадкавацца.
— З гэтага боку ніякай небяспекі Руце няма,— Міндоўгаў голас пацішэў, але ўсё яшчэ быў суровы.— Дык ва ўвесь дух скачыце ва ўсе нашы высі, пушчанскія куткі i падымайце на ногі ўсіх вояў! Няхай ідуць на Руту i памагаюць выгнаць з яе змоўшчыкаў i маіх ворагаў! Хто не паслухае — таму смерць лютая.
Старожа неўзабаве мігам панеслася ў розныя бакі, a маўклівы Усяслаў i ўзбуджаны Міндоўг паволі, раз-пораз кідаючы позіркі па баках, рушылі далей абсонечаным уверсе, усланым перакрыжаванымі доўгімі ценямі, а сям-там i з ярка-белымі палянамі лесам наперад, да Руты, асцерагаючыся, каб засада не абрынула на ix загадзя падсечаныя вялізныя i разлапістыя елкі альбо хваіны. Чым далей, тым болей большаў i гусцеў цень, мацнела лясная стынь: сонца, не набраўшы вялікай вышыні, увачавідкі паніжэла, паблекла, неба страціла блакіт, воблакі — падзалочаную белізну, а яснасць пачала па-вячэрняму сутоньвацца.
Вось нарэшце знаёмы стары лес парадзеў, а пасля зусім саступіў месца бярэзінам i альхоўю: пачалася сырая i цяпер балацявіна, а за ёю гусцілася самае рознае кустоўе, а за ім як на далоні адкрылася шырокае поле, на якое сцяною падаў цень з супрацьлеглага, заходняга боку, накрываючы сабою зямлянкі i паўхаткі; пасярод поля i селішчаў, на невысокім узгорку, стаяла асвечаная сонцам Міндоўгава сталіца. Не, гэта не быў горад, нават не было i гарадзішча: тут меліся роў, за ім — невысок! земляны насып, а на насыпе стаяла абгарода-гародня — завостраныя пікамі ўверх высокія i змацаваныя адно з адным бярвёны, а за ёю, як добра ведаў Усяслаў, было некалькі дзесяткаў драўляных баярскіх i дружынніцкіх дамоў, пасярод якіх высіўся двухпавярховы, таксама толькі з дрэва княскі хорам. Як крэпасць Рута далека са ступал а Нолацаку, Навагародку, Менску, Ваўкавыску ці Гародні: там было нямала пабудоў з цэглы i каменю ды i сцены былі нашмат трывалейшыя.
На выездзе з лесу яны запыніліся i прыгледзеліся. За пікамі бярвёнаў былі відаць у звыклых літоўскіх даспехах воі — яны стаялі на нябачных адгэтуль плашкавых насцілах, азіралі наваколле і, калі трэба будзе, могуць адтуль біць стрэламі, калоць коп'ямі, a калі хто няпрошаны палезе на сцяну, дык i секчы яго мячамі.
— Як лічыш, князь, дадуць нам бой ці не? — запытаў Усяслаў у Міндоўга, які запыніўся побач i сумна пазіраў на сваю сталіцу, куды яго не хацелі пускаць.