Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкай Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г. зв. Рыскі Трактат з 18. III. 1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой і Польшчай.
Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнай яму зямлі, а нашаму работніку — фабрыкаў, і абярнуць аднаго і другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі маскоўскі пралетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш і найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэты маскоўскі пралетар аказаўся бліжэйшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну і работніку толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня ведамы ўвесь цынізм гэтых нарадаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю. Так, прыкладам, прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму бальшавік Іоффэ, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на польскім целе, інакш кажучы — палякі не спадзяваліся яе стравіць. Іоффэ згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць даволі мейсца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць і загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя матывы, якімі тады кіраваліся і маскоўскі пралетар і польскі пан. Абодвым ім ішло аб вышуканьні найлепшых і найпэўнейшых сродкаў для зьнішчэньня беларускага народу.
Беларускі народ пратэставаў супроць гэтага дагавору і ніколі яго не прызнаў. Усе пазьнейшыя падзеі на Беларусі былі адным вялікім народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі і палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбны іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады паміж Масквой і Польшчай наступае ціхае паразуменьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Распачынаецца амаль што адначасна так у Усходняй, як і ў Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускай інтэлігэнцыі — у Польшчы пад закідам камунізму, а ў Саветах — фашызму.
Мы ня хочам праз гэта сказаць, што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскай Польшчы. Як расеец і захопнік ён, зразумела, быў і ворагам усялякай Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да нас Масква і Польшча мелі тыя самыя мэты і стасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней. Таму мы бачым тут такое вялізарнае спусташэньне ў радох беларускай інтэлігэнцыі, селянства і работніцтва.
5) Нямецка-польская вайна 1939 г.
Выбух нямецка-польскае вайны 1939 г. акрыліў беларусаў пад Польшчаю надзеямі на магчымасьць здабыцьця лепшай будучыні. Пасьля ўпадку Польшчы ў гэтай частцы Беларусі ня было ўжо ніякіх перашкодаў да дасягненьня запраўднае свабоды. Але нядоўга трывалі гэтыя надзеі. Хутка зьявіліся праз нікога няпрошаныя бальшавіцкія «вызвольнікі».
Нахабства і цынізм Масквы перайшлі ў гэтым выпадку ўсялякія межы. Падзеі 1939 г. у Заходняй Беларусі ёсьць яшчэ адным і апошнім довадам таго, што і пралетарская Масква зьяўляецца заклятым ворагам свабоды беларускага народу, ды ня толькі беларускага.
Чаго прышлі гэтыя вызвольнікі? Ад каго яны мелі вызваліць заходніх беларусаў, калі там ужо ня было польскае ўлады і наагул Польшчы? Хто іх прасіў аб гэтае вызваленьне? Рэшты польскіх паліцыянтаў уцякалі самі, дык навошта тут была патрэбна чырвоная дапамога?
Але сучасныя крамлёўскія цынікі, падобна іхным продкам Іванам ІІІ-м ды Грозным, мала з гэтым цэрамоніліся. У адозве Цімашэнкі і Молатава патрэба вызваленьня матывавалася тым, што «Польшча разьбітая, польскі ўрад уцёк і пакінуў заходніх беларусаў без апекі. Што-ж яны мелі пачаць без яе? Ім заставалася толькі роспач і плач. І таму бацька Сталін, які ўсё бачыць і ўсяго дапільнуе, міласьціва згадзіўся замяніць ім польскага апякуна». — Вось тут клясычны клад цынізму і нахабства «пралетарскай» Масквы, якому няма падобных; вось паказьнік і апошні доказ таго, як гэтая Масква адносіцца да свабоды беларускага народу!
Мабыць бальшавікі і самі зразумелі гэты цынізм і таму пасьпяшаліся як найхутчэй улегалізаваць гэты новы гвалт над беларускім народам. Таму яны безадкладна прыступілі да выбараў у г. зв. Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі, якому згары вызначылі мэты: далучыць гэту частку Беларусі да Савецкай Беларусі, а праз гэта ўключыць яе ў склад СССР. Далучэньня да Савецкай Беларусі бальшавікі не баяліся. Там уся ўлада была ў савецка-расейскіх руках і беларусы калі і былі там, то ня мелі ніякага ўплыву.
Як адбываліся гэтыя выбары, гаварыць ня варта. Яны былі аднолькавыя, як і ў ва ўсім Савецкім Саюзе. Фактычна выбараў ніякіх ня было; кандыдаты былі накіненыя акупацыйнай бальшавіцкай уладай і жыхарству нічога іншага не заставалася, як толькі іх прыняць. А калі-б нават яно іх і не прыняло, дык і гэта ня мела-б ніякага значэньня, бо бальшавікі такія выбары на кожным кроку фальшавалі, дасыпаючы да ўрны столькі галасоў, колькі ім было патрэбна. Скліканае такім чынам Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі ня мела ніякай легальнасьці і ўжо таму не магло прадстаўляць жыхарства, выражаць ягоную волю. На гэтай аснове ягоная пастанова, аб уключэньні Заходняй Беларусі праз далучэньне да БССР, ня мае ніякай праўнай моцы. Гэта быў новы акт гвалту камуністычнае Масквы над беларускім народам. 3роблены ён быў адзіна з мэтай апраўдаць хоць фармальна тыя жудасныя мерапрыемствы: высылкі, арышты, расстрэлы, калектывізацыю і г. д. у дачыненьні да беларускага народу, якія ў Усходняй Беларусі праводзіліся ўжо звыш дваццацёх гадоў.
Я ня буду гаварыць аб тых наступствах, якія мелі для нас бальшавіцка-польскія дагаворы ў форме нішчэньня беларускае гаспадаркі і культуры беларускага народу. Аб гэтым ужо ведама, асабліва пасьля таго, як нямецкая армія адчыніла дзьверы ў г. зв. «савецкі рай», ды гэта выходзіла-б паза рамы гэтага рэфэрату. Нам ішло перадусім аб выказаньне, што ўсе менаваныя дагаворы, як зробленыя бяз згоды беларускага народу, накіненыя яму прымусова і накіраваныя супроць элемэнтарных яго інтарэсаў, былі заўсёды разгляданыя як акты гвалту. Ніколі беларускі народ не прызнаваў іх за права.
6) Наш адказ бальшавіцкай Маскве
І вось цяпер, калі мы ўступілі ў новую пару адбудовы нашай нацыі, гэтыя ворагі хочуць ізноў накінуць нам зьненавіджаныя трактаты і пастановы, каб гэткім парадкам урэглямантаваць тое нявольніцкае жыцьцё, а фактычна — павольнае кананьне, якое яны нам нясуць. Бальшавіцкая Масква на ўсё горла крычыць, што Беларусь — гэта неадлучная частка вялікай сатрапіі, званай СССР, і на доказ гэтага паклікаецца на свае пастановы і дагаворы, выдаючы іх, зразумела, як акты волі беларускага народу. На гэтай аснове яна называе сябе «праўным гаспадаром» беларускай зямлі і ўжо вызначае катаў — Панамарэнкаў, якія будуць распраўляцца з нашым народам. Але гэта ня выдумка — Масква так сябе і называе «праўным гаспадаром» Беларусі. Мы ведаем, што цынізм і нахабства бальшавіцкае Масквы ня ведае межаў, але ўсё-ж хацелі-б у яе спытацца:
Ці ня той гэта «праўны гаспадар», які «дзеля дабра беларускага народу» загадаў сваім савецка-камуністычным бандытам разагнаць Першы Усебеларускі Кангрэс 1918 г. і зьнішчыць беларускую незалежнасьць?
Ці гэта той самы «праўны гаспадар», які ў 1921 г. у Рызе, супольна з польскімі панамі, дзеля «дабра» таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і з кім хацеў?
Ці гэта ня той самы «праўны гаспадар», які ізноў-жа «дзеля дабра беларускага народу» закатаваў 1.800.000 найлепшых беларускіх сялянаў і работнікаў, зьнішчыў дзесяткі тысячаў беларускае інтэлігэнцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны і галечы?
Ці гэта той самы гаспадар, які разбурыў найкаштоўнейшыя помнікі нашай культуры, нашы цэрквы і касьцёлы, атручваў душы нашых дзяцей савецка-бальшавіцкай сатанінскай маральлю, ізноў-жа «дзеля дабра беларускага народу»?
Ці гэта той самы гаспадар, які пакрыў увесь беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлі якіх дзень і ноч чуліся стогны ды лілася кроў, які зьнішчыў радасьць і сьмех, пасеяў тугу, плач і адчай народзе?
Ці не яго гэта парабкі напоўнілі ўжо нашыя лясы, нішчуць дабро нашых сялянаў, паляць іхнія дамы ды школы, няволяць ды адразаюць грудзі, выколваюць вочы нашым маткам і сёстрам? Ці гэта не яго пралетарскія парабкі па стаханаўску спаборнічаюць у лясох з іншымі панскімі парабкамі, што робяць тое самае? Вы, маскоўскія каты нашага народу, адкажэце: хто і калі вас прасіў быць праўнымі гаспадарамі Беларусі, дзе вашая легітымацыя на гэта?
Хто і калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам — вам, ягоным забойцам?
Усяго вашага цынізму, якога вам пэўна ня трэба ні ад каго пазычаць, ня хопіць, каб адказаць на гэтыя пытаньні.
А тады адкажэце: у імя чаго вы пхаеце вашыя горды на Беларусь, у якой вы разьлілі мора сьлёзаў і крыві і якая вас даўно пракляла?
Якія клічы, якое новае права вы напісалі на чырвоных анучах, якія вы называеце вашымі сьцягамі?
Кажаце нічога новага і страшнага, усё толькі старое: тыя самыя дагаворы і пастановы. Так, старое ёсьць напэўна, але ёсьць і новае і вам яго не ўдасца схаваць. Вы ненавідзіце беларускую культуру, вы ненавідзіце беларускі народ за тое, што ён змагаецца за сваю свабоду, што ён скасаваў вашыя парадкі, ваш калгасны прыгон, ня хоча бачыць ні вас, ні вашага НКВД, ні вашых саветаў і таму вы напісалі: «Сьмерць беларускаму народу!»
Вас агортвае крывавы шал ад злосьці, калі вы бачыце рады беларускай моладзі, што ўзгадоўваецца ў беларускім нацыянальным духу, любові да свайго краю і народу, і таму вы крывавай рукой пішаце: «Сьмерць беларускай моладзі!»
Вы ненавідзіце беларускую культуру, вы думалі, што зьнішчылі яе канчальна, тымчасам яна жыве і квітнее і таму вы злобна шыпіце:»Сьмерць беларускай культуры!»
Вы ненавідзіце наагул усё беларускае, для Беларусі ў вас ёсьць толькі адно: вашае бальшавіцкае права, імя якому — смерць. Мы гэта ведаем. Але хочам, каб і вы ведалі наш адказ. Ён кароткі: «Сьмерць бальшавіцкай Маскве». (Бурныя воплескі).
Якія-б цяжкія падзеі нам не прышлося перажыць, мы ведаем адно, што ўсё зло плыве ад вас, маскоўскі савета-бальшавізм, і таму будзем змагацца супроць вас, супольна з усімі эўрапэйскімі народамі, аж да поўнага зьнішчэньня вашага бальшавіцкага логава.
Дэлегаты і Дэлегаткі! Я думаю, што сярод нас ня знойдзецца такіх, што баранілі-б ці падтрымоўвалі тыя «праўныя» ланцугі, тыя дагаворы і пастановы нашых ворагаў, якімі яны хацелі ўзаконіць нашую няволю. Мы адкідаем іх раз і назаўсёды!