Вярнуўшыся з першага пасольства, Сапега атрымаў урад падканцлера Вялікага Князьства, а ў 1586 г. абшырнае слонімскае староства, як бы нагароду за пакінутыя ў Смаленшчыне маёмасьці яго продкаў. Галоўная пара дзейнасьці яго наагул прыпадае на часы пасьля Люблінскае вуніі 1569 года, каторая на даўжэйшы час устабілізавала адносіны між Вялікім Князьствам Літоўскім і Каронаю. I хоць з праўнага гледзішча становішча абедзьвюх частак супольнае Рэчы Паспалітае было роўнае, аднак, дзякуючы фактычнай перавазе Кароны над Вялікім Князьствам, узьнімалася небясьпека поўнага пераходу кіраўніцтва да Кароны. Адносіны Сапегі да вуніі былі заўсёды ад’емныя. Ён добра разумеў небясьпеку перавагі Кароны і, прымушаны сілаю факту лічыцца з новым палажэньнем свайго краю, пастанавіў не дапусьціць да гэгемоніі Кароны і гэткім чынам абараніць раўнапраўнае палажэньне Вялікага Князьства ў новай дзяржаве. Аднак, роля Сапегі ня зводзілася толькі да абароны свайго краю ад супрэмацыі Кароны. З пададзеных ніжэй фактаў трэба зрабіць той вывад, што Сапега — ў справах асаблівае вагі для Вялікага Князьства — папросту ігнараваў пастановы вуніі і супольных соймаў, чым выклікаў абурэньне з боку палякоў. Няпрыхільныя адносіны Сапегі да вуніі ясна бачацца з яго пісем да ваяводы віленскага Крыштофа Радзівіла, як прыкладам з пісьма, пісанага 19 студня 1609 году, дзе Сапега кажа: «Добра ведама, як нам гэту вялебную вунію датрымоўваюць; з радасьцю зрабілі б з нас Валынь[59]. Агулам — дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі б мець нас сваімі галдаўнікамі (васаламі), а асабліва тыя, што паходзяць з кузьні гэнага нябошчыка, які зваў нас «gеns іnіmіса mihi»[60].
Больш ясна выступае барацьба Сапегі з вуніяй у сувязі з працамі над Трэцім Статутам. Адкладаючы агляд сутнасьці гэтае барацьбы да адпаведнага месца, трэба зацеміць, што Сапега, маючы перад сабой дакананы факт вуніі, у сваёй дзейнасьці лічыўся з створаным вуніяй станам, каторы меў прыметы стану трывалага.
У 1586 годзе памёр Сьцяпан Батура. Кожная з дзьвюх узаемна сабе варожых польскіх партыяў: Замойскага і Збароўскіх — імкнулася правесьці на каралеўскі пасад свайго кандыдата. Замойскі пратэгаваў сына швэдзкага караля Яна III і Кацярыны Ягелёнкі — Жыгімонта Вазу; Збароўскія выстаўлялі контркандыдатуру брата цэзара Рудольфа II, маладога і амбітнага Максымільяна. Гэтай апошняй кандыдатуры спрыяла Літва і перадусім Радзівілы. Сапега, паводле некаторых гісторыкаў, трымаўся кандыдатуры Жыгімонта Вазы і сваім уплывам спрычыніўся да выбару апошняга на каралеўскі пасад. Аднак, з гэтым трудна згадзіцца дзеля наступных прычынаў. Перш за ўсё Сапега ў часе выбару Жыгімонта Вазы яшчэ ня меў вялікшых уплываў і тым больш сярод грамадзянства Вялікага Князьства, каторае трымалася кандыдатуры Максымільяна. Па-другое, калі-б і згадзіцца з тым, што Сапега спрычыніўся да выбару Жыгімонта III, дык незразумелымі былі-б варожыя адносіны да яго новага Гаспадара, якія асабліва востра выступалі ў першыя гады панаваньня Вазы. Па-трэцяе — трудна дапусьціць, каб Сапега, апіраючыся на Радзівілаў, адважыўся адкрыта выступіць супраць сваіх апякуноў. Хутчэй трэба дапусьціць, што, калі Сапега і не стаяў за кандыдатуру Максымільяна, дык у кожным прыпадку ніякая з дзьвюх кандыдатураў яго асабліва не прыцягала.
У першыя гады свайго панаваньня новы гаспадар паказваў варожыя адносіны да Вялікага Князьства і вялікую непрыязьнь да Сапегі, палажэньне каторага пры двары было вельмі цяжкое. Гэта выразна бачыцца з пісем Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла, у якіх ён скардзіцца, што з яго зрабілі не падканцлера, а «пісарчука», і што кароль раней, чымся даць адказы на яго дэзыдэраты, доўга нараджаўся з палякамі. Гэтак у пісьме з 31-га студзеня 1588 году Сапега піша: «Вельмі перамогай над Максымільянам узмацніліся паны палякі і асабліва народу літоўскаму зрабіліся гардымі, кажучы: каб гэта навіна прышла перад заканчэньнем нашых справаў літоўскіх, не дазволілі-б нам ані нашых постулятаў, ані супакою, ані паловы Інфлянцкае зямлі. Пан Асецкі, пасол ад войска, іменем гэтмана і ўсіх жаўнераў даказваў, што мы да зямлі Інфлянцкае нічога ня маем, і досыць ушчыпліва народ літоўскі ўспамінаў, чаго мы ня хочучы слухаць, бо нам у спрэчкі з імі аб гэтым удавацца не гадзілася, пайшлі прэч, няхочучы даслухаць гэтага іхняга пасольства. Вакансіі літоўскія ўсе разданы перш, чымся мне аб іх з каралём прышлося гутарыць, ды і радзіцца мяне не хацеў». А ў пісьме з 17 лютага 1588 г. Сапега піша: «Кароль казаў, што больш паляком павінен, чымся Літве, бо яму палякі больш жычлівасьці паказалі, як Літва. I ня толькі гэтак кажа, але і робіць. Ужо там больш палякі ў нас дастаюць, чымся сама Літва; ліцьвіну зараз адмовяць, а паляку зараз дадуць[61]. Дзеля гэтага азнаймляю Вашай Міласьці, што, як толькі штось адчыніцца ў Літве, дык усё паляком хоча даваць»[62].
Сапега просіць Радзівіла пісаць аб усіх дэзыдэратах, каб мог: «апіраючыся на іх, з рэзультатам пратэставаць перад каралём, бо самому цяжка бароцца з Панам і панамі палякамі, каторыя лісьлівасьцю сваей Жыгімонту хочуць спадабацца. Апіраюся, як кот на лёдзе, але калі ня буду магчы, хіба што з якойсь пратэстацыяй гэтак сама ад'еду дамоў». А ў пісьме з 7 чэрвеня 1588 г. Сапега яшчэ выразьней піша аб адносінах да яго асабіста і ўсяго літоўскага народу новага гаспадара. Трэба зацеміць, што пісьмо гэтае было выклікана і двумя іншымі фактамі, маючымі гістарычную цікавасьць. Пайменна, Сапега жалее, што Радзівіл, прыймаючы ўчасьце ў вывязеньні цела Сьцяпана Батуры з Горадні. дзе ён памёр, адвёў жалобны кондукт толькі за мост, тады, калі, паводле Сапегі, трэба было адвесьці да граніцаў Вялікага Князьства. Апрача гэтага, Сапега апісвае абурэньне караля і асабліва каралевы з тэй прычыны, што Радзівіл затрымаў усе кляйноты Сьцяпана Батуры і ня выдаў іх новаму каралю. Пераходзячы-ж да адносінаў між ім і Жыгімонтам III, піша: «Ня толькі я, але і ўвесь народ наш ёсьць у вельмі лёгкім паважаньні ў караля; жыву тут толькі дзеля формы; аўдыенцыі ніяк не магу дабіцца і не хачу больш падноскаў абіваць».
У пісьме з 15 ліпня 1588 г. Сапега, адказываючы на пытаньне Радзівіла, што «кароль здаецца ўжо лепш адносіцца да нашага народу», заўважае скептычна, што ён «гэтага не абсэрваваў, а наадварот з рэспонсу пану Мінскаму відаць, што кароль жалее таго, што каліколечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць рrо formа пры двары і ўраду свайго наражаць на зьнявагі, бо ўрадуе камора, а ўраднікі ёсьць непатрэбнымі».
Аднак, ня гледзячы на гэтыя труднасьці, Сапега астаўся пры двары. Узаемаадносіны паміж Жыгімонтам і Сапегаю зьмяніліся крыху на лепшае, калі паўстала небясьпека вайны з туркамі і татарамі. Гэтую небясьпеку выклікаў Жыгімонт III сваёй вузка дынастычнай палітыкай. Шукаючы прыхільнікаў, Ваза стараецца зьяднаць сабе Сапегу, ведаючы, што апошні здабываў штораз вялікшы аўторытэт у Вялікім Князьстве. Як бы ў сувязі з гэтым, Жыгімонт даручае Сапезе важныя справы, датычучыя Вялікага Князьства, і перадусім згаджаецца на ягонае кіраўніцтва працамі над Трэцім Статутам.
Прыступаючы да спаўненьня гэтага вялікага заданьня, Сапега меў 31 год, аднак, ня гледзячы на гэткі малады век, абавязкі свае споўніў бліскуча, здабыўшы ўдзячнасьць сучасьнікаў, памяць і хвалу ў патомкаў.
Статут 1588 г. вырас паступова. Ужо на Люблінскім Сойме 1569 г. было пастаноўлена стварыць адумысную камісію, каторая-б занялася перапрацоўкай статуту 1566 году, зьмяняючы апошні адпаведна да пактаў Люблінскае вуніі і новага палажэньня Вялікага Князьства. У склад камісіі ўвайшлі гэткія асобы, выбраныя на Люблінскім Сойме. З рады гаспадарскае ўвайшлі: Валерыян, біскуп віленскі, Мэльхіор Шэмет, кашталян Жамойцкі; да іх назначаны быў сэкрэтаром «доктар абайга правоў» Аўгустын Ротундус, віленскі войт. Ад шляхты ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі ад кожнага ваяводзтва Вялікага Князьства Літоўскага — па адным: Мікалай Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стэцковіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі, Ян Скалка, Кірдзей Крычэўскі, Сялецкі, Марцін Валадкевіч. Да гэтых дэпутатаў ад ваяводзтваў былі прыдзелены два земскія пісары: Андрэй Мачковіч — віленскі і Пятро Станіславовіч — ашмянскі. Працы камісіі адбываліся ў Вільні. На ўтрыманьне дэпутатаў быў вызначаны, аж да сканчэньня працы, асобны падатак, які плацілі толькі грамадзяне Вялікага Князьства (акром украінскіх земляў). Склад камісіі ня быў праз увесь час адзін і той-жа, бо некаторыя сябры паміралі, іншыя зьмяняліся. Паводле соймавае канстытуцыі, направа Статуту павінна была адбывацца такім чынам, каб дэпутаты ня толькі зьмянілі або зусім выкрэсьлілі спрэчныя з пактамі Люблінскае вуніі артыкулы, але самае права цывільнае Вялікага Князьства памагчымасьці зблізілі да права Кароны. Апрацаваны гэткім спосабам Статут павінен быў быць, паводле тэй-жа Люблінскае ўмовы, перагледжаны і зацьверджаны «супольным» польска-літоўскім Соймам.
Працы камісіі пасоўваліся, аднак, вельмі павольна; і толькі тады, як справа гэта была даручана Льву Сапезе, — праз два гады, пайменна ў 1588 г., статут быў гатовы. Леў Сапега вельмі добра справіўся з сваім заданьнем і ня толькі апрацаваў Статут, але і выдаў яго ўласным коштам і пад асабістым даглядам у 1588 г. ў Вільні.
Выдаючы новы статут, Леў Сапега зламаў пастановы Люблінскага Сойму ў двух найгалаўнейшых кірунках: фармальным і матэрыяльным. Фармальнае зламаньне выявілася ў тым, што Статут 1588 г. атрымаў абязываючую сілу не на падставе пастановы «супольнага» Сойму (як вымагала Люблінская вунія), а на падставе пацьвярджэньня яго гаспадарам Жыгімонтам Вазай асабіста, г. зн. парадкам, які абязываў у Вялікім Князьстве Літоўскім пры выдаваньні законаў перад Люблінскай вуніяй. Апрача гэтага прывілей гаспадара, пацьвярджаючы Статут, быў выданы за аднэй пячацьцю Вялікага Князьства Літоўскага, за подпісам гаспадара Жыгімонта III і за змацаваньнем падканцлера Льва Сапегі ды пісара Габрыэля Войны. Гэтым спосабам Сапега выэлімінаваў магчымасць якіх-колечы фармальных пратэнсіяў з боку Кароны да свае працы. Матэрыяльнае зламаньне пастановаў Люблінскага Сойму выявілася ў тым, што Трэці Статут ня толькі ня зьліў права Вялікага Князьства з польскім, як гэтага дамагаліся палякі ў Любліне, але навет захаваў усе тыя артыкулы, якія выклікалі вялікае абурэньне ў кароннай шляхты.
Гэткім парадкам пакінены быў артыкул трэці другога разьдзелу Статуту 1566 г. (у Статуце 1588 г. яму адпавядаў артыкул чацьверты трэцяга разьдзелу), каторы абязываў гаспадара пільнаваць цэласьці граніцаў Вялікага Князьства: «тэж дабра панства таго Вялікага Князьства Літоўскага ня ўменшым і то, што будзець цераз непрыяцеляў таго панства аддалена, разабрана і па-іншаму панству ад таго панства нашага калікольвек упрошана, то па ўласнасьці таго Вялікага Князьства прывесьці, прыўлашчыці й граніцы направіці абяцуем; а хаця быхмо тэж каму загранічнікам пры граніцах тых, верху менёных, землі, іменьня, сёлы і людзі далі, тагды таковыя маюць з таго служыці вялікаму Князьству Літоўскаму, а хтобы не хацеў служыці, таковых прывілеяў ня маем мы і патомкі нашыя дзяржаці».
Гэтак сама пакінуты быў бяз зьменаў артыкул аб раздаваньні ўрадаў, маёмасьцяў і старостваў чужаземцам, загранічнікам і суседзям Вялікага Князьства; — усё гэта можна было даваць «толькі Літве, Русі, Жмудзі, родзічам старажытным і ўраджэнцам Вялікага Князьства Літоўскага і тых зямель, таму Вялікаму Князьству прыналежачых».
Калі-б хто-колечы, акром Літвы, Русі і Жмудзі, і атрымаў за свае заслугі аселасьць праз наданьне, то ён карыстацца мог толькі ўчыніўшы прысягу ў «вернасьці і жычлівасьці» Вялікаму Князьству, выконваючы адносна да яго ўсе абавязкі, аднак у кожным выпадку на ніякія ўрады «ані прыпушчоны, ані ад гаспадара ўстаноўлены» быць ня мог.
Падобна да Другога, Статут 1588 году засьцерагае ўжываньне беларускае мовы ў ва ўсіх земскіх урадах Вялікага Князьства, кажучы: «а пісар земскі маець па руску ўсе лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы».
Агулам трэба сцьвярдзіць, што Статут 1588 года апрацаваны ў зусім адменных умовах палітычнага жыцьця Вялікага Князьства, дзякуючы Льву Сапезе, аказаўся прасякнуты тым самым духам, як і Другі, сьпісаны перад вуніяй. Тутака заслугуе на ўвагу яшчэ наступны факт, каторы выразна сьведчыць аб нэгатыўных адносінах Льва Сапегі да Люблінскае вуніі. Пры выданні Статуту 1588г. трэба было на пачатку зьмясьціць расtа Люблінскае вуніі і іншыя пастановы, каторыя тварылі г. зв. права публічнае Вялікага Князьства. Дзеля таго, аднак, што пастановы гэтыя па вуніі, як і сам пакт вуніі, былі недагодныя для Князьства, бо абмяжоўвалі яго правы, як самастойнае дзяржавы, Леў Сапега пастанавіў зусім выкінуць іх із Статуту. Некаторыя польскія гісторыкі называюць гэты паступак Сапегі magnackim wybrykiem, што зусім было-б слушным, калі-б стаяць на пункце гледжаньня інтарэсаў Кароны. Аднак, Сапега гэтымі інтарэсамі не кіраваўся, а, ідучы на барацьбу з вуніяй 1569 года, пільна прыслухоўваўся да голасу тагачаснага беларускага грамадзянства і ў першую чаргу радзіўся з магутным радзівілаўскім дваром, з каторым стараўся падтрымліваць найлепшыя адносіны. Маючы гэткую падпору, ён і дэцыдаваўся на гэтакае рашучае ламаньне пастановаў вуніі. Гэта ясна бачыцца з яго пісьма да Крыштофа Радзівіла з 15 ліпня 1588 г., у якім Сапега, між іншымі важнымі пытаньнямі, закранае справу выданьня Статуту, пішучы: «Статут новы загадаў ужо друкаваць паруску; хацеў-бы яго выдаць і па-польску, аднак, калі-б прышлося de verbo ad verbum яго перакладаць паводле рускіх словаў і сэнтэнцыяў, — вышла-б вельмі «niegrzecznie», а інакш ня сьмею. Ахвотна пачуў бы рады Вашае Міласьці. Прывілеі гэтак сама ахвотна-б выдаў пры Статуце, аднак дзеля таго, што ня ўсе яны нам на руку — у адных пачатак добры, а сяродак дрэнны, у другіх сяродак добры, а пачатак і канец дрэнныя, — не магу здэцыдавацца, ці падабае выкінуць тое, што шкадлівае, ці не».
Працай над Статутам Сапега выказаў ня толькі вялікую здольнасьць і веданьне права, але і вялікі пісьменьніцкі і красамоўчы талент. Аб апошніх пераконваюць пасьвячэньне Статуту гаспадару Жыгімонту III, зьмешчанае на пачатку статуту, і прамова Сапегі ў Сойме, надрукаваная ў тым-жа Статуце. У абедзьвюх гэтых працах Сапега выказаў шмат гэткіх высокіх думак, якія адпавядалі толькі XVIII і XIX стагодзьдзям. У пасьвячэньні Статуту гаспадару Сапега на першым месцы засьцерагае, што права ў першую чаргу зьяўляецца патрэбным пануючым асобам, каторыя павінны асабліва яго трымацца, бо ў праціўным выпадку яны зробяцца зьненавіджанымі тыранамі, падобнымі да дзікіх зьвяроў, якія патрапяць здаваляць толькі свае «грубыя зьвярыныя похаці». На пацьвярджэньне гэтае думкі Сапега кажа, што ўжо «былі тыя часы, Найясьнейшы і Міласьцівы Гаспадару Каралю, калі ў тым зграмаджэньні а паспалітаваньні людзкім, каторае мы рэчаю паспалітаю называем, не правам якім апісаным, або статутам, але толькі сваім зданьнем і ўпадабаньнем уладнасьць сваю гаспадары і каралі таго сьвету над людзьмі расьцягалі, але іж частакроць ад прыстойнае свае павіннасьці адступавалі, а на свой толькі пажытак рэчы нацягаючы, а спольнае дабро ўсіх мала дбалі, адтуль то было ўрасло, што людзі брыдзячыся іх панаваньнем і зьверхнасьцю і не гаспадарамі, але тыранамі оныя называючы, на самым толькі статуце і праве апісаным усё бесьпячэнства і добрае рэчы паспалітае засажалі».
Слушнасьць свае думкі пацьвярджае Сапега цытатамі з твораў старадаўных філёзафаў, а ў першую чаргу Арыстотэля, каторы казаў: «там бэльлюа, а па-нашаму дзікія зьверы, пануець, дзе чалавек паводле ўпадабаньня свайго уладнасьць расьцягаець; а дзе права або статут гару маець, там сам Бог усім уладаець». Гэтую жыватворчую сілу мае права дзеля таго, што яно зьяўляецца — паводле думкі другога старадаўнага філёзафа: «оным праўдзівым рассудкам а мудрым чалавечага ўмыслу бачэньнем, каторым Пан Бог натуру чалавечую абдарыў» з тэй мэтаю, каб розум і бачэньне гэтае дапамагалі адрозьніць «пачцівыя рэчы ад непачцівых», першыя насьлядаваць, другіх высьцерагацца.
Гэтыя разважаньні Сапегі паказваюць, што пагляды яго згаджаліся з постулятамі пазьнейшае школы натуральнага права, каторая казала, што існуе права абсалютнае, аб'ектыўнае, справядлівае для ўсіх народаў ува ўсе часы іхняга існаваньня; трэба толькі пазнаць гэтае права і знайсьці крытэрыум дзеля адрожненьня праўнага ад бяспраўнага. Права натуральнае мела быць ідэалам, да якога павінна імкнуцца недасканалае права людзкое, перш за ўсё празначанае для паўстрыманьня небясьпечнае самаволі паасобных людзкіх адзінак. У гэтым сэньсе права, як пэўныя цуглі, паўстрымліваючыя людзей ад бяспраўных учынкаў, патрэбна ня толькі для пануючага, але і для падданых. Думку гэту Сапега выражае так: «Леч, іж ня ўсіх так прыроджаньне справіла, абы больш розуму аніжэлі маетнасьцей сваіх а бэстыяльскіх папудлівасьцей насьледаваці мелі, — тое ўдзіла або мунштук на зухвальцы Пан Бог і права яго сьвятое ўлажыла, абы тыя за неўчцівыя справы свае слушнае караньне, а цнатлівыя прыстойную заплату аднасілі».
Праўны парадак у дзяржаве ёсьць зарукай і фундамэнтам яе дзяржаўнага ладу, бо, паводле Сапегі, толькі там «панствы і каралеўствы стаяць і ў цэласьці сваей захаваны бываюць, дзе ліхія помсту, а добрыя заплату адносяць». Моцнага права ўласнае дзяржавы і непашаны яго дамагаюцца толькі тыя, для каторых «свая воля міла а розум ім непрыяцелем».
У канцы, Сапега, паклікаючыся на прыклады із старадаўнае гісторыі, праводзіць думку, што навет найгоршае права ёсьць лепшым ад неабмяжованага панаваньня аднае асобы. З гэтага гледзішча Сапега апраўдывае ўзрастаўшае пашырэньне правоў шляхты коштам улады гаспадара.
Другі твор Сапегі — прамова на Сойме з прычыны выданьня Статуту, — хоць і паўтарае часткова думкі, выказаныя ў папярэдняй працы, аднак, з увагі на тое, што тутака Сапега зварачаецца не да гаспадара, а да шляхты, ён зьмяшчае шмат новых паглядаў, больш дакладна характэрызуючых праўную псыхіку Сапегі, яго глыбокую эдукацыю, нязвычайную справядлівасць і перадусім яго нацыянальны воблік.
Дзеля таго, што прамова гэтая зьяўляецца найпрыгажэйшым прыкладам беларускага красамоўства канца XVI стагодзьдзя такжа з увагі на яе будову і зьмест, падаем яе поўнасьцю. «Абачывалі то ўсіх вякоў людзі мудрыя, што ў каждай рэчыпаспалітай чалавеку пачціваму нічога ня маець быці дарожшага над вольнасьць, а няволяй так ся маець гыдзіці, што ня толькі скарбамі, але і сьмерцю яе ад сябе адганяці павінен. А пра гэта людзі пачцівыя ня толькі маетнасьці, але і горлаў сваіх проціў кождаму непрыяцелю выносіці не жалуюць, абы пад іх акрутнае панаваньне ня прыходзілі, а з вольнасьці сваей будучы злуплены, водлуг волі і мысьлі іх, яко нявольнікі, ня мусілі жыці. «Але ўжо мала-б і на тым было, каб чалавек, з няволі ад пастароннага непрыяцеля быў волен, а дамовага непрыяцеля над сабою цярпеці мусіў-бы. «Тагды тот мунштук або удзіла на пагамаваньне каждага зухвальца ёсьць вынайдзена, абы ся, баючы права, ад каждага гвалту і збытку пагамаваў, а над слабшым і худшым ня паствіўся і ўціскаці яго ня мог. Бо для таго правы пастаўлены, абы можнаму і патужнаму ня ўсё было вольна чыніці, а як паведзіў Цыцэро, іж естэсьмо нявольнікамі праў для таго, абы вольнасьці ўжываці маглі. «А есьлі чалавеку пачціваму нічога нет мільшага над тое, калі ў айчыне сваей бясьпечна мешкаючы, не баіцца абы яго хто на добрай славе змазаці, або на целе і на здароўі яго абразіці, або на ўласнай маетнасьці яго ўкрыўдзіці мог, тагды то нічому іншаму, адно праву, прычытаці маець, за каторым ад каждага ў пакою сядзіць і жаднага ўсільства абэлжаньня і ўкрыўджаньня на сабе не паносіць. Бо той цэль і скутак усіх праў ёсьць і маець быць на сьвеце, абы кажды добрую славу сваю, здароўе і маемасьць у цэласьці меў і на тым жаднага ўшчэрбку не цярпеў. «І то ёсьць наша вольнасьць, каторай мы межы іншымі народы хрысьціянскімі хвалімся, што пана, іж-бы водле волі сваей, а не водле праў нашых панаваў, над сабой ня маем і як славы учцівае, так жывата і маетнасьці вольна ўжываем. Бо хто-бы колечы з тых трох рэчаў у чым нас укрыўдзіці і водле ўпадабаньня свайго, а ня водле праў нашых, над намі паствіцца меў, тот бы ўжо ня панам нашым, але сказіцелем праў і вольнасьцяў нашых быў, а мы бы нявольнікамі яго быці мусілі. «I слушна за праўду маем, за што Пану Богу дзякаваці, што пад панаваньнем каралёў іх міласьцяў і вялікіх князёў паноў нашых, тую ўладу і вольнасьць у руках сваіх маем, а правы самі сабе творачы, яко найбольш можам вольнасьці сваей ва ўсім пасьцерагаем; бо ня толькі сусед, а спольны наш абываталь у айчыне, але і сам гаспадар, пан наш жаднае зьверхнасьці над намі зажываці ня можаць, адно толькі, сколькі яму права дапушчаець. «Пра то маючы таковый скарб у руках нашых, каторый жаднаю сумаю праплачаны быці ня можаць, прыстоіць каждаму пачціваму чалавеку, абы а нём ведаў, а будучы добра ведамый, як сам сябе і папудлівасьці свае гамаваў і водле права пісанага справаваўся і нікога ня крыўдзіў, так, есьлі бы ад каго быў укрыўджаны, абы ведаў, дзе абароны і лякарства ў крыўдзе сваей іскаці маець. «Бо яко адзін сэнатар рымскі другога штрафаваў, што права айчыны свае ня ўмеў, так кажды абываталь годны ёсьць наганеньня, каторый вольнасьцю хваліцца і праў сваіх умеці і разумеці ня хочаць, каторым правам усю вольнасьць сваю абвараванай маець. А есьлі катораму і народу устыд праў сваіх ня ўмеці, пагатовя нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і каждага часу чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды ведаці можам. «А іж тая труднасьць ня мала заважыла, што ня каждый статут мог меці для труднага і доўгага перапісываньня, — тады і ў тым тэй патрэбе каждага абываталя фальгуючы і пажытку рэчы паспалітае служачы, важыўся гэтую працу на сябе падняці, а кошту і накладу свайго не жалуючы, у друк падаў і дарогу мацнейшую і снаднейшую каждаму ку ведамасьці права паказаў. А гды то ўжо ў руках сваіх кажды, калі захочаць, мець можаць, прашу: рачце-ж ваша міласьць тую працу ад мяне ўдзячна прыняці, а маючы вольнасьці свае правам добра абвараваныя, таго пасьцерагаці, абы вы да судоў і трыбуналаў ня толькі людзей добрых а тых праў нашых добра умеетных абіралі, але баячыхся Пана Бога і цнатлівых, каторыя бы не для пажытку свайго ані ку шкодзе бліжняга, для лакомства свайго і для падаркаў, права выкручалі, але простым трыбам ідучы, сьвятой праўды і справядлівасьці пасьцерагалі, а тую вольнасьць, каторай цешымся, уцэласьці нам захавалі».
Як бачым, за найвялікшае дабро грамадзян дзяржавы Сапега ўважае вольнасьць. Бараніць адпаведна свае вольнасьці грамадзяне патрапяць толькі тады, калі сярод іх будзе пашырана веданьне права і адсюль сьвядомасьць правоў і абавязкаў. А калі якому-колечы народу — кажа Сапега — сорамна няведаць уласнага права, дык пагатовя ганебнай ёсьць рэччу няведаць свайго права грамядзянам Вялікага Князьства, каторыя маюць права пісанае ня ў чужой мове, а ў сваей уласнай. Апошнія словы Сапегі маюць для сучаснага дасьледчыка беларускае культуры і гісторыі нязвычайную вартасьць дзеля выяўленьня характару культуры Вялікага Князьства Літоўскага з гледзішча нацыянальнай яе прыналежнасьці, — тым болей, што словы гэтыя сказаны былі вуснамі найвялікшага прадстаўніка гэтае культуры. Як ведама, г. зв. «руская» мова Літоўскіх Статутаў ёсьць мовай беларускай, Літоўскія Статуты былі пісаны па-беларуску. Гэткім парадкам Сапега лічыў уласнай мовай — і пры гэтым ня толькі сваей, але і ўсяго грамадзянства Вялікага Князьства, — мову Трэцяга Статуту, значыць — беларускую. А калі ўзяць пад увагу, што аб нацыянальнай прыналежнасьці гэтак высака культурнае адзінкі, як Сапега, перадусім дэцыдавала і дэцыдуе тая мова, каторую ён сьведама, з пашанаю і любоўю называў уласнаю і правоў каторае гэтак старэнна бараніў,— дык трэба прыйсьці да вываду, што Сапега, паводле цяперашняе тэрмінолёгіі, залічаў сябе сам да беларускае нацыянальнасьці. З другога боку ведама, што Сапега — за прыкладам сваіх сучасьнікаў — называў сябе «ліцьвіном», а народ свой, які гутарыў мовай беларускай, «літоўскім». Дык з гэтага сам сабой выплывае лёгічна бясспрэчны вывад, што назовы «ліцьвін», «літоўскі» былі нічым іншым, як гістарычнымі назовамі беларускага народу.
Упарадкаваньнем пісанага права і выданьнем Статуту Сапега здабыў для сябе шчырую ўдзячнасьць сучасьнікаў, каторыя не шкадавалі яму заслужоных пахвалаў, а тагачасныя пісьменьнікі называлі яго «айцом айчызны» і літоўскім Солёнам. У 1589 г. Сапега заняў найвышэйшае ў сваей дзяржаве становішча канцлера, якое перад ім займаў Крыштоф Радзівіл.
Абгаварваючы справу ўпарадкаваньня Сапегаю пісаных законаў Вялікага Князьства, трэба ўспомніць яшчэ адзін факт, які меў месца перад выданьнем Статуту і знаходзіўся ў цеснай сувязі з арганізацыяй судоў у Вялікім Князьстве. Гэтым фактам было ўтварэньне Літоўскага Трыбуналу, які паўстаў у 1581 годзе (на 11 гадоў пазьней, чым у Кароне), дзякуючы ў вялікай меры стараньням Льва Сапегі, каторы хацеў бачыць судоўніцтва Вялікага Князьства незалежным ад Кароны. Трыбунал быў найвышэйшай апэляцыйнай інстанцыяй у справах цывільных і складаўся з дэпутатаў сьвецкіх, выбіраных праз соймікі, і духоўных, высыланых капітуламі (выключна дзеля справаў касьцельных). Сябры Трыбуналу выбіралі маршалка, які кіраваў працамі Трыбуналу. Трыбунал меў свае кнігі, у якія сьпярша земскі пісар таго павету, дзе адбывалася сэсія, а пасьля асобны трыбунальскі пісар упісваў усе акты ў мове беларускай («рускай»). Пачаткова Трыбунальскія Суды адбываліся ў чатырох местах: Вільні, Троках, Наваградку і Менску. Пазьней — ад 1588 году, за згодаю ўсіх станаў Вялікага Князьства, сэсіі Трыбуналу адбываліся толькі ў двух местах: Вільні (куды перайшлі справы, разгляданыя раней у Троках), і Менску або Наваградку (пачарзе). На сэсіі ў Вільні разглядаліся справы наступных ваяводзтваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага і зямлі Жамойцкае. На разгляд справаў кожнага ваяводзтва празначаліся тры тыдні, і толькі справы Полацкага ваяводзтва разглядаліся ў працягу двух тыдняў. У Менску або Наваградку трыбунальская сэсія пачыналася цераз 22 тыдні пасьля Вялікадня, прычым справы кожнага ваяводзтва (менскага і наваградзкага) разглядаліся ў працягу трох тыдняў. Характэрна, што Літоўскі Трыбунал быў устаноўлены толькі для земляў этнаграфічнае Беларусі, бо зямля Жамойцкая (этнаграфічная Літва) мела свой асобны трыбунал у Росенях, аднак з яго не карысталася і ў 1588 годзе дабравольна паддала свае справы Літоўскаму трыбуналу (для земляў этнаграфічна ўкраінскіх быў устаноўлены асобны Трыбунал у Луцку). Гэткім парадкам зьнік асобны Трыбунал для Жамойцкае зямлі, каторая ад 1588 году пасылала сваіх трох дэпутатаў у Трыбунал Літоўскі. У сувязі з паўстаньнем Літоўскага Трыбуналу, Сапега ў 1616 годзе выдаў працу «А спосабе абароны трыбунальскіх правоў».
Выданьне Трэцяга Статуту і ўвядзеньне Трыбуналу былі першымі вялікімі крокамі Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў Вялікага Князьства. Наступнай галінаю ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, у каторай выявілася ня менш кіпучая дзейнасць Сапегі, была справа ўпарадкаваньня хаосу рэлігійных адносінаў, які паўстаў на Беларусі з хвілінаю ўвядзеньня царкоўнае вуніі 1595 году. На жаль, у гэтай галіне інгерэнцыя Сапегі ня мела вялікшых рэзультатаў, бо было шмат іншых дзейнікаў, параліжаваўшых шляхотныя імкненьні Сапегі. У дадатку Вялікі Канцлер зрабіў сам тут памылку, дапамагаючы вуніі ў часе яе тварэньня, хоць кіраваўся самымі шляхотнымі, як з пункту гледжаньня агульна-людзкага, так і інтарэсаў беларускага народу, думкамі. Памылку гэту Сапега пазьней сам зразумеў, вельмі яе жалеў, аднак паправіць яе, ня гледзячы на сваё жаданьне, ня мог. Усё-ж справа ўдзелу Сапегі ў рэлігійным жыцьці Вялікага Князьства мае для беларускае гісторыі вялізарнае значэньне, бо яна выясьняе ролю магутнае пастаці Сапегі ў ратаваньні сваей айчыны ад тае агоніі, у якой яна апынулася ў выніку бязупынна трываўшае рэлігійнае вайны між дзьвюма часткамі аднаго і таго-ж народу.
Гэтая роля Сапегі ўвідочніца лепш на агульным фоне тагачасных рэлігійных адносінаў у Эўропе і Вялікім Князьстве Літоўскім, дзеля чаго і трэба ўдзяліць крыху месца дзеля намаляваньня гэтага фону.
Што рэлігійная проблема ня толькі ў сярэднявеччы, але і ў новыя вякі адыгрывала вялікую ролю ў жыцьці народаў Эўропы, а ў тым ліку і беларускага народу, — факт знаны. Аднак, калі ў сярэднявеччы рэлігія займала домінуючае палажэньне ў параўнаньні з дзяржаўнымі інтарэсамі паасобных краін і народаў, дык у новыя вякі скончылася служэньне паасобных нацыяў інтарэсам рэлігіі, і амаль ува ўсей Эўропе пачалося імкненьне да падпарадкаваньня рэлігіі інтарэсам народным або дзяржаўным. Пачаліся запраўдныя войны з універсальным каталіцкім касьцёлам, ведзеныя ў імя пагарджаных дагэтуль нацыянальных ідэалаў.
Аднак, гэтыя войны не аслаблялі значэньня рэлігіі, як магутнага дзейніка духовае культуры. Дык зусім натуральна, што ў новыя вякі — эпоху крысталізацыі паасобных нацыянальнасьцяў у сяньняшнім разуменьні гэтага слова, нацыянальнасьцяў, каторыя стаўлялі сабе азначаныя мэты і да зьдзейсьненьня іх імкнуліся перадусім, — у палітычных павадыроў гэтых нацыянальнасьцяў выяўляецца імкненьне да выкарыстаньня рэлігіі дзеля нацыянальнага ўсьведамленьня і аб'яднаньня народаў. Амаль у кожнай дзяржаве, збудаванай на прынцыпе нацыянальнае адзінасьці, пачаліся спробы нацыяналізаваньня касьцёлу. Часамі ролю нацыянальнага касьцёлу адыгравала новае веравызнаньне; часамі — тое-ж рымскае каталіцтва, ня гледзячы на свой унівэрсалізм. Апошняе мела месца, да прыкладу, у Польшчы. Даволі сягнуць да гісторыі Польшчы і прыпомніць сабе тое значэньне ў аформленьні нацыянальнага ўсьведамленьня польскага народу, якое згуляла рымскае каталіцтва, стаўшыся, пасьля барацьбы з рэфармацыяй, запраўднай польскай нацыянальнай рэлігіяй. Хопіць спыніцца над жыцьцём і дзейнасьцю выдатнага польскага ксяндза-патрыёты Пятра Скаргі, каб зразумець, як гэты прадстаўнік польскага нацыянальнага касьцёлу цесна лучыў пытаньні нацыянальныя з інтарэсамі рэлігіі. Лучэньне гэтае ішло так далёка, што — паводле Скаргі — у межах даўнае Рэчыпаспалітае кожны паляк павінен быў быць каталіком і — наадварот. I хоць Скарга не абараніў Польшчы ад пазьнейшых разьдзелаў, аднак ягоны ўплыў на выпрацоўку польскага нацыянальнага сьветапагляду быў колёсальны. А вядома, што рымска-каталіцкі касьцёл у Польшчы, як касьцёл нацыянальны, меў многа другіх прадстаўнікоў, каторыя падобна Скарзе, хоць з меншым красамоўствам і слабейшай аргумэнтацыяй, будзілі ў польскім народзе пачуцьцё ўласнае годнасьці, патрыятызму, але побач з гэтым і рэлігійны фанатызм дый нетолеранцыю да інакш веруючых. Калі-ж яшчэ ўзяць пад увагу глыбокую рэлігійнасьць польскага народу, дык ясным станецца значэньне, якое мела выкарыстаньне ўплываў рымска-каталіцкае веры ў кірунку паглыбленьня польскіх нацыянальных ідэалаў.
[59] Валынь была інкорпорована да Кароны ў 1569 г.
[60] Сьцяпан Батура.
[61] У Вялікім Князьстве.
[62] Жыгімонт III.