Гэткім парадкам пачатак заняпаду копных судоў у пал. XVII в. лучыцца з пачаткам сходу беларускае культуры, а канец быцьця копных судоў зыйшоўся із зьліквідаваньнем астачы беларускае гаспадарственасьці.
400-лецьце Літоўскага Статуту
Чатыры сотні гадоў мінае ад тае пары, калі быў выданы першы пісаны зборнік законаў для Беларуска-Літоўскай дзяржавы. З нагоды гэтакага сівога, культурнага юбілею, юбілею, якім могуць пахваліцца толькі вельмі нялічныя народы, трэба здаць сабе справу, прынамсі ў галоўных рысах, на якім грунце i як паўстаў Літоўскі Статут, а такжа якое ён можа мець значэньне для сучаснага дасьледчыка — беларуса, працуючага перадусім над пазнаньнем мінуўшчыны свайго народу. Зразумелы адказ на апошняе пытаньне можа быць дадзены толькі па разгледжаньні першых двух, г. зн. таго культурнага падкладу, на якім паўстаў гэты памятнік, a так-жа i яго гісторыі. Затрымаймася дзеля гэтага над кожным з гэтых трох пытаньняў.
Працэс аб'яднаньня ўсіх беларускіх зямель пад уладаю Вялікага Князя Літоўскага закончыўся ў XV сталецьці. Беларусь, якая ўвайшла ў цэласьці ў склад Вял. Кн. Літоўскага, дапамагала яму сваімі матэрыяльнымі, a перадусім культурнымі сродкамі. Гэты ўплыў беларускае культуры быў так моцны, што з першых-жа дзён свайго існаваньня Вял. Кн. Літоўскае было ўжо не літоўскай, але беларуска-літоўскай дзяржавай. Рэч у тым, што дзякуючы блізкім жыцьцёвым адносінам з Беларусью, Літва знаходзілася пад моцным уплывам беларускае культуры i грамадзкасьці. Гэты ўплыў адбіўся раней за ўсё на вярхох літоўскага грамадзянства. Літоўскія князі пачалі будаваць сваё князьства паводле беларускіх прыкладаў, уводзіць на Літве беларускія парадкі і ўстановы, беларускую мову як афіцыяльную і г.д. У беларускай грамадзкасьці яны мелі магчымасьць здабыць больш сіл і сродкаў дзеля ўзмацненьня сваёй ўлады над грамадзянствам, чымся ў літоўскай. На Беларусі ўжо ўсталяваліся пэўныя i сталыя службовыя адносіны паміж князямі i ix дружынамі. Гарадзкое i вясковае насельніцтва было зьвязана з князям пэўнымі i сталымі падатковымі i рознымі іншымі павіннасьцямі. Тут-жа да паслуг князёў была i наладжаная адміністрацыя, пэўныя пасады i годнасьці, з дапамогай якіх узмацнялася князёўская ўлада над грамадзянствам. На Літве ўсё гэта мела характар чагось пачатковага i несталага, а таму зразумела, што літоўскія князі першыя апынуліся пад беларускім уплывам, з ix брала прыклад літоўская арыстакрацыя, вайскоўцы, земляўласьнікі, якія атрымалі найменьне баяр. Знаходзіліся пад уплывам беларускае культуры i нават асыміляваліся з беларускім племям i народныя гушчы Літвы, асабліва там, дзе ў гэтыя гушчы пранікала беларускае насельніцтва. Як вынік гэтага тэрыторыя беларускага племя павялічывалася ў сваіх памерах на кошт асноўнае літоўскае тэрыторыі. Беларусызаваньне Літвы дапамагала ў значнай меры далейшаму пашырэньню яе дзяржаўнае тэрыторыі на кошт іншых беларускіх зямель. Справа ішла цяпер аб далучэньні да племя ня толькі ня чужога, але амаль свайго, прынамсі ў вышэйшых сваіх колах i ў кожным выпадку не варожага да беларускага ўкладу жыцьця. Характар аб'яднаньня (амаль што дабравольны) адбіўся i на ўнутранай будове новае Беларуска-Літоўскае дзяржавы. Землі i князьствы, што далучаліся, у большасьці выпадкаў не трацілі асаблівасьцяў свайго быту. У некаторых князьствах заставаліся даўнейшыя князі, якія i далей разам з баярамі кіравалі мясцовым грамадзянствам, як васалы вялікага князя, абавязаныя яму вайсковай службай i падаткамі.
Гэтыя кароткія ўвагі даюць нам права цьвердзіць, што беларуская культура ў пачатку XVI стагодзьдзя займала домінуючае становішча i амаль што не спатыкала ніякіх конкурэнтаў, бо польсія ўплывы, якія пранікалі ў тым часе ў Бел.-Літоўскую дзяржаву, былі яшчэ вельмі слабыя. Паміма аднак-жа даволі высокага культурнага роўня, у Бел.-Літоўскай дзяржаве, на пачатку яе існаваньня, ня было пісаных законаў. Усялякага-ж роду праваадносіны былі рэгуляваны правам звычаёвым. Нормы права звычаёвага адносна сялян стасаваў г. зв. «копны» суд. (Квэстыя копных судоў вельмі цікавая i мала яшчэ высьветляная ў праўнай літэратуры). Споркі паміж сялянамі i ix валадырамі судзілі апошнія. Баярства-ж (шляхту) судзілі князі i вялікія магнаты, якім князі давалі прывілеі i права чыніць суд. Зразумела, што адсутнасьць пісаных законаў даводзіла да надужыцьцяў з боку тых, якія мелі права судзіць іншых. Вялікія князі не праходзілі моўчкі каля гэтага факту i ад часу да часу выдавалі розные граматы, якімі стараліся завясьці лад у галіне судаўніцтва. У гэтых граматах вялікія князі ўрачыста абавязываліся перад усім насяленьнем краю дзяржаць свае слова, гаспадараваць i судзіць згодна з тымі прывілеямі i правамі, якія паасобным станам былі дадзены раней. Аднак-жа i гэта не ўсувала надужыцьцяў, асабліва з боку вялікіх магнатаў у адносінах да шляхты. Шляхоцкая маса, якая паносіла для дзяржавы вялікія ахвяры, даючы грошы i войска, усё часьцей i часьцей пачынала дамагацца ўстанаўленьня пісанага права, дакладнага вызначэньня правоў i абавязкаў усіх грамадзян. І вось пад моцным уплывам гэтых дамаганьняў вялікі князь Жыгімонт на Віленскім Сойме ў 1522 г. обвяшчае ўстанавіць для ўсяго Вял. Кн. Літоўскага адно пісанае права для ўсіх яго станаў. У сваей грамаце Жыгімонт кажа, што: «Дагэтуль у нашым Вял. Кн. Літоўскім суды адбываліся не на падставе пісанага права, a справядлівасьць выконывалася згодна з звычаямі ды паводле разуменьня i сумленьня кожнага судзьдзі», — i далей — «паслухаўшы частых зваротаў шляхты, загадалі мы ўстанавіць адзінае пісанае права i закон, напісаны ў згодзе з ведамымі пастановамі i граматамі, істнуючымі ўжо на пісьме». Сем аднак-жа гадоў прайшло ад гэнае запавядзі вялікага князя, пакуль былі пераможаны ўсе труднасьці, зьвязаныя з кадыфікацыяй права i выданы Літоўскі Статут (17-30.ХІ.1529 г.). Выданьне першага пісанага зборніка законаў для Бел.-Літоўскага гаспадарства было гэтулькі важным гістарычным здарэньнем, што беларускія летапісцы прызналі патрэбным запісаць аб ім у сваіх летапісях. Першы Літоўскі Статут, створаны сіламі беларускіх законьнікаў быў напісаны ў беларускай мове толькі праз год быў перакладзены на лацінскую, a цераз тры — на польскую. Ня зьдзейсьнілася аднак-жа запаведзь князёўскае граматы — надрукаваць статут у вялікай лічбе экзэмпляраў, хаця ў Вільні была ўжо закладзена Скарынай беларуская друкарня. Стары Літоўскі Статут, спаўняючы дамаганьні беларускае шляхты, каб былі ўстаноўлены пісаныя законы, не здаволіў аднак-жа яе імкненьняў да роўнасьці з вышэйшымі станамі — духавенствам i магнатамі. I вось — пры Жыгімонце-Аўгусьце, пад націскам шляхты ён быў перагледжаны i прыняты ў новай рэдакцыі ў 1566 годзе з пашырэньнем шляхоцкіх правоў — гэта другі Статут. Але праз 20 гадоў ён яшчэ раз быў перагледжаны: гэткім чынам склаўся трэці Статут, які быў прыняты на Варшаўскім элекцыйным Сойме ў 1588 г. У гэтым-жа годзе па загаду канцлера Льва Сапегі i пад яго асабістым наглядам трэці Статут быў надрукаваны ў беларускай мове ў Вільні, у друкарні Мамонічаў i толькі ў 1616 годзе пераложаны на польскую мову, калі беларуская мова на Беларусі пачала пакрыху траціць сваё агульна-дзяржаўнае значэньне i выціскацца польскай. З далейшых дзеяў Літоўскага Статуту трэба зацеміць той факт, што калі пасьля падзелаў Польшчы Беларусь адышла да Расеі, то быў зроблены поўны пераклад Літоўскага Статуту 1588 году з тагочаснае беларускае мовы на сучасную расейскую i надрукаваны ў 1811 годзе. Літоўскі Статут абавязываў на Беларусі аж да 1840 году.
Калі мы зробім параўнаньне памянёных трох рэдакцыяў Л. Статуту з боку мовы, то лёгка заўважым, што стары рукапісны Статут 1529 г. мае больш вытрыманую беларускую мову, а друкованая рэдакцыя Статуту 1588 г. больш багата полёнізмамі. Гэта сьведчыць аб тым, як польская мова паступова пачынала браць верх над беларускай ужо ад канца XVI в.
Кожная з трох рэдакцыяў Статуту дзеліцца на разьдзелы, а кожны разьдзел на артыкулы, колькасьць якіх не аднакава, ўва ўсіх трох Статутах, бо кожная новая рэдакцыя замыкала ў сабе пэўныя зьмены, найчасьцей дадаткі, а часамі і скарочаньні. Гэткім чынам ужо ў першым артыкуле 1-га разьдзелу, дзе гаворыцца аб тым, што выданы Статут ёсьць абавязкавым для ўсіх грамадзян, пачаўшы ад вышшага стану аж да ніжэйшага, у выданьні 1588 г. зроблены важны дадатак, які расьцягаваў Літоўскі Статут i на чужаземцаў. Прыкладам скарачэньня артыкулаў у пазьнейшых рэдакцыях можа быць характэрны выпадак, які меў месца ў адносінах да жыдоў i ix становішча на Беларусі. Гэтак, арт. 4, разьдз. XII. Статуту 1566 г. «о ношенью жидовском» падрабязна разглядае пытаньне аб жыдоўскай вопратцы: забараняе насіць жыдом каштоўныя шаты, золата i серабро, а кажа, што «уберъ» ix павінен быць «значный», каб можна было адрозьніць хрысьціяніна ад жыда. У апошняй-жа рэдакцыі 1588 г. гэты артыкул скарочаны, але затое дабаўлены іншыя драбніцы, якія дазваляюць ужо жыдом насіць пярсьцёнкі. Наагул, трэба сказаць, што побач з тым, як мяняліся звычаі, сацыяльныя погляды, міжнародныя адносіны, — няўхільна і зусім натуральна павінны былі зьмяняцца адпаведныя артыкулы законаў. Гэтак, напрыклад, стары Статут 1529 г. ў адносінах да шляхты даваў вялікаму князю значныя правы, a шляхта, дабіваючыся ўсё большых і большых правоў, кожны раз вымагала новых прывілеяў і большай незалежнасьці ад князёўскай улады; з гэтае прычыны прыходзілася рабіць зьмены ў законах, даваць больш падрабязную рэглямэнтацыю, або выкідаць з законаў тыя ці іншыя пункты.
Па гэтых кароткіх нарысах культурнага падкладу i гісторыі Літоўскага Статуту, затрымаймося цапер над пытаньнем, якое значэньне мае для нас Літоўскі Статут i над якімі мамэнтамі ў сваіх досьледах над ім павінен затрымацца перадусім беларус-гісторык, праўнік ці філёлёг. Вось-жа Літоўскі Статут як найвялікшы гістарычны памятнік Літоўска-Беларускае дзяржавы, зьяўляецца перадусім памятнікам нашае мінуўшчыны i можа служыць нявычарпанай крыніцай да ўсебаковага яе пазнаньня. Што гэта памятнік нaшae прошласьці — гэта не падлягае сумліву. Мы бачылі ўжо вышэй, што ў г. зв. Вялікім Князьстве Літоўскім, асабліва-ж перад выданьнем першага Статуту, панавала беларуская культура. Зразумела, беларускасьці Вялікага Князьства Літоўскага ня трэба мадэрнізаваць, ня трэба нашымі сучаснымі паняцьцямі мерыць тагачаснага жыцьця як i нашых сяньняшніх поглядаў прыпісываць тагачасным людзям. Дзеля гэтага, ня можна напр. сказаць, што паняцьце народнасьці разумелася ў тыя сівыя часы так, як мы разумеем яго сяньня, ды i гэтага нам ня трэба. Паняцьце народнасьці, як вельмі зложанае, скрысталізавалася больш менш выразна толькі ў пачатку XIX стагодзьдзя. І дзеля гэтага, не пераносячы яго ў тыя далёкія часы, мы аднак-жа, можам задаволіцца тым, што наш народ у сваёй гісторыі, падобна іншым, меў зусім выразна адзначанае пачуцьцё свае адасобленнасьці ад суседзяў, разьвітае ў яго можа больш, чымся напрыклад у ўсходніх маскоўцаў. Досыць прыпомніць, як лёгка далучаліся паасобныя беларускія князьствы да Літ.-Бел. дзяржавы, з аднаго боку i тыя крывавыя падбоі, шляхам якіх стваралася маскоўскае царства з другога, каб мець права сказаць, што якраз на ўсходзе, сярод маскоўскіх плямёнаў пачуцьцё кроўнасьці і адасобленнасьці ix як цэласьці ў вонках, адыгрывалі другарадную ролю ў параўнаньні з «крывёй i зялезам». Меў наш народ пачуцьцё гэнае адасобленнасьці i ў адносінах да сваіх заходніх суседзяў — палякоў. Досыць адсьвежыць сабе ў памяці ўсе вуніі, каб пераканацца, якіх скамплікаваных дыплёматычных высілкаў вымагалася ад палякоў, каб утрымаць адзінасьць Польска-Літ.-Беларускае дзяржавы.
Адным словам, так у часе выданьня першага Статуту, як i раней, а нават амаль да XVIII сталецьця, мы можам сьмела казаць аб беларускай шляхце, месьце i сялянстве, з якіх асабліва першая мела добра вырабленую, сьвядомую беларускую ідэолёгію. Можам казаць аб беларускім народзе як цэласьці. Вось-жа Літ. Статут зьяўляючыся прадуктам яго духовае працы ёсьць памятнікам нашае прошласьці і багатай крыніцай да пазнаньня філёзофіі, традыцыі, права i наагул культурнага роўня народу тагачаснае эпохі. У ім як у люстры мы знойдзем адбіцьцё Старой Беларусі, знойдзем i яе гісторыю. А нават павярхоўнае абзнаямленьне з памятнікамі нашае прошласьці, з якіх пачэснас месца займае Літоўскі Статут, пераканае нас аб адносна высокім роўні беларускае культуры ў XVI ст., культуры, якая не загінула — мы яе бачым як інтэгральную частку псыхікі, сьветагляду нават у тае шляхты, якую Беларусь пасьля страціла. Шляхціч з Беларусі і Польшчы — гэта-ж два зусім розныя тыпы. Маючы на ўвазе гэтае высокае значэньне Літоўскага Статуту, кожны дасьледчык беларус, праўнік, гісторык ці філёлёг знойдзе тут удзячнае поле для свае працы. Праца гэта аблягчаецца яшчэ i тым, што Літ. Статут становіць наш памятнік, да якога найменш нахінаецца прэтэнсыяў з боку шмат лікавых дасьледчыкаў палякаў і маскоўцаў. Усе лічаць яго «Літоўскім», тымчасам фактам нязбітым зьяўляецца тое, што назоў «Літоўскі», які вельмі часта адносіцца да тых далёкіх часоў, азначае ні больш ні менш, як голы гук, без якога-небудзь рэальнага, праўдзіва літоўскага зьместу.
Досьледы над Л. Статутам з пункту гледжаньня юрыдачнага скрысталізуюць нам выразьней праўныя паняцьці, характар праваадносін і асаблівасьці даўнейшага судаўніцтва на Беларусі. Выходзячы-ж з тэзы, што права зьяўляецца праявам агульнае псыхікі народу, разультаты гэтых досьледаў памогуць нам высьветліць гэтую псыхіку, пазнаньне якой кіне ўжо сьвятло на іншыя галіны навуковых шуканьняў i паможа нам няраз дасканальна зарыентавацца ў цёмных мейсцах нашае гісторыі.
Вывучэньне Л. Статуту з філёлёгічнага пункту гледжаньня паможа нам сконструяваць абраз разьвіцьця нашае мовы i пазнаць яе асаблівасьці. Досьледы-ж над Л. Статутам з гэтых пунктаў гледжаньня, ведзяныя ў шырэйшым маштабе — на фоне параўнаньня яго з юрыдычнымі памятнікамі іншых народаў, дазволяць нам выкрыць узаемныя ix на сябе ўплывы з аднаго боку, а з другога — дадуць магчымасьць аддзяліць самастойную частку Л. Статуту, выкрыцьцё якой прычыніцца да сконстатаваньня самабытнасьці нашай культуры, — факту, які для нас зьяўляецца ясным i, які аднак-жа вельмі часта квэстыёнуецца чужынцамі, што дае ім магчымасьць пытацца нас аб нашым гістарычным пашпарце. Рэч зусім ясная, што ў сям'і цывілізаваных народаў бяз гэтага пашпарту амаль немагчыма дабіцца раўнапраўнасьці. Вось-жа досьледы над памятнікамі нашае мінуўшчыны, сконцэнтраваныя каля асноўнае тэзы самастойнасьці нашае культуры — бяз сумліву дазволяць нам упісаць у нашу гістарычную легітымацыю ясна i выразна ня толькі нашае імя і прозьвішча, але хто мы i скуль паходзім. І Літоўскі Статут акажа тут неацэненыя ўслугі. Трэба толькі веды i добрае волі. З тэй-жа хвілінай, калі гэтая тэза будзе так яснай, што нават у вачох яе праціўнікаў, усялякія закіды проці яе будуць прадстаўляцца парадаксальнымі — беларускі юрыст, гісторык i філёлёг могуць лічыць сваё заданьне за больш менш споўненае.
Беларусы і суседзі
Была пара, калі гэтыя суседзі у прыраўнаньні з нашым народам былі слабыя i не маглі перашкодзіць разьвіцьцю нашага народу i будаваньню ягонае дзяржаўнасьці. I таму, калі Масква i Польшча выйшлі на шырокую гістарычную арэну, беларускі народ меў ужо сваю вялікую i моцную дзяржаву і мог весьці ня толькі памысную абарону, але i прадпрыймаць войны з мэтай задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у сваім гаспадарсьцьве. У гэтым часе дачыненьні з Масквой i Польшчай з юрыдычнага глeдзішча складаліся нармальна. Ня было мовы аб іхных «правох» на беларускай зямлі.
А часам гэтыя суседзі самі шукалі дапамогі i знаходзіліся ў фактычнай апецы беларускага гаспадарства.
Дзякуючы, аднак, шэрагу гістарычных памылак, якія не дазволілі нам сваечасна зразумець, што на ўсходзе і захадзе растуць заўзятыя ворагі беларускага народу i ягонае свободы, ужо ад паловы XV стагодзьдзя мы бачылі вялікія зьмены ў нашых дачыненьнях з гэтымі суседзямі, а наўперад з Масквой. Узмацаваўшыся, яны пачынаюць свой наступ на Беларусь. Маскоўскі князь Іван III ужо афіцыйна выражае свае прэтэнзіі на беларускія землі і імкнецца ў вельмі прымітыўны спосаб ix абгрунтаваць. Галоўным яго аргумэнтам было супольнасьць веры ў беларусаў i маскалёў. Прэтэнзіі Масквы, якія падтрымоўваліся наступнікамі Івана, былі прычынаю доўгае i ўпорыстае барацьбы Беларусі з гэтым ворагам, якая цягнулася стагодзьдзі. Яе імкнуцца выкарыстаць палякі, каб шляхам умоваў, г.зв. «вуніяў» асягнуць уключэньня беларускага гаспадарства ў склад польскае Рэчыпаспалітае. Шляхам выкрутнае сафістыкі i сьведамага перакручваньня зьместу i сэнсу гэтых умоваў, яны хацелі вывесьці свае «права» на Беларусь. У васнове, аднак, i іхных прэтэнзіяў ляжыць толькі захопніцтва. Вуніі не даюць ім ніякага права. Нават апошняя з ix, Люблінская 1569 г., хоць i ўводзіла незначныя зьмены ў нас i тварыла супольную Рэчпаспалітую, але не падпарадкоўвала Беларусь Польшчы, бо ў сваёй істоце яна была умовай роўных з роўнымі. Дарэмна прадстаўнікі маскоўскае i польскае дзяржаўнасьці, ня грэбуючы сродкамі, імкнуліся знайсьці хоць для вока нейкае «права» на нас. Усе іхныя меркаваньні на гэтую тэму пацьвярджалі толькі іхны імпэрыялізм. Мінуўшчына Беларусі ня можа быць для ix крыніцай ніякага права. Наадварот, яна паказвае, што беларускі народ, нават у найцяжэйшыя хвіліны, умеў змагацца супроць маскоўскага і польскага захопніка i бараніць свае правы да свабоднага жыцьця.
Калі, аднак, пасьля ўпадку беларускае дзяржаўнасьці, у нас наступіў пэрыяд нацыянальнага сну ў поўным сэнсе гэтага слова, калі ня было ўжо чутно беларускага голасу ў вабароне сваіх інтарэсаў, дужэйшыя за нас Масква i Польшча маглі ўжо бесканкурэнцыйна дaводзіць «лепшасьць» сваіх «правоў» на Беларусь. Польшча, што таксама, хоць i пазьней за нас, страціла сваю дзяржаўнасьць, інтэлектуальна стаяла вышэй за расейцаў i ў дадатку знаходзіла спагад у Заходняй Эўропе i таму памысна канкуравала з Масквой. Паступова ў Заходняй Эўропе вырабіўся пагляд, што Беларусь, як штось апрычонае, ня існуе, што гэта толькі геаграфічны назоў бліжэй неазначанай тэрыторыі, якая зьяўляецца прадметам маскоўска-польскіх спрэчак. Гэтыя спрэчкі вяліся ў тым кірунку, што Масква даводзіла «истинно русский» характар Беларусі i яе народу, a палякі, паклікаючыся на яе прысабечаную гісторыю i перакручваючы сэнс вуніяў, ды на кожным кроку гаворачы аб сваёй быццам выкананай культурнай місіі, цьвердзілі аб яе польскасьці. Ужо гэтая супярэчнасьць паглядаў нашых суседзяў на нацыянальна-культурную сутнасьць Беларусі, дыямэтральная розьніца паміж гэтымі паглядамі, паказвала, што ў васнове іхных прэтэнзіяў да Беларусі ляжаць выключна імпэрыялістычныя імкненьні, а не якоесь права. Але нават у гэтых спрэчках за Беларусь наглядаецца пэўны кампраміс i згода. Відавочна, абое адчувалі, што бароняць не свае, a толькі хочуць захапіць чужое. Расейцы прысвайвалі з нашае гісторыі тое, што зрабілі беларусы праваслаўныя, a палякі, што зрабілі беларусы каталікі. Вычувалася, што абодвыя канкурэнты гатовыя падзяліць Беларусь паводля рэлігійнага прынцыпу: праваслаўныя беларусы — гэта расейцы, беларусы каталікі — палякі. Гэты падзел абгрунтоўваўся нават некаторымі гісторыкамі з польскага i расейскага боку.
Трэба сказаць, што два вякі гэтага нацыянальнага сну прынесьлі нам вельмі шмат шкоды. I таму, калі з XIX ст. пачалося нашае Адраджэньне, перш культурнае, а пасьля палітычнае, дык мы былі так моцна адарваныя ад сваёй мінуўшчыны, што не мaглi i ня ўмелі выкарыстаць яе, як крыніцу нашых правоў да сваёй зямлі, і спаткаліся з так хітра сплеценай маскоўска-польскай павуцінай гэтых прэтэнзіяў да Беларусі, што доўгі час не маглі адважыцца выступіць з сваім собскім палітычным абліччам ня то, што перад іншымі народамі, але i перад сваім уласным. I нялёгкім было шуканьне гэтага аблічча, свайго беларускага палiтычнага шляху. Шмат хістаньняў і перашкодаў павінен быў перамагчы беларускі рух, пакуль знайшоў гэты шлях. Праз нясьмелыя выказваньні жаданьня быць нягоршымі за іншых, «звацца людзьмі», праз фэдэрацыйныя плыні ў бок ці то Расеі ці Польшчы, беларускі нацыянальны рух вырабіў, урэшце, свой собскі палітычны сьветапагляд. Гэты сьветапагляд, гэтыя доўга шуканыя ідэалы беларускага народу выказаны ў эпаховым акце з нашае гісторыі 3-й Устаўнай грамаце ад 25 сакавіка 1918 г., якім Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як правамоцнае прадстаўніцтва беларускага народу, нарвала ўсялякія палітычныя сувязі Беларусі з Масквой i Польшчай i абвесьціла яе незалежнасьць.
Толькі ад гэтага часу мы можам гаварыць аб нараджэньні нашага беларускага „я”, аб скрышталізаваньні нацыянальна-палітычных мэтаў беларускага народу.
Масква i Польшча пільна сачылі за разьвіцьцем беларускае палітычнае думкі. Сачылі, бо ведалі, што прыходзіць трэйці канкурэнт, гэтым разам найнебясьпечнейшы, бо праўны гаспадар, спадкаемца сваіх нашчадкаў, легітымацыя якога ў поўным парадку. У часе, калі гэтая думка была яшчэ сьціплай i нясьмелай, калі яшчэ блыталася ў фэдэрацыйных канцэпцыях, калі мы яшчэ ня мелі адвагі выкінупь з галавы пачуцьцё ніжэйшасьці нават пры азначэньні сваіх нацыянальных ідэалаў, Масква i Польшча адносіліся да нас згары, глядзелі на наш рух з дамешкай гіроніі. Аднак, кaлi яны пабачылі, што гэты рух хоча адзін панаваць у Беларусі, хоча бачыць у беларускім народзе адзінага праўнага гаспадара Краю, ад кідаючы ўсе маскоўска-польскія прэтэнзіі, адносіны Масквы i Польшчы да нас зьмяніліся на яўна варожыя.
У гэткай ролі яны i выступілі ў дачыненьні да Беларусі пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу ў 1918 г., калі было пераканальна, што беларускі народ ня хоча быць аб'ектам іхных крывавых апэрацыяў і адкідае іхную няпрошаную апеку. Акупаваўшы Беларусь, бальшавіцкая Масква, ня пытаючы волі беларускага народу, прарабляе над ім розныя палітычныя экспэрымэнты, раздае ягоную тэрыторыю каму хоча, паклікае адзін за другім розныя палітычныя наватворы, якія маюць «задаволіць» дзяржаўныя імкненьні беларускага народу. Усе гэтыя палітычныя крокі бальшавіцкае Масквы накіраваныя на адну мэту: разьдзяліць і аслабіць беларускі народ, каб як найхутчэй вычыркнуць яго з лічбы жывых народаў. Гэткім чынам яшчэ да агульна ведамага Рыскага Трактату аб падзеле Беларусі з 18.1.1921 году бальшавікі заключылі шэраг умоваў i выдалі шэраг пастаноў, сутнасьць якіх палягала на падзеле Беларусі.
Мы ня маем патрэбы спэцыяльна займацца ані гэтымі дагаворамі, ані пастановамі савецкага ўраду, зробленымі бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу i cyпроць ягонае волі. Гэтыя пастановы i дагаворы былі пазьней ануляваныя, або зьмененыя тым-жа бальшавіцкім урадам. Мы толькі хочам падчыркнуць ix антыбеларускі характар i тую лёгкасьць, з якой бальшавікі распараджаліся беларускай тэрыторыяй i лёсам беларускага народу. Мы хочам толькі адцеміць, што ніводзін з гэтых дакумэнтаў ня ішоў на спатканьне беларусам, а заўсёды быў накіраваны супроць ix. Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкае Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г. зв. Рыскі Трактат з 18. 1. 1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой i Польшчай.
Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнае яму зямлі, а нашаму работніку фабрыкаў і абярнуць аднаго i другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі, маскоўскі пpалетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш i найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэтым маскоўскі пралетар аказаўся блізшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну i paботніку, і гэта толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня вядомы ўвесь цынізм гэтых народаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Усходнюю i Заходнюю. Так прыкладам прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму Ёффе, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на «польскім целе», інакш кажучы, палякі не спадзяваліся яго стравіць. Ёффе згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць досыць месца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць i загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя пабуды, якія тады кіравалі маскоўскага пралетара i польскага пана.
Абодвым ішло аб вышуканьне найлепшых i найпэўнейшых сродкаў зьнішчэньня беларускае нацыі.
Беларускі народ пратэставаў супроць гэтае ўмовы i ніколі яе ня прызнаваў. Усе пазьнейшыя падзеі на Беларусі былі адным вялікім, народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі i палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбныя іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады між Масквой i Польшчай наступае ціхае паразумленьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Pаспачынаецца амаль адначасна так у Усходняй, як i Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускае інтэлігэнцыі: у Польшчы пад закідам камунізму, а ў саветах — фашызму.
Мы ня хочам праз гэта сказаць, што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскае Польшчы. Як расеец, як захопнік, ён, зразумела быў ворагам усякае Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да Беларусі Масква i Польшча мелі тыя самыя мэты i тасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней i таму мы бачым тут такое вялізарнае cпyсташэньне ў радох беларускае інтэлігэнцыі, сялянства і работніцтва.
Да літоўска-беларускіх адносінаў
У артыкуле «Аб беларуска-літоўскіх адносінах» («Беларускі Фронт», № 14) мы разгледзелі тэрыторыяльныя пратэнсыі Літвы да беларускіх абшараў. Цяпер спынімся над аргумантамі, на якіх літоўцы апіраюць свае жаданьні. Усе гэтыя аргуманты зводзяцца, фактычна, да аднаго гістарычнага, — які выступае ў розных модафікацыях. Першая яго фаза выявілася ўжо ў пачатковую пару літоўскага адраджэнскага руху, калі паўстала літоўская гісторыяграфія. Літоўскія гісторыкі, як Басановіч, Давойна-Сыльвэстровіч, выступілі на арэну гістарычнага дасьледаваньня жыцьця свайго народу з вялікім размахам. Яны захапілі літаральна ўсю гісторыю б. Вялікага Княства Літоўскага i ідэнтыфікавалі яго з паўстаючай «Новай Літвой». Пагляды літоўскіх гісторыкаў перадаліся літоўскім паэтам, якія ў сваіх патрыятычных творах пісалі напрыклад аб Беларусі i далёкай Украіне як аб «кусках» аднае Вялікае Літвы, што ізноў паўстае да жыцьця. З гледзішча гэтага размаху можна сказаць, што літоўскі адраджэнскі рух быў поўнай процілежнасьцю беларускаму.
Пратэндуючы на ўсю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, новая Літва, ясна, пратэндавала тэарытычна і на ўсе належаўшыя да яго землі, тым больш, што панаваўшая ў ХIX ст.тэорыя аб дагістарычных насельніках Беларусі казала, быццам ўся Беларусь да прыходу беларускага народу, была заселена продкамі літоўцаў, якіх беларусы адсунулі на поўнач, займаючы іхнія сялібы. Як бачым, гэта першая фаза «гістарычнага аргуманту» абасноўвала літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў дзяржаўнай прыналежнасьцю апошніх да Вялікага Княства Літоўскага і ў дапамогу паклікалася на літоўскі характар дагістарычнага насельніцтва Беларусі. Гэткі пагляд даваў магчымасьць літоўцам захапіць толькі беларускіх земляў, колькі яны хацелі.
Гэтая фаза скончылася тады, калі зьявіліся гістарычныя працы беларускіх гісторыкаў такой меры, як М. Доўнар-Запольскі і M. Любаўскі. Дзякуючы іхнім капітальным досьледам над гісторыяй роднага краю, была канчальна разьвеяна нарбутаўская міталёгія, a гісторыя Вялікага Княства Літоўскага знайшла навуковае асьвятленьне. Было сьцьверджана, што Вялікае Княства зьяўлялася гаспадарствам «рускім» — беларускім — i было створана беларусамі. Працы Доўнар-Запольскага i Любаўскага дагэтуль лічацца найболын аб'ектыўнымі і грунтоўнымі з усяе гісторыяграфіі аб Вялікім Княстве Літоўскім. Утоесамленьне Вялікага Княства Літоўскага з «новай Літвой» сталася немагчымым. Польскі гісторык Ф. Конэчны («Атэнэум Віленьске», г. IX, 1930) прапанаваў нават і вельмі трапна, на азначэньне таго, што ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага была зроблена не славянскай часткай яго насельніцтва, ужываць назоў «Летува», «летуўскі» (як называюць яны сябе сяньня), а не «Літва», «літоўскі», бо гэтыя апошнія ў Вялікім Княстве Літоўскім адносіліся наўперад да беларусаў, што сьцьвердзілі іншыя дасьледчыкі. Адначасна архэалягічныя раскопкі на тэрыторыі Беларусі ўсё больш пацьвярджалі, што беларускія плямёны былі першабытнымі насельнікамі свайго краю і нават, што дарэчча Прыпяці было славянскай прарадзімай, скуль славяне разыходзіліся ў розныя бакі.
Дагістарычныя ўладаньні літоўскага этнаграфічнага элемэнту ў сьвятле новых досьледаў усе больш корчыліся. У сувязі з гэтым зчэзьлі літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў на аснове дзяржаўнае прыналежнасьці ix да былога Вялікага Княства, літоўцы моцна адступілі, але ня хочучы аканчальна зрэзыгнавань з пратэнсыяў i замкнуцца ў сваіх этнаграфічных граніцах, ахварбавалі гістарычны аргумант у новы колер i пусьцілі ў сьвет. Нарадзілася другая яго фаза, каторая пануе дагэтуль у літоўскім грамадзянстве. Паводля гэтай адмены літоўцы кажуць, што іхнія этнаграфічныя межы ў мінуўшчыне ішлі значна глыбей у беларускія абшары i прынамся пакрываліся з тымі граніцамі, дзе цяпер жывуць беларусы-каталікі. А гэтыя граніцы больш менш пакрываюцца з тымі, якія бачым на літоўскіх картах Вайчуляйціса (гл. №14 «Беларускага Фронту»). Літоўцы лічаць, што цяперашнія беларусы-каталікі — гэта па паходжаньню чыстыя літоўцы, але з цягам часу збеларушчаныя. Чыстымі беларусамі трэба лічыць толькі праваслаўных. Разважаньні гэтыя апіраюцца галоўна на тым, што беларусы куды раней прынялі хрысьціянства ўсходняе і трымаліся яго, a літоўцы ахрысьціліся ў каталіцтва толькі ў 1387г. і такжа моцна трымаліся сваёй р.-каталіцкай веры. Гэткім парадкам хоць з цягам часу значныя літоўскія абшары былі збеларушчаны, дык усё-ж рэлігія мае быць добрым паказьнікам, дакуль гэтыя абшары даходзілі ў мінуўшчыне. На гэтым дапушчэньні, што беларусы-каталікі гэта толькі збеларушчаныя літоўцы і апіраюцца літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў з Вілыняй і Горадняй.