Тое самае было і з землямі, адабранымі ад Масквы падчас вайны 1610-1613 г., як напр. Смаленскай. Сапега 25 сьнежня 1611г. пісаў да таго-ж Крыштофа Радзівіла: «А паны палякі канстытуцыю напісалі народу нашаму шкадлівую і, гэты фундамэнт канстытуцыі залажыўшы, назвалі яго дыплёмам, прывілей сабе напісалі на Смаленск і на іншыя правінцыі і замкі, што ім даруе кароль усё, што ад Масквы будзе здабыта. Я быў змушаны ўчыніць пратэстацыю супраць гэтае канстытуцыі і супраць гэнага дыплёму, каторую пратэстацыю, хоць у канцэлярыях каронных прыняць не хацелі, а навет палякі забаранілі прыймаць яе гораду, аднак горад прыняў».
А яшчэ раней, адразу па здабыцьці Смаленска, менавіта 30-га чэрвеня 1611 г., з Смаленска Леў Сапега, разгадаўшы імкненьні палякоў далучыць Смаленскую зямлю ўпалове да Кароны, пісаў да Крыштофа Радзівіла, называючы двор «злым торгам», і хацеў навет «асесьці на ральлі, перапрасіць плуг, бо яго ўжо ніхто ня склоніць на дворскую полеўку, якую ён ведае добра».
Тут трэба замеціць, што Леў Сапега ня толькі бараніў правы свае айчыны да адабраных чужымі дзяржавамі тэрыторыяў, але ўсьцяж дараджываў, як адабраць іх, і ведаючы, што найлепшым спосабам да гэтага ёсьць «жаўнер літоўскі», радзіў у цэлым радзе лістоў да Крыштофа Радзівіла, як напрыклад у лісьце з 13 ліпня 1911 г. у часе вайны за Інфлянты, каб: «жаўнер наш не аддыхаў, а замачкі ў Інфлянтах займаў і каб перад прыходам кароннага жаўнера займаў іх як найбольш, бо тады паны палякі ня змогуць нам сказаць, што мы Інфлянты страцілі, калі нямалую іх часьць ізноў рэкупэруемо».
А ў адным з папярэдніх лістоў да таго-ж Радзівіла з 22-га сакавіка 1594 г. чытаем: «Гэтман Каронны зьбірае выбранцаў і мае вока на татараў, каторыя гвалтам хочуць праз Польшчу да Нёмна. Добра-б было, каб і ад нас палякі помач якую мелі, бо трэба-ж братоў ратаваць, тым больш, што і аб нашу ўласную скуру тут ідзе. Бо сьцеражы Бог няшчасьця на іх, ці-ж нам тады ад палякоў не дастанецца! А калі палякі абойдуцца бяз нашай помачы, тады гэты одыюм узаемнай непрыязьні і ненавісьці, каторы паміж намі з палякамі цяпер кіпіць, яшчэ больш узрасьце і пры нас будзе сulpa (віна). Трэба ім памагчы і жаўнерам нашым, а калі-б гэта не магло быць, тады хоць татарамі».
Гэты ліст вельмі характэрны яшчэ і дзеля таго, што ён выразна сцьвярджае стан антаганізмаў, існаваўшы тады між Каронаю і Вялікім Князьствам, а з другога боку ён сьведчыць аб надзвычайнай шляхотнасьці Сапегі, каторы не хацеў, каб яго народ даў повад да паглыбленьня гэтае ненавісьці.
Аднак, ня толькі на дыплёматычным, але і на ваенным полі Сапега бараніў цэласьці Вялікага Князьства. Калі ў 1620-ых гадох уварваліся швэды — пад камандай Густава-Адольфа і не без дапамогі Масквы — у межы Вялікага Князьства, Сапега ізноў, ня гледзячы на свой 63-гадовы век, становіцца на абарону краю і адзначаецца ў ваенных дзеяньнях. Пры гэтым ён не ашчаджае сваей фортуны і паносіць вялікія выдаткі на абарону, за што гаспадарства было яму асабліва ўдзячнае. У гэту цяжкую для Вялікага Князьства пару, калі — апрача вайны — шырылася яшчэ і маравое паветра, Сапега абняў галоўнае камандаваньне ваеннымі сіламі, як Вялікі Гэтман Літоўскі.
Пасьля вайны Сапега, будучы віленскім ваяводам, спакойна дажываў свой век, працуючы над упарадкаваньнем Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, інакш кажучы — архіву спраў Дзяржаўнае Канцэлярыі Вялікага Князьства Літоўскага, які знаходзіўся пад асабістым даглядам і кіраўніцтвам Вялікага Канцлера Літоўскага. Архіў гэты зьмяшчае арыгінальныя дакумэнты ад XIII стагодзьдзя і копіі дакумэнтаў, выданых з Дзяржаўнае Канцэлярыі, ды мае надзвычайна вялікую цэннасьць дзеля беларускае гісторыі[66].
Яшчэ ў 1594 г., у Вільні, канцлер Леў Сапега апрацаваў рэестр дакумэнтаў Літоўскай Мэтрыкі, а пад канец жыцьця ён упарадкаваў гэты архіў, перапісаўшы кнігі нанова.
Акты Мэтрыкі былі пісаны ў беларускай мове, а дзеля таго, што яны абыймаюць стагодзьдзі, можна на аснове іх прасачыць абраз разьвіцьця беларускае мовы.
Незадоўга да сваей сьмерці Сапега атрымаў годнасьць Маршалка Вялікага Князьства і ў гэтай годнасьці, як прадстаўнік дзяржавы, спатыкаў у 1633 годзе новага караля Уладыслава IV. Сапега меў тады 76 гадоў. Праз два тыдні пасьля гэтая сустрэчы ён памёр і быў пахаваны ў Вільні ў касьцёле сьв. Міхала, ім жа ўфундаваным. Перад сьмерцяй Сапега багата адбараваў уфундаваныя ім цэрквы і касьцёлы. Цела яго, аднак, доўга не магло знайсьці супакою. Над ім надругаліся два разы маскоўцы, асабліва ў 1655 годзе, выкідаючы труну на вуліцу.
У асобе Льва Сапегі Вялікае Князьства страціла апошняга абаронцу сваіх правоў, а беларускі народ — абаронцу свае культуры, мовы і нацыянальнасьці. Пасьля сьмерці Сапегі аканчальны заняпад палітычнага і культурнага жыцьця Беларусі збліжаўся шыбкімі крокамі, і ўжо ў 1697 г. зьявілася соймавая пастанова, касаваўшая правы беларускае мовы, як мовы ўрадавае і загадаваўшая земскаму пісару ўсе акты пісаць па-польску. Не падлягае сумліву, што факт гэты стаўся-бы значна раней, калі-б ня было Сапегі.
Дзеяльнасьць Сапегі не ўратавала Вялікага Князьства і беларускае культуры ад пазьнейшага заняпаду. Тлумачыцца гэта тымі вялікімі супярэчнасьцямі ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, каторых навет Сапезе, паміма задзіўляючых высілкаў з яго боку, не ўдалося зьнішчыць. I ўсё-ж такі эпоха Сапегі астанецца назаўсёды ў гісторыі беларускага народу і яго культуры залатой парой, а магутная постаць Вялікага Канцлера будзе ўсьцяж яскравым доказам вялікіх творчых сілаў, укрытых у беларускім народзе.
Леў Сапега застанецца назаўсёды для ўдзячных патомкаў узорам мудрага палітыка і дыплёматы ды гарачага патрыёты, прыкладам запраўднае справядлівасьці, несфальшаванае толеранцыі і высокае эдукаванасьці.
Галоўныя крыніцы:
Sсгірtоrеs rеrum роlоnісarum.Тоmus VIII: Агсhivum Domu Radziwiііуw. Krakуw, 1885 г.
Ластоўскі В. «Гісторыя Беларускае (Крыўскае) Кнігі», Коўна, 1926 г.
Т. Czacki: «O Litewskich i Polskich Prawach». Warszawa, 1800-1801 r.
Рэцэнзія
Ksiкga pami№tkowa ku uczczeniu czterechsetletniej rocznicy wydania Pierwszego Statutu Litewskiego, pod redakcj№ doktora Stefana Ehrenkreutza, Wilno 1935, «Rozprawy Wydziaіu III Towarzystwa Przyjaciуі Nauk w Wilnie», TomVIII, str. 362.
Як паказывае сам назоў і кароткая прадмова рэдакцыі, кніга гэта была распачата яшчэ ў 1929 г. з прычыны прыпадаўшых у ім 400-тых угодкаў I Літоўскага Статуту. Няспрыяючыя абставіны перашкодзілі выдаць яе раней як у сёлётнім годзе і ў разьмеры меншым, чымся намерана. У кнізе зьмешчаны працы выдатных польскіх гісторыкаў i праўнікаў. Працы прысьвечаныя аналізе I Літоўскага Статуту невялікія і разглядаюць паасобныя праўныя інстытуцыі Статуту. Гэтак праф. Фр. Боссоўскі разглядае квэстыю ўлады бацькоў пазбаўляць дзяцей спадчыны ў прыпадках цяжкай з іхняга боку зьнявагі, Кароль Кораны i разглядае некаторыя пастановы Статуту ў галіне права каральнага, Рафал Таўбеншляг разглядае квэстыю позву ў I i II Статутах i ўрэшце Станіслаў Пташыцкі ў двух артыкулах закранае ўжо III Літоўскі Статут («Pierwsze wydanie trzeciego Statutu i jego przerуbki» i «Konfederacja Warszawska 1573 r. w trzecim Statucie Litewskim»).
Вялікшае значэньне маюць i падрабязьней распрацаваны артыкулы на тэмы гістарычныя. З ix трэба перадусім адцеміць працу Яна Aдамуса пад наз. «Paсstwo Litewskiew latach 1386—1398». Аўтар разглядае тут праблему інкорпорацыі гістарычнае Літвы да Польшчы на аснове акту Крэўскае вуніі. Дзеля таго, што ў гэтым годзе прыпадае юбілей Крэўскае вуніі, праца Я. Адамуса ёсьць асабліва актуальнай. Дагэтуль ды й цяпер у польскай гістарычнай навуцы пануе пагляд, быццам Крэўская вунія пазбавіла гістарычную Літву (г. зн. Беларусь) яе дзяржаўнае самастойнасьці i зрабіла з яе звычайную польскую правінцыю, a толькі салінскія здарэньні 1398 г. ці акты віленска-радамскія 1399-1400-1401 гадоў вярнулі йзноў Літве ейную дзяржаўнасьць. Гэты пагляд зьяўляецца зьместам г. зв. „тэорыі інкорпорацыі" Літвы да Польшчы, якой найгалаўнейшым прадстаўніком у польскай гістарычнай навуцы быў А. Левіцкі. Паўстала-ж гэта тэорыя дзеля таго, што няма беспасярэдніх доказаў, быццам існаваў агульны акт інкорпорацыйны, які ўлучаў Літву да Польшчы як правінцыю. Абаронцы інкорпорацыі маглі апірацца толькі на гіпотэзах, дзеля абаснаваньня каторых шукалі тых ці іншых гістарычных здарэньняў. Ян Адамус у сваёй працы вельмі падрабязна i пераконываюча зьбівае прынятыя дагэтуль аргуманты за тэорыяй інкорпорацыі. Перадусім-жа аўтар адрозьнівае два паняцьці сярэднявечнае інкорпорацыі ў форме ўлады беспасярэдняе ці пасярэдняе над тэрыторыяй інкорпорованай i кажа, што калі i прыняць за факт інкорпорацыю Літвы да Польшчы у 1386г., дык магла-б гэта быць толькі інкорпорацыя пасярэдняя. Наагул-жа Адамус уважае, што адзінага інкорпорацыйнага акту ня было, але былі меншыя акты i кожны з ix зьдзейсьніваў часткова інкорпорацыю на малой тэрыторыі. Дзеля гэтага аўтар з усіх дасюлешніх аргумантаў за інкорпорацыю выбірае фактычна адзін. Ёсьць ім г. зв. «гомогіяльныя акты» літоўска-бел. князёў з 1386-1398 гадоў. У гэтых-жа актах, паводле інтэрпрэтацыі праф. Бальцэра, літоўска-бел. князі выказывалі адзнакі падданства (holdu) ня толькі Ягайлу, але і Ядвізе і асабліва Польскай Кароне. З гэтага быццам i выплывае вывад, што гэныя князі паасобку прызнавалі сваю залежнасьць ад кароны, a дзеля таго інкорпорацыя ў сэнсе «ўлады пасярэдняе» была i правялася паступова прынамся адносна тэрыторыяў гэтых князёў.
Трэба аднак зацеміць, што калі аўтар вельмі ўдала зьбівае аргументы за існаваньнем адзінага інкорпорацыйнага акту, дык выдаецца рызыкоўным апіраць частковую інкорпорацыю, у разуменьні аўтара, толькі на ўспомненых актах гомогіяльных. Перадусім, сам аўтар добра зьмяншае іхняе значэньне, калі кажа, што знаходзяцца яны ў якойсь мала выразнай сувязі з венам (wianem) для Ядвігі на землях беларуска-літоўскіх. Факт запісу Ягайлай на карысьць Ядвігі вена на абясьпячэньне ейнага пасагу (хоць-бы гэтага пасагу й ня было) не падлягае сумлеву. I правільна аўтар далей заўважае, што сучасьнікі лучылі адносіны Польшчы да Літвы з адносінамі пасагу да вена. А калі-ж беларуска-літоўскія князі ў успомненых актах i зьвярталіся апрача Ягайлы i да Ядвігі, дык гэта ня можа быць бясспрэчным доказам інкорпорацыі, бо асоба Ядвігі юрыдычна ня была ім чужой. Наступна няма зусім згоднае інтэрпрэтацыі гомогіяльных актаў і квэстыя гэтая вымагае свайго дасьледаваньня. Урэшце супроць прыняцьця інкорпорацыі нават частковай i ў разуменьню аўтара (форма пасярэдняга ўпаданьня) сьведчыць i той факт, што ў пазьнейшых актах, якія гэтую інкорпорацыю быццам касуюць, няма аб ёй успаміну (а гэта-ж было-б здарэньне першараднае вагі), хоць гэтыя акты зьявіліся праз 12 гадоў, значыцца ў часе, калі памяць аб ёй павінна была-б быць асабліва жывой. Можна было-б прытачыць яшчэ аргуманты супроць інкорпорацыі, але i вышэй пададзеныя прамаўляюць затым, што гіпотэза інкорпорацыі нават юрыдычнай ёсьць надта слаба абаснаванай, фактычнае-ж інкорпорацыі бязумоўна ня было.
Гэнpык Лоўмянскi даволі падрабязна спыняецца над асновамі грамадзкімі i гаспадарчымі вуніі («Uwagi w sprawie podіoїa spoі. i gosp. unji Jagielloсskiej»). Аўтар апіраецца часткова i на ўспомненай вышэй працы Адамуса, аднак у поглядзе на інкорпорацыю з ім не згаджаецца i трымаецца погляду вырабленага Левіцкім. З цэлай працы насоўваецца між іншым вывад, што ў Бел. Літоўскай дзяржаве існаваў вялікі антаганізм , між элемэнтам этнографічна-літоўскім (аўкштота i жмудзь), i рускім (беларускім i пачаткова ўкраінскім) i што этнографічныя літоўцы, падбіўшы элемэнт «рускі», імкнуліся да ўтрыманьня свайго пануючага становішча над элемэнтам беларускім нават коштам дзяржаўнае незалежнасьці. Гэты вывад трэба прызнаць памылковым. Калі напачатку літоўскіх «падбояў» i магчымы быў гэты антаганізм, дык у кожным прыпадку ён хутка зьнік. Прычынаў да гэтага было шмат. Перэдусім літоўскія «падбоі» былі такога роду, што вельмі часта беларускія князі лучыліся з Літвой дабраахвотна. Далей аўтар адумысна зьмяншае ўплыў рускай (беларускае) культуры на ліцьвіноў этнографічных. Ужо за Альгэрда пры літоўскім двары панавала беларуская мова, а Ягайла інакш не гаварыў, як па-беларуску, беларуская мова зрабілася ўрадаваю нават у часы гэгэмоніі этнографічна-літоўскага элемэнту; ліцьвіны хутка зжываліся з рускай (беларускай) люднасьцю i асыміляваліся, што сьцьвярджае i аўтар. Падобныя зьявішчы былі-б зусім немагчымымі, каб дапусьціць, што антагонізм між этнографічнымі літоўцамі (аукштота i жмудзь) быў на толькі вялікі, каб прымушаў першых дзеля барацьбы з другімі гадзіцца нават із згубаю дзяржаўнае незалежнасьці! Апрача гэтага аўтар апэруючы статыстычным матар'ялам, вартасьць каторага вельмі сумлеўная, нязвычайна зьмяншае ролю беларускага элемэнту ў супольнай дзяржаве.
Г. Лоўмянскі стараецца паказаць, што важнымі прычынамі да вуніі з Польшчай былі зьявішчы натуры грамадзкае і гаспадарчае ў тым сэнсе, што Літва, каб дапяць у сябе пажаданых эканамічных ці грамадзкіх рэзультатаў, сьведама йшла на вунію, a пасьля па дасягненьню ix «ня думала аб сплаце доўгу ўдзячнасьці i акты вуніі de facto анулявала». Што эканамічныя i rpaмадзкія фактары пхалі паасобныя краіны да бліжэйшага злучэньня—рэч вядомая, але ўплыў гэтых фактараў, як прадстаўляе аўтар, зьяўляецца незразумелым. Адсюль i супярэчнасьці ў вывадах аўтара. Між іншым аўтар заўважвае, што аукштота і жмудзь імкнуліся да вуніі з Польшчай, каб утрымаць гэгэмонію над рускім элемэнтам i што Польшча сваё забавязаньне споўніла цапком, толькі этногр. ліцьвіны былі няўдзячнымі. Тымчасам паводле аўтара аказалася, што польская помач прычынілася да роўнапраўнасьці рускага элемэнту ў гіст. Літве. Але-ж аб гэтым аукштота i жмудзь, нават паводле аўтара, Польшчы не прасілі i замеру такога ня мелі i чаму павінны былі мець удзячнасьць за такую услугу. Падобнага роду навязаньне гістарычных здарэньняў ёсьць немагчымым.
На наш пагляд немагчыма абаснаваць польска-літоўскіх вуніяў інакш, як толькі ўмовамі характару палітычнага. У хвіліну вонкавае небясьпекі Літва лучылася цясьней, a калі небясьпека мінала, вунія фактычна пераставала існаваць i злучаны зьвяз распадаўся лёгка.
На гэтым кончым агляд успомненай кнігі. Кніга бязумоўна павінна быць прастудыявана беларускімі гісторыкамі, бо ў агульную скарбніцу веды аб Вялікім Княстве яна ўносіць вартасны ўклад.
Камэнтары
Да гэтай пары гістарычная спадчына Міколы Шкялёнка не выдавалася ў такім поўным аб’ёме. Пераважная большасьць ягоных твораў друкавалася ў 30-х—40-х гадах мінулага стагодзьдзя ў часопісе «Калосьсе» (Вільня) і ў газэце «Раніца» (Бэрлін).
Тэксты твораў падаюцца з захаваньнем аўтарскага правапісу. Храналогія напісаньня артыкулаў не захоўваецца.
1. Bielarus — Litva — Kryvija.
[66] Гэты скарб сяньня раскіданы па ўсей Расеі і Польшчы. Часткі Мэтрыкі знаходзяцца ў Ленінградзе, Маскве, Варшаве (найстарэйшыя акты ад 1386 да 1551 году). Агулам Літоўская Мэтрыка абыймала акты Вялікага Князьства да 1794 год і мела 556 тамоў, у якіх у хронолёгічным парадку адзначаны ўсе важнейшыя здарэньні дзяржаўнага жыцьця.