Але болей мы не рашыліся прыставаць да ваенкома. Павярнулі ў інтэрнат. Там сабралі торбы і ўліліся ў натоўп, які плыў дзень і ноч на ўсход.
8
Праз некалькі дзён дарога мяне так стаміла, што навакольнае даходзіла да маёй свядомасці нібы праз сон.
Пад Стоўбцамі забрылі ў апусцелую вёску піць ваду. Чамусьці нас агарнула трывога, і мы сталі азірацца.
За гумнамі па дарозе Баранавічы — Мінск упэўнена, не надта спяшаючыся, валілі незвычайныя машыны з салдатамі ў зялёна-шэрым адзенні і добра вядомых мне яшчэ з 1939 года касках.
Салдат абганялі матацыклісты.
З кароткімі хобатамі гармат сярдзіта раўлі маторамі танкі.
Па ўзбочынах з закасанымі да локцяў рукавамі і з засаджанымі пад пагон пілоткамі рытмічна крочылі ў калоне па тры салдаты ды высвіствалі на тры галасы мелодыю.
Харавы свіст, незвычайнай канфігурацыі танкі, машыны і тое, што гэтая чужая лавіна так спакойна і ўпэўнена валіла менавіта на ўсход, дзе дагэтуль былі ўсе твае думкі, вярнула да жудаснай рэчаіснасці.
Вось яно, пачынаецца!
— Ком! Ком! — ад кулямёта пад плотам паклікаў нас нямецкі заслон, які мы толькі цяпер заўважылі. Салдат з царскай упэўненасцю падзываў рукой.
Мяне агарнуў страх, горла здушыў камяк: тваё толькі да плота, а далей — няволя, чужы свет, вораг!..
Аднак і я і мае сябры пайшлі.
Салдат прыўзняў нам шапкі, паўзіраўся, ці не стрыжана галава. Зазірнуў нават у кашулі, пашукаў вайсковых штампаў і толькі тады перадаў нас другому немцу. Той завёў усіх на суседні падворак і напісаў пропуск — адзін на ўсю кампанію, закрычаў па-нямецку:
— Марш дадому! Жаць, малаціць, сеяць! Марш з вачэй, толькі хутка!
Колькі было знявагі ў яго словах! Ён нават нікому не глянуў у вочы, абыходзіўся, бы з жывёлай. Не ведаў і слова па-нашаму, а рабіў табе ласку, дазваляў хадзіць па тваёй зямлі!..
Сябры паразыходзіліся па сваіх вёсках. Я і не заўважыў, калі застаўся адзін. З роспачы, атупення і недасыпання свет стаў бачыць нібы праз слой вады, якую яшчэ і пагойдвалі. Нібы цябе перавярнулі дагары нагамі і ты глядзеў на ўсё з такога нязвычнага становішча.
Пацягнула мяне, пылінку, у родныя мясціны і пачало кідаць на хвалях падзей.
Пад Карэлічамі апрытомнеў ад стрэлаў.
Паабапал дарогі — перакопанае ровікамі жыта, Толькі што адгрымеў бой. У збэрсанай саломе цямнела і жаўцела вывернутая выбухамі зямля. Валялася некалькі забітых немцаў. Пад магутнай таполяй ляжаў радок параненых байцоў. Над імі ўзвышаўся малады унтэр-афіцэр. Немец, не спяшаючыся, цэліў з пісталета і страляў хлопцам у галовы.
Тах! Тах! Тах! — метадычна чуліся на полі пісталетныя стрэлы.
Параненыя не прасілі ў ворага літасці. З нейкай зацятай упартасцю і выклікам аскальвалі белыя зубы ў страшнай і адчайнай усмешцы — і моўчкі паміралі.
Ад жаху і бяссілля ў мяне падкасіліся ногі.
9
Пару дзён таму назад накідалі мы Навагрудак, ахоплены пажарам, а цяпер застаў я паабапал вуліцы абгарэлыя сцены.
На плошчы ў ценю павялых ад полымя акацый стаялі танкі з чорнымі крыжамі на бартах. У аднаго на брані вісела зялёнае вядро з рускім надпісам: «Противопожарное». Зверху машыны былі зацягнуты вялізным кавалкам чырвонага шоўку з чорнай свастыкай у белым коле. Чырвоны колер палотнішча паспеў стаць для мяне святым, абуджаў асацыяцыі з дзяцінства, з дэманстрацый падпольшчыкаў у мястэчку Гарадок, ніяк не вязаўся ў маёй галаве з павучыным знакам свастыкі і немцамі.
Побач са мной разважалі двое сялян:
— Прыкрыліся — каб свае самалёты не зблыталі.
Чалавек нават нагнуўся і паказаў суседу гачыкі, якія трымалі шоўк:
— Глядзі, прадбачылі, халера на іх, яшчэ да вайны!