Падпальвалі будынкі прадажнікаў, іхнія стагі сена.
Не ў кожным выпадку браў я ўдзел. Але кожны выпадак я так перажываў, што мне здавалася, нібы і я быў удзельнікам.
3
Ацэньваючы сябе цяпер крытычным вокам сталага чалавека, я бачу, што падзеі для нас тады былі галоўным чынам гульнёй, выпадкам, каб быць на відавоку, паказаць сябе арыгінальным, самасцвердзіцца, без чаго жыццё юнака траціць сэнс. Над намі патрэбна была рука, але нашым бацькам было не да нас.
Парадак з намі трэба было навесці даўно. Я не ўпэўнены, ці рабіць тое, за што браліся, мы мелі маральнае права.
Мікалай Лявончык любіў бравіраваць фразамі з брашур і дакладаў, а мы яму зайздросцілі.
Мікалай не ведаў, як там было на самай справе на граніцы, глядзеў на мяне, як на героя.
Ляжалі адной нядзелі хлопцы пад бэзам і жарылі ў падкіднога. Як толькі канчалі гульню, Мікалай кожны раз уздыхаў:
— Хопіць, мусіць. Халера, трэба ісці ногі памыць, маці сварыцца будзе...
— Ла-адна, сходзіш яшчэ, здавай!
— Ну, хіба апошні раз...
Гэтак Мікалай дацягнуў да вечара. Там ужо не было сэнсу ногі мыць: раніцой на рабоце забрудзіш зноў, а нядзеля — прайшла.
Аднаго разу ішоў ён па вёсцы і ля Тадорыхі ўздумаў перадаць мне брашуру. Ён не падаўся са мной туды, дзе няма дамоў. Яшчэ здалёк сваім выглядам даў зразумець — нешта перадасць. Правай рукой залез у левую кішэню (хоць левая рука была свабодная) ды стаў набліжацца — напружана, нібы намерваўся секануць мяне шабляй.
Параўняўшыся, сунуў мне брашуру і са змоўніцкім выглядам пакрочыў далей.
Гэта ён рабіў дзеля Тадорышыных дзяўчат, якія, магчыма, глядзелі праз вокны хаты і бачылі, што ён не проста Мікалай, Міхалкавага Васіля сын, у якога яшчэ шасцёра мурзатых братоў і сясцёр...
Я таксама з-за Настусінай Веркі выкідваў конікі.
За вёскай, на скрыжаванні дарог, стаяў абеліск пану Златніцкаму, у якога некалі наш дзед купіў участак зямлі. Бабкі спыняліся перад абеліскам і маліліся, бо на ім стаяў чыгунны крыж з распятым Хрыстом.
Ішлі мы аднаго разу аднекуль кампаніяй, і я быў увесь заняты толькі тым — што-небудзь упароць.
— Валодзька, давай паб'ём крыж! — прапанаваў я брату.
Брат стараўся ад мяне не адстаць. Узяліся мы выдзіраць крыж і спяваць:
А мы і чорту скру-цім ро-гі,
Бо-огу вы-ырвем ба-ра-ду!..
Вера нас сарамаціла, упрошвала. І гэта мяне распаліла яшчэ болей. Я разбіў крыж аб камень на дробныя кавалачкі і радаваўся, што давёў дзяўчыну да плачу.
Праз акно нас убачыў дзядзька Салвесь, вылецеў з хаты і расплакаўся таксама. Я апамятаўся.
Дзядзька не пана шкадаваў. Ён быў і бязбожнік. Чалавек плакаў, што нягоднікі зганьбавалі сімвал, якому пакланяліся продкі.
Дома нас чакала лупцоўка ад мацеры.
Салвесь завёз кавалкі чыгуна да каваля ў Гарадок, яўрэй Мэндаль узяў іх у клямары, дзядзька ўставіў крыж у камень, заліў яго цэментам. Толькі тады ў мяне адлягло ад душы.
4
Раптам па Страшаве папаўзла жудасная вестка: быццам былыя беларускія паслы Валошын, Тарашкевіч, Мятла, Дварчанін, Рак-Міхайлоўскі, якія паехалі ў СССР,— ворагі народа!
У нашу хату пранікла чутка, што ў казанскім інстытуце арыштавалі дзядзьку Івана, бо ён быццам бы — амерыканскі шпіён.