З палёгкай выпусціў я матыку, пабег дамоў.
Ля калодзежа трымаў за руль веласіпед, на багажніку якога стаяў куфэрак, касавокі і скуласты кітаец. Ён аб'язджаў хутары, прадаваў кілімчыкі з драконамі.
Паклікаў я маму.
Кінуў пад лесам кароў і адразу прыляцеў на двор Валодзька.
Разгубленая мама разглядала тавар і не ведала, што рабіць: шкадавала грошай. Госць з далёкай краіны напускаў таямнічасць, нешта па-кітайску лапатаў, не спяшаўся ад'язджаць і адчуваў сябе ў нас, як дома.
Не згледзелі, як чалавек на нашай пліце згатаваў у каструльцы рыс і пачаў яго спрытна палачкамі есці.
— Божа, які нешчаслівы чалавек! — разжаліў ён маму.— Хіба можа мужчына гэтага наесціса?!
Яна ўжо палезла па залатоўкі. Крыкнула ў адчыненае акно:
— Ты, Настусь, прышлі дачку, няхай таксама падзівіцца!
Праз хвіліну з сяней зыркнула пара цікаўных вачанят. Але Вера памятала, што яна ў людзей на рабоце, таму адразу вярнулася да бульбы.
Яна нават ела ў чужым доме з сарамлівай вінаватасцю.
4
Вучыўся я кепска. Польскай мовы не ведаў, дома не меў часу на ўрокі, астатнія вучні мяне апярэджвалі.
Яшчэ ва мне сядзела нейкая сялянская тупасць.
«Работа мужыка — такая цяжкая, як вол»,— напісаў я ў сачыненні і ніяк не мог зразумець, што ў маім сказе было кепскага.
Нягледзячы на гэта, у гадоў дванаццаць я адчуў у сабе якоесьці абуджэнне самасвядомасці.
Раптам ні з таго ні з сяго пачало мяне мучыць дзіўнае пытанне: хто ж я такі?
У Страшаве — дзвесце пяьцьдзесят душ, і кожная з іх іншая. На ўсім свеце — два мільярды людзей. Навошта сярод іх яшчэ і я? Якая сіла здагадалася стварыць мяне? Для чаго ёй я спатрэбіўся? Чаму без мяне не маглі абысціся?..
Я стараўся залезці ў глыбіню свайго філагенезу, пачуць у сабе якія-небудзь флюіды — сляды таямнічай сілы і сэнсу. Але іх не знаходзіў. Тады ўспамінаў усё да дробязей, што некалі бачыў, што памятаю.
Сабраліся мужыкі і дзеляць страшаўскую зямлю. Мне і ўрокі трэба вучыць і цікава іх паслухаць...
Вось я яшчэ не хаджу ў школу. Цішэўскі Іван даў мне несці праз вёску крыж, і я гэтак абняславіўся, што сорамна і сёння.
Мужчыны пасмейваюцца з бацькі з-за дзікоў. Бацька вяртаецца з поля і апраўдваецца перад маці.
У нашай кухні пяюць кудзельнымі.
Праз Страшава імчыць брычка Шастаковіча, а я, дурань, доўга не мог зразумець, чаму колы ў ёй круцяцца назад.
Вобразы, нібы ў перспектыве, памяншаліся і памяншаліся...
Мы з Валодзькам накручваем гадзіннік, і страляе спружына...
За гэтым вобразам — нічога, хоць ты лопні ад думання. Калі хто апавядае пра ранейшыя здарэнні, я ўяўляю сабе іх як казку — нерэальнымі, несур'ёзнымі. Для мяне свет пачынаўся з маім паяўленнем.
Я куды-небудзь хаваўся, разглядаў свае грудзі, ногі, рукі.
Маё цела мне падабалася і было мілым, я так выразна адчуваў і бачыў, што адбываецца навокал...
Мо і праўду мама гаварыла — я асаблівы? Было на зямлі людзей многа, дык трэба ж нейкай сіле стварыць яшчэ і мяне!.. Мабыць, я — не такі, як яны.