І ведаў, што думаць так пра сябе нядобра, але ўжо нічога не мог зрабіць з сабой — аж задрыжаў ад шчасця. Толькі прыцішу ў сабе радасць — і зноў яна прарываецца.
Браты Грушэўскія раздзялілі будынкі і ніяк не маглі поўнасцю забудавацца — Салвесю не хапала дзерава на гумно, Марціну — на хлеў. Чырвонцы, якія бацька некалі вярнуў брату-нэпману, дзядзька Аляксей пераадрасаваў свайму хросніку, Рыгарулькаваму Косцю. Рыгарулька паставіў зруб, але жыў яшчэ ў хаціне, бо скончыць зруба дзядзькавых грошай не хапіла.
Я не выпадкам нарадзіўся: пачакайце, дзядзьку Салвесь, Рыгор, дастану вам дзерава!.. А вас, цётку Настуся, і астатніх страшаўцаў зраблю шчаслівымі і багатымі!..
5
Марцінавага Сашку і Рыгарулькавага Косцю вучыцца не пасылалі.
— Навошта мужыку вучоба? — даводзіў майму бацьку Рыгарулька, нібы яму вельмі шкодзіла, што мы з Валодзькам ходзім у школу.— Пабачыш, Сцяпан, яна толькі папсуе хлопцаў. Хіба мы з табой вучаныя? А, далібог, някепскія людзі, хай нашы дзеці будуць хоць такія!
Праз нейкі час я заўважыў, што бываць з Сашкам і Косцем сумна.
Пасвілі мы кароў, пачало грымець. З захаду на неба напаўзала чорная, як ноч, з сівой барадой хмара. Ад грому дрыжала зямля. Неспакойныя каровы збіліся ў кучу, вадзілі пысамі ў паветры, штосьці вынюхвалі.
Мой хросны брат, Косця, схаваўся пад куст і запальваў грамнічную свечку; я заўсёды памятаў — маскоўскі дзядзька Аляксей быў кумам на яго хрэсьбінах.
— Ці ж свечка не дасць, каб з хмар у зямлю праходзіла электрыка? — пасарамаціў я яго.
— Ты ведаеш, што куды праходзіць, ад чаго грыміць? — засланіў ён агеньчык.
— Ведаю!
— Ты ўсё ведаеш! Учора нават казаў, колькі да сонца вёрст!
— Бо гэта праўда.
— А ты мераў?
У непаразуменні я паглядзеў на сябра. У мяне нават бацька распытваў, чаму бывае зацьменне Сонца, Месяца, чаму грыміць, што такое маланка, электрыка.
— Ці хто другі залез на неба і памераў?! — не адставаў Косця.
На тры гады старэйшы за мяне, Марцінаў сын увогуле не прыслухоўваўся да нашай спрэчкі. Схаваўся пад куст і плёў сабе кошык.
А я ім хацеў расказаць яшчэ і пра расянку. На балоце яна жаўцела на кожнай купіне. Ніхто на вёсцы не ведаў, што блішчыць на ёй не кропля расы, а клей; валахатая раслінка ловіць ім мух. Пані Стражынская вадзіла нас на балота, мы назіралі...
Мяне наогул ледзь не разрывала ад навін, якія я насіў у сабе.
Настаўнік нямецкай мовы гаварыў, што навакольныя сяляне ўжываюць многа германскіх слоў. І праўда. Сёння прыходзіў да нас дзядзька Марцін і нават не заўважыў, што загаварыў ледзь не па-нямецку:
— Нічыпар, дай свайго гэбліка. У мяне дрыль, халера, скапуціўся ад фуры, трэ дапасаваць новы. Павязу фасовачку пшаніцы на кірмаш. Трэ купіць шыбу — Сашка, гіцаль, высадзіў на ганку. І пашукаю файныя цуглі, бо старыя конь перагрыз удыхт...
Нашу мясцовасць стагоддзяў пяць таму назад часта займалі крыжакі. Забіралі ў людзей быдла, коней, а вытканае жанчынамі кужэльнае палатно і сукны прышэльцы дзялілі паміж сабой, мераючы не на аршыны, сажні ці метры, а — на пікі. Мужчын крыжакі выганялі ў Прусію.
Людзі ўцякалі з няволі, прыносілі новыя словы, як Рыгарулька гаворыць «мэнш». Косцяў бацька пабыў
у тую вайну ў нямецкім палоне і ўжо не заўважае, што паўтарае на кожным кроку гэтае слова.
Слухаць ад Стражынскага страшныя гісторыі было жудасна. Я са спачуваннем думаў пра нешчаслівых продкаў. Пачні апавядаць пра гэта Сашку і Косцю — не будуць слухаць таксама!
Шкода было Косцю і Сашку. Сумна з імі. Ужо лепш аднаму. Хадзі сабе за каровамі і выдумвай розныя гісторыі. А то разглядай хмары. Эх, як імчацца!..
Каб пазганяць хмары адна ў адну, закінуць на іх вялізную шляю і — панёсся б! Над Ліпнікамі, Скраблякамі... Толькі сабе глядзі зверху на вёску, палі, лясы... А хочаш — выводзь пальцам сваё прозвішча на яе баку...
Цікава, чаму наша такое?.. Сашкавы прадзеды, магчыма, даглядалі ў садку магната грушы, таму цяпер яны — Гуршэўскія. Лебядзінскія, мабыць, працавалі ў Златніцкага на ставах. Але чаму мы — Кучынскія?! Кучын... Ад кучы?!
Толькі з Настусінай Веркай я не сумаваў.