— З глузду з'ехаў? — трэснула яна брату па патыліцы.— Прэч з хаты!
Выхапілі мы цяляціну з агню, выбеглі на двор. Там нас чакала вялікае расчараванне. Мяса было такое нясмачнае, агіднае — не праглынуць. Што за дзівакі былі тыя траперы?!
Аднак ад задумы мы не адракліся.
Мама насушыла на дарогу сыроў, нарыхтавала кілбас. Бацька, хмыкаючы, склаў усё гэта ў вялізную кашолку, перавязаў вяровачкай (хмыкаў ён заўсёды, калі хваляваўся). Гаварыла адна мама:
— Тут дабра не дачакаешса, сынок, ідзі туды...
— Я ве-едаю! — не цярпелася мне.
— І не дурэй там, а — вучыса...
— О, пачняце ўжо зараз!
— Калі знойдзеш дзядзьку Івана ў Казані, то слухай яго.
— Ла-адна...
— Нябось, буду пра цябе ад яго ведаць усё-о, не думай, што мяне абдурыш!
— Трэба мне вам маніць, от вы-ыдумалі!
— Дык пішы, сыночак, з Расеі нам...— усхліпнула яна, цалуючы на развітанне.
Гэтую сцэну бачыў Вася, было сорамна перад ім.
— Ну, бу-удзе вам! — вырваўся я з абдымкаў.
— Ладна, не прыставай да чалавека! — заступіўся бацька.— Будзеш у Маскве, то адрас дзядзькі Аляксея ведаеш: Малы Галавін завулак... Але глядзі сам, як хочаш. Хлеба, Алёшка, я табе адно паўбаханкі паклаў, бо счарсцвее хутка — пераскочыў хутчэй ён на другое.— Хлеб танна каштуе, дакупі сабе ў Баранавічах, не забудзь, свежага.
— Дакуплю-у!
— Соль тут, у карабку ад запалкаў!
— Знайду-у!
— Ну, то валяй...
Пабралі мы харчы, рушылі на станцыю.
8
Да Баранавіч даехалі мы цягніком, а далей пабрылі пешшу.
Пару дзён праблукалі мы ў палескіх балотах за Ганцавічамі ля вёскі Колкі. Граніцай тут служыла рэчка Морач. Ні я, ні Вася плаваць не ўмелі і ледзь не патапіліся.
Заглянуўшы смерці ў вочы, выкараскаліся на купіны, пачалі абсыхаць. Мяне нібы токам ударыла — увесь дрыжаў і аслабеў так, што не мог падняць рукі да носа, сагнаць авадня.
Днём за рэчкай пачулася стракатанне матора. Гэта мог быць толькі трактар. І вядома, савецкі. Я ведаў нават, колькі цяпер трактароў у СССР. Адзін з іх перада мной! У Страшаве так многа пра іх гаварылі, спрачаліся, марылі, а я яго ўжо нават чую. Хутка — дакрануся рукой.
Дакупіць хлеба ў Баранавічах мы паленаваліся. Масла ад гарачыні расплылося, працякло праз анучку. З бацькавых харчоў у кашолцы атрымаўся тлусты камяк з сыра і кілбас, як макам, густа ўтыканы мурашамі. Здалося, есці гэта мы ўжо не зможам. Не бяда. Няхай толькі сцямнее, перабяромся цераз раку. А там, у Саветах, нас накормяць. Навошта насіць цяжар, хіба мы вярблюды?.. Не маленькія, да вечара вытрываем.
— Вася, кідаю кашолку з сырам, усё роўна хлеба няма! — сказаў я да старэйшага.
— Глядзі, каб пагранічнікам след не пакінуць!
— Не вучы вучонага!