Цяпер ужо не так ахвотна пілавалі сані. З-за кабеты Вінцак Грабцэвіч зазлаваў на Сахарышынага Юліка. Я ўчуў, як Вінцак на яго зашыпеў:
— Што, выслужваешся, аўтарытэт сабе вырабляеш?!
— Ачмурэў?! — здзівіўся Юлік.
— Танны аўтарытэт!..
— Абсядзь, певень! — пасарамаціў бацька меляшкоўскага Вінцака.
Раздражнёны хлопец вывеў з хлява кабылу, пачаў лупцаваць яе кіем, прыгаворваючы:
— На, шкала, на, здэхла, гэта табе за твайго вераб'я, каб болей не вазіла яго, на!
З натоўпу выскачыў дзядзька Салвесь, аперазаў хлопца кіем:
— Шы-то робіш, нягоднік?! І это, і это, i-i конь вінаваты, конь?!
— Дурань яловы!.. Дай яму, Салвесь, добра дай! — накінуліся на хлапца іншыя мужчыны.
Дзядзька завёў каня ў хлеў, палажыў яму сена:
— Еш, кы-коська, не бойса, еш...
І Грабцэвіч, які здзекаваўся з каня, і босая шляхцянка на снезе абяззброілі зусім яшчэ нядаўна так раззлаваных людзей. Ужо без ахвоты пайшлі яны да астатніх штрэйкбрэхераў. Там нерашуча, не да канца рэзалі збрую, секлі хамуты, а вокан не чапалі... Шкадавалі ўжо і саней.
9
Назаўтра ўразіла ўсіх навіна: штрэйкбрэхерам у лес ездзіў і Марцін Грушэўскі з сынам Сашкам, той самы дзядзька, які апавядаў, што ў СССР вучням не трэба рабіць урокаў. Аднак з Вераб'ёў ніхто не выехаў болей, і гэта ўсё вырашыла.
Баючыся, каб не сапсавалася санная дарога, бо тады за калёсную вывазку давядзецца сялянам плаціць удвая, Кацман здаўся.
Людзі дружна рынуліся ў лес ладаваць на свае сані гонкія ліпнікаўскія сосны. Ап'янелыя ад перамогі, не заўважылі нават арыштаў.
Баставаць мелі права адно тыя рабочыя, якія былі ў прафсаюзе. Сяляне, вядома, да прафсаюза не належалі, і забастоўка іхняя лічылася незаконнай.
Знайшоўся сабака, выдаў бацьку — Госцікаў Езік з Бялевіч расказаў пра ўсё паліцыі. За арганізацыю забастоўкі і за бунтарскае выступленне ў лесе суддзя падпісаў ордэр на арышт бацькі.
Ноччу прыехалі да нас з Ялоўкі паліцыянты, разбудзілі бацьку, зрабілі вобыск і павезлі яго ў ваўкавыскую турму.
Канец зімы і вясну жылі мы без бацькі. Незнаёмыя людзі прывозілі на хутар дровы, грошы на адваката, малацілі наша збожжа, нават заставаліся ў нас на ноч, каб мы не баяліся спаць ля лесу.
Той час, калі гэтак выразна адчуў я людскую спагаду і салідарнасць, я доўга ўспамінаў, нібы якоесьці вялікае і шчаслівае свята.
Абыходзячыся без бацькі, мы пакрысе запускалі гаспадарку;
— Нічога, прыйдзе з турмы тата, навядзе парадак!
Тым часам вярнуўся ён з Ваўкавыска і доўга не хацеў ні за што брацца. У гумне перамяшалася салома з сенам. Падворак быў завалены ламаччам... Бацька, пагаліўшыся, падправіўшы перад люстэркам шчотачку рыжаватых вусікаў, хадзіў па хаце і спяваў астрожныя песні. А то апавядаў суседзям пра бунты вязняў. Памаладзелая мама не то скардзілася, не то хвалілася Настусі:
— Ты паглядзі толькі — ён не супраць, каб трапіць туды яшчэ раз!
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1
Бацькі нас не песцілі.
Аднаго разу выгнаў я да студні быдла паіць і давай дражніцца з быком: