5
За Настусяй у адной хаце жылі браты Грушэўскія: Марцін і Салвесь.
Калісьці наляцела на вёску бура, паваліла гумны, пазрывала стрэхі, павыварочвала з карэннямі дрэвы.
Віхор падняў малога Салвеся і занёс за вярсту ў поле. Дзіця знайшлі потым, калі яно, выплакаўшыся, спала ў баразне. На малым не было і драпінкі, але з той пары Салвесь пачаў заікацца. Бацькі надта шкадавалі сына, дрыжалі над ім, і ён вырас да смешнага чуллівы.
За нашымі агародамі чарнелі яміны, дзе мачылі каноплі. Летам тут вадзіліся жабы. Калі вада ў ямінах высыхала, Салвесь збіраў малых дзяцей і насіў з імі ў ямы ваду з калодзежа, пакуль з малых апалонікаў не вырасталі жабы і не распаўзаліся па балоце.
Ваду насілі каля Настусіных вокнаў. Убачыў нас Доўгі Мікалай, давай дзівіцца:
— О, дурны заіка дае жабам цыцкі!
Пакрыўджаны дзядзька як вёў за руку сваю маленькую Нінку, так і павёў яе далей. Адно сагнуўся, нібы яго ўдарылі ззаду. І ў гэты дзень да нас не прамовіў ні слова.
Неяк зімой дзядзька Салвесь саматугам валок Рыжаму Ігнату санкі. Мама несла ад Грушэўскіх вуголле ў збанку, і ёй захацелася падурэць. Яна ўпала ў палукашак, закрычала:
— Но-о, Салвеську, вязі-і!
Дзядзька гульню падхапіў, крутануў аглоблі — і палукашак перакуліўся. Доўгі Мікалай схапіў збанок, высыпаў вуголле на салому, зарагатаў. Мама з Салвесем кінуліся завальваць палукашак снегам.
Калі чалавек арэ, сее ці ўкопвае слуп, не будзеш сунуцца каля яго моўчкі, нібы свіння. Доўгі Мікалай паслаў бы таго к чорту, хто сказаў бы яму «памагай бог!».
Для Доўгага Мікалая не было ніякіх аўтарытэтаў.
Дзядзька Аляксей — былы прыказчык — з Масквы прыслаў нам чырвонцы і пісьмо. Прачытаў бацька яго і зазлаваў. Выяўляецца, Аляксей — «нэпман», кепскі чалавек.
Бацька адказаў брату на чыстай старонцы пісьма і чырвонцы адаслаў назад. Яго на вёсцы сталі паважаць яшчэ больш. Адзін Доўгі Мікалай смяяўся, што Сцяпан дурны — адмовіўся ад грошай.
Ад Доўгага наш бацька меў нямала клопатаў.
Ноччу мужчыны вартавалі вёску. З вечара да раніцы адзін чалавек у кажусе тэпаў сабе па бруку і сачыў, каб не было пажару, не швэндаліся чужыя. Раніцой вартаўнік «шыльду» дзяжурнага заносіў суседу пад акно: «Сёння, браце, на варту табе».
Калі пад сваім акном бацька бачыў знаёмую дошчачку, то бег да Грушэўскіх на разведку, бо Доўгі Мікалай часта яго абдурваў: Мікалаю раніцой «шыльду» прыносіў Салвесь ці яго брат, а хітранькі Доўгі дошчачку адразу ж сплаўляў нам...
Доўгі, казалі, з Лукашовым Іванам у Беластоку лазілі па кішэнях. Івана пасадзілі ў турму, а ён неяк выкруціўся. Свае замашкі прынёс Доўгі і ў вёску.
Аднаго вечара бацька зазірнуў чагосьці ў гумно, а ля горбы сечкі — чорная постаць. Уцякаць незнаёмаму не было куды. Ён забляяў бараном, кінуўся на снапы, адтуль — да шчыта, выбіў дошку і выскачыў на двор.
На вёсцы ведалі нават, што ў суседа варыцца на абед, а не толькі пазналі б яго мяшкі. Бацька са здзіўленнем падняў з тока чужы мяшок — «Настусін, здаецца?! Але ж у Мікалая свая сячкарня?! От, халера, гультай!..»
Але часамі ў словах Верынага бацькі была жудасная логіка.
Прыглядаючыся, як мужчыны зыходзяцца да нас, каб зноў выбіраць хадатая ў Варшаву, аднойчы Мікалай мне, бытта не пра майго бацьку мова, сказаў:
— Заладзілі!.. Ну, даб'ецца свайго Сцяпан, адбярэ хутар у Ігната, тады Рыжаму судзіса?..
Мяне так уразіла справядлівасць яго слоў, што я аж пахаладзеў.
Бессардэчна абыходзіўся Доўгі Мікалай і са сваімі. Мама часамі вярталася ад калодзежа з вядром вады і аб'яўляла дома:
— Доўгі зноў таўчэ Настусю!
Мікалаевы дзеці і жонка толькі і мелі клопату — дагаджаць яму.
Уся вёска ведала, якія рукавіцы пашыла мужу Настуся, якія звязала шкарпэткі. Мікалай заязджаў на падворак, а яго Верка кідалася валачы ў сені дугу, збрую. Старая маці жыла ў халупе, бытта толькі каб сачыць за нявесткай і ўнучкамі ды паддаваць іх сыну на расправу.
Лупцоўку Настуся пераносіла з нейкім радасным цярпеннем, пра Мікалая не давала сказаць кепскага слова. Яна з захапленнем расказвала, як яны з мужам добра жывуць.