— Табе яна не ідзе, чуеш?
— Бо часу не было выседжваць паўдня ў цырульні!.. Ведаеш, як там жанчыны мэнчацца? Бы за часоў святой інквізіцыі на вогнішчы!..
— Не бараніся, а слухай!
— Слухаю, Косцік, слухаю...
— Думаеш, Леанарда да Вінчы зрабіў Монне Лізе звычайную прычоску і просты прабор так сабе? Кудзеркі ёй былі не да твару! Вазьмі з паліцы кніжку і прыглядзіся да малюнка сама, калі мне не хочаш верыць!
— Ве-еру! Дзякуй за параду! Больш ніколі не буду завівацца, от пабачыш!
— А голас у цябе зычны, пявучы, малады...
— Маладзенькі?
— Ён у цябе нават маладзейшы за твар! — Косця дзівіцца з уласнага адкрыцця.
— Значыць, я магу яшчэ каму-небудзь і падабацца? — крычу, шчаслівая.
— Можаш.
— Праўда?
— Праўда.
— Ой, які ты ў мяне харо-ошы! — кідаюся яго абдымаць.
— Пачакай, а чаму гэта табе раптам прыйшло ў галаву? І менавіта сёння?
— Проста так!
— Проста так нічога не бывае. Прызнавайся!
— Не прызнаюся!
— Хочаш, каб у цябе хтосьці закахаўся?
— Хачу!
— Хто?
— Не скажу!
— Скажаш!
— Не!
— Не адстану. Кажы, хто?
— Ты!..
— Фу, балбочам мы з табой пра нешта, як малыя!
— Сама
пачала!
— А з кім мне пагаварыць, па-твойму?