Я часам цярпець не магу самастойнасці, і тады я надта шчаслівая, што, вярнуўшыся дамоў, нарэшце магу быць ад каго-небудзь залежнай. Для мяне нават цана мужчыны вымяраецца па тым, на колькі хачу быць ад яго залежнай. Косця — такая адтуліна: сваю праблему я ўжо бытта пераклала на яго плечы.
Які ён у мяне разумны! А добра мець такога сябра, мужа! Якое шчасце, што такі чалавек — бацька маіх дзяцей! Я яго чула, з удзячнасцю цалую:
— Косцік, скажы яшчэ што-небудзь харошае!..
— Стань дарослай, без глупства!..
Праз нейкі час я, супакоеная і задаволеная, што сумленна правяла і гэты дзень, засынаю ў яго на грудзях.
10
Назаўтра выходжу ў школу ўпэўненая і як бы абноўленая. Сустракаю незнаёмага. І ён бытта пра ўсё ведае: усміхаецца мне ветліва, прыязна, і ад гэтага робіцца мне радасна.
Восьмы клас і сапраўды застаю бытта б іншым — больш дарослым, вінаватым. Я не злапомная і не помслівая, стараюся нічым не нагадаць учарашняга. З уздымам расказваю пра Тараса Бульбу, праводжу паралель з героямі «Маладой гвардыі», на памяць чытаю сцэны мужнай гібелі казака. Васьмікласнікі ўсё ж такі яшчэ дзеці. Стаіўшы дыханне, яны слухаюць мяне як ніколі.
Урок праходзіць непрыкметна, і званок, які звычайна ўспрымаецца з палёгкай, на гэты раз вучні сустракаюць расчаравана, хорам крычаць:
— Ужо-о?!
Лаўлю сябе на тым, што хачу, каб убачыў незнаёмы, якая я настаўніца, як у мяне спорыцца работа.
Шчаслівая, іду дамоў. Успамінаю, што няма з чаго заўтра варыць абед, заходжу ў гастраном.
Дзядзька ў белым халаце ля калодкі з сякерай чытае... Косцеву брашуру «Некаторыя псіхічныя ўласцівасці чалавека». Людзі пачалі надта цікавіцца такімі праблемамі. Вось і гэты ўглыбіўся ў чытанне, мяне не заўважае. Косця ўмее складаныя праблемы падаць неяк проста, займальна. Карціць сказаць прадаўцу: «Лепш адкладвай кніжку ды выберы добры кавалак мяса аўтару!» Але я — наадварот, нават вярнулася на пальчыках, каб чалавеку не перашкодзіць.
Дома нападаю на мужа:
— Ты ўсё сваё? Зараз жа кідай! Паглядзі, што на вуліцах робіцца: народу — не прайсці, аж у вушах гудзе! Ва ўсіх — абедзенны перапынак!
— Калі звычайныя людзі адпачываюць, наш брат працуе, гэткая наша доля...
— Косцік, у цябе, дальбо, яшчэ рукі паадсыхаюць! — цалую яго ў лоб па-мацярынску! — Вечна робіш тое самае і тое самае, свету божага не бачыш!
— Гэ, магу праседзець ля стала дзесяць гадзін або і цэлую ноч, і ў мяне нават не ўзнікне жаданне перамяніць позы! Горай, калі перапісваю. Але і тады не рукі баляць ад машынкі, а — сківіцы.
— Скі-ві-іцы?!
— Але! Запомні. Калі будзеш пісаць пра мужа-акадэміка ўспаміны — прыдасца! — смяецца ён і пацірае падбародак.
Хоць з Косцем жывём ужо восем гадоў, але кожны дзень у ім знаходжу штосьці новае, да жудасці таямнічае. Яшчэ студэнткай звярнула ўвагу на яго шырокія сківіцы — як у герояў Джэка Лондана.
Успамінаюцца мужчыны, якія дзень і ноч заганяюць «казла», праседжваюць у рэстаранах. З гонарам гляджу на мужа...
Хіба яго можна параўнаць з кім-небудзь з іх? Ён для мяне самы блізкі, паважаны і дарагі чалавек! Незнаёмы з вуліцы — міраж, фантазія, забава... Нездарма яго воблік ужо неяк растварыўся, знік... Толькі за нешта няёмка перад Косцем.
— Як, па-твойму, можа яшчэ хто цікавіцца мною як жанчынай?
— Як цябе спаткаў восьмы клас?
— Ты меў рацыю: усё скончылася добра.
— А Паплаўскі?
— Вінаваты — вачэй не падымае.
— Ці я табе не казаў?
— Казаў, казаў, памятаю і цаню... Чуеш, як па-твойму, можа яшчэ хто цікавіцца мной як жанчынай?