— Ты ж разуваўся ў калідоры. Ідзі туды, абуйся!
— Іду... Выганяеш?! Іду!..— зноў ківае з асуджэннем галавой.— Толькі прафсаюз... Мясцком...
— Во, во, будзеш мець цяпер над чым галаву паламаць — даўно трэба!
— Аднак ты, Іра, вельмі злая!.. Так бессардэчна абыходзіцца са мной!..
— А ты з Верай, з Ігарам абыходзішся мякка?!
Ці не ты сапсаваў ёй жыццё?! А пра сына падумаў?!
— Ладна, ла-адна, толькі змо-оўкні!.. Ты, як Вера, адно зачапі вас... Зтакаліся ўжо!..
13
Толькі выправадзіла Барыса, вярнуўся Косця.
— Ты куды хадзіў? — нападаю на яго.
— Крыху па полі палазіў...
Не магла на гэты раз пайсці з мужам, бо была занятая, аднак у душы бытта б радуюся, што злавіла яго на злачынстве. Мае паводзіны на вуліцы — плата за яго.
— Чаму мяне не ўзяў?
— Дык жа я табе казаў ісці разам, забылася?
— Казаў! Не паспела раскрыць рот, як цябе ўжо не стала! Каб хацеў мяне ўзяць з сабой, знайшоў бы словы ўгаварыць!
— Магчыма... Але ж я пішу, разумееш... Трэба часамі пабыць аднаму, каб адстаялася думка...
— А-а, дык ты сумысна адзін пайшоў?! Тады навошта прыкідвацца, што завеш? — ад сваіх слоў яшчэ больш пераконваюся, што ва ўсім вінаваты муж.— Ты заўсёды лічыў мяне за дурніцу!.. Калісьці ездзіў на сустрэчу да медыкаў — адзін: бачыце, яму са мной ісці ў клуб няёмка! У лес аднойчы пайшоў — адзін! Сёння ў поле — адзін! А мне тут самой змагайся з кожным п'яніцам, бойся, дрыжы ад розных тыпаў! — крычу, хоць Барыс для мне — свой чалавек і, вядома, яго я не баюся.
— І-ірка, ты ж ведаеш, што мне гэта патрэбна! Ды і ці мала мы з табой папахадзілі і ў лес, і ў...
— ...Нібы маю мужа, а на самай справе яго ў мяне няма! Да д'ябла мне слава, калі жыву бытта ўдава якая! — прарываюцца ў мяне слёзы.
Цяпер я гаварыла з такой крыўдай і жалем, што ўжо ані не сумнявалася — ва ўсім вінаваты толькі адзін Косця, а мой уяўны флірт з незнаёмым — адно частковая кампенсацыя таго, што не дадае мне муж.
— Супакойся. Слова гонару, не ведаў, што табе будзе аж так крыўдна...
Але я не хачу слухаць яго каяння. Звяртаюся з просьбай, добра ведаючы, што яна толькі для формы:
— Косця, ну дай і мне якую-небудзь работу!
— Хіба мала табе заняткаў дома? Ці не па горла ў цябе работы ў школе? Якую табе яшчэ трэба?!
— А я хачу, як у цябе,— творчую! Дапусці і мяне да сваіх паперак!
— Піць гарэлку можна разам, а пісаць — толькі асобна...
— «Где уж нам, измученным в неволе, ликовать, резвиться и скакать!»
— Не раздражняй сябе! Я хацеў сказаць, што такая работа не для цябе!
— Ты ведаеш, што для мяне, што не? — выбухаю злосцю.— «Піць гарэлку разам, а пісаць — асобна»,— дражню.— Пачуў недзе фразу і паўтараеш, як папугай!
— Ну, пайшла!