— Вы-ыдумала!
— А ты адкажы!
— Каму ты патрэбная?!
— Так-такі і нікому?
— Ну... мне, дзецям сваім...
— А яшчэ?
— Галі, Веры...
— Ай! Ты ж сам казаў, што я падобна на мадонну з карціны ў Пушкінскім музеі!
— Цяпер шкадую!
— Не выкручвайся: адказвай на пытанне!
— Чорт яго ведае! — пачынае няўпэўнена і заклапочана.— Тое, падабаецца табе хто ці не,— справа не волі, розуму, а — пачуццяў. Ім не загадаеш..,
— Толькі? — вырываецца ў мяне.
Косцю мне шкада.
— Што галоўнае павінна быць у кабеты? Добразычлівасць і прывабнасць. Гэтага ў цябе — аж занадта!
— Ой, ты сур'ёзна?!
Косцю кранае мая радасць. Ён гаворыць ужо цёпла, узрушана:
— Яшчэ ў цябе ёсць абаяльнасць...
— І яшчэ?
— А яшчэ — маеш такі характар, што ты заўсёды мусіш пра некага клапаціцца: пра мяне, дзяцей, каго іншага... Ты гэтым падобна на маю маму.
— А яшчэ?
Ён папраўляе мае валасы і дзівіцца:
— Не, аднак, ты здорава падобна на Джаконду!
— О-го!
— Я не жартую. Такі самы авал твару, такі ж нос, канфігурацыя лба, такія ж вочы... Адно — чаму твае валасы такія непаслухмяныя?! Гэ, калі ты паспела зрабіць завіўку?
— Здрасце, толькі ўбачыў? Сем гадоў нявестка дома і не бачыла, што кошка без хваста!
— Калі?
— Ужо дзён з пяць.
Косця заклапочана стараецца разгладзіць маю прычоску:
— Табе яна не ідзе.
— Бо я завілася толькі крыху!