— Паспрабуй!
— І паспрабую!
Па ўзросту яму ўжо быць у дзесятым.
Пачаўся ўрок. Раптам адчыняюцца дзверы зноў, урываецца гэты самы Данько ды садзіцца побач з Паплаўскім. Той спакойна дае яму месца.
— Паплаўскі, выведзі яго за дзверы! — узрывае мяне.
— А што, хіба я наняты?
Са злосцю выштурхоўваю семікласніка ў калідор, тады нападаю на свайго вучня:
— Марш і ты з класа!
Паплаўскі неахвотна ідзе. Іду да дзвярэй за ім і я. На парозе ён паварочваецца да класа і з дурнаватай усмешкай гаворыць:
— За што выганяеце, хіба я ў швейцары да вас запісваўся?!
Яму падхіхікнула некалькі галаскоў з партаў, і гэта мяне даканала. З нейкай роспаччу і абурэннем я — плясь нахабніка па твары...
Клас ад жаху абмёр...
Паміж намі нібы вырасла сцяна.
Выпадак разбіралі на педсавеце. Адны мяне асуджалі, іншыя спачувалі, падтрымлівалі, але я была занадта ўсхваляваная, каб што-небудзь запомніць з таго, што гаварылі настаўнікі.
Вярнулася дамоў позна, расказала пра ўсё Косцю і з плачам прыстала да яго, бытта ён быў ва ўсім вінаваты:
— Ну, і што цяпер будзе?
Косця на гэты раз не толькі адклаў свае рукапісы, але стаў грэць мне вячэру.
Я не адставала:
— Чаму так атрымалася, скажы?
— Мне ўсё ясна...
— Табе заўсёды ясна, ты ніколі нічым не праймаешся!
— Супакойся, паслухай! Ты ўлажыла ў вучняў сваю душу. Адбірала ад сябе, ад дзяцей час і аддавала ім дні і ночы. Ты вучыла іх быць сумленнымі, такімі, якія б гатовы былі ў любы час заступіцца за пакрыўджаных, за жанчыну, за старых і бездапаможных, гатовых на барацьбу за ідэю, за праўду, як Карчагін ці Алег Кашавы, ці не так?
— Ну...
— І ты ўжо бачыла іх такімі. А вось жыццё дало магчымасць праверыць вынік тваёй працы. Нахабнік стаў крыўдзіць цябе — настаўніцу, маці, а твой выхаванец не толькі не кінуўся цябе абараняць, не заступіўся, а нават цябе прадаў, так? Дзеля шчанячай рысоўкі перад дзяўчатамі і сябрамі яшчэ і падыграў нахабніку. У класе знайшлося такіх больш, яны пазайдросцілі «герою», падхіхікнулі, астатнія — раўнадушна прамаўчалі. Табе стала крыўдна, што твая праца пайшла на марна. У парыве злосці ты пайшла на крайнасць — ударыла аднаго па мордзе. Малайчына!
Ён сказаў дакладна тое, што адчувала я сэрцам, толькі не знаходзіла слоў, каб гладка так і лагічна выказаць.
— Добра табе так казаць, але як мне заўтра паказацца ім на вочы? — пытаюся я, ужо ўстрывожаная.
— Нармальна. Такая крайнасць павінна дасягнуць свайго. На яе не ўсе здольны. Трэба быць адчайным чалавекам і мець вялікае жаданне дабіцца мэты. Супакойся. Перахварэеш ты, перахварэюць дзеці, але ў выніку — клас зблізіцца з табой яшчэ больш. Твой клас перажывае якраз момант, калі пэўныя колькасныя вынікі тваёй працы пераўтвараюцца ў маладых душах у якасныя. Пабачыш, Іра, заўтра вы ўжо будзеце не такія, якімі былі ўчора.
— Пра-аўда?!
— Сама пераканаешся!
— Ой, каб толькі так было!..