1
Прачынаюся. Праз сырыя шыбы ў густым тумане на вуліцы расплываецца мутнае святло лямпачкі: на дварэ зноў вісіць, як у мяшку, ад чаго так хварэюць людзі. Ой, чаго ж я вылежваюся? Столькі спраў на сёння і нарада, ды самае ж галоўнае, у мяне — абнова!
Усхопліваюся з ложка і яшчэ раз прымяраю перад люстэркам прынесеную ўчора ад краўчыхі сукенку. Цуд! Цяпер толькі да парадку давесці галаву. Узрадаваная, пачынаю рыхтаваць Валерку ў школу, а Іначку — у дзетсадзік.
Неахвотна прачынаецца муж, бурчыць:
— Чаго так рана? Ты хвалюешся?
— Ага!
— З-за выступлення?
— Каб не было чаргі ў цырульні. Бачыў новую сукенку? Цяпер трэ зрабіць прычоску. Калі і гэта будзе, выступленне атрымаецца само сабой.
— Цьфу, логіка!
— А ты хацеў, каб я да людзей выходзіла, як ахламона, так? Унь Галіна Маркаўна з'яўляецца на трыбуне кожны раз у новым касцюме! Між іншым, яе
муж усім гэтым цікавіцца і яе ўхваляе, аднаму табе ўсё роўна!
— Ну да?!
— От табе і «нуда»!
Ой, гэтыя мужчыны нас абсалютна не разумеюць. Мы трактуем сябе на штодзень як сыравіну, а галоўнае ж не сыравіна, а — тое, што з яе выйдзе. Без фрызуры, вопраткі і макіяжу яшчэ няма жанчыны. Вось чаму многія з нас лётаюць па калідорах і прыхожых з напушчанымі тварамі, з бігудзямі на галаве, бо гэта яшчэ не ЯНА — яшчэ стане!
Забягаю ў свой клуб, а там непарадак. Музыканты — хварэюць, загадчыца музчасткай — не прыйшла. Заўгас павінен быў трумо прывезці ў фае і не прывёз — няўжо запіў, нягоднік?
Званю яму дамоў, а ён:
— Люстэрка тваё сёння закіну, але сам на работу не прыйду. На шэсць дзён доктар звальненне выпісаў. Сам дырэктар фабрыкі хварэе, а я не магу?!
Дзівак, не адрозніць люстэрка ад трумо. Аднак, дарэмна пра чалавека кепска падумала — выяўляецца, злёг, небарака, і ён.
Пайшоў ужо студзень, марозу ўсё няма, і вільгаць прабірае да шпіку касці. Прахожыя вялыя ды змрочныя. Прадаўцы, выхаваўцы ў дзетсадзіках, бібліятэкары — у марлевых масках. Каторы дзень адно і гавораць пра грып. Ой, пайсці б і мне на бюлетэнь, хоць вылежацца б уволю, перачытаць усе кніжкі. Але ж хвароба — не малако, калі хочаш, не купіш.
Выходжу з цырульні. Цяпер толькі адзін клопат: каб хто другі сукенку такую не надзеў. Тады і за выступленне няма чаго баяцца. Хіба не маю чаго сказаць?
2
Усё дарэмна! З-за праклятага грыпу народ збіраўся вяла, зала так і не запоўнілася, нараду перанеслі. Зрабілася сумна і ніякавата. На рабоце так хутка мяне не чакалі, а на галаву наваліўся нейкі цяжар. На ўсялякі выпадак, кірую ў нашу паліклініку.
Доктар паставіла градуснік:
— 38,7!..
У-га, нішто сабе! Раптам адчуваю прыліў жалю да сваёй асобы. Калі б яшчэ ў мяне што-небудзь балела...
— У вас суставы ломіць і ные галава? — не то пытаецца, не то падказвае дакторка ды выпісвае рэцэпт.
Спахопліваюся: а праўда ж — ломіць і ные, ды яшчэ як!
Бяру вузенькую паперку ды крочу ў аптэку па лякарства. У сумцы налічыла 30 рублёў; накіроўваю ў магазін, купляю на пяць сутак харчоў. Адпраўляюся «бюлетэніць».
Дома пакупкі складваю ў халадзільнік — цяпер трэба зрабіць санітарную зону, аддзяліцца ад хатніх. Бяру раскладушку, развешваю прасціну і кладуся. Памерала тэмпературу сама — высокая. І дакладна гэтаксама, як суседцы, як нашай загадчыцы музычнай часткай, ломіць усё ды кружыцца галава. Адчуваю маральнае задавальненне, што ляжу нездарма.
Мабыць, таму, што я на новым месцы, дзеці менавіта цяпер лезуць да мяне, як ніколі, я ўжо і не ведаю, што рабіць, каб уберагчы іх ад вірусаў.